Аб гiсторыках БССР у часы Вялiкай айчыннай вайны

 

          Вiктар АСТРОГА
          Уладзiмiр КУЗЬМЕНКА  (Мiнск)


Ва ўмовах вайны Савецкага Саюза з фашысцкай Германiяй iнтэлiгенцыя БССР, кадры спецыялiстаў розных прафесiй разам з усiм народам прайшлi праз цяжкiя выпрабаваннi акупацыйнага часу, змагалiся з ворагам на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, у партызанскiх атрадах i шэрагах антыфашысцкага падполля, самааддана працавалi ў савецкiм тыле, паднiмалi з руiнаў эканомiку i культуру Беларусi ў пасляакупацыйны ваенны перыяд. Ваеннымi дарогамi прайшлi i гiсторыкi рэспублiкi. Пэўная iх частка апынулася ў змаганнi на франтах, супрацiўленнi фашызму на акупiраванай нямецкiмi войскамi тэрыторыi.


1.

Сярод тых, хто з пачаткам гiтлераўскага нападу на СССР пайшоў у Чырвоную Армiю, былi людзi рознага ўзросту i квалiфiкацыi, вайсковага досведу. Але ўсе яны, i дабраахвотнiкi i мабiлiзаваныя iмкнулiся аддаць свае сiлы i веды справе разгрому ворага. Сярод гiсторыкаў-франтавiкоў трэба ўзгадаць: кандыдатаў навук Д.А.Дудкова, Я.I.Карнейчыка, I.Ф.Лочмеля,

Я.П.Шлосберга, аспiрантаў —I.А.Гiнзбурга, А.I.Залескага, I.А.Гарбаленю, З.Ю.Капыскага, М.Р.Матусевiча, Г.М.Трухнова, К.I.Шабуню, выпускнiкоў гiстфака Мiнскага педiнстытута, будучых дацэнтаў i прафесараў — К.К.Германа, П.З.Савачкiна, А.I.Сiдарэнку.

Яны, людзi квалiфiкаваныя, з добрай адукацыяй, былi карыснымi ў войску, выкарыстоўвалiся на палiтычных i камандных пасадах. Так, са згаданых 14 чалавек служылi палiтрукамi — 6, афiцэрамi штабу — 2, афiцэрамi разведкi — 2, астатнiя былi на камандных пасадах у пяхоце, артылерыi, авiяцыi, хiмiчнай службе i iнш. Ваенны лёс альбо эпiзоды з яго некаторых з iх патрэб-на выдзелiць асаблiва.

Iсак Гiнзбург, напрыклад, усю вайну з 1941 па 1945 гг. прайшоў палiтруком штрафных батальёнаў. Дзянiс Дудкоў у чэрвенi 1944 г. быў адкамандзiраваны ў гаўбiчную артылерыйскую брыгаду Войска Польскага на Першы Беларускi фронт. Яфрэму Карнейчыку Ваенным Саветам 10-й гвардзейскай армii была выдадзена камандзiроўка ў Маскву ў Белдзяржунiверсiтэт (май 1944г.) для абароны кандыдацкай дысертацыi «Беларускi народ у Айчыннай вайне 1812 г.», напiсанай напярэдаднi вайны [1].

Некаторыя гiсторыкi сталi вядомымi ў партызанскай i падпольнай барацьбе. Так, перадваенны вучоны сакратар iнстытута гiсторыi АН БССР М.С.Махнач з лiстапада 1941 г. уваходзiў у адну з падпольных груп г.Мiнска, працаваў на бiржы працы, забяспечваў падпольшчыкаў дакументамi, накiроўваў на працу на патрэбныя аб’екты. У сакавiку 1944 г. арыштаваны СД i па некаторых дадзеных расстраляны ў Трасцянцы ў чэрвенi таго ж году. М.Р.Матусевiч, камандзiр узвода пяхоты, у вераснi 1941 г. трапiў у акружэнне пад Вязьмай, вярнуўся на Беларусь, знаходзiўся ў Барысаўскiм раёне, у Мiнску, з’яўляючыся падпольшчыкам, дапамагаў партызанам. У чэрвенi 1943 г. увайшоў у склад партызанскай брыгады «Разгром», камандаваў узводам, дыверсiйнай групай атрада «Сцяг». Удзельнiчаў больш чым у 20 баявых аперацыях, разам з сябрамi па зброi знiшчыў 8 нямецкiх эшалонаў [2].

