Дадатковы савецка-германскi дагавор i пачатак вызвалення Беларусi

 

          Сяргей ТРАЦЦЯК (Мiнск)

 

1.

У паняцце «дадатковага дагавора» германскi i савецкi бакi ўкладвалi розныя сэнсы. Германiя ўпарта iмкнулася да палiтычнага i эканамiчнага закабалення Расii ў адпаведнасцi з iдэямi Берлiнскай гандлёва-прамысловай нарады 16 мая 1918 г. i нарады ваеннага i палiтычнага кiраўнiцтва ў Спа 2 — 3 лiпеня 1918 г. РСФСР павiнна была пагадзiцца з выключным правам Германii на эксплуатацыю расiйскiх шляхоў зносiн i прыродных рэсурсаў, вярнуць германскiм падданым i дзяржаве канфiскаваную i нацыяналiзаваную маёмасць, дыпламатычна прызнаць прагерманскiя марыянетачныя ўтварэннi. Спекулюючы на цяжкiм ваенным становiшчы Савецкай Расii, германскiя дыпламаты ў фраках i мундурах неаднаразова заяўлялi пра пажаданасць далучэння Расii да Чацвярнога саюза (у такiм выпадку Германiя абяцала «нацiснуць» на асманаў у мэтах спынення iх агрэсii на Каўказе i прадаць Расii трафейнае рускае ўзбраенне). Такая праграма «урэгулявання» для РСФСР была спачаткова непрыймальная.

Савецкiя дыпламаты настойлiва дамагалiся таго, каб Дадатковы дагавор базiраваўся на раўнапраўi i «роўнай выгодзе» бакоў. Германiя павiнна была прызнаць нейтралiтэт РСФСР i вынiкаючую з яго палiтыку «роўнага спрыяння» у галiне знешнеэканамiчных зносiн, прызнаць вынiкi эканамiчных пераўтварэнняў у Савецкай Расii i не ўмешвацца ва ўнутраную эканамiчную палiтыку РСФСР i яе адносiны з былымi ўскраiнамi, вывесцi неадкладна з расiйскай тэрыторыi германскiя войскi i пагадзiцца на далучэнне да РСФСР паловы Данбаса. Пры ўмове выканання гэтых патрабаванняў, а таксама абавязковага атрымання Савецкай Расiяй паловы руды Крывога Рога i Каўказа, апошняя была гатова выканаць свае фiнансавыя абавязальнiцтвы перад Германiяй i выдзелiць ёй канцэсii на падставе тых жа прынцыпаў, што i iншым дзяржавам.

Атмасферу, у якой выпрацоўваўся комплекс пагадненняў, што атрымалi назву Дадатковага расiйска-германскага дагавора, выразна падае савецкi дыпламат В.Вароўскi ў лiсце да У.I.Ленiна ад 13 жнiўня 1918 г.: «Немцы вядуць сiстэматычна двайную гульню, дзеля чаго падзялiлi ролi. Грамадзянскае ведамства з самым сур’ёзным выглядам вядзе з намi перагаворы, заключае пагадненнi i дагаворы, iмкнецца паказаць, быццам прымае ўсур’ёз сацыялiстычную Расiю i Савецкую ўладу, а ваеннае ведамства ў той жа час гне сваю лiнiю, захопвае стратэгiчна важныя пункты i шляхi, дае цiшком умацоўвацца i арганiзоўвацца контррэвалюцыянерам...» [1].

Гэта, зазначым, пiсалася тады, калi акцыi «ваеннай» партыi ўпалi, а «гандлёва-прамысловая» партыя на чале з лiдэрам нацыяналлiбералаў Г.Штрэземанам сiлаю абставiн прымушана была шукаць урэгулявання адносiн з РСФСР, дзякуючы чаму перагаворы шпарка сунулiся наперад.

Да гэтага ж часу знешнепалiтычнае становiшча РСФСР працягвала заставацца, нягледзячы на Брэсцкi мiр, нетрывалым. Правячыя колы Германii не хавалi планаў ваеннага задушэння бальшавiзму адразу ж пасля пераможнага для германскай зброi зыходу пачатай у маi 1918 г. «бiтвы за Парыж». Разведка i дыпламаты Германii загадзя падбiралi кадры будучых марыянетачных урадаў, усталёўвалi сувязi з антыбальшавiцкiм падполлем на неакупаванай савецкай тэрыторыi. У прыватнасцi, пры актыўным удзеле германскай разведкi на тэрыторыi Заходняй вобласцi было створана аддзяленне ваенна-манархiчнага саюза «Наша Радзiма» — ужо вядомая нам «арганiзацыя Дормана», якая ставiла сабе за мэту «вызваленне Беларусi i мяжуючых з ёю тэрыторый прыблiзна да Вязьмы ад Савецкай улады» i ўсталяванне на «вызваленых» землях рэжыма «надпартыйнай» ваеннай дыктатуры [2].

Савецкае палiтычнае i ваеннае кiраўнiцтва лiчыла найбольш верагодным узнаўленне вайны ў перыяд збору ўраджаю (жнiвень — кастрычнiк 1918 г.), але «ваенная» партыя, што ўзяла пасля Брэста верх у германскай палiтыцы, дэманстравала гатоўнасць распачаць агрэсiю ў любы момант.

«Малая iнтэрвенцыя» краiн Антанты ў Савецкую Расiю, распачатая ў сакавiку 1918 г., прадэманстравала iх гатоўнасць «узяць Германiю за горла з Усходу» супраць волi Расii i нават праз яе труп. Стварылася пагроза ператварэння тэрыторыi Расii ў арэну вайны паiж Германiяй i Антантай, якая непазбежна скончылася б падзеннем Савецкай улады i мiрам за кошт Расii. Мяцеж Чэхаславацкага корпуса французскай армii, якi выбухнуў 25 мая 1918 г. у Паволжы i Сiбiры i хутка вывеў iнтэрвенцыйную армiю Антанты на далёкiя ўсходнiя подступы да Масквы, паклаў канец мiрнай перадышцы ўнутры краiны i яшчэ больш абвастрыў знешнепалiтычнае становiшча РСФСР.

У такiх абставiнах знешняя палiтыка бальшавiкоў заключалася ў лавiраваннi памiж варагуючымi каалiцыямi iмперыялiстаў, скарыстаннi абставiн, якiя ў той час рабiлi немагчымым выступленне сусветнага iмперыялiзма адзiным фронтам супраць РСФСР (звязанасць абсалютнай большасцi германскiх i англа-французскiх войскаў баямi на Заходнiм фронце, вастрыня япона-амерыканскiх супярэчнасцяў на Далёкiм Усходзе), i самай малой лазейкi ў прасторы i часе для ўсебаковай падрыхтоўкi будучай «вялiкай рэвалюцыйнай вайны». Ад Саветаў патрабавалася вытрымка, асцярожнасць i абачлiвасць, каб не дапусцiць небяспечных парушэнняў Брэсцкага мiру аж да радыкальнай змены мiжнароднай сiтуацыi.


2.

У маi 1918 г. У.I.Ленiн канстатаваў, што «большасць буржуазных партый Германii у дадзены момант стаiць за выкананне Брэсцкага мiру, але ... вельмi рада «палепшыць» яго i атрымаць яшчэ некалькi анэксiй за кошт Расii» [3]. Адсутнасць у Брэсцкiм дагаворы абавязальнiцтва Германii паважаць цэласць i непадзельнасць Расii, нявызначанасць расiйска-украiнскай i расiйска-фiнляндскай гранiцы стваралi легальную падставу паступоваму германскаму прасоўванню за межы «брэсцкiх пастаноў». На працягу сакавiка — мая 1918 г. германцы захапiлi Данбас, Крым, вялiкiя кавалкi Данской вобласцi, Курскай, Арлоўскай i Варонежскай губерняў, вялi наступленне на Карэльскiм перашэйку. Адначасова Асманская iмперыя вяла захопнiцкую вайну ў Закаўказi i горскiх раёнах Паўночнага Каўказа.

