Педагагiчная жаночая адукацыя у дарэвалюцыйнай Беларусi (1870-я - 1917 гг.)

 

          Валянцiна АСТРОГА (Мiнск)

 

1.

Пэўную ролю ў папаўненнi кантынгента настаўнiкаў народных вучылiшчаў адыгралi жаночыя навучальныя ўстановы. У ХVIII -першай палове ХIХ стст. педагагiчная дзейнасць жанчын абмяжоўвалася толькi службай у якасцi дамашнiх настаўнiц. Толькi з 1870-х гг. у сельскiх школах упершыню з’явiлiся настаўнiцы. У 1868 г., пасля доўгiх намаганняў расiйскай грамадскасцi, занепакоенай адсутнасцю неабходнай колькасцi настаўнiкаў, а таксама матэрыяльнай незабяспечанасцю выпускнiц жаночых вучылiшчаў, быў прыняты закон, па якiм пры жаночых вучылiшчах сталi арганiзоўваць педагагiчныя курсы. Iх выпускнiцы атрымлiвалi званне дамашняй настаўнiцы без правоў на афiцыйную службу.

Пазней педагогаў-жанчын пачалi рыхтаваць спецыяльна арганiзаваныя пры жаночых гiмназiях Мiнiстэрства народнай асветы дадатковыя восьмыя класы (славеснасцi, матэматычныя i педагагiчныя). Яны адкрывалiся на аснове «Палажэння аб жаночых гiмназiях i прагiмназiях» 1870 г. [1], а таксама спецыяльнага «Палажэння аб педагагiчных класах» 1874 г. Гiмназii налiчвалi 1 падрыхтоўчы, 7 асноўных i 1-2 (звычайна адз?н) дадатковы восьмы клас. Гэтыя сярэднiя навучальныя ўстановы давалi даволi грунтоўную агульнаадукацыйную падрыхтоўку. На базе яе для 8-х педагагiчных класаў складалася свая асобая сiстэма падрыхтоўкi, свае праграмы, падручнiкi i метады навучання. Але гэтыя класы з’яўлялiся неабавязковымi для тых, хто скончыў агульны курс гiмназii. Першы такi педагагiчны клас на Беларусi адкрыты толькi ў 1906 г. у Полацку [2].

У педагагiчныя класы, як i ў iншыя дадатковыя, без iспытаў прымалiся дзяўчаты, якiя скончылi поўны курс жаночых гiмназiй i атрымалi атэстат. Такое ж права мелi i тыя, хто скончыў з добрымi адзнакамi iншыя навучальныя ўстановы, вучэбныя праграмы якiх адпавядалi мiнiстэрскiм жаночым гiмназiям. Усе iншыя асобы, якiя жадалi паступiць у восьмы клас, прымалiся толькi пасля здачы экзаменаў па ўсiх прадметах агульнага курса жаночых гiмназiй [3]. Тэрмiн навучання працягваўся 1 год. Тыя вучанiцы, у якiх былi незадвальняючыя адзнакi, па рашэннi педсавета маглi быць пакiнуты на другi год. Прабыўшыя 2 гады ў 8-м класе i не паказаўшыя здавальняючых поспехаў, выключалiся з гiмназii. Такi лёс чакаў i тых, хто парушаў устаноўленыя ў гiмназii парадак i правiлы [4].

У аснове падрыхтоўкi была распрацаваная ў 1870 г. К.Д.Ушынскiм «Праграма педагогiкi для спецыяльных класаў жаночых навучальных устаноў», што станоўча паўплывала на ўзровень спецыяльнай падрыхтоўкi. У навучальны план, напрыклад, Мiнскай жаночай гiмназii ўваходзiлi Закон Божы, руская мова, лiтаратура i методыка выкладання, царкоўнаславянская мова, славеснасць, арыфметыка i методыка выкладання, гiсторыя, геаграфiя i педагогiка з дыдактыкай. У якасцi дадатковых выкладалiся замежныя мовы - нямецкая i французская, гiмнастыка, музыка i рукадзелле. Педагогiка i дыдактыка з’яўлялiся самастойнымi спецыяльнымi дысцыплiнамi, якiя адначасова давалi звесткi аб псiхалогii, фiзiялогii, прыёмах i метадах выхавання. Як неабавязковыя маглi выкладацца лацiнская мова i гiгiена [5]. Заняткi праходзiлi ў памяшканнях гiмназiй, адмiнiстрацыi якiх арганiзоўвалi вучэбна-выхаваўчы працэс i прадстаўлялi сваiх выкладчыкаў.

