Польская грамадскасць Беларусi i Лiтвы i нацыянальна-культурнае Адраджэнне беларусаў i лiтоўцаў

 

          Алесь СМАЛЯНЧУК (Гародня)


На пачатку ХХ ст. адбывалiся хуткiя змяненнi ў нацыянальна-культурным аблiччы земляў гiстарычнай Лiтвы. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. ператварыла мясцовыя нацыянальныя рухi ў iстотныя складовыя палiтычнага жыцця краю. У эфектыўнасць паслярэвалюцыйных спробаў расiйскiх уладаў рэанiмiраваць асновы «мураўёўскай» палiтыкi русiфiкацыi мог паверыць толькi вельмi павярхоўны назiральнiк або чалавек, перакананы ва ўсемагутнасць расiйскай бюракратыi. Грамадска-палiтычная i культурная дзейнасць польскiх, лiтоўскiх, яўрэйскiх i беларускiх палiтычных партый i арганiзацый наогул ставiла пад сумненне далейшае iснаванне самога «Паўночна-Заходняга краю» як рэгiёна Расiйскай iмперыi. Яго будучыня ў вялiкай ступенi залежала ад развiцця нацыянальных адносiнаў.


1.

Ужо падзеi рэвалюцыi 1905-1907 гг. засведчылi немагчымасць вызначэння лёсу краю намаганнямi толькi якой-небудзь адной нацыi. На гэта ж указвалi i статыстычныя паказчыкi. Зрэшты, аналiзаваць дадзеныя афiцыйнай статыстыкi даволi цяжка як па прычыне пэўнай палiтычнай зададзенасцi, якая суправаджала практычна ўсе перапiсы канца ХIХ - пачатку ХХ ст. на беларускiх i лiтоўскiх землях, так i ў сувязi са складанасцю працэсу нацыянальнай самаiдэнтыфiкацыi. Спробы выкарыстаць «моўны» або «канфесiйны» крытэрый вызначэння нацыянальнасцi даюць карцiну, якая толькi наблiжаецца да тагачаснай рэчаiснасцi. Гэтая сiтуацыя, у прыватнасцi, нараджае дыскусii памiж беларускiмi i польскiмi навукоўцамi. У цэнтры спрэчак знаходзiцца праблема нацыянальнай прыналежнасцi славянскага насельнiцтва каталiцкага веравызнання. Але нават недасканалы даследчыцкi iнструментарый сведчыць пра тое, што будучыня гiстарычнай Лiтвы сапраўды ў вялiкай ступенi залежала ад характара польска-лiтоўскiх i польска-беларускiх адносiнаў.

Дадзеныя першага ўсеагульнага перапiсу Расiйскай iмперыi, якi праводзiўся ў 1897 г., засведчылi колькасную перавагу беларусаў. Паводле «моўнага» крытэрыя вызначэння нацыянальнасцi беларусы складалi 54,1% насельнiцтва шасцi беларуска-лiтоўскiх губерняў. У абсалютных паказчыках —5408,0 тыс.чал. За iмi iшлi яўрэi — 14,1% (1414,1 тыс.), лiтоўцы — 13,1% (1308,1 тыс.), рускiя — 5,6% (565,8 тыс.) i палякi — 5,6% (563,8 тыс.) [1].

Перапiс 1909 г., якi праводзiла МУС у сувязi з праектам увядзення земстваў у «Паўночна-Заходнiм крае», паказаў дамiнаванне г.зв. «асобаў рускай нацыянальнасцi» — 7440,4 тыс. (65,0% усяго насельнiцтва). Гэтыя «асобы» ў сваю чаргу дзялiлiся на «рускiх» праваслаўнага веравызнання i старавераў — 6225,8 тыс. (54,4%) i «рускiх» iншых веравызнанняў — 1214,6 тыс. (10,6%). Можна меркаваць, што другую катэгорыю «рускiх» складалi пераважна беларусы-каталiкi. Палякаў паводле перапiсу аказалася 632,2 тыс. (5,5%), а яўрэяў — 1613,4 тыс. (14,1%) [2]. Што датычыць польскай грамадскасцi, то «афiцыйны працэнт» быў пацверджаны таксама перапiсам 1911 г., якi праводзiла МНА. Гэты перапiс даў лiчбу — 711,7 тыс. (6,0% усяго насельнiцтва) [3].

Польскiя даследчыкi не пагадзiлiся з прыведзенымi падлiкамi. На iх думку, ва ўсiх афiцыйных перапiсах колькасць палякаў занiжалася ў палiтычных мэтах. Дзеля атрымання больш аб’ектыўных дадзеных яны выкарыстоўвалi катэгорыю «беларусаў-каталiкоў» (1897) i «асобаў рускай нацыянальнасцi» неправаслаўных веравызнанняў (1909). Владзiмеж Вакар, напрыклад, проста залiчыў гэтыя дзве катэгорыi ў склад польскай грамадскасцi. У вынiку атрымалася, што ў 1897 г. беларусаў налiчвалася 4371,1 тыс. (44,1%), палякаў — 1612,3 тыс. (16,3%), яўрэяў — 1413,8 тыс. (14,3%), лiтоўцаў — 1308,2 тыс. (13,2%), рускiх —450,4 тыс. (4,5%). Усё насельнiцтва шасцi беларускiх i лiтоўскiх губерняў паводле яго падлiкаў складала 9916,6 тыс. (без вайскоўцаў). Тая ж самая методыка дазволiла навукоўцу сцвярджаць, што ў 1909 г. у краi пражывала 1816,6 тыс. палякаў (15,9%) [4].

Iншы вядомы польскi даследчык Эдвард Малiшэўскi ў адносiнах да беларусаў-каталiкоў заняў больш асцярожную пазiцыю. Ён прызнаваў iх iснаванне, але лiчыў колькасць беларусаў каталiцкага веравызнання завышанай за кошт палякаў. Пры вызначэннi нацыянальнай структуры насельнiцтва на 1912 г. Э.Малiшэўскi аднёс да польскай грамадскасцi палову ўсiх беларусаў-каталiкоў Гарадзенскай, Вiленскай губ. i Дрысенскага пав. Вiцебскай губ. а таксама ўсiх беларусаў-каталiкоў Менскай, Магiлёўскай i астатнiх паветаў Вiцебскай губ. У вынiку аказалася, што польская грамадскасць азначаных губерняў налiчвала 1454,8 тыс. (14,0%) [5].

На пачатку 1916 г. ужо нямецкiя ўлады правялi перапiс насельнiцтва на занятых тэрыторыях Гарадзенскай i Вiленскай губ. Вынiкi перапiсу не друкавалiся. Аднак знойдзеныя ягоныя фрагменты дазваляюць казаць пра значны рост колькасцi польскага насельнiцтва. У прыватнасцi, палякi складалi 55,0% насельнiцтва Вiленска-Трокскай акругi, якая налiчвала 263,2 тыс.чал. У Вiльнi палякаў аказалася 50,1%, у Вiленскiм раёне — 89,8%. У iншых раёнах вакол Вiльнi iх лiчба вагалася ў межах 70-80%. У Гарадзенска-Лiдскай акрузе палякi складалi 56,5% (усё насельнiцтва 364,1 тыс.). У Гароднi iх налiчвалася 31,1%, у Гарадзенскiм раёне — 78,1%, у Лiдзе — 33,1%, у Радунi — 87,4%, у Васiлiшках — 57,8%) [6].

Аляксандр Шкленнiк у сваiм Дзённiку (запiс ад 21 сакавiка 1916 г.) прывёў дадзеныя перапiсу насельнiцтва Вiльнi: палякаў — 68 687, яўрэяў — 59 112, лiтоўцаў — 3 676, рускiх — 2 101, беларусаў — 2 046, немцаў — 1 047, iншых — 211. Усяго у горадзе пражывала 136 870 чал. [7].

Атрыманыя лiчбы ў вялiкай ступенi былi вынiкам ваенных дзеянняў i масавай эвакуацыi насельнiцтва. За час вайны толькi насельнiцтва Вiльнi зменшылася амаль на 40 тыс. чал. На вынiкi перапiсу таксама паўплывала высокая ступень арганiзаванасцi польскага руху. Справа ў тым, што нямецкiя ўлады вызначылi некалькi перапiсных пунктаў, куды павiнна было з’яўляцца насельнiцтва для рэгiстрацыi. Многiя беларусы i лiтоўцы праiгнаравалi гэты нямецкi загад, бо ўспрынялi перапiс толькi як сродак акупацыйных уладаў для правядзення рэквiзiцый маёмасцi i палiтычных рэпрэсiй. А вось польская грамадскасць прыняла самы актыўны ўдзел, бо разлiчвала, што вынiкi перапiсу ўмацуюць яе культурныя i грамадскiя пазiцыi.

У снежнi 1919 г. на тэрыторыi Вiленскай (Браслаўскi, Дзiсенскi, Гарадзенскi, Лiдскi, Навагрудскi, Ашмянскi, Свянцянскi, Трокскi, Вiлейскi, Вiленскi пав.), Брэст-Лiтоўскай (Баранавiчскi, Брэст-Лiтоўскi, Кобрынскi, Мазырскi, Пiнскi, Пружанскi, Слонiмскi, Ваўкавыскi пав.) i Менскай (Бабруйскi, Барысаўскi, Iгуменскi, Менскi, Слуцкi пав.) акругаў быў праведзены перапiс ужо польскiмi ўладамi.

У межах азначаных акругаў пражывала 3846,6 тыс.чал. Iзноў перапiс паказаў колькаснае дамiнаванне беларусаў — 1651,9 тыс. (42,9%). За iмi iшлi палякi — 1218,8 тыс. (31,7%), лiтоўцы — 114,6 тыс. (3,0%), яўрэi — 392,6 тыс. (10,2%), рускiя — 220,2 тыс.(5,7%) i «тутэйшыя» — 192,0 тыс. (5,0%) [8]. На гэтыя вынiкi таксама паўплывала бежанства i ваенныя дзеяннi ўжо 1919 г. Перапiс праходзiў ва ўмовах наступлення польскiх войскаў i функцыянавання польскай вайсковай адмiнiстрацыi. Ваенна-палiтычная сiтуацыя паспрыяла таму, што частка беларусаў праваслаўнага веравызнання, а таксама насельнiцтва iўдзейскага веравызнання былi аднесеныя да палякаў [9]. У вынiку колькасць палякаў пераўзышла колькасць каталiкоў. Таксама звяртае на сябе ўвагу катэгорыя «тутэйшых», якая адсутнiчала ва ўсiх ранейшых перапiсах. Аднак нават гэта не змянiла асноўных прапорцыяў у нацыянальнай структуры.

Аўтар гэтых радкоў у працы, прысвечанай гiсторыi польскага руху ў Беларусi i Лiтве ў перыяд рэвалюцыi 1905-1907 гг., прыняў як статыстычную падставу для навуковага аналiзу тэзiс, што на рубяжы ХIХ - ХХ ст. колькасць беларускiх i лiтоўскiх палякаў у «Паўночна-Заходнiм крае» не была меньшай за 563,8 тыс. (5,6%) i не перавышала 1612,3 тыс. (16,3%) [10]. Згаданае даследаванне не патрабавала больш дакладнай лiчбы, бо значнасць польскага руху вызначалася не столькi агульнай колькасцю беларускiх i лiтоўскiх палякаў, колькi актыўнасцю iх палiтычнай, гаспадарчай i культурнай элiты. Пасля рэвалюцыi 1905-1907 гг. усё большую ролю пачала адыгрываць масавая сацыяльная база нацыянальнага руху. Аднак i для гэтага перыяду вызначыць больш-менш дакладную колькасць беларускiх i лiтоўскiх палякаў не ўяўляецца магчымым. У вынiку кароткага статыстычнага агляду можна толькi адзначыць, што яна не была меншай за 5,5% [11] i не перавышала 15,9% [12].


2.

Статыстычныя паказчыкi таксама сведчаць пра адсутнасць выразнага лiдэра сярод нацый Беларуска-Лiтоўскага краю. Колькасна пераважалi беларусы, але беларускi рух толькi пачынаў сваё палiтычнае жыццё. Беларускiя дзеячы далёка не заўсёды адчувалi масавую падтрымку ўласных намаганняў, а па некаторых пытаннях (напрыклад, беларуская мова ў касцельным набажэнстве) iм нават прыходзiлася iсцi насуперак настроям большасцi.

Лiтоўскi рух меў значна большы вопыт палiтычнай дзейнасцi. За iм стаяла досыць шырокая сацыяльная база лiтоўскага сялянства, што было вынiкам напружанай працы дзеячоў лiтоўскага нацыянальнага руху яшчэ ў ХIХ ст. Аднак тэрытарыяльна ён канцэнтраваўся толькi ў Ковенскай i паўночнай частцы Вiленскай губ.

Што датычыць яўрэйскiх арганiзацыяў, то iх дзейнасць (за невялiкiм выключэннем) не мела краёвага характару i была часцей звязаная або з мэтамi агульнарасiйскiх яўрэйскiх палiтычных арганiзацый (напрыклад, БУНДа) або з сiянiсцкiм рухам (напрыклад, партыi «Паалей Цыён»). М.Ромэр ва ўжо цытаваным мемарандуме «Лiтва падчас вайны» адзначаў якраз амаль поўную адсутнасць сувязяў мясцовай яўрэйскай грамадскасцi з краем («безкраёвасць»), яе абыякавасць да праблемы дзяржаўнасцi Лiтвы [13].

Польскi рух у гэты час абапiраўся на моцныя культурныя i эканамiчныя пазiцыi сацыяльных вярхоў польскай грамадскасцi. Горш абстаялi справы з масавай сацыяльнай базай. Многiя польскiя дзеячы разумелi, што ва ўмовах мадэрнiзацыi грамадства Беларусi i Лiтвы, калi ўсё больш шырокiя слаi насельнiцтва становяцца суб’ектамi палiтычнага жыцця, лёс мясцовай польскай грамадскасцi ў вялiкай ступенi будзе залежыць ад яе ўзаемаадносiнаў з лiтоўскiм i беларускiм рухамi. Аднак з гэтага бясспрэчнага тэзiсу прадстаўнiкi розных накiрункаў польскага руху рабiлi розныя высновы.

Найбольшую прыхiльнасць да беларускага руху, як i раней, дэманстравалi краёўцы, большасць якiх належала да польскага руху. Праўда, трэба адзначыць факт прыналежнасцi да краўёцаў у мiжрэвалюцыйны перыяд дзеячоў Беларускага (напрыклад, браты Луцкевiчы) i лiтоўскага рухаў. Напярэдаднi першай сусветнай вайны ў краёвасцi вылучалiся новыя плынi, хаця iдэалагiчная разнастайнасць краёвай iдэi па-ранейшаму месцiлася памiж краёўцамi дэмакратычна-лiберальнай i кансерватыўна-лiберальнай арыентацыi.

Сярод першых вылучалася асоба Мiхала Ромэра як найбольш паслядоўнага прыхiльнiка польска-беларускага i польска-лiтоўскага супрацоўнiцтва. Гэтая прыхiльнасць была звязаная з ягоным разуменнем краёвасцi. М.Ромэр трактаваў яе як iдэалагiчны падмурак для стварэння адзiнай палiтычнай (грамадзянскай) нацыi, галоўным крытэрыем прыналежнасцi да якой лiчыў пачуццё краёвай грамадзянскасцi.

У 1913 г. у артыкуле «Пра наш край», якi быў змешчаны на старонках «Кур’ера краёвага», вядомы публiцыст сцвярджаў выразны падзел краю на тры «нацыянальна-культурныя паясы». Уласна лiтоўскi «пояс», на яго думку, ахоплiваў Ковенскую i большую частку Сувалкскай губ. i меў найбольш выразны этнакультурны воблiк. «Згуртаваная маса лiтоўцаў — пiсаў М.Ромэр,— дамiнуе тут над iншымi культурамi i народамi... Псiхалогiя i свядомасць лiтоўскага насельнiцтва ўсё больш выразна абапiраецца на нацыянальны фактар, якi пераважае над «тутэйшасцю», г.зн. тэрытарыяльнай прыналежнасцю. Лiтоўцы ўсё больш актыўна адстойваць лозунг Лiтвы для лiтоўцаў, лiтоўскай Лiтвы. Канцэпцыя нацыянальнай Лiтвы... з’яўляецца адным са складовых лiтоўскага руху, адным з прынцыпаў яе Адраджэння. Гэтая канцэпцыя актыўна пранiкае ў псiхалогiю лiтоўцаў. Заходняя карэнная Лiтва ўсё больш вылучаецца з вобразу гiстарычнай Лiтвы як фактычная аўтаномная нацыянальна-тэрытарыяльнай адзiнка» [14].