Бясконцыя ваенныя сутычкi на расiйска-германскай дэмаркацыйнай лiнii ў Беларусi суправаджалiся германскiм дыпламатычным шантажом у дачыненнi РСФСР. Германiя дамагалася, каб дэмаркацыя гранiц праводзiлася на падставе прынцыпа самавызначэння мясцовага насельнiцтва, якi вытлумачаўся ў тым сэнсе, што «кожны памешчык, чый маёнтак знаходзiцца на мяжы германскай акупацыi, можа вырашыць, на чыiм баку, нашым цi германскiм, павiнен заставацца яго маёнтак» [4]. Цыркулявалi звесткi пра адбыццё ў Берлiн нейкай дэпутацыi ад «беларускiх мясцовасцяў, што нiбыта жадаюць адысцi з-пад верхавенства Расii». Узнiкла рэальная пагроза таго, што Германiя, прымянiўшы ў той цi iншай форме «фiктыўнае самавызначэнне» беларускiх земляў, запатрабуе пад выглядам «уз’яднання» прырэзкi да раёнаў «часовай» акупацыi рэшткаў Вiцебскай i Магiлёўскай губерняў, а магчыма, i Смаленскай губернi.

Практычна адначасова тэрытарыяльныя прэтэнзii да РСФСР выкзаў марыянетачны ўрад Украiны. Пасля ўзнаўлення 22 мая 1918 г. савецка-украiнскiх мiрных перагавораў ў Кiеве урад «яго яснавяльможнасцi», спасылаючыся на фактычнае прызнанне БНР Кiевам, даводзiў да савецкай дэлегацыi, што вызначэнне беларуска-украiнскай гранiцы — гэта ўжо справа «Украiнскай Дзяржавы» i БНР, а не Украiны i Расii, патрабаваў ад РСФСР прызнаць анэксiю Украiнай трох паветаў Мiнскай губернi i Гомельскага павета Магiлёўскай губернi, «пагражаючы ў адваротным выпадку прызнаць незалежнасць Беларусi» дэ-юрэ [5]. Сам свежавыпечаны манарх гетман П.Скарападкi iшоў яшчэ далей, патрабуючы ад РСФСР перадаць Украiне неакупаваную частку Магiлёўскай губернi. Свае «гiстарычныя правы» на Беларусь заяўлялi ўсяму свету iншыя германскiя марыянеткi — «Рэгенцыйная Рада Польскага Каралеўства» i Тарыба — Рэгенцкi Савет «Каралеўства Малой Лiтвы».

У сваю чаргу, Рада БНР вельмi разлiчвала, што Германiя прызнае БНР дыпламатычна, пасля чаго нацiсне на РСФСР у пытаннi «вяртання» рэшткаў Вiцебскай, Магiлёўскай i Чарнiгаўскай, усёй Смаленскай, частак Бранскай i Калужскай губерняў «законнаму гаспадару». Пасля атрымання з Берлiна растлумачэння рэйхсканцлера наконт немагчымасцi для Германii прызнаць БНР без папярэдняй згоды «урада Ленiна», пытанне ўзаемаадносiн з РСФСР набыло для «Беларускай Рады» асаблiвую актуальнасць. 29 мая 1918 г. «пастаянная дэлегацыя па справах знешнiх перагавораў БНР» звярнулася да старшынi савецкай мiрнай дэлегацыi ў Кiеве Х.Ракоўскага з нотай аб дыпламатычным прызнаннi БНР i заключэннi памiж ёю i РСФСР дагавора аб дзяржаўнай гранiцы.

Людзi, якiя яшчэ месяц таму даводзiлi да германскага пасла ў Кiеве пра гатоўнасць БНР ваяваць супраць бальшавiкоў у саюзе з Германiяй, зараз выражалi «глыбокую ўпэўненасць, што сацыялiстычны ўрад Савецкай Расiйскай Рэспублiкi, якi, першы ў свеце, умацаваў на сваiм чырвоным сцягу свяшчэнны прынцып самавызначэння народаў, пойдзе насустрач беларускаму народу ў яго барацьбе за сваю дзяржаўную самастойнасць, за сваё адзiнства i за цэласць сваёй зямлi i тым пакладзе трывалыя падставы дзяржаўнаму суiснаванню двух братнiх народаў» [6].

Антысавецкая буржуазна-памешчыцкая газета «Белорусское эхо» заявiла 31 мая 1918 г., што дыпламатычнае прызнанне БНР пойдзе на карысць Савецкай Расii, бо нiбыта ўмацуе яе ўнутры- i знешнепалiтычнае становiшча, паколькi вызвалiць Маскву ад неабходнасцi клапацiцца пра беларусаў. Вiдавочна, артыкул у «Белорусском эхе» утрымвае тую аргументацыю, якую А.Цвiкевiч i М.Доўнар-Запольскi развiвалi на асабiстых перагаворах з Ракоўскiм. Падчас iх, успамiнае Доўнар-Запольскi, «дэлегацыя <БНР> iшла далей i выказвала iмкненне стаць у цесную звязь з савецкiм урадам, у той жа час прасiла савецкую дэлегацыю падтрымаць Беларусь у спрэчцы пра межы з Украiнай. Савецкая дэлегацыя аднеслася да беларускiх прадстаўнiкоў з сяброўскай увагай i абяцала ўсялякае садзейнiчанне» [7]. Вiдавочна, Ракоўскi сам быў не супраць разыграць «беларускую карту» у пагранiчнай спрэчцы Савецкай Расii з урадам «яго яснавяльможнасцi». Але гэта зусiм не значыла, што Савецкая Расiя збiралася прызнаць БНР — такi крок прычынiў бы вiдавочную шкоду дыпламатычным i ваенным пазiцыям РСФСР на Захадзе.


3.

Савецкiя дыпламаты мелi ўсе падставы сумнявацца ў шчырасцi пасланцаў «Беларускай Рады». Толькi бязвыхаднае становiшча, у якiм апынулася «беларуская справа», прымусiла апошнiх, па словах М.В.Доўнар-Запольскага, «спрытна размаўляць з бальшавiкамi, падкрэслiваючы, што агульны вораг у нас адзiн — немец» [8]. Усведамляючы сваё бяссiлле, радаўскiя дыпламаты хiсталiся ад прызнання «брэсцкiх» гранiц за часовыя (да сусветнай мiрнай канферэнцыi) дзяржаўныя гранiцы БНР да ўваходжання ў федэрацыю з Лiтвой i Украiнай. «Радаўцы» не кiдалi надзеi схiлiць немцаў да дыпламатычнага прызнання БНР, запэўнiць iх, што этнаграфiчная Беларусь як буферная дзяржава не дсць пасiлiцца Польшчы, Украiне i «Велiкаросii», з’явiцца рынкам збыту для германскай прамысловасцi, а беларускi ўрад адыграе ролю «громаадводу» пры германскай акупацыйнай уладзе, не дасць развiцца сярод насельнiцтва «злобе да германскага народа».