Практычную падрыхтоўку будучыя настаўнiцы пад кiраўнiцтвам выкладчыкаў праходзiлi ў пачатковых школах цi ў падрыхтоўчых i малодшых класах гiмназiй. У параўнаннi з настаўнiцкiмi семiнарыямi i педагагiчнымi курсамi, практыка тут была арганiзавана значна горш. Выхаванкi ў асноўным з’яўлялiся пасiўнымi наглядадальнiцамi, самастойна праводзiлi толькi 2-4 урокi. Напрыклад, вучанiцы восьмага класа Мiнскай жаночай гiмназii ў 1913 г. са 130 практычных урокаў па рускай мове, на якiх прысутнiчалi яны самi, правялi толькi 34. В. Балакава 14 урокаў слухала, 2 замяняла i два правяла пробныя. Л.Аўрушэўская правяла толькi 3 урокi [6]. Нiхто не вучыў iх правiльна пiсаць планы ўрокаў. Гэта бачна з канспектаў практычных урокаў Вiцебскай Аляксееўскай жаночай гiмназii [7]. Не было разбору дадзеных урокаў, не ставiлася вынiковая адзнака па педагагiчнай практыцы.


2.

Увогуле, дадатковыя класы, у тым лiку педагагiчныя, урад дазволiў адкрыць пры ўмове, што выдаткi як на першапачатковае ўладкаванне, так i на ўтрыманне гэтага класа будуць пакрывацца за кошт платы ад бацькоў вучанiц. Ва ўсiх гiмназiях яна складала 100 руб. у год. За выкладанне неабавязковых прадметаў бралiся дадатковыя грошы. Так, у Бабруйскай жаночай гiмназii за навучанне лацiнскай мове плацiлi па 12 руб. у год, за закон яўрэйскай веры — па 4 руб. з кожнай вучанiцы яўрэйскага веравызнання [8].

Для нiжэйшых слаёў грамадства такая плата была непасiльнай, што ў многiм i вызначала склад вучанiц па сацыяльнаму паходжанню. Так, у восьмым педкласе Бабруйскай гiмназii ў 1909 г. навучалiся: дзецi спадчынных дваран — 2,95%, асабовых дваран i чыноўнiкаў — 18,23%, духоўнага звання —2,68%, ганаровых грамадзян iкупцоў — 9,92%, мяшчан i цэхавых — 62,46%, сялян — 3,76%. Сярод iх праваслаўнай веры было 31,37%, рымска-каталiцкай — 3,75%, iншых хрысцiянскiх — 0,53% i iўдзейскай — 64,35% [9]. Пэўную падтрымку i дапамогу гэтым класам аказвалi земствы. Напрыклад, Магiлёўскай жаночай гiмназii з 1907/08 гг. выдзялялася дапамога ў памеры 500 руб. на кожны камплект, якi звычайна налiчваў 30-35 чалавек [10].

Па правiлах 28 сакавiка 1907 г. дазвалялася залiчваць у педагагiчныя класы паспяхова скончыўшых курс у жаночых сярэднiх навучальных установах iншых ведамстваў, пры выдатнай атэстацыi iх паводзiнаў i пры абавязкова вытрыманых iмi дадатковых iспытаў: скончыўшым курс мiнiстэрскай гiмназii — па дзвюх мовах, нямецкай i французскай; курс жаночых вучылiшчаў духоўнага ведамства -па матэматыцы i дзвюх мовах; епархiяльнага вучылiшча — па прыродазнаўству з гiгiенай, матэматыцы i замежных мовах [11]. Але веданне абедзвюх замежных моў часта закрывала доступ у педклас дзяўчатам, якiя паказалi добрыя поспехi па iншых прадметах i здольнасцi да прафесii настаўнiка. З другога боку, гэта вяло iншы раз да незапаўнення камплекта класа, што стварала фiнансавыя цяжкасцi ва ўтрыманнi гэтых класаў i адкрыццi новых. 7 снежня 1907 г. выйшла пастанова, па якой дапускалiся ў педагагiчныя класы выхаванкi жаночых мiнiстэрскiх гiмназiй, што цi не навучалiся адной з замежных моў, цi атрымалi па ёй нездавальняючую адзнаку. Права на прыём атрымалi i выпускнiцы сярэднiх навучальных устаноў iншых ведамстваў з веданнем адной замежнай мовы [12].