Найбольш складаным для характарыстыкi з’яўляўся цэнтральны «пояс», якi ўключаў, паводле М.Ромэра, усходнiя «крэсы» этнаграфiчнай Лiтвы са смешаным лiтоўска-польска-беларускiм насельнiцтвам i з цэнтрам у Вiльне i г.зв. «Лiтоўскую Русь» або каталiцкую Беларусь (большую частку Вiленскай, заходнюю i паўночна-заходнюю часткi Гарадзенскай губ.). М.Ромэр характарызаваў гэты рэгiён як «класiчны край тутэйшасцi», у якiм нiводная з нацыянальных культур не мае перавагi: «Тут усё неакрэсленае i частковае. Гэта нi Польшча, нi Лiтва, нi Беларусь. Тут усяго патрохi, што ў лакальнай мове атрымала выдатнае акрэсленне тутэйшасцi» [15].

Лiтоўскасць гэтага рэгiёну, па яго меркаванню, захавалася ў фрагментарным выглядзе. Прычым гэтыя фрагменты апынулiся пад моцным польскiм i беларускiм ўплывамi. Напрыклад, мясцовая лiтоўская мова моцна славянiзавалася. Характарызуючы беларускасць гэтага пояса, М.Ромэр адзначыў, што яна слабая i невыразная. Прычынамi гэтага ён лiчыў уплывы заходняй культуры, беларусiзацыю лiтоўцаў, польскiя ўплывы з боку касцёла, маёнтку i Вiльнi. Польская культура сярод нiжэйшых колаў грамадскасцi таксама не набыла выразных рысаў, не разгарнулася ва ўсёй сваёй прыгажосцi.

Нацыянальныя працэсы апошняга часу, на думку краёўца, пачынаюць змяняць воблiк «краiны тутэйшых». Але ў адрозненнi ад заходняй часткi, дзе ўмацоўваецца аднастайнасць, тут шырыцца падзел насельнiцтва на лiтоўцаў, беларусаў i палякаў, паглыбляюцца культурныя адметнасцi. У вынiку абвастраюцца польска-беларускiя i асаблiва польска-лiтоўскiя адносiны.

Трэцi «пояс» ахоплiваў самую вялiкую ўсходнюю частку края, а менавiта праваслаўную Беларусь. «Ядром» гэтай Беларусi М.Ромэр назваў Меншчыну, беларускасць якой лiчыў найбольш выразнай. Вызначальным для рэгiёну з’яўлялася суседства з расiйскiмi землямi, адкуль зыходзiла пагроза поўнай русiфiкацыi [16]. Заслугай польскай грамадскасцi на беларускiх землях М.Ромэр лiчыў пранiкненне ў беларускую народную масу элементаў заходняй культуры, што дапамагала супрацьстаяць культурнай агрэсii з Усходу.

Зроблены М.Ромэрам аналiз этнакультурнай сiтуацыi на беларускiх i лiтоўскiх земляў ставiў пад сумненне перспектывы захавання адзiнства ўсяго краю. Краёцы спрабавалi супрацьставiцца гэтым працэсам. М.Ромэр свае погляды iмкнуўся ажыццявiць у працы вiленскiх масонскiх ложаў «Лучнасць», «Лiтва» i «Беларусь», у публiцыстычнай i выдавецкай дзейнасцi. Дастаткова згадаць пра iдэю мiжнацыянальнага краёвага выдання ў форме «аднадзёнкi» (1911 г) [17], пра супра-цоўнiцтва М.Ромэра з «Нашай Нiвай», пра ўваход яго i Аляксандра Заштаўта ў рэдакцыю польскамоўнай газеты Антона Луцкевiча «Кур’ер краёвы». Адначасова М.Ромэр быў сябрам кiраўнiцтва некаторых лiтоўскiх таварыстваў, у прыватнасцi, «Лiтоўскага таварыства Прыгожага» («Lietuviu Dailis Draugij»).

Уласную канцэпцыю краёвасцi М.Ромэр спрабаваў рэалiзаваць таксама падчас перамоваў пра стварэнне ў Вiльнi фiлii Саюза аўтанамiстаў (1913-1914 гг.). Значную ролю адыгрывалi асабiстыя кантакты з дзеячамi лiтоўскага i беларускага рухаў. Дзённiк М.Ромэра ўтрымлiвае шмат запiсаў пра сяброўскiя сустрэчы з братамi Луцкевiчамi, з Аляксандрам Уласавым [18]. У адным з артыкулаў ён пiсаў: «Мы павiнны не толькi прыхiльна глядзець на поспехi развiцця нацыянальнай культуры нашых лiтоўскiх i беларускiх суграмадзянаў. Грамадзянская i дэмакратычная пазiцыя патрабуе непасрэдна прычынiцца да гэтай працы як да ўласнай справы» [19].

Прыкладам канкрэтнай рэалiзацыi гэтага пажадання стаўся артыкул М.Ромэра «Вiленскi друк», у якiм ён абараняў «Нашу Нiву» ад нападак «Кур’ера лiтэўскага», стаўшага ў гэты час (1912) выданнем нацыянальных дэмакратаў. Краёвец параўнаў «Нашу Нiву» са «штабам беларускага войска». Ён падкрэслiў адсутнасць рысаў нацыянальнай нянавiсцi ў беларускiм руху, што тлумачыў яго шчырым дэмакратызмам i сувяззю з народнымi масамi. М.Ромэр вельмi рэзка адрэагаваў на шэраг выпадаў супраць «Нашай Нiвы», якiя з’явiлiся на старонках «Кур’ера лiтэўскага» за подпiсам Юзафа Хласкi. Вядомы публiцыст лагера нацыянальных дэмакратаў падводзiў чытача да высновы пра блiзкасць «Нашай Нiвы» да дзейнасцi Л.Саланевiча i С.Кавалюка. М.Ромэр пратэставаў. Ён выкрыў хлусню абвiнавачванняў i прапанаваў прыцягнуць Ю.Хласку да суда гонару [20].


3.

Аднак сяброўства i актыўнае супрацоўнiцтва з дзеячамi беларускага руху не перашкаджала Мiхалу Ромэру крытыкаваць усе адхiленнi беларускiх калегаў ад ягонай канцэпцыi краёвасцi. Антон Луцкевiч, а разам з iм i большасць беларускiх, польскiх i лiтоўскiх краёўцаў, разумелi краёвасць як узаемакарыснае сужыццё розных этнасаў краю. Пры гэтым ён iмкнуўся забяспечыць за беларусамi лепшыя ўмовы ў гэтым сужыццi. У прыватнасцi, гэта выражалася ў шматлiкiх заклiках да мясцовых палякаў вярнуцца да сваiх беларускiх каранёў i працаваць не на польскасць, а на беларускасць. М.Ромэр бачыў у гэтым праяву этнiчнага шавiнiзму, але ўспрымаў яго хутчэй як «хваробу росту».

Непрымальнай для яго з’яўлялася таксама лiтоўская канцэпцыя аўтаномii этнаграфiчнай Лiтвы са сталiцай у Вiльнi i «прылеглымi тэрыторыямi», пад якiмi разумелiся землi, населеныя пераважна беларусамi-каталiкамi. Мiхал Ромэр у перадваенныя гады з’яўляўся прыхiльнiкам новай Рэчы Паспалiтай, якая павiнна была абапiрацца на прынцыпы свабоды i федэрацыi. Пазiцыя кiраўнiкоў лiтоўскага руху выразна супярэчыла ягонаму iдэалу, як, дарэчы, i поглядам беларускiх дзеячоў. Апошнiя адстойвалi iдэю аўтаномii гiстарычнай Лiтвы, а Вiльню трактавалi як гiстарычны i культурны цэнтр усёй тэрыторыi былога ВКЛ, г.зн. у роўнай меры i этнаграфiчнай Лiтвы i беларускiх земляў. Тэзiс пра «прылеглыя тэрыторыi» ўспрымаўся як праява свайго роду лiтоўскага iмперыялiзму.

У беларуска-лiтоўскай спрэчцы М.Ромэр падтрымаў беларусаў. Ён разумеў, што страта каталiцкiх рэгiёнаў можа прывесцi да поўнай русiфiкацыi беларускiх земляў. У той жа час без Беларусi не можа быць i Рэчы Паспалiтай [21]. Аднак магчымасцi беларускага руху вядомы публiцыст i навуковец ацэньваў досыць крытычна. «Беларусь,— пiсаў ён у 1913 г., — гэта край, якi ўсё яшчэ спiць, гэта народ, сацыяльны i культурны ўзровень якога вельмi нiзкi. На захадзе i поўднi пашыраецца беларуская самасвядомасць, але гэты працэс у параўнаннi з суседняй Лiтвой знаходзiцца на пачатковай стадыi. Iнтэлiгенцыя, што выходзiць з беларускага народа, усё яшчэ амаль цалкам асiмiлiруецца. Гарады па мове жыхароў i iх свядомасцi з’яўляюцца расiйскiмi. Каталiцкае насельнiцтва ў гарадах цягнецца да польскасцi, астатняя частка русiфiкуецца. Толькi пазiцыя асобных прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi ў гарадах сведчыць пра iснаванне свядомага беларускага руху. Затое на вёсцы павялiчваюцца кадры поўiнтэлiгенцыi, якiя становяцца самымi энергiчнымi дзеячамi Адраджэння Белай Русi i яднаюць вакол сябе найбольш свядомую частку беларусаў» [22].

У жнiўнi 1915 г. у мемарандуме «Лiтва падчас вайны» Мiхал Ромэр практычна паўтарыў гэтую характарыстыку, хаця асобныя моманты беларускага руху атрымалi больш грунтоўнае асвятленне. Краёвец iзноў падкрэслiваў адсутнасць масавай сацыяльнай базы:

«Маса застаецца пасiўнай i несвядомай... Ёсць толькi iнстынкт адметнасцi, якi да гэтага часу не набыў нацыянальных формаў. Этнiчная iндывiдуальнасць беларусаў слабая... У хатнiм жыццi па вёсках яны моцна трымаюцца сваёй мовы i звычаяў, але не па прычыне нацыянальнага патрыятызму, а толькi дзякуючы кансерватызму i этнiчнаму iнстынкту... Беларускi нацыянальны рух канцэнтруецца ў пэўных групоўках актыўных дзеячоў, у асобных лакальных цэнтрах, якiя выглядаюць невялiчкiмi на фоне вялiзарнай цалкам пасiўнай масы. Гэты рух выйшаў з г.зв. «народнай» iдэалогii (магчыма яе трэба называць «народнiцкай»), дапоўненай сацылiстычна-рэвалюцыйным ферментам. Сёння рэвалюцыйнасць адышла ў мiнулае, хаця сацыяльная ангажаванасць у народную справу засталася.

Характэрнай рысай беларускага руху, якая адрознiвае яго ад лiтоўскага, з’яўляецца вельмi слабы наплыў iнтэлiгенцыi. Беларускай iнтэлiгенцыi вельмi мала, i яе колькасць практычна не павялiчваецца. Сярод студэнцкай моладзi шмат тых, хто мае сiмпатыi да беларускага руху, але большасць потым адыходзiць ад яго. Затое да руху цягнуцца элементы з г.зв. поўiнтелiгенцыi. Сярод беларускiх дзеячоў шмат самавукаў з народу, шмат народных настаўнiкаў, работнiкаў кааператываў, наогул, тых, хто выйшаў з народу, але захаваў з iм кантакт. Гэты рух патрохi развiваецца, расце, але застаецца яшчэ вельмi слабым. Беларускiя дзеячы ствараюць цэнтры прапаганды ў вёсках i мястэчках, развiваюць выданне папулярнай лiтаратуры i друку, дзе-нiдзе маюць сваiх актывiстаў сярод сялянаў... часам ладзяць аматарскiя прадстаўленнi i г.д. На чале руху знаходзiцца папулярны штотыднёвiк «Наша Нiва», якi выдаецца ў Вiльне» [23].

Кiраўнiкамi беларускага руху М.Ромэр лiчыў братоў Луцкевiчаў, Вацлава Iваноўскага, Вацлава Ластоўскага i Аляксандра Уласава.

Магчыма менавiта слабасць беларускага руху, а таксама пэўны недавер да шчырасцi братоў Луцкевiчаў, якi магла нарадзiць iнфармацыя пра кантакты Iвана Луцкевiча з дзеячамi ўкраiнскага руху ў Галiцыi, якiя ў сваю чаргу былi звязаныя з крайнiмi нямецкiмi нацыяналiстамi з Прусii, г.зв. «хакатыстамi» Тыдэмана (1914), паспрылi таму, што М.Ромэр падчас свайго прыезду ў Вiльню ў снежнi 1915 г. не пажадаў сустрэцца з беларускiмi дзячамi [24].

Крытыкуючы лiтоўскую канцэпцыю аўтаномii этнаграфiчнай Лiтвы, М.Ромэр у той жа час прызнаваў, што яна з’яўляецца больш рэальнай, чым канцэпцыя новай Рэчы Паспалiтай [25]. Магчыма, на такую ацэнку паўплываў размах лiтоўскага руху. Ва ўжо згаданым мемарандуме М.Ромэр удзялiў яму значную ўвагу. Ён адзначыў дамiнаванне ў лiтоўскiм руху ў мiжрэвалюцыйны перыяд двух накiрункаў — клерыкальнага i дэмакратычнага. Першы, паводле ацэнкi аўтара мемарандума, iмкнуўся да пабудовы каталiцкай i кансерватыўнай Лiтвы, у якой дамiнуючае становiшча будзе займаць клiр. Дэмакраты звязвалi будучыню Лiтвы з самым шырокiм самакiраваннем i самадзейнасцю народа ва ўсiх галiнах нацыянальна-культурнага, сацыяльна-палiтычнага i гаспадарчага жыцця. Дэмакратычны накiрунак карыстаўся сярод лiтоўскага сялянства большай папулярнасцю, але расiйскiя ўлады, якiя яўна сiмпатызавалi клерыкалам, здолелi аслабiць яго адмiнiстрацыйнымi рэпрэсiямi [26].

М.Ромэр вельмi высока ацэньваў магчымасцi лiтоўскага руху i прыкладаў вялiзарныя намаганнi дзеля арганiзацыi рэальнага польска-лiтоўска-беларускага супрацоўнiцтва. Як i ў выпадку з беларусамi гэтаму спрыяла дзейнасць масонскiх ложаў, сумесныя выдавецкiя праекты (напрыклад, iнтэрнацыянальны склад рэдакцыi «Кур’ера краёвага» ўвосень 1913 г.), праца гаспадарчых i навукова-культурных таварыстваў (напрыклад, вiленскага Таварыства сяброў навукi) i г.д. Аднак сапраўдным каменем спатыкнення стала лiтоўская канцэпцыя аўтаномii этнаграфiчнай Лiтвы. Нiчога не далi перамовы падчас стварэння вiленскай фiлii Саюза аўтанамiстаў (1914), не атрымалася стварыць нават польска-лiтоўскае iнфармацыйнае бюро з цэнтрамi ў Варшаве i Вiльне (1915).

Шмат увагi М.Ромэр удзялiў польска-лiтоўскiм адносiнам. Выразную варожасць да польскай грамадскасцi прадстаўнiкоў клерыкальнага накiрунка лiтоўскага руху ён тлумачыў тым, што ў вынiку працэсаў паланiзацыi лiтоўскi кансерватыўны клiр страцiў свайго патэнцыйнага саюзнiка —

лiтоўскую арыстакратыю i шляхту. Колiшняя паланiзацыя, фактычна, паспрыяла радыкалiзацыi лiтоўскай грамадскасцi на пачатку ХХ ст. Менавiта гэта i выклiкала нянавiсць лiтоўскiх клерыкалаў. Адзiным наступствам iх заклiкаў да самалiтуанiзацыi шляхты было толькi абурэнне лiтоўскiх палякаў. А вось лiтоўскiя дэмакраты, па меркаванню М.Ромэра, падобнай варожасцi не мелi: «Лiтоўская дэмакратыя не толькi не патрабуе лiтуанiзацыi палякаў i iншых нацыянальнасцяў Лiтвы, не толькi не адмаўляе iм грамадзянскiх правоў, але нават прызнае за палякамi Лiтвы права на нацыянальнае развiццё» [27].

М.Ромэр з аптымiзмам глядзеў на перспектывы развiцця польска-лiтоўскiх адносiнаў. Ягоны аптымiзм трымаўся на ўспрыяццi лiтоўскага Адраджэння не толькi як працэса фармавання нацыi, але таксама як працэса дэмакратызацыi лiтоўскай грамадскасцi [28]. Апошняе, на яго думку, павiнна было прывесцi да польска-лiтоўскага паразумення.