Адной з мэтаў мемарыяла да германскага пасла ў Кiеве ад 25 красавiка 1918 г. было пераканаць Германiю ў «iмкненнi

<Рады> да правапарадку> i да пашырэння беларускай улады «далей на ўсход» пры апоры на немцаў. Ды i «усходняя арыентацыя» азначала пошук кантактаў не столькi з «Маскоўскiм урадам», сколькi з «iншай Масквой» — «з тымi палiтычнымi партыямi i дзеячамi, якiя хутка могуць стаць ва ўладзе», з стаячым за iмi дыпламатычным корпусам краiн Антанты ў Волагдзе («Не трэба забывацца, што тая каалiцыя моцная i мы хутчэй праз iх можам выйграць,» — казаў адзiн з «радаўскiх» дыпламатаў у Кiеве П.Трамповiч) [9].

Разам з тым, «Беларуская Рада» не губляла надзеi, што i Саветы ўсё ж прызнаюць яе за законную ўладу ў краi. Яе агенты час ад часу наязджалi ў Маскву, наладжвалi кантакты з «патрэбнымi» людзмi i арганiзацыямi, спрабавалi схiлiць да супрацўнiцтва Белнацком. Але «бальшавiцка-правакатарскiя» элементы, плакаўся пазней Я.Варонка, праз «запраданыя «народнаму камiсару» нацыянальных спраў, якому-сьцi С.Джугашвiлi (!!! — Т.С.)» «друкi» распаўсюджвалi «брэхню», «што менскiя беларусы працуюць па ўказцы немцаў (!) i палякоў(!)» [10]. Няўдалай была спроба адкрыць у Маскве консульства i гандлёвую палату БНР.

Пасля вялiкага скандалу стары дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху нацыянал-народнiк А.Бурбiс, прызначаны Народным Сакратарыятам на пасаду консула БНР у Маскве, вымушаны быў публiчна адмежавацца ад БНР i яе «галоўкi».

А ўлетку 1918 г. «Беларускую Раду» напаткаў яшчэ адзiн канфуз. Яе «надзвычайная мiсiя», накiраваная ў Маскву для ўсталявання дыпламатычных адносiн памiж БНР i РСФСР, не толькi не была прынята наркамам па замежных справах Г.В.Чычэрыным, але нават асаблiвых «ганенняў з боку бальшавiкоў» не адчула [11]. Яскравы паказчык, наколькi сур’ёзнай пагрозай сабе бальшавiкi лiчылi «палiтычных немаўлят з Беларускай рады» i iх «гульнi ў дзяржаўнасць»! Сапраўдную небяспеку для Саветаў на «беларускiм напрамку» ўяўлялi не слабасiльныя беларускiя дзеячы, а тыя, хто iмкнуўся скарыстацца iх дыпламатычнай актыўнасцю для здзяйснення новых захопаў савецкай зямлi — германскiя iмперыялiсты i iх украiнскiя марыянеткi.

На працягу вясны — лета 1918 г. па савецкай частцы Усходняй Беларусi прайшла хваля пратэстаў супраць нахабных дамаганняў «германа-украiнскiх» iмперыялiстаў i «iх саюзнiцы — Беларускай Рады». Пратэстная хваля ахапiла таксама масу беларусаў — бежанцаў i вайскоўцаў у Савецкай Расii, перакiнулася на раёны «часовай» акупацыi.

Рэзалюцыi пратэсту часцей за ўсё прымалiся на падставе адпаведнага даклада прадстаўнiка Белнацкама цi органаў Савецкай улады, або адпаведнага лiста Белнацкама i органаў Савецкай улады. Палажэннi гэтых дакументаў нярэдка слова ў слова ўзнаўлялiся ў рэзалюцыях сходаў, з’ездаў i мясцовых Саветаў, а самi рэзалюцыi часцей за ўсё прымалiся аднагалосна — яскравы паказчык як ступенi абурэння шырокiх мас працоўных-беларусаў палiтыкай германскiх захопнiкаў i iх вольных цi нявольных памагатых, так i блiзкасцi iм заклiка падтрымаць пазiцыю савецкiх дыпламатаў, якiя на пасяджэннях савецка-германскiх тэхнiчных i палiтычнай камiсiй «усiмi сiламi адстойваюць i настойваюць на самавызначэннi Беларусi толькi ў федэрацыi яе з Савецкай Рэспублiкай» [12]. Рэзалюцыi па «беларускiм пытаннi» прынялi абласны, губернскiя i павятовыя з’езды Саветаў, Усерасiйскi з’езд бежанцаў з Беларусi.

У рэзалюцыях пратэсту выказвалася поўнае адзiнадушша па наступных пытаннях: 1) непадзельная сувязь Беларусi з Расiяй на падставе Савецкай улады; 2) толькi самi беларускiя рабочыя i сяляне могуць заяўляць свае нацыянальныя правы i патрэбы; 3) самазваная «Беларуская Рада» не мае права рабiць заявы ад iмя беларускага народа. У пытаннях жа канкрэтнай формы, якую прыме федэрацыя Беларусi з РСФСР, i будучага статуса Савецкай Беларусi памiж «абласнiкамi» i «беларусамi» былi сур’ёзныя супярэчнасцi.

Тым не менш, «пратэстная» кампанiя дасягнула той мэты, якую ставiла савецкае кiраўнiцтва. Пытанi аб дакладным праходжаннi дэмаркацыйнай лiнii i аб унутраным становiшчы раёнаў «часовай» акупацыi, як маючыя прынцыповае значэнне, былi перанесены ў маi 1918 г. на разгляд савецка-германскай палiтычнай камiсii па выпрацоўцы ўмоў дадатковага дагавора ў Берлiне.


4.

Перагаворы па выпрацоўцы дадатковага дагавора, якiя вялiся адначасова ў Берлiне (паiтычная i фiнансава-прававая камiсii) i ў Маскве (эканамiчная камiсiя), праходзiлi ў складаных абставiнах. У маi 1918 г. савецка-германскiя адносiны былi на мяжы разрыву i «вялiкай» вайны. З гэтага зыходзiлi дыпламаты Рады ў Кiеве. 10 чэрвеня 1918 г. на падставе даклада А.Цвiкевiча яны вырашылi накiраваць у Маскву ўжо вядомую нам дэлегацыю «для вядзення перагавораў з Ленiным» наконт прызнання БНР. На думку Трамповiча, гэта было тым больш неабходна, што немцы вялi «нейкую тайную палiтыку, магчыма ў бок аб’яднання Расii, цэласцi яе».

«Блiжэйшай тактыкай Беларусi» Трамповiч лiчыў увайсцi ў зносiны з Англiяй, Францыяй, нейтральнымi краiнамi, «прымкнуць да тых арганiзацый, якiя рыхтуюць падзенне бальшавiкоў», каб у адпаведны момант БНР атрымала «па праву належачае ёй месца сярод народаў Расii». «Праўда, —прызнаўся Трамповiч, — увайсцi ў барацьбу з бальшавiкамi ў якасцi актыўнага боку Беларусь не здолее, але можа падтрымаць маральна тых, хто павядзе барацьбу, заявiўшы аб сваёй з iмi салiдарнасцi.»

Старшыня дэлегацыi Цвiкевiч, згаджаючыся, што становiшча Савецкай улады нетрывалае, лiчыў неабходным не «гадаць на кававай гушчы», а «тэрмiнова звязацца з усходнiмi абласцямi Беларусi, напрыклад са Смаленшчынай, якая ў цяперашнi час прызнае ўжо Беларускую Раду, — каб да моманту падзення бальшавiкоў Беларусь уяўляла сабою адно цэлае». Сувязь з «дорманаўцамi» Цвiкевiч думаў трымаць праз спецыяльны «нягласны орган» — «Саюз абароны Беларусi» [13].