Вучанiцам, якiя сканчвалi толькi агульны курс гiмназiй, прадстаўлялася права на званне настаўнiцы народных вучылiшчаў. Тым жа правам карысталiся i тыя, хто атрымаў пасведчаннi аб заканчэннi прагiмназii цi трох нiжэйшых класаў гiмназii, калi, па дасягненнi 16-гадовага ўзросту выконвалi на працягу паўгода абавязкi настаўнiка цi настаўнiцы пры якiм-небудзь пачатковым вучылiшчы. Выхаванкi, якiя паспяхова сканчвалi навучанне ў восьмым педагагiчным класе, атрымлiвалi званне дамашняй настаўнiцы.

У сваю чаргу ўвага Св. Сiнода звярталася на епархiяльныя вучылiшчы. Пры некаторых з iх дазвалялася адкрыць сёмыя педагагiчныя класы. З мэтай прыцягнення да выкладчыцкай дзейнасцi настаўн?ц духоўнае ведамства пачало пераглядаць праграму жаночых епархiяльных вучылiшчаў. З 1874 г. яна дапоўнiлася славеснасцю, гiсторыяй, рускай лiтаратурай, фiзiкай, геаметрыяй i педагогiкай. Па жаданнi бацькоў маглi запрашаць выкладчыкаў замежнай мовы i настаўнiка для навучання iгры на фартэпiяна. У якасцi неасноўных прадметаў маглi быць уключаныя маляванне, краенне, шыццё, вязанне. Пры такiх вучылiшчах адкрывалiся ўзорныя школы для практычнай падрыхтоўкi вучанiц да будучай прафесii.

Выхаванкi, якiя сканчвалi поўны курс навучання, здавалi iспыты. Пасля гэтага iм выдавалiся пасведчаннi на званне дамашнiх настаўнiц па тых прадметах, якiя былi ацэнены добрымi адзнакамi [13]. Так, Магiлёўскае жаночае вучылiшча духоўнага ведамства за 50 год дзейнасцi (з 1863 да 1913 гг.) выпусцiла 1040 чалавек. Многiя з iх выбралi сабе «сцiплую дарогу вясковых настаўнiц». У 1914 г. больш за 260 былых выхаванак займалiся педагагiчнай дзейнасцю [14].

Рыхтавалi настаўнiц таксама ў Мiнскiм, Полацкiм, Вiцебскiм i Парыцкiм епархiяльных вучылiшчах. З 1874 г. у Мiнiстэрстве народнай адукацыi была задумка «адкрываць пры жаночых вучылiшчах духоўнага ведамства жаночыя настаўнiцкiя семiнарыi». Але праект па розных прычынах яшчэ надоўга быў адтэрмiнаваны [15].


3.

З 1 лiпеня 1911 г. Мiнiстэрства народнай адукацыi дазволiла адкрыць першую ў Вiленскай навучальнай акрузе жаночую Аршанскую настаўнiцкую семiнарыю [16]. Яна была створана з мэтай падрыхтоўкi настаўнiц у мiнiстэрскiя пачатковыя вучылiшчы на аснове палажэння 11 сакавiка 1902 г. Тэрмiн навучання аб’яўляўся чатырохгадовым. У першы клас прымалiся дзяўчаты не маладзей 14-гадовага ўзросту. Пры ўзнiкненнi свабодных мец дапускаўся прыём па экзамену ў другi i трэцi класы. З дазвалення апекуна Вiленскай навучальнай акругi стваралiся паралельныя класы. Агульная колькасць вучанiц складала каля 120 чалавек [17]. Меўся таксама падрыхтоўчы клас i ўзорнае пачатковае вучылiшча, у якiм семiнарысткi праходзiлi педагагiчную практыку.

Вучэбна-выхаваўчая дзейнасць арганiзоўвалася па праграмах i штатах мужчынскiх семiнарый, адкрытых у ХIХ ст. (Маладзечанская — 1864, Полацкая — 1872, Нясвiжская —1875, Свiслацкая — 1876, Рагачоўская — 1909 гг.). Прадугледжвалася вывучэнне Закона Божага, рускай мовы i лiтаратуры, царкоўна-славянскай мовы, педагогi?кi, псiхалогii, матэматыкi, гiсторыi, геаграфii, прыродазнаўства, фiзiкi, графiчных мастацтваў (чыстапiсанне, маляванне, чарчэнне), спеваў, музыкi, фiзiчнай культуры i iнш.

