Аб рэлiгiйна-асветнiцкай дзйнасцi праваслауных пастыраў у заходняй Беларусi

 

          Галiна АСТРОГА (Мiнск)

 

У мiжваенай Польшчы жыццё i дзейнасць прыходскага святара звычайна была прысвечана выкананню царкоўных службаў, трэб, выкладанню Закона Божага ў школе, падтрыманню належнага парадку ў храме i, нарэшце, клопату аб сваёй уласнай сям’i. Карацей, святар займаўся духоўным кiраваннем жыцця прыхаджан i iх духоўным выхаваннем i асветай. У сувязi з абмежаванасцю аб’ёма артыкула пытанне выкладання рэлiгii ў школе абмiнем, а звернем нашу ўвагу на iншыя сферы пастырскай дзейнасцi духавенства.


1.

Праваслаўныя святары сваёй працай ахоплiвалi самыя розныя слаi грамадства. Шмат вайскоўцаў праваслаўнага веравызнання родам з Заходняй Беларусi служыла ў тагачаснай польскай армii. У 1925 г. Св. Сiнод праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Польшчы ўхвалiў статут, якi рэгуляваў пытанне аб кiраваннi вайсковым i мiрскiм духавенствам праваслаўнага веравызнання. Вядома, напрыклад, што ў 1925 г. у Палескай епархii было 3 капелана, а ў 1936 г. — 5 [1].

Таксама праваслаўныя пастыры аказвалi духоўную апеку вязням праваслаўнага веравызнання ў турмах. Дзякуючы намаганням мiтрапалiта Варшаўскага i ўсёй Польшчы Дзiянiсiя, а таксама Сiнадальскага мiсiянерскага Камiтэта ПАПЦ аб адкрыццi як мага большай колькасцi турэмных цэркваў i аб прызначэннi ў iх турэмных святароў [2], справа духоўнага акармлення вязняў зрушылася з «мёртвай кропкi». У сваiм лiсце да епiскапа Палескага i Слуцкага Аляксандра мiтрапалiт пiсаў: «... камунiстычная прапаганда знаходзiцць для сябе добрую глебу ў дамах зняволеня, i праваслаўныя, якiя адбываюць пакаранне ў турмах, толькi ў некаторых гарадах акармляюцца духоўна святарамi i карыстаюцца для малiтвы турэмнымi цэрквамi» [3]. Далей глава царквы прасiў архiепiскапа данесцi, як арганiзавана справа духоўнай апекi над праваслаўнымi вязнямi ў епархii. Падобныя лiсты ад iмя мiтрапалiта былi накiраваны i ў iншыя епархii на тэрыторыi Заходняй Беларусi.

Так, сiтуацыю са справай пастырскай апекi ў турмах Палескага ваяводства нам дазваляе прасачыць дакумент, якi даслаў епiскап Палескi як справаздачу на iмя мiтрапалiта Дзiянiсiя ад 18. VIII. 1938 [4]. Адна з найбуйнейшых турмаў тут знаходзiлася ў Пiнску. На 1938 г. у ёй адбывалi пакаранне ад 400 да 450 вязняў праваслаўнага веравызнання. Выкананне абавязкаў турэмнага святара кiраўнiцтвам Палескай епархii былi ўскладзены на магiстра багасловiя Яўгенiя Сурвiну.

У iншым буйнейшым горадзе ваяводтва — Брэсце, у мясцовай турме знаходзiлася ад 150 да 200 праваслаўных вязняў. У канцы 1938 г. у сувязi з запланаваным адкрыццём новага будынка турмы, колькасць зняволеных магла б павялiчыцца да 500 чалавек. Таму напрыканцы 1938 г. у Брэсцкай турме планавалася адкрыццё праваслаўнай i каталiцкай каплiц. У iншых павятовых турмах ваяводства праваслаўныя вязнi ўтрымлiвалiся таксама ў Драгiчыне (каля 70 чал.), Кобрыне (каля 200 чал.), Пружанах (89 чал.), Столiне (84 чал.).