У лiпенi 1918 г. леваэсэраўскi мяцеж даў «ваеннай» партыi ў Берлiне найбольш зручную падставу здзейснiць даўно задуманае. Але адразу ж высветлiлася, што «у германскага iмперыялiзма рукi занадта поўныя, каб жадаць скарыстацца гэтым непараўнаным выпадкам у ва што б та нi стала для задушэня Савецкай Расii» [14]. Сцяўшы зубы, Людэндорф i кампанiя вымушана знялi лозунг «помсты за Мiрбаха», тым больш, што Саветы ясна далi Берлiну зразумець непазбежнасць вайны ў выпадку працягу палiтыкi дыктату ў дачыненнi РСФСР.

Пасля «чорнага дню» 8 жнiўня 1918 г. нават ультраiмперыялiсты ўцямiлi, што «апошнi адлiк» для Германскай iмперыi пайшоў на тыднi. Безнадзейнасць становiшча на Заходнiм фронце, нарастанне сiмптомаў наблiжэння рэвалюцыйнага выбуху ўнутры краiны — з тым большым iмпэтам «партыя вайны» аргументавала, што толькi ваеннае вырашэнне «рускага пытання» уратуе Германiю ад рэвалюцыi i тэрытарыяльных страт на Захадзе. Разрыў краiнамi Антанты адносiн з Расiяй лiнуў вады на яе колы.

Ад’езд германскага пасольства з Масквы ў Петраград i адтуль у Пскоў — раён «часовай» акупацыi, паказвалi, што смяротна паранены звер можа рашыцца на авантуру другога «Фаустшлага». «Яшчэ тыдзень пасiўнасцi i адступленняў, i немцы пачнуць наступаць на Маскву i Петраград. Мы апынемся мiж двух жорнаў — пытанне жыцця i смерцi для рэвалюцыi,» — зазначаў у жнiўнi 1918 г. у неафiцыйным лiсце да свайго даверанага чалавека — камандуючага 1-й армiяй Усходняга фронта М.Тухачэўскага, старшыня Рэвалюцыйнага Ваеннага Савета Рэспублiкi наркамваенмор Л.Д.Троцкi [15].

«...Не выключана магчымасць таго, што калi прасоўванне англа-французскiх i чэхаславацкiх банд у глыб Расii будзе працягвацца, то германскiя ўзброеныя сiлы рушаць iм насустрач, Савецкая Расiя ператворыцца ў арэну барацьбы абедзвюх варагуючых каалiцый, i сацыялiстычная рэспублiка будзе сцёртая мiж млынных жорнаў двух iмперыялiзмаў,» —зазначала 11 жнiўня 1918 г. газета «Известия Витебского губернского Совета». I наркамваенмор, i невядомы аўтар газетнага артыкула былi азiнадушныя — толькi рашучыя перамогi на Усходнiм фронце выратуюць рэвалюцыю. I, нечакана для германцаў, бальшавiкi (якiя «дажывалi апошнiя тыднi») перайшлi ў контрнаступленне, даволi хутка адваявалi Паволжа i рушылi далей на Урал.

Першыя перамогi Чырвонай Армii на Усходнiм фронце храналагiчна супалi з актывiзацыяй партызанска-паўстанцкага руху ў раёнах акупацыi, наклалiся на прагрэсiруючы распад Чацвярнога саюза, унутраны крызiс Германскай iмперыi, iмклiвае разлажэнне аўстра-германскага Усходняга фронта. Вайна з Саветамi ў новых умовах мела б непажаданыя для iмперыi вынiкi, толькi паскорыла б яе крах. Падрыхтоўка да актыўных аперацый на аршанска-смаленскiм напрамку так i засталася ваеннай дэманстрацыяй.

Тым больш, «партыю вайны» напаткаў яшчэ адзiн канфуз. Высветлiлася, што нiводная з расiйскiх «партый парадку» не стаiць на грунце захаваня Брэсцкай сiстэмы i на сваё супрацоўнiцтва з германскiмi захопнiкамi глядзiць як на чыста тактычны крок. Пытанне аб усерасiйскiм прагерманскiм «рэжыме парадку» адпала само сабою. Створаныя ж захопнiкамi лакальныя «рэжымы парадку» не хавалi, за малым выключэннем, сваiх сiмпатый да «адзiнай i непадзельнай». Для Другога рэйха не было ўжо iншага выйсця, як толькi «эксплутаваць бальшавiкоў».


5.

Падпiсаны 27 жнiўня 1918 г. у Берлiне «Руска-германскi дадатковы дагавор» складаўся з палiтычнай, фiнансавай i прыватнаправавой частак i меў выразна кампрамiсны характар. Шэраг палажэнняў быў для РСФСР цяжкi. Расiя прызнавала адыход да Германii Эстляндыi i Лiфляндыi, прымала да ведама прызнанне Германiяй незалежнасцi Грузii, абавязвалася выплацiць Германii кантрыбуцыю (6 млрд. марак золатам, банкнотамi, цэннымi паперамi i таварамi) i штогод пастаўляць ёй чвэрць здабычы бакiнскай нафты.

Але шэраг артыкулаў даваў вiдавочныя выгоды РСФСР. Спыняўся рух германскiх войскаў на ўсход, а лiнiя дэмаркацыi i дзяржаўнай гранiцы падлягала дакладнаму вызначэнню. Германiя абавязвалася не ўмешвацца ў адносiны РСФСР з асобнымi абласцямi былой Расiйскай iмперыi («нi выклiкаць, нi падтрымваць утварэння самастойных дзяржаўных арганiзмаў у гэтых абласцях») i не садзейнiчаць адарванню ад Расii новых тэрыторый. Акупаваныя Германiяй землi РСФСР падлягалi ачышчэнню яшчэ да заключэння ўсеагульнага мiру: раёны «часовай» акупацыi — па меры атрымання Германiяй кантрыбуцыi, «чарнаморскiя тэрыторыi» — пасля заключэння расiйска-украiнскага мiру [16].

РСФСР атрымвала права iльготнага транзiтнага гандлю праз балтыйскiя порты, высокую штогадовую квоту абавязковых паставак грузiнскай марганцавай руды i данецкага вугалю. Германiя абавязвалася дабiцца эвакуацыi горада Баку i Бакiнскага павета войскамi «трэйцяй дзяржавы» i гарантаваць Петраград ад фiнскiх нападаў. Што ж датычыцца дэнацыяналiзацыi былой германскай маёмасцi, то яе ўмовы, вызначаныя дадатковым дагаворам, былi спачаткова непрыймальныя для «ахвяр бальшавiзму». Г.Чычэрын зазначаў, што Дадатковы дагавор «фiксаваў данiну», якую Саветы вымушаныя былi выплацiць германскаму iмперыялiзму за права свайго свабоднага iснавання, клаў канец далейшаму германскаму наступу на Расiю, «i ў некаторых пунктах, асаблiва ў пытаннi аб пачатку ачышчэння нашай тэрыторыi (выдзелена мною. — Т.С.) «, даваў «сур’ёзнае паляпшэнне» становiшча РСФСР [17].

Германскае консульства ў Маскве назвала галоўнымi наступствамi Дадатковага дагавора «пасiленне пазiцый Савецкага ўрада ў палiтычнай i нават стратэгiчнай вобласцi, у эканамiчных i маральных, асаблiва ў мiжнародных адносiнах, i ўмацаванне бальшавiкоў знадворку i ўнутры», а таксама падзенне аўтарытэту германафiлаў i Германii ў асяроддзi рускай белагвардзейшчыны [18]. Дагавор ад 27 жнiўня 1918 г. падмацаваў у германскiх правячых колах тэндэнцыю «iсцi з бальшавiкамi, пакуль яны яшчэ ва ўладзе», бо толькi пры гэтай умове можна было разлiчваць на атрыманне кантрыбуцыi [19].