У адрозненнi ад мужчынскiх семiнарый, замест ручной працы выкладалася рукадзелле. На дастаткова высокiм узроўнi праводзiлася педагагiчная практыка, для кiраўнiцтва якой прыцягвалiся ўсе выкладчыкi семiнарыi. Выхаванкi распрацоўвалi планы ўрокаў, складалi канспекты i вялi заняткi ў прысутнасцi настаўнiкаў i iншых вучанiц, пасля чаго праводзiўся разбор урока i рабiлiся заўвагi. Практыкавалася i самастойнае вядзенне школьных заняткаў на працягу цэлага тыдня, па чарзе назначалiся дзяжурствы ў пачатковай школе. Акрамя таго, дзяўчаты знаёмiлiся з дакументацыяй вучылiшча, запаўненнем класнага журнала, правяралi вучнёўскiя сшыткi i дапамагалi настаўнiкам у выхаваннi дзяцей.

Арганiзацыя прафесiйнай падрыхтоўкi дазваляла семiнарысткам авалодаць дастаткова добрымi педагагiчнымi навыкамi. У 1914 г. адкрылiся таксама Барысаўская, у 1916 г. — Бабруйская жаночыя семiнарыi. З кожным годам узрастаў план прыёму ў гэтыя навучальныя ўстановы, таму ўсе яны былi шматкамплектнымi. 3-8 жнiўня 1917 г. у Маскве на Усерасiйскiм з’ездзе дзеячаў настаўнiцкiх семiнарый прынялi новы вучэбны план, станоўчай рысай якога было ўвядзенне такiх дысцыплiн, як трыганаметрыя, хiмiя, касмаграфiя i сельскагаспадарчая вытворчасць. Аднак у плане па-ранейшаму захаваўся акон Божы, адсутнiчалi замежныя мовы. Мала часу адводзiлася на некаторыя агульнаадукацыйныя прадметы [18].

Акрамя жаночых семiнарый i восьмых педкласаў, значная колькасць настаўнiц Беларусi атрымалi адукацыю ў епархiяльных i другакласных вучылiшчах, жаночых пансiёнах, а таксама ў Мiнскай i Вiцебскай жаночых школах для бедных дзяўчат. Накiроўвалiся настаўнiцамi i тыя, хто скончыў марыiнскiя жаночыя гiмназii ў Гродне, Магiлёве, Вiцебску, Мiнску, прыватныя жаночыя навучальныя ўстановы. Але ўсе пазiтыўныя працэсы ў кiрунку пашырэння жаночай педагагiчнай адукацыi ў многiм стрымлiвалi ваенныя падзеi.

Такiм чынам, педагагiчныя класы пры жаночых гiмназiях i жаночыя настаўнiцкiя семiнарыi ўяўлялi сабой сярэднiя спецыяльныя педагаг?чныя навучальныя ўстановы. Значна больш высокi агульнаадукацыйны ўзровень i даволi грунтоўныя тэарэтычныя веды адрознiвалi выпускнiц гiмназiй ад выхаванак настаўнiцкiх семiнарый. Разам з тым, недастатковая колькасць заняткаў па спецыяльна-прафесiйных прадметах (педагогiка, дыдактыка, методыка выкладання прадметаў у пачатковай школе) ператварала кандыдатак на настаўнiцкiя пасады хоць i ў высокаадукаваных, але метадычна слаба падрыхтаваных спецыялiстаў да непасрэднай практычнай дзейнасцi.

У iншых расiйскiх губернях сетка жаночых педагагiчных устаноў была шырэйшай i прадстаўлялася, акрамя таго, педагагiчнымi iнстытутамi, iнстытутамi «благородных девиц», вышэйшымi педагагiчными курсамi.


4.

Сiстэма падрыхтоўкi настаўнiкаў для народных вучылiшчаў, якая склалася за 50 год, не раз крытыкавалася перадавой грамадскасцю. У рэзалюцыi i Усерасiйскага з’езда па пытаннях народнай асветы, якi праходзiў у 1914 г. у Петраградзе, адзначалася, што нi васьмiкласныя жаночыя гiмназii, нi нават настаўнiцкiя семiнарыi «не адпавядаюць нармальным запатрабаванням, якiя прад’яўляюцца да настаўнiкаў пачатковай школы», «з’яўляюцца застарэлым тыпам навучальных устаноў», дзе «вузкая i недастатковая навуковая пастаноўка як агульнаадукацыйных, так i спецыяльных прадметаў». У якасцi недахопаў падкрэслiвалася таксама нешматлiкасць у iх выкладчыкаў з вышэйшай педагагiчнай адукацыяй. З’езд прызнаў неабходнасць карэннай рэарганiзацыi гэтых навучальных устаноў [19]. Яна пачала праводзiцца толькi пасля кастрычнiцкай рэвалюцыi.