4.

Падобнае спадзяванне меў таксама Людвiк Абрамовiч. Ягонае разуменне краёвасцi iстотна адрознiвалася ад поглядаў М.Ромэра. Рэдактар «Пшэглёнда» разумеў краёвасць як сужыццё розных этнасаў, у якiм iмкнуўся забяспечыць за палякамi найлепшыя ўмовы. Аднак згодна з прынцыпамi краёвасцi ён лiчыў неабходным развiццё i лiтоўскай i польскай культуры, сцвярджаў, што задачай палякаў Лiтвы i Беларусi з’яўляецца не паланiзацыя, а пашырэнне краёвай iдэалогii [29].

На старонках «Пшэглёнду» нават з’явiлася рубрыка «З лiтоўскага жыцця», у якой публiкавалiся заметкi Мiколаса Бiржышкi i Ёнаса Шаўлюса. Практычна кожны з першых дванаццацi нумароў «Пшэглёнда» ўтрымлiваў вялiкi матэрыял, прысвечаны праблемам лiтоўскага руху. Не засталiся па-за ўвагай таксама беларусы.

Ужо ўзорны нумар «Пшэглёнда» ад 12 лiстапада 1911 г. змяшчаў артыкул Вiтольда Абрамовiча «Маладая Беларусь», якi знаёмiў чытачоў з гiсторыяй беларускага Адраджэння i падрабязна асвятляў ролю «Нашай Нiвы». Аўтар вельмi станоўча ацэньваў першыя дасягненнi беларускага руху i вiтаў iмкненне беларусаў «гаварыць пра ўласныя беды на роднай мове». Адначасова газета паказвала сапраўдны твар Л.Саланевiча як паслухмянай зброi ў руках крайнiх рускiх нацыяналiстаў [30].

Аднак хутка з’явiлiся i прэтэнзii. Юзаф Сараковiч заўважыў перамену танальнасцi беларускiх выданняў, якiя, нiбыта, пачалi выказваць сумненнi ў краёвым патрыятызме польскай грамадскасцi. У пацвярджэннi ўласных слоў ён пераказаў размову з дзеячом беларускага руху (iмя не называлася), якi адмаўляў iснаванне польскага народу на беларускiх i лiтоўскiх землях i заяўляў, што абавязкам польскай краёвай iнтэлiгенцыi з’яўляецца развiццё культуры беларускага народу на яго роднай мове. Польскамоўная культурная дзейнасць, на яго думку, ператвараецца ў фактычную паланiзацыю. Беларускi палiтык (судзячы па выказаным думкам, гэта мог быць Антон або Iван Луцкевiч) сцвярджаў, што ў выпадку адмовы дапамагаць беларускаму руху польская (як i руская) iнтэлiгенцыя застануцца толькi «каланiзацыйным элементам». Аўтар артыкула рабiў выснову, што трэба чакаць абвастрэння польска-беларускiх адносiнаў [31].

Ужо ў наступным нумары з’явiўся адказ на гэтую публiкацыю. Л.Абрамовiч заявiў, што краёвасць — гэта не падпарадкаванне польскасцi мэтам лiтоўскага i беларускага руху, а iх роўнасць i гармонiя. На думку рэдактара «Пшэглёнда», у мясцовасцях, дзе жыве насельнiцтва, што цягнецца да польскай культуры , усялякiя спробы абуджэння беларускай або лiтоўскай свядомасцi з’яўляюцца антыдэмакратычнымi. Яны затрымлiваюць культурнае развiццё i нараджаюць крайнi нацыяналiзм. Праўда, у адносiнах да насельнiцтва Магiлёўскай губ. Л.Абрамовiч пагадзiўся з думкай безыменнага беларускага палiтыка i прызнаў, што палякi павiнны дапамагаць беларускай асвеце [32]. Гэтая невялiчкая спрэчка была прадвеснiцай будучых вострых дыскусiй.

Паступова пазiцыi рэдакцыi «Пшэглёнда» пачалi змяняцца. Сваю ролю адыграла далейшае абвастрэнне польска-лiтоўскiх адносiнаў. Краёвасць Л.Абрамовiча i сяброў рэдакцыi «Пшэглёнда» паступова ператварылася ў тактычны сродак для паляпшэння становiшча польскай грамадскасцi. Л.Абрамовiч адкрыта заявiў пра гэта ў артыкуле «Краёвая пазiцыя i нацыянальная iдэя» [33]. М.Ромэр, якi не пагадзiўся з пераменамi, яшчэ раней пакiнуў рэдакцыю.

У лiпенi 1913 г. «Пшэглёнд» наогул адмовiўся ад супрацоўнiцтва з iншымi народамi краю, заявiўшы, што найлепшым варыянтам будзе клопат кожнага народа пра ўласныя справы [34]. Паступова газета заняла варожую пазiцыю да патрабаванняў лiтоўскага i беларускага рухаў. У адносiнах да апошняга гэта праявiлася ў першую чаргу ў рэзкiх нападках на «Кур’ер краёвы» i рускамоўную «Вечернюю газету», выданне якой ажыццяўлялi браты Луцкевiчы. Напрыклад, у рэдакцыйным артыкуле «Пабочныя ўплывы» сцвярджалася, што «група палякаў-дактрынёраў краёвай iдэi», якая выдае «Кур’ер краёвы», падпала пад уплывы лiтоўскiх i беларускiх дзеячоў. «Кур’ер» абвiнавачваўся ў аднабаковым разуменнi краёвасцi, для якога нiбыта было характэрным патрабаванне ад палякаў адмовiцца ад усяго польскага i толькi дапамагаць нацыянальна-культурнай працы беларусаў i лiтоўцаў [35]. Дарэчы, крытыка «Кур’ера» была накiраваная таксама супраць Мiхала Ромэра i Аляксандра Заштаўта. Iх праца ў рэдакцыi газеты не была таямнiцай для групоўкi Л.Абрамовiча.

Як ужо адзначалася, погляд А.Луцкевiча на ролю польскiх дэмакратаў у нацыянальна-культурных працэсах выклiкаў сур’ёзныя пярэчаннi Мiхала Ромэра. Але ён iмкнуўся пераканаць беларускiх i лiтоўскiх калегаў у памылковасцi гэтых поглядаў, паглыбляючы супрацоўнiцтва з iмi. А вось «пшэгляндоўцы» распачалi сапраўдную публiцыстычную вайну.

У артыкуле «Маскарад» Л.Абрамовiч абвiнавацiў рэдакцыю «Вячэрняй газеты» ў нянавiсцi да палякаў. Ведаючы, што кiраўнiкамi выдання з’яўляюцца браты Луцкевiчы, рэдактар «Пшэглёнда», тым не менш, выказваў сумненнi ў шчырасцi клопату «Вячэрняй газеты» пра развiццё беларускай культуры. Руская мова гэтага лiберальнага выдання, на яго думку, толькi спрыяла далейшай русiфiкацыi краю [36].

Напрыканцы 1913 г. у публiкацыях «Пшэглёнда» выразна пазначылася тэндэнцыя пераходу ад крытыка Л.Саланевiча i псеўдабеларускiх выданняў да крытыкi «нашанiўскага» кола. Не дзiўна, што публiкацыi «Пшэглёнда» па беларускаму i лiтоўскаму пытанням пачалi знаходзiць падтрымку з боку «Кур’ера лiтэўскага». А на пачатку 1914 г. ужо «Пшэглёнд» выказаўся ў падтрымку «Кур’ера» па справе верагодных кантактаў Iвана Луцкевiча з прадстаўнiкамi крайнiх нямецкiх нацыяналiстаў.

Iмя I.Луцкевiча не было названа, але публiкацыя «Пшэглёнда» пад назвай «Беларускi палiтык-антыквар» досыць празрыста ўказвала на яго [37]. Наступны артыкул «Пшэглёнда» («Выкрутасы») сцвярджаў недаказаны факт беларуска-нямецкiх кантактаў i абараняў варожую да беларусаў пазiцыю польскiх нацыянальных дэмакратаў [38]. Гэтая публiкацыя была нават перадрукаваная «Кур’ерам лiтэўскiм» [39]. «Пшэглёнд» ахвотна каментаваў скандал, якi нанёс вялiзарную шкоду аўтарытэту беларускага руху.

Напрыканцы 1914 г., калi ў Вiльнi адбывалiся кансультацыi па справе выпрацоўкi адзiных падыходаў да праблемы аўтаномii Лiтвы, «пшэгляндоўцы» проста адмовiлiся ўлiчваць патрабаваннi беларускага руху. М.Ромэр, абураны адкрытай праявай вялiкапольскага шавiнiзма, адзначыў у Дзённiку, што гэтыя «дэмакраты» дэманструюць пагарду да слабейшых народаў [40].

Што датычыць польскiх сацыялiстаў, то яны неаднаразова сцвярджалi, што лёс краю павiнны вызначаць усе яго народы [41]. Але пры гэтым звычайна мелiся на ўвазе палякi i лiтоўцы. Адносiны сацыялiстаў да беларускага руху амаль не рознiлiся ад поглядаў групы «пшэгляндоўцаў» у 1913-1914 гг. Напрыклад, Леон Васiлеўскi ў 1905 г. лiчыў беларусаў малавыразным «этнаграфiчным матэрыялам» [42]. Гэтая ацэнка была паўтораная на старонках кнiгi «Лiтва i яе народы» («Litwa i jej ludy»), якая выйшла ў Варшаве ў 1907 г. Нават дасягненнi беларускага руху ў «нашанiўскi перыяд» не змянiлi погляд аўтара. Да першай сусветнай вайны ён не верыў у дзяржавастваральныя магчымасцi беларусаў [43]. Падыход Л.Васiлеўскага да беларускага руху падзялялi i iншыя дзеячы ППС. Напрыклад, Вiтольд Наркевiч-Ёдка лiчыў мiзернымi перспектывы ператварэння беларусаў у нацыю. Галоўным заданнем «беларускага патрыёта», на яго думку, з’яўлялiся не «этнаграфiчныя гульнi», а сацыялiстычная прапаганда [44]. Фактычна размова iшла толькi пра выкарыстанне беларусаў у мэтах барацьбы польскiх сацыялiстаў.

А вось лiтоўская нацыянальна-культурная дзейнасць ацэньвалася зусiм па-iншаму. Звярталася ўвага, што ўжо на пачатку ХХ ст. лiтоўцы стварылi сваю iнтэлiгенцыю. Пры гэтым Л.Васiлеўскi падкрэслiваў «нападкi на на палякаў i польскасць», праявы «лiтоўскага шавiнiзма», нiбыта, характэрныя для такiх папулярных выданняў як «Вiльняус Жынiос» («Vilniaus Zinios»), «Летува Лайкрашцiс» («Lietuva Lajkrastis»). Гэтыя выданнi, што выходзiлi ў Вiльнi i Санкт-Петербургу, дзеяч ППС не лiчыў значным здабыткам лiтоўскага руху. З’яўленне «лiтоўскага шавiнiзма» ён звязваў з уплывамi кансерватараў i клерыкалаў. Галоўнымi мэтамi лiтоўскага нацыянальна-культурнага Адраджэння Л.Васiлеўскi ў 1907 г. лiчыў увядзенне лiтоўскай мовы ў школу, пашырэнне лiтоўскамоўнага набажэнства ў касцёле i шырокае самакiраванне для этнаграфiчнай Лiтвы [45].

Краёўцы кансерватыўна-лiберальнага накiрунку быццам вагалiся памiж краёвасцю, якая прадугледжвала прыхiльнае стаўленне да нацыянальна-культурнага Адраджэння беларусаў i лiтоўцаў, i непрыяццем сацыяльнага радыкалiзма беларускага i лiтоўскага рухаў. Сярод iх таксама адбывалася пэўная дыферэнцыяцыя. Яе спектр быў досыць шырокi — ад непасрэднага ўдзелу ў беларускiм i лiтоўскiм руху да дэманстрацыi адкрытай варожасцi ў адносiнах да iх патрабаванняў.

Эвалюцыя краёвых поглядаў Рамана Скiрмунта паступова прывяла яго ў шэрагi беларускiх адраджэнцаў. Пэўным этапам на гэтым шляху была спроба рэфармавання Краёвай партыi Лiтвы i Беларусi (1908). Эдвард Вайнiловiч аказваў фiнансавую падтрымку беларускiм культурна-асветнiцкiм праектам. Канстанцыя Скiрмунт у сваiх публiцыстычных выступленнях прапагандавала iдэю польска-лiтоўскага паразумення. Яна не лiчыла патрабаваннi лiтоўскiх дзеячоў у галiне культуры (у прыватнасцi, больш шырокае выкарыстанне лiтоўскай мовы ў касцельным набажэнстве) праявай крайняга нацыяналiзма. Марыя Магдалена Радзiвiл з’яўлялася фундатаркай беларускага i лiтоўскага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Дарэчы, яе дзейнасць выклiкала найбольшае раздражненне многiх дзячоў польскага руху.

Вацлаў Гансяроўскi з абурэннем згадваў ва ўспамiнах лiст Марыi Радзiвiл, надрукаваны ў адным з нумароў «Мiнскага слова» ў 1912 г. У адказ на абвiнавачваннi ў паланiзацыi княгiня заявiла, што з’яўляецца беларускай лiтоўскага паходжання i не мае нiчога агульнага з Польшчай [46]. А вось што адзначалася ў рапарце, якi атрымаў дырэктар Дэпартамента палiцыi ў снежнi 1912 г. ад сваiх падначаленых з Менскай губ.:

«Паводле звестак менскага губернатара... княгiня Магдалена Радзiвiл, перыядычна наведваючы ўласныя маёнткi ў Iгуменскiм пав., ставiцца з вялiкай сiмпатыяй да мясцовага беларускага насельнiцтва. Яна iмкнецца размаўляць з сялянамi на беларускай мове, перадае мясцовым каталiкам беларускiя малiтоўнiкi, аказвае наогул усялякую дапамогу беларусам, прымаючы выключна iх да сябе на службу... Па меркаванню губернатара, княгiня Радзiвiл... палiтычна выступае за ўмацаванне беларускай мовы ў краi» [47].

Аднак дзейнасць азначаных асобаў выглядала як выключэнне на фоне пазiцыi, якую займала большасць краёўцаў кансерватыўна-лiберальнага накiрунку.


5.

Шмат увагi беларускаму i лiтоўскаму руху ўдзяляў «Кур’ер лiтэўскi». Да сярэдзiны 1911 г. гэтая газета прытрымлiвалася краёвай iдэалогii. Даволi часта на яе старонках з’яўлялiся артыкулы Людвiка Абрамовiча, якi ў той час займаў значна больш талерантную краёвую пазiцыю, чым у перадваенныя гады. Вядомы публiцыст у артыкулах 1907-1911 гг. падкрэслiваў ролю беларускага руху ў змаганнi супраць русiфiкацыi [48], прызнаваў «Нашу Нiву» галоўным выразнiкам настрояў беларускай большасцi насельнiцтва краю [49], выкрываў русiфiкацыйную сутнасць «Белорусского общества» i «Крестьянина» [50].

Дарэчы, апошнi сюжэт быў адным з найбольш распаўсюджаных на старонках «Кур’ера». Аўтары публiкацый успрымалi арганiзацыi Саланевiчаў i Кавалюкоў як адкрытых ворагаў польскай грамадскасцi, паказвалi як пад покрывам беларускасцi хаваецца вялiкарускi шавiнiзм i падкрэслiвалi тую рознiцу, якая iснавала памiж «Белорусским обществом» i «Нашай Нiвай». Напрыклад, Войцэх Бараноўскi ўжо пасля перайменавання газеты ў «Кур’ер вiленьскi» («Kurier Wilenski»), сцвярджаў, што «Белорусская жизнь» з’яўляецца галоўным ворагам «Нашай Нiвы» i сапраўднага беларускага руху [51]. У артыкуле «Адкрытыя карты» ён адзначыў, што «Наша Нiва» iмкнецца да развiцця ўласнай культуры i адначасова заклiкае беларусаў не адкiдаць, а выкарыстоўваць лепшыя дасягненнi культуры суседнiх народаў. Такая пазiцыя дае надзею на паразуменне. Затое з дзеячамi тыпу Саланевiча палякам застаецца толькi ваяваць [52]. Л.Абрамовiч заўважыў, што на старонках «Нашай Нiвы» адсутнiчаюць заявы, накiраваныя супраць роўнасцi палякаў [53]. У iншым артыкуле ён тлумачыў гэтую адсутнасць разумнай пазiцыяй польскай грамадскасцi, якая, хаця i не прыняла сацыяльна-эканамiчных патрабаванняў беларускага руху, але заняла ў адносiнах да яго дабразычлiвую пазiцыю [54].