Дадатковы дагавор выклiкаў рэзкiя супярэчнасцi памiж Германiяй i яе сатэлiтамi. У прыватнасцi, Асманская iмперыя адмовiлася ачысцiць Баку, бо пры заключэннi перамiр’я разлiчвала з выгодай саступiць яго англiчанам. СНК РСФСР 20 верасня 1918 г. заявiў Высокай Порце, што лiчыць Брэсцкi трактат «скасаваным з яе боку i ўжо неiснуючым памiж Турцыяй i Расiяй» [20]. Разбурэнне Брэсцкай мiжнароднай сiстэмы пачалося.


6.

Дадатковы дагавор самым непасрэдным чынам адбiўся на сiтуацыi ў Беларусi. У пачатку верасня 1918 г. германскiя акупанты абавязалiся адвесцi свае войскi за Беразiну, а 16 верасня 1918 г. у Вiльнi было падпiсана савецка-германскае пагадненне, якое вызначыла тэрмiны i парадак ачышчэння немцамi тэрыторый на захад ад Беразiны. 28 лютага 1919 г. апошнi германскi салдат павiнен быў адысцi за расiйска-германскую дзяржаўную гранiцу, вызначаную Брэсцкiм мiрам.

Ужо ў сярэдзiне верасня 1918 г. германскiя войскi пачалi эвакуацыю Полацкага павета, у 20-х лiчбах верасня —Лепельскага i Сенненскага паветаў, у канцы кастрычнiка —Аршанскага i Магiлёўскага паветаў. 31 кастрычнiка 1918 г. войскi Заходняга раёна абароны, створанага на базе Заходняй заслоны, увайшлi ў Магiлёў. На вызваленай зямлi пад кiраўнiцтвам Аблвыканкомзаха i пры ўдзеле губернскiх улад i ваеннага камандавання стваралася сетка ваенных Саветаў, ваенна-рэвалюцыйных камiтэтаў i камiтэтаў беднаты, якiя аднаўлялi палiтычнае i гаспадарчае жыццё на савецкiх пачатках.

Рабочыя, сяляне i «дробная буржуазiя» вызваленых раёнаў з непадробнай радасцю i гарачым энтузiязмам вiталi прыход чырвоных войскаў. Паўсюдна прымалiся рэзалюцыi ў падтрымку Савецкай улады i РСФСР у сувязi з «пераглядам Брэсцкага мiру». Дадатковы дагавор выклiкаў бурную радасць у асяроддзi беларусаў-бежанцаў. Беларусы-бежанцы горада Саратава на сваiм агульным сходзе 8 верасня 1918 г. прасiлi Савецкi ўрад «патрабаваць ад немцаў ачышчэння нашай дарагой Радзiмы, пасля чаго мы паедзем на нашыя развалiны будаваць новае царства працы» [21].

Савецкае кiраўнiцтва пiльна сачыла за сiтуацыяй у раёнах, што падлягалi ачышчэнню ад акупантаў. У справаздачы загадчыка аддзела бежанцаў Белнацкама ад 29 верасня 1918 г. зазначалася пра становiшча ў Мiнску i Мiнскай губернi: «У значнай ступенi край паланiзаваны. Шмат адчынена польскiх школ. Шыльды ўсюды або нямецкiя або польскiя... У Мiнск назляталася шмат «чорнага варання» з усiх краёў. У голас вярбуюцца дабраахвотнiкi ў Паўночную i Паўднёвую армiю, ствараюцца таксама прынцам Альдэнбургскiм армii для аднаўлення манархii... Беларуская Рада так непапулярная, што пра яе амаль нiхто не ведае, асаблiва ў правiнцыi. Сувязi горада з вёскай нiякай. Паўсюль царуе змрок i няведанне. Нецярплiва чакаюць бальшавiкоў адны i трапечуцца iншыя» [22].

Адыход германцаў з раёнаў «часовай» акупацыi даваў бальшавiкам Беларусi легальную магчымасць «выйсцi з падполля i ўзняць на былым месцы чырвоны сцяг Саветаў» [23]. Было вiдавочна, што прыдзецца ламаць упартае супрацiўленне буржуазна-памешчыцкай i нацыяналiстычнай контррэвалюцыi; не выключалася магчмасць узнаўлення грамадзянскай вайны. Тактычны курс «бальшавiкоў у краi» патрабаваў карэктыроўкi — iх задачай было ўжо не рыхтаваць паўстанне, а ў рашучы момант узяць на сябе «кiраванне грамадзянскай вайной i захоп палiтычнай i эканамiчнай улады ў краi» [24]. «Сiле мы павiнны процiпаставiць сiлу... Мы не павiнны дапусцiць, каб Захад стаў для Савецкай Расii такою ж крынiцаю бедстваў, як Усход... Супраць генеральскай белай армii мы павiнны выставiць Чырвоную Армiю з беларускага сялянства... Мы павiнны мець Нёман такою ж чэснай савецкай ракой, як i Волгу,» — рэзюмавала «Правда» 17 кастрычнiка 1918 г.


7.

Новая праграма краявой падпольнай арганiзацыi РКП(б) выпрацоўвалася на працягу верасня — кастрычнiка 1918 г. У канцы кастрычнiка яна набыла канчатковы выгяд i была ўхвалена раённымi пратканферэнцыямi. Асноўнай задачай «Камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) Беларусi i Лiтвы» была абвешчана «арганiзацыя авангарда рабочых i сялянскiх мас» для кiраўнiцтва барацьбой «супраць сусветнага iмперыялiзму i айчынных памешчыкаў i капiталiстаў» пад лозунгам «неабмежаванай улады Саветаў» — «дыктатуры рабочых i бяднейшых сялян Беларусi». Перад мяцвымi арганiзацыямi ставiлася задача мабiлiзацыi i ўзбраення «усiх ваенных сiл, што стаяць на платформе Савецкай улады», каб у адпаведны момант абвясцiць сябе «ваенна-рэвалюцыйнымi камiтэтамi Савецкай улады Беларусi».

Галоўнымi працiўнiкамi вызначалiся памешчыцка-буржуазныя арганiзацыi i дробнабуржуазныя групы, якiя «у той цi iншай ступенi падтрымваюць Беларускую Раду» [25]. Тым самым бальшавiцкае падполле аднесла БСДП, БПСФ i БПСР да лiку тых, з кiм можна толькi змагацца насмерць. Практычна адначасова завяршылася фармiраванне Камунiстычнай партыi Лiтвы i Беларусi, якая ахапiла бальшавiцкiя арганiзацыi тэрыторый на захад ад «брэсцкай» гранiцы. Яе нелегальны i з’езд у Вiльнi (30 верасня — 3 кастрычнiка 1918 г.) прызнаў галоўнай задачай партыi арганiзацыю працоўных на барацьбу за выгнанне германскiх акупантаў i iх марыянеткi — Лiтоўскай Тарыбы, i ўсталяванне Савецкай улады.