У Косаве i Лунiнцы турмаў не было. У сувязi з нязначнай колькасцю праваслаўных зняволеных адкрыццё там турэмных цэркваў i прызначэнне асобных святароў не прадугледжвалася. Таму звычайна гэтыя абавязкi выконвалi па сумяшчальнiцтву святары з Брэста i Пiнска. За выкананне пастырскiх абавязкаў у турмах духавенства атрымлiвала плату да 1936 г. па 10 зл. у месяц, з 1936 па 33 зл., а з 1937 г. выплата была ўвогуле прыпынена. Ва ўсiх дамах зняволення, незалежна ад таго, быў там штатны святар цi не, у нядзелю адбывалiся праваслаўныя богаслужэннi, не лiчачы вялiкiх святаў, у днi Вялiкага посту праваслаўныя вязнi выконвалi хрысцiянскi абавязак споведзi i святога Прычасця. На Вялiкдзень пры ўдзеле мясцовага духавенства па епархiях праводзiлiся зборы ахвяраванняў на зладжванне для вязняў пасхальных падарункаў i пачастункаў.


2.

Святар у сваёй пастырскай дзейнасцi сутыкаўся з рознымi парокамi паствы i грамадства ў цэлым. Сярод сялян Заходняй Беларусi нярэдкай з’явай было злоўжыванне алкаголем. П’янства цягнула за сабой маральнае i фiзiчнае спусташэнне асобы i часта вяло да рэлiгiйнага iндыферэнтызму. У другой палове 1930-х гг. па ўсёй Польшчы пачаў шырока разгортвацца антыалкагольны рух, немалую ролю ў якiм пачаў адыграваць каталiцкi антыалкагольны рух, прадстаўлены амаль дзесяткам разнастайных арганiзацый i адмысловым перыядычным друкам.

Не заставалася ў баку i праваслаўная царква, якая проста не магла пакiнуць па-за ўвагай i? гэты накiрунак рэлiгiйна-асветнiцкай працы духавенства. Палеская, Гродзенская i Вiленская епархiяльныя ўлады ў 1938 г. у сувязi з распараджэннем мiтрапалiта Дзiянiсiя аб узмацненнi барацьбы з алкагалiзмам, выдалi органам Мiсiй i духавенству распараджэнне аб неабходнасцi вядзення актыўнай барацьбы з алкагалiзмам, як адным з самых моцных зол сучаснасцi, пагражаючаму фiзiчнаму i маральнаму аблiччу народа, шляхам прамаўлення казанняў з царкоўнага амбона, прыватных гутарак з прыхаджанамi, асабiстага прыкладу, так i шляхам арганiзацыi ў прыходах Гурткоў Цвярозасцi.

Адначасова царкоўныя ўлады раiлi духавенству ў якасцi кiраўнiцтва па арганiзацыi супрацьалкагольнага руху часопiс «За Трезвость», якi пачаў выдавацца ў другой палове 1938 г. у Варшаве як бясплатны дадатак да часопiса «Воскресное Чтение» [5]. У гэтым выданнi шмат месца адводзiлася iнфармацыi аб шляхах барацьбы з алкагалiзмам, абзору руху за цвярозасць у Польшчы, друкавалiся ўрыўкi з «Бiблii» i каноны царквы аб цвярозасцi i нецвярозасцi. На старонках часопiса пастырамi звярталася ўвага на неабходнасць весцi барацьбу за цвярозасць у трох накiрунках: асветным, выхаваўчым i законатворчым.

У вядучым артыкуле «Чарговыя задачы» падкрэслiвалася: «Перш за ўсё нам трэба займацца асветай грамадства i пераконваць яго ў шкоднасцi алкаголю, у яго адмоўным уздзеяннi на чалавечы арганiзм i грамадскае жыццё. Затым нам трэба выхоўваць кадры дзеячаў на нiве цвярозасцi, людзей, гатовых весцi гэтую барацьбу. Нарэшце, мы павiнны весцi прапаганду ў сэнсе пажаданасцi выдання ўрадам спецыяльных пастаноў, якiя хаця б у некаторай меры абмяжоўвалi ўжыванне алкаголю, нiкацiна i iншых наркатычных сродкаў сярод шырокiх мас» [6].


3.

Сапраўдны пастыр не толькi словамi, але i асабiстым прыкладам выказваў сваё стаўленне да гэтай хваробы, нават на ўзроўнi вышэйшай царкоўнай улады. Так, падчас архiпастырскiх вiзiтацый на Гродзеншчыне епiскапа Савы строга захоўваўся прынцып ладзiць прыёмы i пачастункi без алкагольных напояў. На месцах, у прыходах найбольш руплiвыя пастыры-энтузiясты пачалi ствараць хаця i нешматлiкiя «Гурткi цвярозасцi». Гэта былi сцiплыя, але паслядоўня пачаткi праваслаўнага руху за цвярозасць на тэрыторыi Заходняй Беларусi. Паступова на патрэбу дня выйшла задача пашырыць гэты рух, аб’яднаць праваслаўнае насельнiцтва ў Прыходскiя Брацтвы Цвярозасцi.