Цалкам верагодна, што iснаванне псеўдабеларускiх арганiзацый тыпа «Крестьянина», якiя мелi выразны антыпольскi характар, толькi ўмацоўвала прыхiльнасць краёўцаў да беларускага руху. Невыпадкова «Кур’ер» прадаставiў магчымасць беларусам самiм пазнаёмiць чытачоў газеты з гiсторыяй беларускага руху. Фелiкс Умястоўскi ў артыкуле «Беларусы» распавёў гэтую гiсторыю i адзначыў, што галоўным лозунгам беларускага Адраджэння з’яўляецца ператварэнне нявольнiка ў свабоднага чалавека [55]. Ягоны артыкул у адносiнах да палякаў быў вытрыманы ў вельмi дабразычлiвым тоне. У прыватнасцi, аўтар звяртаў увагу на эпiзоды дапамогi беларусам з боку прадстаўнiкоў польскай грамадскасцi.

Сiмпатыяй да беларускага сялянства i жаданнем дапамагчы яму пераадолець галеч i жабрацтва былi напоўненыя артыкулы вядомага этнографа i археолага Вандалiна Шукевiча. У прыватнасцi, абвяргаючы хлусню афiцыйнай статыстыкi, ён паказваў усю сур’ёзнасць зямельнай праблемы ў Беларусi [56], сцвярджаў непасрэдную залежнасць культурнага ўзроўня ад матэрыяльнага дабрабыту [57].

На старонках «Кур’ера» з’яўлялiся таксама аналiтычныя артыкулы, аўтары якiх спрабавалi акрэслiць месца беларускага руху ў нацыянальна-культурным жыццi краю i вызначыць ягоныя перспектывы. У кастрычнiку 1910 г. «Кур’ер» апублiкаваў артыкул «Культура i нацыянальная барацьба ў Заходнiм крае». Аўтар публiкацыi Г.Красоўскi прадстаўляў лiберальную частку рускай грамадскасцi. Сутнасць нацыянальнай барацьбы ён трактаваў як змаганне рускай i польскай культур за ўплыў на беларусаў. Ён прапанаваў палякам свайго роду кампрамiс. Яго першым актам павiнна была стаць заява палякаў пра палiтычную лаяльнасць у адносiнах да Расiйскай дзяржаўнасцi, а другiм —прызнанне абодвума бакамi роўных правоў за польскай i рускай культурамi ў краi.

Беларускую культуру аўтар не лiчыў самастойным суб’ектам грамадскага жыцця i бачыў перспектыву беларусаў у далучэннi народа да польскай або рускай культуры [58]. Ужо ў наступным нумары з’явiлася заметка пад назвай «Адказ паляка». Аўтар, якi схаваўся за крыптонiмам «L.Ski», пагадзiўся з высновамi Г.Красоўскага. Ён толькi аспрэчыў тэзiс пра паланiзацыю беларусаў i падкрэслiў прышлы i чужародны характар рускай грамадскасцi ў крае. Беларуская культура i для яго не мела перспектываў уласнага развiцця [59].

На гэтых пазiцыях стаяў таксама аўтар артыкула «Няхай прыдуць да нас самi», якi падпiсаўся псеўданiмам «Ideolog». Ён не прымаў культурнай дзейнасцi беларускай iнтэлiгенцыi, сцвярджаючы, што культуру нельга ствараць мэтанакiравана. Пры гэтым «iдэолаг» выступаў супраць палiтыкi навязвання беларусам польскай культуры. «У змаганнi культур,— пiсаў ён, — у нас будзе iншая зброя, чым у русiфiкатараў. Мы павiнны падтрымаць беларускi рух у iмя той высокароднай мэты, што напiсана на яго сцягу: ператварэнне нявольнiка ў свабоднага чалавека! Калi гэта здзейснiцца, беларус непазбежна пацягнецца да больш высокай польскай або рускай культуры. Перавагу будзе мець тая, якая не навязвалася яму сiлай» [60]. Аляксандр Давойна-Сiльвястровiч прапанаваў пашыраць уплывы польскай культуры не для асiмiляцыi iншых народаў, а дзеля таго, каб «прывабiць iх да нашай культуры як саюзнiкаў», а таксама дзеля «пашырэння сканцэнтраваных у ёй агульначалавечых скарбаў» [61].

Пра неабходнасць падтрымкi «кветкi беларускай культуры» заявiў таксама В.Шукевiч. Аднак i ў ягонай публiкацыi адчуваўся выразны прагматызм. В.Шукевiч адзначаў, што гвалтоўная асiмiляцыя зачастую прыводзiць да адваротных вынiкаў. Ён сцвярджаў, што, калi палякi не падтрымаюць беларускага Адраджэння, то яго падтрымаюць iншыя i накiруюць супраць палякаў i г.д. [62]

Апошняе амаль адразу знайшло сваё пацвярджэнне ў адной з публiкацый «Виленского вестника». Ягоны аўтар прызнаваўся ў сiмпатыi да беларусаў i асуджаў нiбыта спрадвечнае iмкненне палякаў да панавання i паланiзацыi беларускага народу. Аўтар артыкула «Няхай прыйдуць...» у адказ звярнуў увагу на негатыўныя наступствы расiйскага панавання i адзначыў пашырэнне сярод палякаў краёвай iдэi, якая «прызнае роўныя правы на жыццё i развiццё за ўсiмi народамi, якiя насяляюць край» [63].

Трэба прызнаць, што ва ўсiх разважанняў краёўцаў кансерватыўна-лiберальнай арыентацыi наконт характару польска-беларускiх адносiнаў выразна прысутнiчала занепакоенасць будучынёй палякаў Беларусi i Лiтвы. Дэпутат III Думы Юзаф Монтвiл у размове з карэспандэнтам «Кур’ера» прама заявiў: «Мы палякi заўсёды павiнны iсцi разам з народам. Толькi ў гэтым выпадку мы ўцалеем у Беларусi i Лiтве» [64]. Пра тое ж самае раней казаў i Вiтольд Жукоўскi. На яго думку, адзiнай мэтай беларускiх i лiтоўскiх палякаў павiнна cтаць барацьба за лепшую долю для ўсяго насельнiцтва. Толькi сацыяльныя лозунгi, сцвярджаў ён, дазволяць палякам узначалiць масавы народны рух [65]. Варта адзначыць, што В.Жукоўскi ў першую чаргу лiчыў патрэбным дасягнуць паразумення з беларусамi.

Трэба адзначыць, што погляд аўтараў «Кур’ера» на характар польска-лiтоўскiх адносiнаў быў цалкам iншы. Орган краёўцаў кансерватыўна-лiберальнай арыентацыi вёў публiцыстычную вайну з «лiтваманамi». У гэтай вайне заклiкi да паразумення былi вялiкай рэдкасцю. У 1913 г. убачыла свет кнiга першага рэдактара «Кур’ера лiтэўскага» Iпалiта Корвiн-Мiлеўскага, прысвечаная польска-лiтоўскаму моўнаму канфлiкту ў Вiленскай дыяцэзii. Аўтар прыйшоў да высновы, што адмiнiстратар дыяцэзii ксёндз К.Мiхалькевiч дайшоў да апошняй мяжы ўступак патрабаванням лiтоўцаў. Далейшае пашырэнне лiтоўскай мовы ў набажэнстве, на яго думку, прывядзе да крызiсу каталiцызма на Вiленшчыне [66]. Адным з наступстваў лiтуанiзацыi набажэнства ён лiчыў пранiкненне ў сацыяльнае жыццё атэiзма i сацыялiзма. Аўтар не абмiнуў увагай i беларускi рух, якi быў ахарактарызаваны як «урадавая iнтрыга». Цiкава, што амаль адначасна выйшла з друку кнiга лiтоўскага дзеяча К.Прапуоленiса (Polskie apostolstwo w Litwie. 1387-1912. Wilno, 1913), у якой пазiтыўна ацэньвалася антыпольская палiтыка М.Мураўёва i сцвярджалася, што расiйскiя ўлады навучылiся асiмiляцыйным метадам якраз ад палякаў [67].


6.

Абвастрэнне польска-лiтоўскiх адносiнаў, актывiзацыя беларускага i ўкраiнскага рухаў выклiкалi апасенне часткi краёўцаў, што палякi не здолеюць захаваць свае пазiцыi. Ч.Янкоўскi ў 1914 г. заявiў, што палякi павiнны адмовiцца ад «крэсаў» i сканцэнтравацца ў «этнаграфiчных межах». Амаль упершыню польскi палiтык прадказваў поспех беларускага руху, якi, па яго меркаванню, не мае нiякiх прыязных сантыментаў да польскай прысутнасцi ў Беларусi [69].

А вось нацыянальныя дэмакраты саступаць не збiралiся. Менавiта ваяўнiчая пазiцыя адрознiвала iх органы друку. У першую чаргу гэта датычыла «Гонца вiленьскага» («Goniec Wilenski») (рэдактар Ф.Юрэвiч), якi пачаў выходзiць ў лютым 1908 г. Ужо ў першым нумары Алена Ромэр-Ахэнькоўска дала амаль знiшчальную характарыстыку беларусам. Па яе меркаванню характэрнымi рысамi беларускага народу з’яўляюцца лянота, апатыя, забабоны, абыякавасць да адукацыi i п’янства. Адзiнай пазiтыўнай рысай яна лiчыла вялiзарную набажнасць [69]. Яна ж сцвярджала, што «Наша Нiва» не мае падпiсчыкаў, заяўляла пра адсутнасць попыту на «Беларускi лемантар» i прапаноўвала распаўсюджваць сярод беларусаў польскую лiтаратуру на «простай мове» [70].

Да барацьбы, а не да паразумення заклiкаў артыкул «Да пытання пра польска-лiтоўскiя адносiны», надрукаваны ўвесну 1908 г. «Гонцам вiленьскiм» [71]. Аўтар, якi схаваўся за псеўданiмам «Вэрбэна», катэгарычна адвяргаў пазiцыю Канстанцыi Скiрмунт. Дзеячы Польскай дэмакратычна-нацыянальнай партыi (ПДНП) па-ранейшаму рэзка крытыкавалi краёўцаў. Напрыклад,

Ю.Хласка высмейваў «слепату» краёўцаў, якiя сцвярджалi, што лiтоўцы, беларусы i ўкраiнцы iмкнуцца толькi да роўнасцi з палякамi. На яго думку, лiтоўскi i, асаблiва, украiнскi рух адрознiваюцца сапраўдным «iмперыялiзмам» [72]. Лiтоўскiя дзеячы таксама рэгулярна абвiнавачвалiся ў кантактах з расiйскiмi чыноўнiкамi.

Ян Булгак называў глупствам развiццё беларускай культуры, якую, па яго словах, развiваюць польскiя студэнты-недавучкi i празмерна тэмпераментныя жанчыны. Ён заклiкаў кiнуць «пустую беларускую калыску, у якой не захоча ляжаць нiводнае дзiця». Будучыню беларусаў публiцыст звязваў з польскай або рускай культурай [73]. Ю.Хласка i А.Звяжыньскi (выдаўца «Гонца») сцвярджалi, што за дзейнасцю «Нашай Нiвы» стаяць вялiкарускiя шавiнiсты. Л.Касцельскi даводзiў, што беларусы з’яўляюцца часткай польскай нацыi [74] i г.д.

У сакавiку 1910 г. «Гонец вiленьскi» быў перайменаваны ў «Гонец цодзенны» («Goniec codzienny») (рэдактар Б.Паўловiч), якi ў чэрвенi 1911 г. аб’яднаўся з «Кур’ерам вiленьскiм». На чале новага выдання сталi два рэдактары —В.Бараноўскi i Ю.Хласка. Са студзеня 1912 г. газета выходзiла пад назвай «Кур’ер лiтэўскi».

Новы «Кур’ер» стаў выданнем нацыянальных дэмакратаў. У рэдакцыйным артыкуле апошняга нумара газеты за 1914 г. сцвярджалася iмкненне рэдакцыi зрабiць выданне органам усёй краёвай польскай грамадскасцi, якая «адчувае сябе часткай польскай нацыi i адначасна з’яўляецца карэнным насельнiцтвам Беларусi i Лiтвы, маючым права на ўласнае культурнае развiццё» [75]. Галоўнымi задачамi газеты абвяшчалiся падтрымка сувязяў з агульнапольскiм жыццём i абароны польскiх iнтарэсаў у краi. Краёвая пазiцыя газеты засталася ў мiнулым.

Традыцыйная крытыка «Беларускага таварыства» i Л.Саланевiча паступова саступiла месца жорсткiм нападкам на «Нашу Нiву». Пасля крытычнай рэакцыi беларускай газеты на польска-расiйскае паразуменне, дасягнутае на славянскiм з’ездзе ў Празе, на якi беларусы нават не былi запрошаныя, А.Звяжыньскi на старонках «Кур’ера» абвiнавацiў «Нашу Нiву» ў хлуснi i дэмагогii [76]. Ю.Хласка падтрымаў гэтыя папрокi [77]. Больш таго, ён нават сцвярджаў, што «Наша Нiва» наогул выступае супраць усяго польскага, што сваiмi дзеяннямi яна спрыяе русiфiкацыi края [78]. Моцнае незадавальненне «Кур’ера» выклiкала атаясамлiванне вялiкарускiх i вялiкапольскiх шавiнiстаў [79], якое досыць часта сустракалася на старонках «Нашай Нiвы» ў перадваенныя гады.

Вельмi хваравiта нацыянальныя дэмакраты ўспрынялi рашэнне рэдакцыi «Нашай Нiвы» (Я.Купала) аб спыненнi выдання на лацiнскiм алфавiце. У публiкацыях «Кур’ера» ставiлася пад сумненне правiльнасць рэдакцыйнага выбара [80], iзноў сцвярджалася, што дзейнасць «Нашай Нiвы» спрыяе ўзнiкненню арганiзацый Саюза рускага народа, а значыць русiфiкацыi беларускiх i лiтоўскiх земляў [81]. Пазней газета нацыянальных дэмакратаў спрабавала максiмальна «раздуць» падазрэннi пра сувязi дзеячоў беларускага руху (I.Луцкевiч) з крайнiмi нямецкiмi нацыяналiстамi.

Варожую пазiцыю ў адносiнах да беларускага i лiтоўскага рухаў займала таксама «Газета цодзенна» («Gazeta codzienna»). Прыкметную ролю ў гэтым выданнi адыгрывала каталiцкае духавенства. Рэдактарам быў добры знаёмы бiскупа Э.Ропа ксёндз А.Руткоўскi. Аднак гэта не перашкаджала рэдактару вясцi сапраўдную вайну супраць краёвай iдэалогii. Зрэшты, да гэтай вайны прычынiлася палiтычная сiтуацыя, а менавiта, выбары ў IV Думу. Газета актыўна адстойвала кандыдатуру ксяндза С.Мацэевiча i выступала супраць краёўцаў лiберальна-дэмакратычнай арыентацыi i iх кандыдата. Пра стаўленне да краёўцаў сведчаць ужо назвы артыкулаў: «Фарысеi» [82], «Падманшчыкi» [83], «Вялiкi палiтычны нуль» [84] ды iнш. Таксама адчувалася занепакоенасць рэдакцыi i выдаўцоў пашырэннем лiтоўскай мовы ў касцельным набажэнстве [85]. Наогул, палемiка з г.зв. «лiтваманамi» займала прыкметнае месца на старонках выдання [86]. Таксама сцвярджалася практычная немагчымасць стварэння беларускамоўнай школы, бо «беларуская мова —гэта не мова, а дыялект» (87).

Пазiцыi канфрантацыi падзяляў Ян Обст, якi ў 1911 г. выдаваў «Квартальнiк лiтэўскi» («Kwartalnik Litewski»), а ў 1912-1913 г. — часопiс «Лiтва i Русь» («Litwa i Rus»). Стрыжнявой iдэяй гэтых выданняў была неабходнасць абароны польскай культуры ад агрэсii з боку беларускiх i лiтоўскiх нацыяналiстаў. На старонках «Лiтвы i Русi» ў 1913 г. з’явiўся вялiкi артыкул К.Чачота «Вакол беларускага пытання», галоўнай задачай якога быў адказ на выданне брашуры А.Луцкевiча (Антон Навiна) «На пороге к новой жизни» (Санкт-Петербург, 1912). Аўтар спрабаваў абвергнуць сцвярджэнне беларускага дзеяча пра высокi ўзровень беларускай культуры ў часы Вялiкага княства Лiтоўскага, пра гвалтоўную паланiзацыю ды iнш.