Абедзве арганiзацыi ўзялi ўдзел у рабоце i канферэнцыi камунiстычных арганiзацый акупаваных абласцей (Масква, 19 — 24 кастрычнiка 1918 г.). У галоўным дакуменце канферэнцыi — «Тэзiсах па бягучым моманце, нашай тактыцы i лозунгах» — зазначалася, што барацьба пралетарыята за ўладу павiнна канчаткова вылiцца ў масавую класавую ўзброеную барацьбу пад лозунгамi звяржэння акупантаў, «Рад, Тарыб i Ландратаў» i перамогi сусветнай камунiстычнай рэвалюцыi i з’яднання з РСФСР [26]. Рэвалюцыя у акупаваных абласцях павiнна была развiвацца ў цеснай каардынацыi з развiццём рэвалюцыi ў Расii i Германii, а бальшавiцкае падполле з’явiлася б каардынуючым звяном памiж бальшавiкамi Савецкай Расii i рэвалюцыйнымi сацыялiстамi Германii i Аўстрыi — будучымi камунiстамi.

Зразумела, што рэвалюцыйная прапаганда ў акупацыйных войсках пры такiм расклазе рабiлася задачай першачарговай. Увосень 1918 г. толькi падпольшчыкi Мiнска аддрукавалi ў падпольнай тыпаграфii i распаўсюдзiлi сярод германскiх салдат звыш 100 тыс. экз. лiстовак. У Смаленску для салдат акупацыйнай армii выдавалася на нямецкай мове газета «Звязда» («Дэр Штэрн»). Падпольшчыкi дзейнiчалi ў цесным кантакце з нямецкiмi спартакаўцамi.


8.

Дадатковы дагавор збянтэжыў Раду БНР i iншыя антыбальшавiцкiя сiлы ў Беларусi. Падаў у адстаўку «чалавек-кабiнет» Р.Скiрмунт. Пасля пераходнага кабiнета сацыял-федэралiста Я.Серады да ўлады ў БНР прыйшла «Рада народных мiнiстраў» — «аднародна-сацыялiстычны» кабiнет А.Луцкевiча. 9 кастрычнiка 1918 г. Рада БНР папоўнiлася прадстаўнiкамi ад «усiх iснуючых на Беларусi грамадзянскiх, культурна-прасветных, рэлiгiйных i прафесiянальных арганiзацыяў», давяла свой лiк да 100 чал. i абвясцiла сябе «правамоцным Краёвым Органам да склiкання Беларускага Устаноўчага Сойму» [27]. Большасць месцаў у «Краёвым Органе» дасталася каталiцкiм i праваслаўным святарам, што, вядома ж, сiлы i папулярнасцi «Беларускай Радзе» не прыбавiла.

Моцна чапляючыся нават за прывiд улады, Рада БНР 20 кастрычнiка 1918 г. звярнулася з лiстамi-нотамi адразу да ўрадаў Германii, Аўстра-Венгрыi («вялiкай славянскай манархii, у якой жыццё славян выражаецца ў найбольш падыходзячай форме i знаходзiць нацыянальнае прызнанне») i ЗША [28]. Рада бачыла ў адыходзе германскiх акупацыйных войскаў «пагрозу нацыянальнаму iснаванню беларускага народа», пужала, што «з Беларусi хваля анархii пагражае перакiнуцца на Захад i пасiлiць i там бедства Сусветнай вайны», а таму заклiкала заходнiя ўрады «у iмя культуры i чалавечнасцi, у iмя пачаткаў гуманнасцi» афiцыйна прызнаць дзяржаўнасць БНР, гарантаваць яе гранiцы, дапамагчы ў арганiзацыi ўрадавага апарата i войска, абяцаючы за гэта зрабiць БНР надзейнай заслонай Захада ад «анархii з Усходу». 22 кастрычнiка 1918 г. Рада БНР паўтарыла свой «заклiк аб дапамозе» адпаведным зваротам да прэзiдэнта ЗША, урадаў Антанты i Цэнтральных дзяржаў .

Высокiя адрасаты пакiнулi гэты «заклiк аб дапамозе» без увагi. «Цэнтральным iмперыям» хапала праблем унутранага парадку. А ў Вашынгтоне, дзе рыхтавалi «вялiкую iнтэрвенцыю» у Савецкую Расiю, палiчылi за лепшае не прызнаваць БНР наогул. Адсутнасць у «беларускай нацыянальнай улады» народных каранёў, моцныя прарасiйскiя i прасавецкiя сiмпатыi працоўных Беларусi рабiлi БНР саюзнiкам нетрывалым i ненадзейным.

Адначасова «Беларуская Рада» спрабавала развiць дзейнасць i на ўсходнiм напрамку. У вераснi 1918 г. яе дыпламаты ў Кiеве заявiлi пратэст Ракоўскаму супраць Берлiнскага дагавора ад 27 жнiўня 1918 г., якi «наносiць удар толькi што адноўленай беларускай дзяржаўнай арганiзацыi, адрываючы ад яе паўночнаусходнюю ўскраiну да ракi Беразiны» [29]. Растлумачэнне Ракоўскага (РСФСР не супраць самавызначэння Беларусi i акажа поўнае садзеянне культурнанацыянальнай рабоце ў вызваленых ад германскiх акупантаў мясцовасцях) вельмi iх абнадзеiў.

У кастрычнiку 1918 г. у Кiеў накiравалася дэлегацыя Рады БНР на чале з самiм прэм’ер-мiнiстрам А.Луцкевiчам. Яна мела на мэце заключэнне ваеннага саюза БНР з «Украiнскай Дзяржавай» (прадугледжваў, мiж iншым, фармiраванне на Украiне «беларускага войска»), атрыманне ад гетмана «дзяржаўнай грашовай пазыкi» i ўладкаванне адносiн з РСФСР. Луцкевiч згаджаўся на федэрацыю з Расiяй i на ўвядзенне ў аўтаномнай Беларусi Савецкай канстытуцыi, але пры адной умове: безагаворачнага прызнання дзяржаўнай незалежнасцi БНР. Выканай СНК гэтую ўмову — i Рада БНР, магчыма, перадасць уладу (якой, дарэчы, рэальна не мела) Саветам. Ад прапановы Ракоўскага выехаць у Маскву i там дамовiцца аб шляхах вырашэння беларускага пытання Луцкевiч адмовiўся . Усё, што даў «Кiеўскi вiзiт» БНР на справе — гэта грошы ад «яго яснавяльможнасцi».

«Рэгенцыйная Рада Каралеўства Польскага» таксама далучылася да барацьбы супраць «гвалтаўнiцкага» Берлiнскага дагавора. 30 верасня 1918 г. яна прасiла рэйхсканцлера Г.Гертлiнга абаранiць жыццё i маёмасць польскiх памешчыкаў на беларускiх землях ад небяспекi «з боку мясцовага рэвалюцыйна настроенага насельнiцтва» [30]. Для боязi былi самыя рэальныя падставы: савецкi бок рашуча адхiлiў германскую прапанову не прыцягваць «рускiх» калабарантаў да адказнасцi — яе прыняцце азначала б прызнанне РСФСР прынцыпа «апякунства iншаземных улад над грамадзянамi Савецкай Рэспублiкi супраць яе ж» [31].


9.

I самi памешчыкi, i буржуазна-памешчыцкiя арганiзацыi iшлi на ўсё дзеля абароны сваiх жыццяў, маёнткаў i капiталаў. У Берлiн, Кiеў i Варшаву ляцелi iстэрычныя пратэсты i слёзныя петыцыi. Дэлегацыя памешчыкаў Магiлёўскай губернi прасiла «яго яснавяльможнасць» неадкладна далучыць сваю губерню да Украiны. З’явiлiся планы украiнска-беларускай унii. У прыватнасцi, «надзвычайная дэлегацыя» Рады БНР у Кiеве зазначала 1 кастрычнiка 1918 г. у сваёй прамеморыi Народнаму Сакратарыяту, што гетманскiя мiнiстры прапанавалi аб’яднаць Беларусь з Украiнай на падставе «супольнай мытнай гранiцы, супольнай арганiзацыi армii (дзве тэрытарыяльныя армii) i супольнай загранiчнай палiтыкi», а таксама вяртання спрэчных паветаў «толькi Беларусi, але нiколi не Расеi».