Нярэдка царква ў сваёй барацьбе з алкагалiзмам супрацоўн?чала з дзяржаўнымi органамi. Асаблiва гэта тычылася анцiалкагольнай прапаганды. Так, у 1930 г. дзяржаўный улады звярнулiся да мiтрапалiта Дзiянiсiя з просьбай прыняць усе меры да як мага шырэйшага азнаямлення насельнiцтва з цяжкiмi наступствамi ўжывання дзенатурата, якое прыняло даволi вялiкiя памеры асаблiва ў паўночна-усходнiх ваяводствах Польшчы. I вось, на падставе рэзалюцыi мiтрапалiта Духоўныя кансiсторыi абавязвалi духавенства пры кожным зручным выпадку тлумачыць прыхаджанам небяспеку ўжывання ў якасцi напою дзенатураванага спiрта [7].

Праваслаўная царква ў Заходняй Беларусi ў сваёй рэлiгiйнаасветнiцкай пастырскай дзейнасцi абапiралася на сваю паству, найбольш адданых справе духоўнай мiран. У гэтым немалая роля належала царкоўным брацтвам. Нягледзячы на тое, што юрыдычна станаўленне праваслаўных таварыстваў i брацтваў працяглы час не было ўнармавана, яны стваралiся i дзейнiчалi па ўсёй Заходняй Бларусi.

Найбольш вядомыя нам брацтвы Вiленшчыны: гэта Брацтва Св. Троiцы (1921 г.), утворанае па iнiцыятыве а. М.Плiса i Iв. Краскоўскага, Вiленскае Св. Духаўскае Брацтва (1928), Вiленскае Св. Канстантынаўскае Брацтва, якое часта ладзiла ў Вiльнi канцэрты з царкоўным рэпертуарам, на Гроденшчыне вядома Саф?йскае брацтва, Брацтва у в. Алексiчы Гарадзенскага павета, у Палескай епархii — пеўчае Таварыства царкоўных хораў у Брэсце, брацтва ў Баранавiчах, якое вяло дзейнасць па будоўлi Свята-Пакроўскай царквы, «Гурток благочестивых женщин» i iншыя.

Дзейнасць брацтваў iграла важную ролю ў справе злучэння прыхаджан на нiве царкоўнай асветы, акрамя таго, яны яшчэ i дапамагалi падтрымлiваць належны парадак у храмах i, у цэлым, з’яўлялiся моцным звяном памiж архiпастырам, духавенствам i прыхаджанамi.

Акрамя брацтваў, пытанне рэлiгiйнай асветы i цеснай сувязi духавенства з мiрам як асновы правiльнай будовы царкоўнага жыцця абмяркоўвалiся на рэгулярных епархiяльных з’ездах духавенства i мiран, цi Епархiяльных сходах. Праца сабраных праходзiла ў секцыях — рэлiгiйна-асветных, цi як яшчэ iх называлi рэлiгiйна-культурных i адмiнiстрацыйна-фiнансавых. Рэлiгiйна-асветная камiсiя займалася разглядам пастырскай i мiсiянерскай дзейнасцi епархii, а таксама справамi навучання праваслаўнай рэлiгii ў школах, метадамi выкладання i правядзення нагляду над навучаннем рэлiгii.

Такiм чынам, пастырская, а менавiта царкоўна-асветнiцкая дзейнасць праваслаўнага духавенства не абмяжоўвалася толькi выкладаннем Закона Божага ў школе. Праваслаўныя пастыры нястомна працавалi з насельнiцтвам у галiне духоўнай асветы праз нядзельныя чытаннi, распаўсюджванне медыцынскiх ведаў, выкараненне такiх шкодных звычак, як п’янства i курэнне, садзейнiчалi выхаванню ў прыхаджан працавiтасцi, спагадлiвасцi, чуласцi адзiн да аднаго.

 

          ЛIТАРАТУРА:

1. История Полесской епархии (1922-1944) - Брест: Брестская областная типография, 1999, с.35.
2. ДАБВ. Ф.2059, воп.1, спр.3123, арк.1.
3. Там сама.
4. Там сама, арк.25.
5. За трезвость. Бесплатное приложение к журналу «Воскресное чтение», 1938, N44, с.3.
6. Там сама.
7. ДАБВ. Ф.2059, воп.1, спр.7, арк.8.

 
 
Яндекс.Метрика