К.Чачот сцвярджаў, што беларусы не адчуваюць патрэбы ў стварэннi ўласнай культуры. Беларусы-каталiкi, — пiсаў ён, — цягнуцца да польскасцi. Праваслаўныя, у тым лiку i сяляне, выбiраюць рускую культуру. Аўтар прызнаваў, што намаганнi беларускай iнтэлiгенцыi ўпiсваюцца ў кантэкст агульнасусветных тэндэнцый. Аднак не верыў у поспех гэтых «штучных спробаў» i лiчыў найбольш верагодным вынiкам абвастрэнне польска-беларускiх адносiнаў (88).


7.

Пасля таго як у вераснi 1915 г. стабiлiзавалася лiнiя фронту i значная частка беларускiх i лiтоўскiх земляў апынулася пад нямецкай акупацыяй, варожасць нацыянальных дэмакратаў да беларускага руху яшчэ больш узмоцнiлася. Безумоўна да гэтага прычынiлася пэўная актывiзацыя беларускай нацыянальна-культурнай дзейнасцi, падставай для якой стаўся дазвол акупацыйных уладаў на карыстанне беларускай мовай, на адкрыццё школ, выданне газеты «Гоман» (рэдактар В.Ластоўскi). Беларускi рух спачатку атрымаў роўныя з палякамi i лiтоўцамi магчымасцi для развiцця ўласнай культуры, а пазней нават адчуў пэўную падтрымку нямецкiх уладаў, зацiкаўленых у стварэннi супрацьвагi польскаму руху.

Неад’емнай часткай публiцыстыкi нацыянальных дэмакратаў стаў тэзiс пра «нямецкую iнтрыгу», якая нiбыта стаiць за актыўнасцю беларусаў. Гэты тэзiс прысутнiчаў у артыкулах «Новага кур’ера лiтэўскага», якi пачаў выдавацца ў Менску ў жнiўнi 1915 г. Як ужо адзначалася, арганiзатарам выдання, якое набыло вялiкае значэнне, стаў Ю.Хласка. Пасля ўступлення нямецкiх войскаў у Вiльню практычна весь перыядычны друк быў забаронены. Ён адрадзiўся толькi ў лютым 1916 г., калi пачаў выходзiць «Дзеннiк вiленьскi» («Dziennik Wilenski»). Аднак гэтая газета знаходзiлася пад пiльным кантролем нямецкай цэнзуры, i яе магчымасцi былi моцна абмежаваныя. Фактычна, «Новы кур’ер лiтэўскi», у якiм асаблiва на пачатку яго гiсторыi дамiнавалi нацыянальныя дэмакраты, доўгi час (да вясны 1917 г.) з’яўляўся адзiным польскiм выданнем на беларускiх i лiтоўскiх землях.

У красавiку 1916 г. на старонках «Новага кур’ера» з’явiўся аналiтычны артыкул, прысвечаны беларускаму руху (89). Аўтар сканцэнтраваў увагу на двух беларускiх выданнях — «Нашай Нiве» i «Гомане». Першае з iх трактавалася як выданне польскiх «перабежчыкаў» («Вакол газеты групавалiся людзi, якiя або лiчылi сябе палякамi або зусiм нядаўна перайшлi з польскасцi на беларушчыну»), якiя сваёй дзейнасцю толькi спрыялi перамозе расiйскага нацыяналiзма. Беларусаў абвiнавачвалi ў пастаянных нападках на ўсё польскае. Такую ж самую пазiцыю ў адносiнах да палякаў, як сцвярджалася, займаў «Гоман». Толькi за iм стаялi не расiйскiя нацыяналiсты, а нямецкiя ўлады. Аўтар таксама звярнуў ўвагу на выданне «Кароткай гiсторыi Беларусi» В.Ластоўскага, якая, на яго думку, мела выразную антыпольскую накiраванасць.

У артыкуле адчувалася занепакоенасць сiтуацыяй, якая склалася з мовай выкладання катэхiзаса. Як вядома, фельдмаршал Гiндэнбург дазволiў беларускамоўнае навучанне. З гэтай нагоды аўтар публiкацыi выказваў апасенне, што беларуская мова будзе навязвацца дзецям беларусаў-каталiкоў, «бацькi якiх жадаюць, каб дзецi вучылiся на польскай мове». У iншым артыкуле «Гоман» характарызаваўся як «нямецкая iнтрыга», мэтай якой з’яўляецца прапаганда «сярод беларускага насельнiцтва невядомага яму да гэтага часу нацыянальнага сепаратызма, у першую чаргу накiраванага супраць палякаў». Сцвярджалася нават, што «Гоман» рэдагуюць на нямецкай мове i толькi потым перакладаюць на беларускую (90).

«Новы кур’ер» не фiксаваў поспехаў у культурна-асветнiцкай дзейнасцi, якiх дасягнула польская грамадскасць пасля акупацыi Вiльнi. Затое кожнае новае дасягненне беларускага руху характарызаваўся як праява асаблiвага нямецкага клопату пра беларусаў. Такi каментар, напрыклад, суправаджаў iнфармацыю пра дазвол выдачы пашпартоў на беларускай мове (91). Практычна ўсе патрабаваннi беларускага руху ўспрымалiся як варожыя iнтарэсам беларускiх i лiтоўскiх палякаў.

Рост варожасцi нацыянальных дэмакратаў да беларускага i лiтоўскага руху таксама быў звязаны з прэтэнзiямi iдэолагаў ПДНП на каталiцкую Беларусь. Крыстына Гамулка паведамiла пра выданне ў 1916 г. брашуры Аляксандра Халанеўскага, якая падкрэслiвала польскую зацiкаўленасць землямi, што насялялi беларусы каталiцкага веравызнання. Кiраўнiцтва ПДНП планавала iх далучэнне да Польшчы (92).

Падобныя планы разглядалiся таксама кiраўнiцтвам ППС. У прыватнасцi, Вiтольд Наркевiч-Ёдка ў 1916 г. прапанаваў далучэнне да будучай Польскай дзяржавы земляў Вiленскай, Гарадзенскай i часткова Менскай губ., значную частку насельнiцтва якiх складалi палякi (93).

Таксама як «нямецкую iнтрыгу» ацэньваў беларускi рух падчас акупацыi Леон Васiлеўскi. Пастулат утварэння незалежнай Беларускай дзяржавы ён лiчыў нерэальным i адносiў яго да жанру палiтычнай фантастыкi (94). Ягоную пазiцыю падзялялi iншыя дзеячы ППС.

Краёўцы дэмакратычна-лiберальнай арыентацыi лiчылi галоўнай памылкай польскага руху якраз трактаванне беларусаў i лiтоўцаў як нейкага дадатка да польскай дзяржаўнасцi. Зыгмунт Юндзiл сцвярджаў, што палякi павiнны былi прызнаць правы гэтых народаў i выступiць як роўны партнёр у культурным i палiтычным жыццi. На жаль, яны пайшлi па iншаму шляху, а менавiта iмкнулiся ператварыць беларусаў i лiтоўцаў у палякаў (95).


8.

Цi правамерна сцвярджаць, што ўсю вiну за адсутнасць польска-лiтоўска-беларускага паразумення нясуць толькi прадстаўнiкi польскай грамадскасцi? Можна прыгадаць, што менавiта сярод лiтоўскiх палякаў краёвасць знайшла найбольш рашучых i паслядоўных прыхiльнiкаў. Варта прааналiзаваць стаўленне дзеячоў беларускага руху да польскай нацыянальна-культурнай дзейнасцi ў мiжрэвалюцыйнае дзесяцiгоддзе.

Зрабiць падобны аналiз дапамагаюць публiкацыi беларускага друку пачатку ХХ ст. i архiўныя матэрыялы. Трэба адразу адзначыць, што ў перыяд рэвалюцыi 1905-1907 гг. i ў першыя гады пасля яе «польскае пытанне» на старонках беларускага друку закраналася даволi рэдка. Зрэшты ў гэты час гаворку можна весцi толькi пра «Нашу Нiву», якая заставалася адзiным перыядычным выданнем беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. У апошнiя перадваенныя гады польская праблематыка сустракалася ўжо значна часцей. У гэты час кампанiю «Нашай Нiве» складала штотыднёвая беларуская каталiцкая газета «Беларус» («Bielarus») i газета «Саха», якая ўздымала пераважна сельскагаспадарчую праблематыку.

Найчасцей польская тэма з’яўлялася на старонках «Нашай Нiвы» ў сувязi з нападкамi некаторых польскiх перыядычных выданняў на беларускi рух. Так, у красавiку 1908 г. Аляксандр Уласаў адказаў на публiкацыю «Дзеннiка вiленьскага» (N18), якая фактычна заклiкала да поўнай паланiзацыi беларусаў. У якасцi першага этапу прадугледжвалася асiмiляцыя вернiкаў каталiцкага касцёла. Аўтарам артыкула быў А.Багдановiч, антыбеларускiя публiкацыi якога раней з’яўлялiся на старонках «Кур’ера лiтэўскага». Ён таксама сцвярджаў, што беларушчыну прыдумалi расiйскiя рэвалюцыянеры, каб «цкаваць беларуса процi паноў i палякаў». На самой справе, на яго думку, беларусы толькi i мараць навучыцца польскай мове i чытаць польскiя кнiгi.

А.Уласаў у сваiм адказе параўнаў польскiх нацыянальных дэмакратаў з «абрусiцелямi», якiя лiчаць праваслаўных беларусаў «искони русскими», «дый, па-праўдзi, хочуць зрабiць з iх рускiх людзей». Беларускi дзеяч сцвярджаў, што беларусы апынулiся «памiж двух агней». Характарызуючы адносiны да беларускага Адраджэння польскай i рускай грамадскасцi, ён адзначыў, што беларусы знайшлi мiж iмi «малую жменю прыяцеляў, але ворагаў дык вялiкую грамаду». Аднак рэдактар «Нашай Нiвы» не заклiкаў да барацьбы з палякамi i рускiмi. Ён сцвярджаў, што руская i польская культура даюць беларусам шмат карыснага. Апроч таго «ў Беларусi ёсць многа вучоных, культурных палякаў, дый такiх жа рускiх, што ўжо зжылiся з нашым краем, працуюць для дабра яго» [96].

Гэты артыкул быў характэрным для «Нашай Нiвы». Газета пастаянна выступала супраць шавiнiзму. Яе аўтары сцвярджалi, што ненавiдзець палякаў за тое, што яны палякi, або рускiх за тое, што яны рускiя, можа толькi псiхiчна ненармальны цi аслеплены фальшывым патрыятызмам чалавек [97]. Адказваючы на нападкi польскiх нацыянальных дэмакратаў, рэдакцыя падкрэслiвала, што «беларусы, каторые яшчэ дабiваюцца для сябе нацыянальных правоў нiколi нi над якой нацыяй не здзеквалiся i шануюць роўна кожную нацыю i кожную культуру» [98]. У iншай публiкацыi «Нашай Нiвы» адзначалася, што «Кур’ер лiтэўскi», аўтары якога ў чарговы раз абвясцiлi беларускае выданне «рускай iнтрыгай», правакуе беларусаў на антыпольскiя выпады, а мiж тым ён зусiм не выказвае настрояў усiх палякаў [99].

Кiраўнiцтва беларускага руху выступала супраць усiх праяваў крайняга нацыяналiзма. Пасля ўтварэння вiленскiх масонскiх ложаў («Лучнасць» i «Лiтва») i ўстанаўлення цесных сувязяў з М.Ромэрам i прыхiльнiкамi ягонай канцэпцыi краёвасцi, Антон Луцкевiч паспрабаваў стварыць моцны цэнтр прапаганды краёвай iдэi ў выглядзе шэрагу рознамоўных перыядычных выданняў. Менавiта з гэтай iдэяй была звязаная дзейнасць рускамоўнай «Вячэрняй газеты» i польскамоўнага «Кур’ера краёвага», якiя сумесна з «Нашай Нiвай» вялi барацьбу супраць распальвання мiжнацыянальнай варожасцi.

На старонках «Нашай Нiвы» А.Луцкевiч (пад крыптонiмам «а-н-а») пiсаў, што «Край з пяццю нацыямi толькi тады можа развiвацца i багацець, калi кожная нацыя будзе поруч з другой працаваць дзеля яго карысцi. Калi ж замест гэтага ўсе мы будзем памiж сабой змагацца, калi свае творчыя сiлы змарнуем на сваркi i грызню без нiякай карысцi, дык не падзякуюць нам нашыя дзецi i ўнукi, жывучы ў такой жа цемнаце i беднасцi, як i мы самi». А.Луцкевiч лiчыў краёвасць найлепшым лекам супраць крайняга нацыяналiзму: «Усе, хто шануе ў iншым чалавека, каму дораг наш край i доля яго, хто жадае лепшай будучынi свайму народу, павiнны, нягледзячы якой яны нацыi, падаць сабе рукi i супольнымi сiламi баранiцца ад паганай хваробы ды знiштожыць сяўбу нянавiсьцi i злосьцi» [100].

У публiкацыях беларускага выдання выразна прысутнiчала iмкненне да паразумення з тымi прадстаўнiкамi рускай, польскай ды iншых дыяспараў, дзейнасць якiх прыносiла карысць краю. На старонках «Вячэрняй газеты» ў артыкуле «Практычнае ажыццяўленне краёвай тэорыi» паведамлялася пра пабудову Станiславам Монтвiлам тэатру ў Панявежы, якi быў прызначаны для польскай, лiтоўскай, яўрэйскай i рускай тэатральных трупаў. «Справа культуры, справа прагрэсу, —сцвярджалася ў каментары, — настолькi важная, што яе павiнен падтрымлiваць кожны грамадзянiн краю. Тут няма месца для меркаванняў нацыянальнага эгаiзма: хто можа, той павiнен дапамагаць намаганням сваiх больш слабых суседзяў, з якiмi яго так моцна звязаў ход гiстарычных падзеяў. Толькi на гэтай глебе барацьба мясцовых народаў можа быць замененая мiрным супрацоўнiцтвам» [101].

Беларускiя адраджэнцы таксама часта звярталi ўвагу на дасягненнi культуры суседнiх народаў, якiя варта было выкарыстоўваць i беларусам. У сакавiку 1909 г. «Наша Нiва» пазнаёмiла сваiх чытачоў з творчасцю i жыццёвым шляхам Юлiуша Славацкага i Фрыдэрыка Шапэна, якiя стварылi «абраз душы польскага народа» [102].

Талерантнасць беларускага друку знiкала, калi прыходзiлася рэагаваць на варожасць з боку вялiкарускiх i вялiкапольскiх нацыяналiстаў. А гэта даводзiлася рабiць рэгулярна. Беларускiя публiцысты высмейвалi «адкрыццё» аднаго з аўтараў «Гонца вiленьскага», якi заявiў што «беларускага народу дык i саўсiм няма на сьвецi, а на Зямлi Беларускай жывуць адныя толькi палякi, каторыя тым розняцца ад варшавякоў, што гавораць мiж сабой «по-простэму», або, як недаўно пачалi называць, «по-бялоруску»!» [103] Яны выказвалi абурэнне заявай Ч.Янкоўскага на старонках «Кур’ера варшаўскага», якi лiчыў магчымым пашыраць беларускую асвету толькi там, дзе немагчыма «шырыць прасьветы, культуры, справедлiвасьцi i цывiлiзацыi пры помачы польскага слова i кнiжкi» [104].

Напрыканцы 1908 г. «Наша Нiва» змясцiла iнфармацыю пра з’езд славянскiх нацый у Празе, на якiм, паводле яе ацэнкi, была зроблена спроба дасягнуць польска-расiйскага прымiрэння за кошт беларусаў i ўкраiнцаў. Палякам, нiбыта, было прапанавана не падтрымлiваць беларускага i ўкраiнскага Адраджэння i пагадзiцца з тым, што беларусы i ўкраiнцы належаць да «рускай нацыi». За гэта рускiя правыя абяцалi падтрымку польскiх намаганняў у «Паўночна-Заходнiм крае». «Наша Нiва» адзначыла, што «лепшыя рускiя i польскiя людзi, каторых мы шануем, ня згодзiлiсь ехаць на з’езд, дзе старшыя браты нашы прадавалi малодшых братоў — беларусоў i ўкраiнцоў, ды кожны думаў на гэтым гандлю зарабiць».