Наогул, «украiнцы ахвотна пойдуць насустрач умацаванню беларускай дзяржаўнасцi i ўтварэнню аружнай сiлы ў Беларусi, даючы помач грашамi, аружжам i т.п., паскольку на гэта будзе дадзена маўчлiвая згода Нямеччыны». Адсюль рабiлiся адпаведныя «вывады»: «1) <Прыцягнуць да беларускае справы> земствы i мясцовыя самаўправы, аперуючы страхам прыходу бальшавiкоў. Патрэба абаперцiся на земствы вынiкае з таго, што бальшавiкi з асаблiвай пашанай адносяцца да земскiх самаўпраўленняў (нават так! — Т.С.). 2) ...Трэба стварыць голас насельнiцтва ў справе незалежнасцi i непадзельнасцi Беларусi i прызнання ўласцi беларускага ўраду (як самаабарона ад Большэвiзii!). Гэта патрэбна як для прызнання нашае павагi i сiлы ўкраiнцам, так i асаблiва немцам. Галоўную ролю iграе тут фармальная старана; на ўсё iншае немцы будуць глядзець скрозь пальцаў. (Некалькi вышэй зазначана: «NB! Усе гэтыя заявы патрэбныя з чыста фармальнага боку (незалежна ад таго, якую яны будуць мець фактычную цану.» — Т.С.)... 3) Даведацца аб арганiзацыi «белай гвардыi» i дабiцца ўсiмi спосабамi яе дабравольнага падчынення беларускаму ўраду» [32]. У пэўным сэнсе, БНР паўтарала трагiкамедыю расiйскай «дэмакратычнай контррэвалюцыi» Паволжа i Сiбiры.

Дабраахвотнiцкiя дружыны («мiлiцыя») з былых афiцэраў, палiцэйскiх, буржуазнай моладзi, падпарадкаваныя белагвардзейскiм камандаванням, павiнны былi не дапусцiць пераходу ўлады ў краi да падпольных Саветоў i рэўкомаў, спынiць прасоўванне Чырвонай Армii на захад. Мiнск, Магiлёў i Полацк зрабiлiся важнейшымi апорнымi пунктамi краёвай белагвардзейшчыны, чые iдэйныя кiраўнiкi —кадэты-»мiлюкоўцы» i расiйскiя чарнасоценцы — нават не хавалi мэты сваёй барацьбы — аднаўення «адзiнай i непадзельнай». Тым не меш, Рада БНР, дзе расiйскiя кадэты гралi пасля 9 кастрычнiка не апошнюю скрыпку, упарта разглядала белагвардзейскiя дружыны як зародак «нацыянальнага войска». Адначасова яна i, паралельна, БСДП i БПСФ спрабавалi дамовiцца з «Рэгенцыйнай Радай» i Тарыбай аб сумеснай барацьбе з бальшавiкамi.

Усяяднасць «Беларускай Рады», яе гатоўнасць пайсцi на самыя неверагодныя камбiнацыi, абы толькi атрымаць (няважна з чыiх рук) квiток са словамi афiцыйнага дыпламатычнага прызнання, выклiкала моцнае непрыяце з боку БПСР. БПС-Р яшчэ ўлетку 1918 г. пераканалася, што заваяваць сялянства на бок «беларускай справы», спалучыць беларускую iдэю з масавым народным рухам, можна толькi перахапiўшы ў бальшавiкоў i левых эсэраў кiраўнiцтва антынямецкай паўстанцка-партызанскай барацьбой. Аднак «гарадскiя» беларускiя сацыялiстычныя партыi тады нават не пажадалi да яе прыслухацца. Таму ёй прышлося на свой страх i рызыку, у партыйным парадку, пачаць падпольна фармiраваць баявыя дружыны i атрады, рыхтаваць народнае паўстанне супраць акупантаў.


10.

Беларускiя эсэры, застаючыся прыхiльнiкамi БНР i прынцыпаў трох Статутных грамат, пракламавалi сваю гатоўнасць правесцi iх у жыццё рэвалюцыйным шляхам. У кастрычнiку 1918 г. ЦК БПСР звярнуўся да беларускiх сялян, рабочых i народнай iнтэлiгенцыi з адозвамi «Час прабiў — далей чакаць нельга» i «Што рабiцьi», заклiкаючы правесцi па ўсёй этнаграфiчнай тэрыторыi Беларусi выбары ў валасныя, павятовыя i губернскiя Саветы («Рады») i, па меры гатоўнасцi, перадаць iм уладу на месцах. Склiканы адначасова II Усебеларускi з’езд замацуе незалежнасць БНР.

БПСР, якая ўжо мела свае ўзброеныя фармiраваннi (сялянскiя дружыны самаабароны) у Гродзенскай i заходняй частцы Мiнскай губернi, спадзявалася схiлiць да супрацоўнiцтва (на падставе, вядома ж, сваёй праграмы) бальшавiцкае падполле i ўрад РСФСР. У лiстападзе 1918 г. яе лiдэр Т.Грыб вёў у Маскве перагаворы са Сталiным наконт прынцыпаў супрацоўнiцтва памiж ЦК БПСР i «бальшавiцкiм цэнтрам», але скончылiся яны, хутчэй за ўсё, безвынiкова. З другога боку, расiйскiя правыя эсэры, меншавiкi, бундаўцы i iншыя, як тады казалi ў народзе, «гешэфт-сацыялiсты» звярнулiся праз Мiнскае земства да генерала Фалькенгайма з просьбаю дазволiць склiканне з’езда земскiх i гарадскiх самакiраванняў Беларускага краю пад лозунгам «Вольная Беларусь у вольнай Расii», на што атрымалi станоўчы адказ.

Краявы земска-гарадскi з’езд абраў т.з. «Часовы Савет органаў земскага i гарадскога самакiраванняў у Беларусi», якi павiнен быў «выявiць сапраўдную волю беларускай дэмакратыi» i прыняць функцыi краявой улады пасля адыходу германскiх акупантаў [33]. Эсэра-меншавiкi не проста адмовiлiся ўдзельнiчаць у «радаўскай камедыi», —наадварот, яны прапанавалi нацыянальным партыям i арганiзацыям стаць пад сцяг свайго «Часовага Савета».

У Мiнску, такiм чынам, аформiлiся два цэнтры, якiя прэтэндавалi на ролю выразнiкаў народнай волi i носьбiтаў вышэйшай дзяржаўнай улады ў Беларусi — Рада БНР i «Часовы Савет Беларускага краю». Распад т.з. «першай урадавай каалiцыi» (блока беларускiх, «рускiх» i польскiх партый i арганiзацый, што ў сакавiку 1918 г. абвясцiлi Беларускую Народную Рэспублiку) атрымаў лагiчнае i, так сказаць, «дзяржаўна-прававое» завяршэнне.

Германскае камандаванне разлiчвала скарыстаць войскi 10-й армii, выведзеныя з Беларусi, у баях на Заходнiм фронце. Але разлiк не спраўдзiўся. Многiя германскiя салдаты звязалi пачатак эвакуацыi з рэвалюцыяй у Германii. Яны кiдалi акопы, зброю, адмаўлялiся ваяваць. Эшалоны войскаў, што iшлi на Заходнi фронт, выкiдвалi чырвоныя сцягi i рэвалюцыйныя лозунгi, даходзiлi ў пункты прызначэння напаўпустыя або не даходзiлi наогул. Ратацыя часцей, галоўны сродак аднаўлення благанадзейнасцi i баяздольнасцi войскаў, толькi пашырала антываенныя i антыўрадавыя настроi ў салдацкай i афiцэрскай масе.