Пераўтварыць усе iснуючыя педагагiчныя навучальныя ўстановы, акрамя настаўнiцкiх iнстытутаў, у вышэйшыя было немагчыма. У 1918 г. гiмназii, а разам з iмi i восьмыя педкласы, былi скасаваны. Настаўнiцкiя семiнарыi ў 1919 г. пераўтвораны ў 3-гадовыя педкурсы. У сiстэме педагагiчнай адукацыi яшчэ доўгi час захоўвалiся розныя тыпы навучальных устаноў.

Такiм чынам, нягледзячы на тое, што педагагiчная адукацыя ў настаўнiцкiх семiнарыях i восьмых класах жаночых гiмназiй грунтавалася ўсё ж на абмежаванай навукова-тэарэтычнай аснове i меў недахопы прафесiйны ўзровень ведаў будучых настаўнiкаў — пры адсутнасцi вышэйшых навучальных устаноў, яны рыхтавалi дастаткова квалiфiкаваныя педагагiчныя кадры. З цягам часу паляпшалася пастаноўка вучэбна-выхаваўчай справы, удасканальвалася структура навучальных планаў i праграм у бок павелiчэння агульнаадукацыйных i спецыяльных дысцыплiн.

Педагагiчныя жаночыя навучальныя ўстановы Вiленскай акругi пакiнулi значны след у гiсторыi дарэвалюцыйнай прафесiйнай адукацыi i мелi станоўчае значэнне ў падрыхтоўцы настаўнiцкiх кадраў для пачатковых народных школ Беларусi.

 

          ЛIТАРАТУРА:

1. Настольная книга по народному образованию: В 3-х тт. Сост. Г.Фальборком и В.Чарнолуским. — С-Петербург: тип. Б.М.Вольфа, 1901, т.II, с.1361-1363.
2. Лухверчык В.М. Сярэднiя педагагiчныя навучальныя ўстановы дарэвалюцыйнай Беларусi // Народная асвета. —2002, N1, с.71.
3. Сборнк действующих постановлений и распоряжений по женским гимназиям и прогимназиям М.Н.П. Сост. М.Родзевич. — С-Петербург, 1884, с.104.
4. НГАБ. Ф.468, воп.1, спр.343, л.55.
5. Там сама.
6. Там сама. Л.1,3.
7. Там сама. Ф.2604, воп.1, спр.194.
8. Там сама. Ф.475, воп.1, спр.32, л.6.
9. Там сама. Ф.468, воп.1, спр.343, л.4.
10. Там сама. Ф.2263, воп.1, спр.29, л.3,7.
11. Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. — Губ. Тип., 1910, с.50.
12. НГАБ. Ф.2263, воп.1, спр.29, л.62.
13. Настольная книга по народному образованию: В 3-х тт. Сост. Г.Фальборком и Г.Чарнолуским. - С-Петербург: Тип. Б.М.Вольфа, 1901. — Т. II, с.1380.
14. Могилёвское женское училище духовного ведомства (1863-1913). Сост. Н.Шелепин и Н.Гомолко. — Могилёв: Тип. И.Б.Клоза и М.Л.Кагана, 1914, с.21.
15. История возникновения Паричского Св. Марии Магдалины училища духовного ведомства. — С-Петербург: Синодальная тип., 1885, с.23.
16. Открытие женской семинарии в г. Орше (Могилёвской губернии) // Народное образование в Виленском учебном округе. - 1911, N6, с.477.
17. Кравцов А.И. Педагогическое образование в Белоруссии в дооктябрьский период // Учёные записки Минского гос. пед. инст. ин. яз. Сер. педагогическая. — Мн.: Госуд. Уч-пед. Изд-во Министерства Просвещения БССР, 1958, вып.1, с.60.
18. Паначин Ф.Г. Педагогическое образование в России. - М.: Педагогика, 1979, с.203.
19. Мазур. Нясупынная праца настаўнiка над узвышэннем сваёй квалiфiкацыi // Асьвета. — 1927, N3, с.48.

 
 
Яндекс.Метрика