Аднак прадстаўнiкi лiтоўскiх палякаў прысутнiчалi на гэтым з’ездзе. У прыватнасцi, там быў дэпутат Думы Юзаф Монтвiл i рэдактары «Кур’ера лiтэўскага» i «Гонца вiленьскага». Паразуменне развалiлася адразу пасля вяртання з Прагi, калi высвятлiлася, што нiякiх уступак польскiм патрабаванням не будзе зроблена. Беларускiя дзеячы рэзка асудзiлi гатоўнасць часткi мясцовай польскай грамадскасцi пайсцi на пагадненне з рускiмi правымi коштам беларусаў (105).


9.

У кастрычнiку 1910 г. Антон Луцкевiч (пад крыптонiмам «Г.Б.»), падсумоўваючы ўражаннi ад матэрыялаў польскага вiленскага друку, заявiў, што «цяперашнi iдэал большай часьцi нашых «тутэйшых» палякаў — гэта быць адзiнымi гаспадарамi ў нашым краю, кiраваць яго жыцьцём, а ўвесь беларускi мужыцкi народ перарабiць на палякаў».

Беларускi палiтык заўважыў, што такая пазiцыя занепакоiла палякаў з Польшчы. А.Луцкевiч звярнуў увагу на артыкул «Загадка гiсторыi», змешчаны ў варшаўскiм «Слове» (Slowie») (N487). Ягоны аўтар (крыптонiм «Ja») радзiў лiтоўскiм i беларускiм палякам «звярнуцца гарачым сэрцэм да тутэйшага народу, шчыра заняцца яго нядоляй, яго патрэбамi, яго жаданьнямi, памагаць яму развiвацца ва ўсiх кiрунках... несьцi ўсё добрае i шчыра апекавацца пакрыўджэнымi жыцьцём народнымi масамi». Iншы шлях, на яго думку, павiнен прывесцi да «гiбелi» польскай грамадскасцi або ад расiйскага нацыяналiзму або ад тых «мужыцкiх народаў, каторые будзяцца да нацiональнаго жыцьця». Беларускi аўтар выказаў сумненнi ў тым, што гэтая рада будзе пачутая (106).

Прыходзiлася беларусам адказваць i на абвiнавачваннi ў чарнасоценстве, якiя з’яўлялiся на старонках польскага друку. Напрыклад, гэты тэрмiн ужыў аўтар «Кур’ера вiленьскага», якому падалося, што ў камедыi «Модны шляхцюк» беларусы здзекваюцца над палякамi (107). Пра русiфiкацыйныя намеры «Нашай Нiвы» заявiла «Газета цодзенна» (108). Антон Луцкевiч (пад псеўданiмам «Weslaw Kalinowski») даў адказ на iнсiнуацыi Iпалiта Корвiн-Мiлеўскага, якi ў брашуры, прысвечанай польска-лiтоўскаму моўнаму канфлiкту ў Вiленскай дыяцэзii, сцвердзiў, што беларускi рух з’яўляецца «ўрадавай iнтрыгай». А.Луцкевiч, выдаючы сябе за прадстаўнiка польскай грамадскасцi, нагадаў на старонках «Кур’ера краёвага», што вялiкарускiя «патрыёты» ўжо сем гадоў называюць «Нашу Нiву» «польскай iнтрыгай», што расiйскi ўрад здаўна намагаецца ўвесцi ў касцёл не беларускую, а рускую мову. Паколькi ўсё гэта не з’яўляецца таямнiцай для I.Корвiн-Мiлеўскага, А.Луцкевiч назваў яго выказваннi «палiтычным шкоднiцтвам, разлiчаным на тое, каб выклiкаць сярод палякаў варожасць да беларускага руху» (109).

Беларускiя дзеячы iмкнулiся парушыць тоеснасць паняццяў «паляк» i «католiк», «рускi» i «праваслаўны», якая негатыўна ўплывала на фармаванне нацыянальнай свядомасцi. Дзеля гэтага трэба было дамагацца ўвядзення беларускай мовы ў касцельнае i царкоўнае набажэнства. Аднак значная частка польскай грамадскасцi абуралася гэтымi патрабаваннямi. Каталiцкi касцёл успрымаўся як адзiн з асноўных элементаў падмурку польскiх пазiцый у краi. У польскiм друку беларускiя патрабаваннi трактавалiся як спроба русiфiкацыi касцёла, за якой стаяць вялiкарускiя шавiнiсты. Вацлаў Ластоўскi, абвяргаючы абвiнавачваннi, звярнуў увагу, што беларуская мова здаўна (1794 г.) ўжываецца ў асобных касцёлах, i гэта зусiм не вядзе да русiфiкацыi (110).

З часам намаганнi беларусаў далi пэўны плён. Летам 1915 г. з’явiлiся кнiгi каталiцкага набажэнства на беларускай мове. Асаблiва трэба адзначыць малiтоўнiк «Бог з намi» («Boh z nami»). Яго аўтарам быў рэдактар газеты «Беларус» («Bielarus») Балеслаў Пачобка. Фундатарам выдання стала княгiня Марыя Магдалена Радзiвiл. Частка каталiцкага духавенства i польскай грамадскасцi з абурэннем сустрэла з’яўленне беларускамоўнай каталiцкай лiтаратуры. У адказ газета «Беларус» змясцiла на сваiх старонках пазiтыўную ацэнку гэтых выданняў жмудскiм бiскупам Ф.Карэвiчам i перадрукавала заметку з «Двутыгоднiка дыецэзiяльнага» («Dwutygodnik dyecezialny») (N12-13), якi выказваў адносiны вiленскай курыi. У заметцы адзначалася, што «ў малiтоўнiку ўсё актуальна i без яго не абыдзецца нiводны каталiк» (111).

Рашэнне Думы пра выкладанне Закона Божага для дзяцей беларусаў-каталiкоў на рускай мове выклiкала пратэсты дзеячоў беларускага руху. Пры гэтым адзначалася, што на актыўнасць вялiкарускiх шавiнiстаў паўплывала iмкненне польскiх нацыянальных дэмакратаў увесцi польскую мову выкладання для беларускiх дзяцей (112). Мiж тым было зразумела, што выхаваныя на польскай мове беларусы-каталiкi не дапусцяць, каб iх дзецi вывучалi катэхiзiс па-руску. Спроба русiфiкацыi ў гэтай галiне толькi ўмацоўвала iмкненне да самапаланiзацыi. Рыгор Клановiч на старонках газеты «Беларус» пiсаў: «Здаецца, што ў беларускiм пытаннi рускiя i польскiя нацыяналiсты ўзялiся за рукi, каб сумесна паланiзаваць беларусаў-каталiкоў» (113).

Узаемасувязь памiж палiтыкай вялiкарускiх нацыяналiстаў i працэсам паланiзацыi беларусаў была галоўнай iдэяй артыкула Антона Луцкевiча «Вынiкi i перспектывы «нацыянальнай» палiтыкi ў Беларусi», напiсанага для органа Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыi газеты «Речь». Аўтар (пад псеўданiмам «Антон Навiна») звярнуў увагу на жахлiвыя для беларусаў наступствы атаясамлiвання расiйскiм урадам «нацыянальных прыкметаў» з рэлiгiйнымi:

«Беларускi селянiн, якi не разумее адрозненняў каталiцызма ад праваслаўя, моцна верыць, што першы — гэта вера польская, а другi — вера руская. I нядзiўна. У царкве ён чуе выключна рускую мову, у касцёле — выключна польскую, а сваёй роднай беларускай не чуе нi тут, нi там. Пры благаславеннi ўрада ў яго псыхiцы цалкам злiваюцца паняццi рэлiгiйнага i нацыянальнага. «Паляк» i «каталiк» — такiя ж самыя сiнонiмы як «рускi» i «праваслаўны». Каб умацаваць сваю сувязь з рэлiгiяй, на якую беларусы ўжо бачылi замах (лiквiдацыя Унii), яны iмкнуцца падкрэслiць сваю быццам бы прыналежнасць да палякаў або рускiх. Такiм чынам нараджаюцца зняважлiвыя адносiны да ўсяго роднага беларускага, знявага да братоў сваiх, што прытрымлiваюцца беларускай мовы, пагарда да ўсяго «мужыцкага», «простага», а разам з тым адсутнасць чалавечай i грамадзянскай годнасцi» (114).

Характарызуючы палiтыку ўрада П.Сталыпiна, А.Луцкевiч паказаў, што спробы гвалтам увесцi рускую мову ў каталiцкае набажэнства толькi ўмацоўваюць прыхiльнасць да польскай мовы сярод мясцовага насельнiцтва, а значыць спрыяюць яго паланiзацыi (115).

Дарэчы, аналагiчна развiвалася сiтуацыя з мовай навучання ў пачатковай школе. «Наша Нiва» адзначыла выступленне ў Думе дэпутата С.Мацэевiча, якi выступаў за польскую мову навучання дзяцей беларусаў-каталiкоў у пачатковай школе, i святара Юрашкевiча (Менская губ.), якi ратаваў за рускую мову. Дума падтрымала апошнюю прапанову. З гэтай нагоды «Наша Нiва» адзначыла, што беларусы не маюць права апускаць рукi ў працы па нацыянальнаму Адраджэнню. Яны «павiнны тым мацней i ямчэй брацца за яе..., бо раней цi пазней настане такi час, калi не Пурышкевiчы, Замыслоўскiя, Юрашкевiчы i Мацiевiчы будуць пастанаўляць аб долi жывых народаў, а тыя лепшыя прадстаўнiкi народу, каторые ўмеюць шанаваць чужые нацii i ў кожным бачыць чэлавека» (116).

«Наша Нiва» адвяргала абвiнавачваннi ў кантактах беларускiх дзеячоў з групоўкай нямецкiх шавiнiстаў з Прусii. На яе старонках сцвярджалася, што беларускiя палiтыкi не маюць нiякiх дачыненняў да планаў украiнскага святара Ганiцкага выкарыстаць беларускi рух супраць палякаў, якiя ён выказаў у лiстах да кiраўнiка нацыяналiстаў Тыдэмана (117).

Беларускi друк высока ацэньваў тое паразуменне, якое iснавала памiж «нашанiўскiм» беларускiм колам i польскiм дэмакратамi-краёўцамi. Спрэчкi, якiя ўзнiкалi памiж iмi, вырашалiся досыць хутка. У вераснi 1910 г. «Наша Нiва» даволi рэзка адрэагавала на артыкул рэдактара былой «Газеты вiленьскай» Зянона Пяткевiча «Адвечная песня», надрукаваны ў газеце «Праўда» («Prawda»). Польскага аўтара абвiнавацiлi ў тым, што ён распраўляецца «ня толькi з «Адвечнай Песьняй», але i з усёй мiнуўшчынай беларусоў, с цэлым цяперашнiм беларускiм рухам, ды на будучыню нашага народу кажа «memento mori» (118).

З.Пяткевiч даслаў лiст у рэдакцыю, якi быў надрукаваны ў N46 ад 11 лiстапада 1910 г. Ён не прыняў крытыкi, заявiўшы, што аўтар артыкула ў «Нашай Нiве» (псеўданiм «А.Бульба») не зразумеў яго пазiцыi. З.Пяткевiч пiсаў, што заўсёды верыў у будучыню беларускага народу i ў будучыню ягонай лiтаратуры, якая праходзiць перыяд станаўлення. «А.Бульба» зняў свае абвiнавачваннi, але застаўся з думкай, што З.Пяткевiч не ведае «цяперышчыны беларусоў» (119).


10.

Аднак у перадваенные гады адносiны пагоршылiся. Праўда, датычыла гэта толькi г.зв. «пшэгляндоўцаў», на чале якiх стаяў Людвiк Абрамовiч. У траўнi 1912 г. Антон Луцкевiч (пад крыптонiмам «Г.Б.») прысвяцiў кароткую заметку артыкулу «Непаразуменне», якi быў надрукаваны на старонках «Пшэглёнда». У артыкуле сцвярджалася недэмакратычнасць спробаў абуджэння беларускай або лiтоўскай свядомасцi ў мясцовасцях з польскiм або здаўна апалячаным насельнiцтвам, бо яны толькi затрымлiваюць культурнае развiццё.

«Дэмократызм,— заявiў беларускi палiтык,— гэта жаданьне збудзiць народ да жыцьця, дабiцца, каб ён свой голас даў, каб выказаў свае думкi, сваю душу. Найлягчэйшая дарога да гэтаго — развiваць народную культуру, карыстаючыся прыроднай мовай народу, каторай ён змалку гаворыць дома, у хацi, каторая вытварылася разам з усёй яго асобеннай псыхiкай... Вось чаму адраджэньне народаў заўсягды iшло i iдзе поруч з дэмократызмам... I калi ад нас будуць вымагаць, каб мы прысталi на апалячываньне несьведомых беларусоў-каталiкоў толькi затым, што яны бытцым-то «цягнуцца» да польшчыны, мы аткажэм адно: не дамо! Не дамо, бо работа дзеля пашырэньня нацiональной сьведомасьцi ў нашым народзi на ўсёй старане ня толькi не задзержывае поступу культуру, а, наадварот, адна толькi i развiвае яе. А калi што можэ спынiць яе развiцьцё, дык гэта прышчэпка чужой культуры, хаця бы тую прышчэпку рабiлi ў iмя «дэмократызму» (120).

Адказам «Пшэглёнда вiленьскага» была крытыка «Нашай Нiвы», якая нiчым не адрознiвалася ад публiкацый «Кур’ера лiтэўскага». Урэшце рэшт Антон Луцкевiч у артыкуле «Клiч да згоды» выказаў абурэнне пазiцыяй усёй польскай грамадскасцi.

«Нашы» палякi,— пiсаў ён,— робяць усё, каб толькi займаць тутака першае месца, каб, як у часах Польшчы, захаваць свае «пляцуўкi» гаспадароў краю... «Нашы» палякi думаюць аб сабе i толькi аб сабе. Яны гатовы сябраваць толькi з сiльнымi, але беларускi народ хоць i мае 9 мiльёнаў душ, яшчэ толькi што ступiў на дарогу нацiональнаго адраджэньня, i ў iх вачах сiл не мае. I «нашы» палякi з iм ня лiчацца, ня хочуць лiчыцца. «Нашы» палякi-iнтэлiгенты кажуць, што яны маюць поўна работы «для сваiх» — для «польскага сялянства i пролетарыяту» на нашай зямлi. Але ж польскага «дэмаса» — на смех малая жменя. А поруч з гэтай жменяй мiльёны цёмных i галодных беларускiх сялян, каторыя йшчэ блiзка зусiм не маюць сваёй iнтэлiгенцыi, для каторых нiма каму працаваць...

Працаваць для тых мiльёнаў — гэта для «нашых» палякаў грэх, здрада, хоць колькi ж мiж iмi сыноў таго ж беларускага народу!.. Яны не разумеюць, што прайшоў час панавання над намi i трэба цяпер адслужыць нашай старонцы, трэба ня толькi называцца, але i быць грамадзянамi, трэба кармiць галоднага i асвяшчаць цёмнага селянiна ня толькi за тым, што ён «свой», што ён пераробiцца на паляка, але затым, што гэта сьвятая павiннасьць. А раз гэта павiннасьць, а не ласка, дык i вучыць беларусоў трэба ня так, як хоча вучыцель, а так як гаворыць народ, якi захаваўшы сваю мову праз соткi гадоў, праявiў ясна свааё жаданьне заставацца беларусам» (121).

Звяртае на сябе ўвагу рэзкасць гэтага артыкула i тое, што ён амаль упершыню крытыкаваў пазiцыю ўсёй польскай грамадскасцi Беларусi i Лiтвы. Магчыма, гэтая рэзкасць была выклiкана крахам спадзяванняў беларускiх дзеячоў, звязаных з iмкненнем прыцягнуць дэмакратычную частку польскай грамадскасцi да беларускай нацыятворчай працы. Асобныя прыклады (Я.Яленьскi, Я.Манькоўскi, А.Заштаўт) сведчаць пра тое, што падобныя надзеi мелi свой падмурак. Аднак масавага характару грамадская праца палякаў па падтрымцы беларускага i лiтоўскага Адраджэння не набыла. Галоўным аб’ектам сваёй дзейнасцi польскiя дэмакраты лiчылi польскiя сацыяльныя нiзы, iснаванне якiх беларускiя палiтыкi практычна адвяргалi («малая жменя»).

Пры такiм стаўленнi гэтая дзейнасць у вачах беларускiх (i лiтоўскiх адраджэнцаў) непазбежна набывала характар паланiзацыi мясцовага насельнiцтва. Фактычна, узнiкла парадаксальная сiтуацыя: каб задаволiць беларускiх i лiтоўскiх палiтыкаў польскiя дэмакраты павiнны былi адрачыся ад уласнай польскасцi. Зразумела, што такое патрабавання было непрымальным не толькi для Л.Абрамовiча i групоўкi прыхiльнiкаў «Пшэглёнда вiленьскага», але i для М.Ромэра i ягоных сяброў.