Паўсюдна адбывалiся стыхiйныя мiтынгi. Сумесныя мiтынгi-манiфестацыi чырвонаармейцаў, германскiх салдат i мясцовых працоўных, што прайшлi ў кастрычнiку 1918 г. у Оршы, мелi надзвычайны рэзананс. Германскiя дэлегаты заяўлялi, што ў iх часцях пануе бальшавiцкi настрой i гатоўнасць змагацца за рэвалюцыю ў Германii. Адзiн з дэлегатаў (афiцэр, дарэчы) заявiў у дачыненнi буржуазii: «Мы чатыры гады пакутуем ад iх i неабходна знiшчыць усю буржуазiю.» Савецкая разведка зазначыла, што антыбуржуазная прамова германскага афiцэра нарабiла вялiкага перапалоху ў Оршы i ваколiцах [34].

Адыходзячы з Беларусi, германскiя салдаты распраўлялiся з найбольш ненавiснымi афiцэрамi, нярэдка перадавалi зброю партызанам, а акупацыйныя ваенныя i грамадзянскiя ўлады не мелi сiл навесцi парадак. Пагрозы прымаць «самыя рашучыя меры пакарання» супраць «усiх бунтаўнiкоў i распаўсюджвальнiкаў бальшавiцкiх чутак i чутак, спрыяльных для варагуючых з Германiяй дзяржаў Згоды» [35] , часцяком павiсалi ў паветры. Але савецкае камандаванне вельмi цвяроза ацэньвала ступень рэвалюцыйнасцi германскай армii на Усходзе. Нягледзячы на распаўсюджанасць антываенных, антыўрадавых i антыбуржуазных настрояў, на заявы шматлiкiх салдацкiх мiтынгаў пра гатоўнасць змагацца побач з Чырвонай Армiяй супраць прыгнятальнiкаў, высновы рабiлiся нярадасныя: «...Увогуле назiраецца хаатычны настрой мас, якiя пры адыходзе рабуюць мясцовае насельнiцтва» [36].

Шматлiкiя акты марадзёрства здзяйснялiся пры поўным папушчальнiцтве камандавання 10-й армii. Яно само, з поўнага адабрэння iмперскага ўрада, груба парушала ўмовы Дадатковага дагавора i тэхнiчных пагадненняў. Германскi бок, якi абавязваўся перадаць савецкiм уладам чыгуначныя, тэлеграфныя i тэлефонныя лiнii ў цэлым i непашкоджаным выглядзе, дэмантаваў i вывозiў усё, «да старога балта ўключна», а тое, што нельга было вывезцi, шкодзiў i нiшчыў. Германцы мелi права распараджацца лесам, харчам i фуражом, рэквiзаваным i канфiскаваным да 3 — 6 верасня 1918 г. [37], але i пасля гэтай даты працягвалi рабаваць народную маёмасць, нахабна заяўляючы, што «у займаемай вобласцi да апошняга дня нямецкае камандаванне мае канчатковую ўладу» [38]. У парушэнне дагавора германцы стваралi i ўзбройвалi белагвардзейскiя атрады i «органы ўлады» у абласцях, што падлягалi ачышчэнню.

Шматлiкiя пратэсты савецкага боку германскi ўрад пакiдаў без увагi. Нарэшце СНК РСФСР 29 кастрычнiка 1918 г. заявiў ураду Германскай iмперыi, што не бачыць iншага для сябе выйсця, як прыпынiць выплату кантрыбуцыi аж да вяртання на месца ўсёй незаконна вывезенай германскiмi акупантамi маёмасцi [39]. Усе разумелi, што на справе гэта азначае адмову ад далейшай выплаты кантрыбуцыi ногул. Так у канцы кастрычнiка 1918 г. закладзеная ў Брэсце сiстэма савецка-германскiх адносiн фактычна спынiла iснаванне. Праз два тыднi адбылося юрыдычнае афармленне гэтага факта.

 

          ЛIТАРАТУРА:

1. Воровский В.В. Статьи и материалы по вопросам внешней политики. — М.: 1959. С.16.
2. Почанин С.З. Историей обречённые. — Мн.: Беларусь, 1977. С.252 — 253.
3. Ленин В.И. Полн. собр. соч. Т.36. С.333.
4. Чичерин Г.В. Статьи и речи по вопросам международной политики. — М.: Соцэкгиз, 1961. С.40.
5. Архiвы БНР. Т.1. Кн.1. — Вiльня — Нью-Ёрк — Мн. —Прага, 1998. С.193.
6. Турук Ф. Белорусское движение. — Мн., 1994. Приложение N22. С.119.
7. Доўнар-Запольскi М.В. Гiсторыя Беларусi. — Мн.: БелЭн, 1994. С.488.
8. Архiвы БНР. Т.1. Кн.1. С.112.
9. Там жа. С.113, 119-120, 122.
10. Варонко Я. Беларускi рух ад 1917 да 1920 году. —Коўна, 1920. С.13.
11. Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917 — декабрь 1918 г.). — Мн.: НиТ, 1975. С.225-226.
12. Борьба за Советскую власть в Белоруссии: Сб. документов в 2-х т. Т.1. — Мн., 1968. С.66.
13. Архiвы БНР. Т.1. Кн.1. С.173-174.
14. Чичерин Г.В. Статьи и речи: С.108.
15. Хрестоматия по отечественной истории (1914 — 1945 гг.). — М., 1996. С.195-196.
16. Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора: Сб. док. в 2-х т. Т.1. — М.: ИПЛ, 1968. С.607.
17. Чичерин Г.В. Статьи и речи: С.66.
18. История внешней политики СССР. В 2-х т. Т.1. — М.: Наука, 1976. С.87.
19. Советско-германские отношения Т.1. С.646.
20. Чичерин Г.В. Статьи и речи: С.114.
21. Документы и материалы по истории Белоруссии. Т.4: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. — Мн.: 1954. С.419.
22. Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году: Сб. документов. — Мн., 1947. С.131-132.
23. Борьба за Советскую власть в Белоруссии. Т.1. С.285.
24. Борьба за Советскую власть в Белоруссии. Т.1. С.220.
25. Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году. С.31-32.
26. Никольников Г.Л. Выдающаяся победа ленинской стратегии и тактики (Брестский мир: от заключения до разрыва). — М.: Мысль, 1968. С.286-287.
27. Лёсiк Я. Творы. — Мн.: Маст. лiт., 1994. С.318. Гл.: За дзяржаўную незалежнасць Беларусi: Зб. дакументаў. —Лёндан, 1960. С.31-33; Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году. С.153-155.
28. Архiвы БНР. Т.1. Кн.1. С.284.
29. Канчер Е. Белорусский вопрос. — Пг., 1919. С.90.
30. Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч.II. —Гомель, 1993. С.34, 139 — 140.
31. Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т.1. — М.:Изд-во АН СССР, 1963. С.438.
32. Борьба за Советскую власть в Белоруссии. Т.1. С.236.
33. Архiвы БНР. Т.1. Кн.1. С.269 — 270.
34. Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году. С.157.
35. Борьба за Советскую власть в Белоруссии. Т.1. С.278.
36. Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году. С.179.
37. Борьба за Советскую власть в Белоруссии. Т.1. С.266.
38. Комитеты бедноты Белоруссии: Сб. документов. —Мн., 1957. С.132.
39. Документы внешней политики СССР. Т.1. С.544.

 
 
Яндекс.Метрика