Антон Луцкевiч магчыма адчуў, што ў сваiх папроках зайшоў занадта далёка. Ужо праз нумар у чарговым артыкуле ён (пад крыптонiмам «а-н-а») вяртаецца да ранейшай пазiцыi i падкрэслiвае, што апроч «прыгонных паноў i сыноў iхнiх» сярод «тутэйшых палякаў» iснуе iншая «партыя»: «Дзякуй Богу..., поруч з «прыгоншчыкамi» ў нашай старонцы ёсць людзi, каторыя, баронячы сваю польскую культуру, не забываюць, што яны — тутэйшыя грамадзяне, што i на iх ляжыць павiннасць памагаць галодным, асвяшчаць цёмных людзей, нягледзячы якой яны нацii i веры». А.Луцкевiч выказваў надзею, што менавiта «дэмократызм створыць той залаты мост, каторы з’еднае ўрэшцi народы нашага краю ў адну вялiкую згодную сям’ю, i каторы польскiя нацiяналiсты цяпер не даюць збудаваць» (122).

Цiкавай крынiцай для разумення ўспрыяцця беларусамi дзейнасцi польскай грамадскасцi краю з’яўляецца «Кароткая гiсторыя Беларусi» Вацлава Ластоўскага. На працягу 1910 г. яна друкавалася на старонках «Нашай Нiвы», i ў гэтым жа самым годзе выйшла асобным выданнем у друкарнi Марцiна Кухты. В.Ластоўскi не быў прафесiйным гiсторыкам, i яго кнiга насiла кампiлятыўны характар. Аўтар i не хаваў гэтага. Публiкацыi ў «Нашай Нiве» суправаджалiся заўвагай «па Кiркору». У кнiзе гэтая заўвага адсутнiчала, але ў прадмове В.Ластоўскi адзначыў, што дазволiў сабе толькi «некаторые здарэньня асудзiць па свойму, з становiшча карысьцей i шкод беларускаго народу» (123). Аўтар выкарыстаў найбольш вядомыя даследаваннi А.Кiркора, М.Доўнар-Запольскага, Я.Карскага, О.Турчыновiча ды iнш.

«Кароткая гiсторыя Беларусi» — гэта, у першую чаргу, гiсторыя беларускай дзяржаўнасцi. Палякi ў ёй займалi прыкметнае месца. Гiсторыю ВКЛ В.Ластоўкi тлумачыў пры дапамозе канцэпцыi «двух зол» беларускай гiсторыi, якая знайшла свай першапачатковае афармленне ў публiкацыях М.Доўнар-Запольскага (газета «Минский листок», 1888 г.). Ён даводзiў, што Польшча i Масква, заўсёды варожыя памiж сабой, у адносiнах да Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы сышлiся на агульнай платформе яе знiшчэння. Агрэсiя Масквы, на яго погляд, спрыяла экспансiянiсцкiм мэтам польскiх палiтыкаў: «Iоан III бытцам заганяў Лiтву i Беларусь у рукi палякоў» (124). Менавiта з гэтай агрэсiяй В.Ластоўскi звязваў заключэнне Люблiнскай унii (1569), якую ўслед за А.Кiркорам ацанiў як палiтычную смерць Беларуска-Лiтоўскай дзяржавы (125).

Гэтай «палiтычнай смерцi», на думку палiтыка i гiсторыка, моцна паспрыяла «апалячванне» вышэйшых колаў беларускага этнасу ў XVI-XVIII ст. Зрэшты ў гэтым працэсе В.Ластоўскi бачыў хутчэй самапаланiзацыю, чым вынiк польскай палiтыкi нацыянальнага цiску. Ён з асуджэннем пiсаў пра шляхту, якая «пакiдае ўсё роднае, беларускае, забывае аб справе нацiональной, месцо якой займае справа шляхоцтва» (126). Як абвiнавачванне шляхты гучалi радкi «Прамовы Iвана Мялешкi», ананiмовага твору XVI ст.: «Многа тутака такiх ёсць, што хоць нашая костка, аднак сабачым мясам абрасла i ваняе...» (127).

Гэтыя словы прымушаюць згадаць пра таго «ўнутранага ворага» беларушчыны, якi прысутнiчаў у публiцыстыцы Вiкенцiя Канстанцiна Калiноўскага i Францiшка Багушэвiча. Менавiта яны аднымi з першых звярнулi ўвагу на «ўнутранага ворага», якi атаясамлiваўся з непавагай беларусаў да самiх сябе, да сваёй роднай мовы, адсутнасцю нацыянальнага гонару i годнасцi. В.Ластоўскi не лiчыў палiтычны фактар галоўнай прычынай паланiзацыi, i тым больш не распаўсюджваў пэўнае асуджэнне польскай элiты, якое асаблiва адчувалася ў раздзеле, прысвечаным апошнiм дзесяцiгодзям Рэчы Паспалiтай, на ўсю польскую нацыю.

Тым не менш, вядома, што польская грамадскасць даволi балюча адрэагавала на публiкацыю «Кароткай гiсторыi». Многiя польскiя аўтары ў бачылi ў гэтым знак будучых польска-беларускiх канфлiктаў, якiя выйдуць на ўзровень польска-лiтоўскага змагання.

Аднак уважлiвы аналiз «польскай прысутнасцi» на старонках працы В.Ластоўскага сведчыць хутчэй пра тое, што гiстарычная ацэнка ролi палякаў у беларускай мiнуўшчыне не разыходзiлася прынцыпова з пазiцыяй «Нашай Нiвы». Апошняя iмкнулася выхаваць сярод беларусаў веру ва ўласныя сiлы ў шматлiкiх публiкацыях трактавала беларускую нацыю як суб’ект (а не аб’ект) палiтыкi i гiсторыi.

Падобна характарызаваў беларусаў на старонках «Дзеннiка пецербургскага» Антон Луцкевiч (пад крыптонiмам «A.L.») у лютым 1910 г. У артыкуле «Справы крэсовыя ў беларускiм пытаннi» ён пазнаёмiў польскiх чытачоў са становiшчам беларускага руху. У гiстарычнай частцы артыкула аўтар адзначыў знiкненне беларускай iнтэлiгенцыi напрыканцы XVIII ст. у вынiку дзяржаўных i культурных уплываў Польшчы. Пасля канстатацыi факта, што двесцi гадоў славутыя беларусы працавалi для польскай i расiйскай культуры, А.Луцкевiч выказаў упэўненасць, што яны захавалi вялiкi патэнцыял для развiцця нацыянальнай iндывiдуальнасцi, што павiнна ўзбагацiць скарбнiцу агульнаславянскай i агульначалавечай культуры (128).


11.

Нямецкая акупацыя Вiльнi, а разам з ёй значнай часткi беларускiх i лiтоўскiх земляў, iстотна паўплывала на перамены ў галiне мiжнацыянальных адносiнаў. Архiвы захавалi чарнавiк аналiтычнай запiскi Антона Луцкевiча, адрасаванай германскiм акупацыйным уладам. Значная частка дакумента прысвечана антыбеларускай дзейнасцi мясцовай польскай грамадскасцi. А.Луцкевiч сцвярджаў, што палякi заўсёды бачылi ў беларускiм руху рэальную пагрозу польскай экспансii i таму вялi барацьбу супраць яго. Найбольш небяспечнай для беларусаў ён лiчыў дзейнасць «польскай большасцi каталiцкага клiра», якая актыўна супрацьдзейнiчала ўвядзенню беларускай мовы ў каталiцкае набажэнства. Мэтай культурна-асветнiцкай дзейнасцi палякаў пасля верасня 1915 г. аўтар Запiскi лiчыў iмкненне «надаць гораду (Вiльнi — А.С.) чыста польскi характар i канчаткова праглынуць беларусаў, якiх не здолелi дэнацыяналiзаваць 143 гады знаходжання пад уладай Расii» (129).

А.Луцкевiч таксама сцвярджаў факт польска-расiйскага пагаднення на Пражскiм усеславянскiм з’ездзе 1908 г., у адпаведнасцi з якiм палякам, нiбыта, прадастаўлялася магчымасць паланiзаваць беларусаў-каталiкоў. Пасля заявы графа Пфайля, якi назваў Вiльню «польскiм горадам», па словах А.Луцкевiча, сярод палякаў распачалася сапраўдная «нацыяналiстычная вакханалiя». Мясцовае гарадское самакiраванне, «якое складаецца выключна з палякаў, пачало праводзiць поўны байкот беларусаў у горадзе, адмовiлася друкаваць свае абвесткi па-беларуску». Масавае адкрыццё польскiх школ у Вiльнi i па вёсках беларускi палiтык трактаваў як працяг палiтыкi паланiзацыi. Таксама асуджалася польская агiтацыя запiсвацца падчас будучага перапiсу (1916) «палякамi» (130).

На дакуменце стаiць дата — 10 студзеня 1916 г. Вiдавочна, што Запiска была перададзена германскiм уладам яшчэ да абвяшчэння Звароту Рады Канфедэрацыi ВКЛ (люты 1916 г.). Атрымлiваецца, што беларусы не былi цалкам шчырымi, калi ўваходзiлi ў гэтую краёвую арганiзацыю. Але падобна на тое, што шчырасцi не хапала таксама i палякам. Менавiта такая выснова напрошваецца пасля знаёмства з артыкулам Антона Луцкевiча (пад псеўданiмам «I.Мялешка») «Добрая навука», надрукавaным на старонках «Гомана». А.Луцкевiч прыгадаў гiсторыю Вiленска-Ковенскага грамадзянскага камiтэта, якi распаўся якраз напрыканцы зiмы 1916 г. Галоўнай прычынай ён лiчыў тое, што палякi, якiя складалi палову ўсiх сяброў Камiтэта, не пажадалi працаваць на карысць усяго краю, думаючы толькi пра ўласна польскiя нацыянальныя iнтарэсы. Яны паралiзавалi дзейнасць Камiтэта, i практычна ўсе яго камiсii (выключэннем была толькi Рабочая камiсiя) спынiлi сваё iснаванне (131).

Трэба прызнаць, што публiкацыi «Гомана» адрознiвалiся выразнай антыпольскасцю. Аўтарам большасцi з iх быў Антон Луцкевiч, якi падпiсваўся псеўданiмам «I.Мялешка». У лютым 1916 г. у артыкуле «Перамена фронту» ён адкрыта абвiнавацiў мясцовую польскую грамадскасць у антыбеларускай палiтыцы. Ранейшую прыхiльнасць да беларускага Адраджэння, якая была характэрная для польскiх дэмакратаў, аўтар тлумачыў толькi iх упэўненасцю, што беларусы пасля вызвалення ад расiйскага панавання «злiюцца з палякамi, аддаючы ўсе творчыя сiлы свае польскай справе». Крах былых надзей выклiкаў рост варожасцi да беларускага руху (132).

У артыкуле «Фальшывыя сябры» А.Луцкевiч паўтарыў свае абвiнавачваннi, адзначыўшы, што польскае каталiцкае духавенства, карыстаючыся з той павагi, якую мае да яго сану беларускае сялянства, угаворвае апошняе адчыняць польскiя школы. «Цёмныя беларускiя сяляне,— з абурэннем пiсаў «I.Мялешка»,— сапраўды думаюць, што iм патрэбна школа ў чужой мове, i, слухаючы сваiх духоўных кiраўнiкоў, самi просяць нашых ворагаў, каб iх узялi за сваiх нявольнiкаў-халопаў» (133). Хiба ўпершыню ў беларускiм друку палякаў назвалi «ворагамi».

Беларускi друк вiнавацiў мясцовых палякаў у iмкненнi да паланiзацыi беларусаў-каталiкоў (134). Адзначалася, што адмiнiстратар Вiленскай дыяцэзii ксёндз Казiмiр Мiхалькевiч не дае адказу на просьбу ўкамплектаваць беларускiя школы беларускамоўнымi ксяндзамi-настаўнiкамi катэхiзiсу (135).

Пэўным падсумаваннем гiсторыi развiцця польска-беларускiх адносiнаў у мiжрэвалюцыйнае дзесяцiгоддзе стаўся артыкул А.Луцкевiча «Разбiтая традыцыя». Аўтар адзначыў, што выступленне на палiтычную арэну лiтоўцаў i беларусаў засведчыла выразную эвалюцыю iдэi змагання «За вольнасць нашу i вашу». Лiтоўцы i беларусы, пiсаў А.Луцкевiч, у сваiм Адраджэннi абапiралiся «на канкрэтных праблемах i iнтарэсах Краю i народу». У сваёй гiстарычнай памяцi яны звычайна звярталiся да часоў незалежнага ВКЛ i «зусiм абмiналi час супольнага жыцьця з Польшчай, аб каторым не захавалi ў памяцi нiчога сьветлага, нiчога такога, што цягнула бы iх да з’еднання з Польшчай нанова». Прааналiзаваўшы заклiкi i звароты лiтоўскiх i беларускiх арганiзацый i партый пачатку ХХ ст., беларускi палiтык падкрэслiў, што «вольныя ад традыцыi, гэтыя сялянскiя народы (лiтоўцы i беларусы —А.С.) хочуць будаваць сваю будучыну так, як таго вымагаюць народныя патрэбы сягоньняшняго дня, а патрэбы гэтые не паказваюць, каб трэба было наш Край звязываць нанова з Польшчай».

А.Луцкевiч сцвярджаў, што за апошнi 1916 г. «грамадзкая думка ў беларусоў i лiтвiноў вытварыла палiтычную iдэю, якая ўжо зусiм ясна гаворыць аб незалежным быце колiшняго Вялiкага Князьства Лiтоўскаго. Новая краёвая палiтычная формула аткiдае пры гэтым усе тыя агранiчэньня, якiе нам хочуць навязаць чужыя нам людзi, панаехаўшыя з суседняй Польшчы: анi беларусы, анi лiтвiны, анi iншыя сыны нашай зямлi ня могуць пагадзiцца з думкай, каб еднасць Беларуска-Лiтоўскага краю з Польшчай была пастаўлена за варунак вызваленьня яго» (136).

Безумоўна, рэзкасць артыкула, выразы тыпу «ворагi», «чужыя нам людзi, панаехаўшыя з суседняй Польшчы» не маглi спрыяць польска-беларускаму паразуменню. Магчыма беларускiя дзеячы не здолелi адэкватна ацанiць рэальную ваенна-палiтычную сiтуацыю i празмерна верылi як у нямецкую падтрымку беларускiх намаганняў, так i ў магчымасцi палiтычнага саюзу з лiтоўскiм рухам.

У заключэнне трэба яшчэ адзначыць, што ўжо напачатку ХХ ст. стала вiдавочным, што лёс Беларуска-Лiтоўскага краю ў вялiкай ступенi будзе залежыць ад характара мiжнацыянальных адносiнаў. Ва ўмовах нацыянальна-культурнага Адраджэння асноўных (па колькасцi) народаў гiстарычнай Лiтвы нiводны з iх не быў у стане толькi ўласнымi сiламi вызначыць яе будучыню. Тым больш, што да восенi 1915 г. на ўсёй тэрыторыi краю расiйскiмi ўладамi падаўлялася ўсялякае iмкненне нават да самакiравання.

Важнасць фактару мiжнацыянальнага пагаднення першымi зразумелi краёўцы. I гэта невыпадкова, бо якраз iх найбольш хвалявала будучыня гiстарычнай Лiтвы як самастойнага i непадзельнага рэгiёну. Менавiта таму ў iх публiкацыях i публiчных выступленнях польска-лiтоўскiя i польска-беларускiя адносiны амаль упершыню сталi аб’ектам грунтоўнага аналiзу. Адзiнай агульнапрынятай краёвай канцэпцыi не iснавала. Краёвасць распадалася на розныя накiрункi i нават групоўкi, якiя па-рознаму ставiлiся да праблемы мiжнацыянальных адносiнаў. Мiхал Ромэр i прыхiльнiкi ягонага разумення краёвасцi iмкнулiся да паразумення i ўсебаковага супрацоўнiцтва з беларусамi i лiтоўцамi. Гэтае iмкненне знайшло сваё практычнае ажыццяўленне ў дзейнасцi мiжнацыянальных гаспадарчых i культурных таварыстваў у Вiльне, у сумесных выдавецкiх праектах (у прыватнасцi, «Кур’ер краёвы»), у iснаваннi масонскiх ложаў «Лучнасць», «Лiтва», «Беларусь», «Вялiкi Усход Лiтвы» (Вялiкi Усход Лiтвы i Беларусi») i г.д.

Краёўцы групоўкi М.Ромэра вельмi высока ацэньвалi дасягненнi i магчымасцi лiтоўскага руху i спадзявалiся на перамогу ў iм дэмакратычнай плынi. Пры гэтым М.Ромэр крытыкаваў лiтоўскую канцэпцыю аўтаномii этнаграфiчнай Лiтвы, якая парушала непадзельнасць краю. Але ў пэўны момант (1914-1915) ён быў вымушаны прызнаць, што яна з’яўляецца больш рэальнай, чым ягоная iдэя новай Рэчы Паспалiтай як федэрацыi роўных партнёраў. Iдэолаг краёвасцi дэмакратычна-лiберальнага накiрунку верыў у перспектывы развiцця беларускага руху. Дарэчы, са многiмi дзеячамi гэтага руху яго звязвалi даволi блiзкiя адносiны.

Iншая групоўка гэтых краёўцаў, iдэйным правадыром якой быў Людвiк Абрамовiч, больш прагматычна ставiлася да краёвай iдэалогii. Пасля раскола 1913 г. яны пачалi трактаваць краёвасць як тактычны сродак дзеля забеспячэння iнтарэсаў лiтоўскiх палякаў. Пры гэтым апошнiя ўсё часцей успрымалiся як частка польскай нацыi. У вынiку ўжо напярэдаднi вайны ў публiкацыях «Пшэглёнда вiленьскага» па беларускаму пытанню адбыўся пераход ад крытыкi Л.Саланевiча i ягоных аднадумцаў да крытыкi «Нашай Нiвы». Пры гэтым аргументацыя (тэзiс пра «ўрадавую антыпольскую iнтрыгу») засталася амаль нязменнай.

Большасць краёўцаў кансерватыўна-лiберальнай арыентацыi ў мiжрэвалюцыйны перыяд (1907-1917) паступова пераходзiла на пазiцыi нацыянальных дэмакратаў i ўспрымала развiццё беларускага i лiтоўскага рухаў толькi як пагрозу польскiм iнтарэсам у краi. Прыкметнай фiгурай гэтай большасцi быў Iпалiт Корвiн-Мiлеўскi, польскасць якога спалучалася з кансерватыўным падыходам да вырашэння сацыяльных праблем гiстарычнай Лiтвы. Сярод апазiцыянераў трэба назваць iмя Рамана Скiрмунта, якi паступова станавiўся дзеячом беларускага нацыянальнага руху, i Канстанцыi Скiрмунт. Вядомая публiцыстка не жадала мiрыцца з далейшым абвастрэннем польска-лiтоўскага канфлiкта.

Нацыянальныя дэмакраты вялi змаганне супраць беларускага i лiтоўскага нацыянальна-культурнага Адраджэння, якое набыло асаблiва востры характар з восенi 1915 г. Большасць польскiх сацыялiстаў досыць крытычна ацэньвала перспектывы беларускага руху i вельмi хваравiта рэагавала на культурна-асветнiцкiя патрабаваннi лiтоўцаў.

Гаворачы пра пазiцыю беларускiх адраджэнцаў, трэба адзначыць, што працяглы час яна адрознiвалася даволi высокай ступенню нацыянальнай талерантнасцi i iмкненнем да паразумення з дэмакратычнымi элементамi польскагу руху i агульнарасiйскiх палiтычных арганiзацый. Да 1916 г. у беларускiм руху цяжка знайсцi праявы шавiнiзма i нацыянальнай нецярпiмасцi да iншых народаў. Хаця на выпады вялiкарускiх або вялiкапольскiх нацыяналiстаў беларускiя дзеячы адказвалi адэкватна.

Значнае абвастрэнне мiжнацыянальных адносiнаў адбылося напрыканцы 1915 г. i было звязанае з тымi пераменамi ў культурна-асветнiцкай галiне, якiя адбылiся на акупаванай нямецкiмi войскамi частцы гiстарычнай Лiтвы. Даволi высокая (асаблiва на пачатку акупацыi) ступень свабоды культурнай дзейнасцi прывяла да сутыкнення нацыяльных iнтарэсаў розных народаў краю. Адсутнасць у Вiльне М.Ромэра, якi з траўня 1915 г. знаходзiўся ў легiёнах Ю.Пiлсудскага, значна аслабiла пазiцыi прыхiльнiкаў нацыянальнага паразумення. Фактычна ўсе плынi польскага руху выступiлi супраць беларускага i лiтоўскага нацыянальна-культурнага Адраджэння. З iншага боку, беларускiя дзеячы таксама пачалi высоўваць патрабаваннi, якiя былi непрымальнымi для лiтоўскiх i беларускiх палякаў. Вiдавочнай, напрыклад, была антыпольская пазiцыя беларускага «Гомана».

Аналiзуючы прычыны абвастрэння мiжнацыяльных адносiнаў, якое непасрэдна вяло да будучага падзелу гiстарычнай Лiтвы на асобныя «нацыянальныя кватэры», варта адзначыць, што не толькi лiтоўскiя палякi нясуць за гэта адказнасць. Па меншай меры, ў перыяд Першай сусветнай вайны i беларускiя, i лiтоўскiя палiтыкi сваiмi дзеяннямi зачастую нараджалi недавер сярод польскай грамадскасцi адносна магчымасцяў рэальнага супрацоўнiцтва.


          ЛIТАРАТУРА:

1. Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. тт. II, IV, XI, XVII, XXII, XXIV. —Санкт-Петербург, 1904-1905.
2. [Материалы переписи 1909 г. по 9 западным губ.] б.м., б.д.
3. Однодневная перепись начальных школ в империи, произведённая 18 января 1911 г.. Выпуск VIII. Виленский учебный округ. Редактор В.И.Покровский. -Санкт-Петербург, 1914.
4. Wakar W. Rozwoj terytoryalny narodowosci polskiej. —Cz. III. — Kielce: Drukarnia St.Swiecki, 1917. S. 55. (Дзвiнскi, Рэжыцкi i Люцынскi пав. Вiцебскай губ. Э.Малiшэўскi аднёс да г.зв. «Польскiх iнфлянтаў»).
5. Maliszewski E. Bialorus w cyfrach i faktach.— Piotrkow, 1918. S. 17-31.
6. Цыт па: Эбэрхардт. Дэмаграфiчная сiтуацыя на Беларусi. 1897-1989. — Менск: Беларускi фонд Сораса, 1997. — С. 69 (Пры гэтым аўтар сам спасылаецца на працу: Studnicki W. Zarys ekonomiczno-polityczny ziem polnocno-wschodnich. —Wilno, 1922. — S. 31).
7. Лiтоўскi Дзяржаўны гiстарычны архiў (ЛДГА). Ф. 1135, воп. 4, ад.з. 32, а. 85-85 адв. Таксама ёсць звесткi пра нямецкi перапiс 1918 г., вынiкi якога былi засякрэчаныя. Гл.: Romer E. Spis ludnosci na terenach administrowanych przez zarzad cywilny ziem wschodnich (grudzien 1919). —Lwow-Warszawa, 1920. — S. 4).
8. Romer E. Spis ludnosci na terenach administrowanych przez zarzad cywilny ziem wschodnich (grudzien 1919). —Lwow-Warszawa, 1920. — S. 31.
9. Эбэрхардт. Дэмаграфiчная сiтуацыя на Беларусi... С. 71.
10. Смалянчук А. Палякi Беларусi i Лiтвы ў рэвалюцыi 1905-1907 гг. — Гародня: Ратуша, 2000. С. 37.
11. Материалы переписи 1909 г. по 9 западным губ. б.м., б.д.
12. Wakar W. Rozwoj terytoryalny ... S. 55.
13. M. Romer. Litwa wobec wojny (memorial poufny) Zeszyty Historyczne. — Z. 17. — 1970. S. 118.
14. Kurier Krajowy. — 1913. — Nr 50.
15. Там жа. — 1913. — Nr 51.
16. Там жа. — 1913. — Nr 54.
17. Дзённiк М.Ромэра. — Т. 1. — S. 130. Запiс ад 10[23].05.1911 г. (Цытаваныя тамы дзённiка захоўваюцца ў аддзеле рукапiсаў Цэнтральнай бiблiятэкi АН Лiтвы).
18. Напрыклад, Дзённiк М.Ромэра. — Т. 1. — S. 21. Запiс ад 21.01(3.02).1911 г.; Т. 2. — S. 260. Запiс ад 2[15].1912 г.
19. Przeglad Wilenski. — 1912. — Nr 18.
20. Там жа. — 1912. — Nr 22.
21. Дзённiк М.Ромэра. — Т. 1. — S. 300. Запiс ад 20.11(3.12).1914 г.
22. Kurier Krajowy. — 1913. — Nr 54.
23. M. Romer. Litwa wobec wojny. S. 113-115.
24. Беларускi Дзяржаўны архiў-музей лiтаратуры i мастацтва. Ф. 3, воп. 1, ад.з.261, а. 34-35 адв.
25. Дзённiк М.Ромэра. — Т. 1. — S. 300. Запiс ад 20.11(3.12).1914 г.
26. M. Romer. Litwa wobec wojny. S. 95-98.
27. Там жа. S. 104.
28. Sawicki J. «Przeglad Wilenski» w latach 1911-1915 (czesc Ii) Zapiski Historyczne. — T.LX. — Rok 1995. —Zeszyt 1. S. 45.
29. Przeglad Wilenski. — 1912. — Nr 19.
30. Przeglad Wilenski. — 1912. — Numer okazowy.
31. Там жа. — 1912. — Nr 18.
32. Там жа. — 1912. — Nr 19.
33. Там жа. — 1913. — Nr 13-14.
34. Там жа. — 1913. — Nr 24-26.
35. Там жа. — 1913. — Nr 22-23.
36. Там жа. — 1913. — Nr 41-42.
37. Там жа. — 1914. — Nr 1-2. (Для раследавання была створаная з сяброў вiленскiх дэмакратычных груповак польска-беларуская камiсiя. I.Луцкевiч даў паказаннi. У вынiку праведзенага раследавання факт кантактаў I.Луцкевiча з нямецкiмi нацыяналiстамi не быў устаноўлены. Завяршэнню працы камiсii перашкодзiла сусветная вайна.
38. Przeglad Wilenski. — 1914. — Nr 3-4.
39. Kurier Litewski. — 1914. — Nr 22.
40. Дзённiк М.Ромэра. — Т. 4. — S. 301. Запiс ад 21.11(4.12).1914 г. ; Там жа. — S. 304. Запiс ад 24.11(7.12). 1914 г.
41. Jurkiewicz J. Rozwoj polskiej mysli politycznej na Litwie i Bialorusi w latach 1905 - 1922. — Poznan, 1983. S. 87-88
42. Ogniwo. — 1905. — Nr 36.
43. Gursztyn P. Bialorus i Bialorusini w pracach Leona Wasilewskiego . Bialoruskie Zeszyty Historyczne. — 2001. — Nr 15. — S. 56.
44. Gomolka K. Miedzy Polska a Rosja. Bialorus w koncepcjach polskich ugrupowan politycznych 1918-1922. —Warszawa, Warszawska Oficyna wydawnicza, 1994. — S. 17.
45. Wasilewski L. Litwa i jej ludy. — Warszawa, 1907. —S. 49.
46. Gasiorowski W. Pamietniki. S. 29. Zbior Narodowy imienia Ossolinskich. Rkps. 15084/II.
47. Расiйскi Дзяржаўны гiстарычны архiў (РДГА). Ф. 821, воп. 128, ад.з. 977, а. 5-5 адв.
48. Kurier Litewski. — 1907. — Nr 185.
49. Там жа. 1908. Nr 267.
50. Там жа. 1909. Nr 9.
51. Kurier Wilenski. — 1911. — Nr 8.
52. Там жа. — 1911. — Nr 18.
53. Kurier Litewski. — 1908. — Nr 267.
54. Kurier Wilenski. — 1911. — Nr 17.
55. Kurier Litewski. — 1909. — Nr 95.
56. Там жа. — 1908. — Nr 19, 20.
57. Там жа. — 1908. — Nr 44.
58. Там жа. — 1907. — Nr 228.
59. Там жа. — 1907. — Nr 229.
60. Там жа. — 1908. — Nr 180.
61. Там жа. — 1908. — Nr 194.
62. Там жа. — 1908. — Nr 196.
63. Там жа. — 1908. — Nr 202.
64. Там жа. — 1910. — Nr 35.
65. Zukowski W. Polacy i Bialorusini. — Wilno, 1907. —S. 10.
66. Korwin-Milewski H. Uwagi o konflikcie jezykow polskiego i litewskiego w dijecezji Wilenskiej. — Wilno, 1913. —S. 44.
67. Jurkiewicz J. Rozwoj polskiej mysli politycznej... S. 91.
68. Jankowski Cz. Narod Polski i jego Ojczyzna. — Warszawa, 1914. S. 37.
69. Goniec Wilenski. — 1908. — Nr 1.
70. Там жа. — 1908. — Nr 2.
71. Там жа. — 1908. — Nr 42.
72. Там жа. — 1908. — Nr 85.
73. Там жа. — 1908. — Nr 102.
74. Цыт. па: Jurkiewicz J. Rozwoj polskiej mysli politycznej... S. 99.
75. Kurier Litewski. — 1914. — Nr 299.
76. Там жа. — 1912. — Nr 93.
77. Там жа. — 1912. — Nr 97.
78. Там жа. — 1912. — Nr 271.
79. Kurier Litewski. — 1913. — Nr 52, 72.
80. Там жа. — 1912. — Nr 168, 172.
81. Там жа. — 1913. — Nr 83.
82. Gazeta codzie№№a. — 1912. — Nr 252.
83. Там жа. — 1912. — Nr 253.
84. Там жа. — 1912. — Nr 255.
85. Там жа. — 1912. — Nr 290.
86. Там жа. — 1915. — Nr 73, 95 i г.д.
87. Там жа. — 1915. — Nr 76.
88. Litwa i Rus. — 1913. — Zeszyt VI.
89. Nowy Kurier Litewski. — 1916. — Nr 85.
90. Там жа. — 1916. — Nr 350.
91. Там жа. — 1916. — Nr 187.
92. Gomolka K. Miedzy Polska a Rosja... S. 20.
93. Там жа. S. 19.
94. Gursztyn P. Bialorus i Bialorusini w pracach Leona Wasilewskiego... S. 56.
95. Jundzill Z. Z dziejow polskiej mysli politycznej na Litwie historycznej . Niepodleglosc (Londyn). — 1958. S. 77.
96. Наша Нiва. — 1908. — N9.
97. Там жа. — 1911. — N5.
98. Там жа. — 1911. — N27.
99. Там жа. — 1912. — N1.
100. Там жа. — 1913. — N9.
101. Вечерняя газета. — 1913. — N436.
102. Наша Нiва. — 1909. — N13-14.
103. Там жа. — 1910. — №9.
104. Там жа. — 1910. — №30.
105. Там жа. — 1908. — №25.
106. Там жа. — 1910. — №43.
107. Там жа. — 1911. — №27.
108. Там жа. — 1913. — №6.
109. Kurier Krajowy. — 1913. — №206.
110. Наша Нiва. — 1911. — №47-48.
111. Bielarus. — 1915. — №23-24.
112. Наша Нiва. — 1912. — №15-16.
113. Bielarus. — 1914. — №13.
114. Речь. — 1911. — №138.
115. Там жа. — 1911. — №147.
116. Наша Нiва. — 1910. — №47.
117. Там жа. — 1914. — №3, 6.
118. Там жа. — 1910. — №38.
119. Там жа. — 1910. — №46.
120. Там жа. — 1912. — №19-20.
121. Там жа. — 1915. — №10.
122. Наша Нiва. — 1915. — №12-13.
123. Ластоўскi В. Кароткая гiсторыя Беларусi. — Мн.: Унiверсiтэцкае, 1992. С. 5.
124. Там жа. С. 39.
125. Там жа. С. 30.
126. Там жа. С. 64.
127. Там жа. С. 66.
128. Dziennik Petersburgski. — 1910. — N80.
129. БДАМЛIМ. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 131. А. 12.
130. Там жа. А. 16.
131. Homan. — 1917. — Nr 18.
132. Там жа. — 1916. — Nr 4.
133. Там жа. — 1916. — Nr 68.
134. Там жа. — 1916. — Nr 7.
135. Там жа. — 1916. — Nr 23.
136. Там жа. — 1917. — Nr 12.

 
 
Яндекс.Метрика