Няскоранасць акупантам правiў i дырэктар Iнстытута гiсторыi АН БССР акадэмiк М.М.Нiкольскi. Пад час зыходу мiнчан з свайго гораду ў чэрвенi 1941 г. ён разам з сям’ёй пешкi спрабаваў дабрацца да Магiлёва, але быў абагнаны нямецкiмi войскамi. Праз пэўны час давялося вярнуцца ў Мiнск. Як пасля сведчыў сам акадэмiк ў адным з дакументаў, «...у немцаў не працаваў, жыў з продажу рэчаў» [3]. У напiсанай пасля вайны аўтабiяграфii гэты перыяд свайго жыцця М.М.Нiкольскi характарызаваў так: «У акупацыi я працягваў навуковую працу па планах

АН БССР, напiсаў дзве вялiкiя манаграфii i сабраў матэрыял для трэццяй. Са студзеня-лютага 1942 г. у мяне завязалася сувязь з партызанамi, якая паступова пашыралася» (4,5).

Фашысты мелi намер выкарыстаць у прапагандысцкiх мэтах iмя акадэмiка, прапаноўвалi яму супрацоўнiцтва [6]. Але iх намаганнi былi марнымi. У жнiўнi 1943 г. М.М.Нiкольскi быў перапраўлены да партызан, а вясной 1944 г. на самалёце — ў Маскву. У згаданай аўтабiяграфii гiсторык пра гэта пiсаў наступным чынам: «1 жнiўня 1943 г. я з сям’ёй трапiў з Мiнска ў партызанскую зону, у якой прабыў (у трох брыгадах: «Разгром», 1-й Мiнскай i iмя Лазо [7] да 9 сакавiка 1944 г., калi быў эвакуiраваны з сям’ёй у савецкi тыл» [8].

У партызанскай зоне акадэмiк якраз i скончыў рукапiс прыгаданых вышэй манаграфiй. Iм былi падрыхтаваны кнiгi «Частное землевладение и землепользование в древнем Двуречье» i «Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов (кнiгi апублiкаваны ў 1948 г.). Знаходзячыся сярод партызан, знакамiты гiсторык вельмi хваляваўся за сваю працу i прасiў: «У выпадку, калi я не дажыву да радаснай сустрэчы з Вялiкай Зямлёй... прыняць усе захады па дастаўцы... рукапiсаў у Маскву, у Акадэмiю навук» [9].


2.

Многiя гiсторыкi змаглi эвакуiравацца ў тылавыя раёны СССР. Эвакуацыя праходзiла ў цяжкiх умовах, з-за iмклiвага наступлення нямецка-фашысцкiх войскаў навукова-даследчыя i навучальныя ўстановы выехаць на ўсход змаглi толькi ў невялiкай сваёй частцы (з ВНУ — толькi 6). З Мiнска, напрыклад, кiраўнiцтва АН БССР дало ўстаноўку супрацоўнiкам самастойна выязджаць цi выходзiць, групамi цi сам па сабе iм давялося прабiвацца на ўсход. Такiм жа чынам ратавалiся выкладчыкi ВНУ беларускай сталiцы. Больш арганiзавана праходзiла эвакуацыя ў Вiцебскай, Магiлёўскай, Палескай i Гомельскай абласцях, з усходнiх рэгiёнаў Беларусi.

Некаму пашчасцiла дабрацца да новага месца знаходжання больш-менш удала. Iншыя прайшлi праз сур’ёзныя эвакуацыйныя выпрабаваннi, як, напрыклад, дацэнт Аршанскага настаўнiцкага iнстытута А.I.Воранава, якую разам з сям’ёй (вельмi хворы муж i чацвёра дзяцей) фронт увесь час наганяў на месцах спынення i ўладкавання (давялося ёй разам з роднымi прайсцi i праз пекла Сталiнграда) [10].

У вынiку разнастайных абставiн гiсторыкi з АН БССР i ВНУ рэспублiкi апынулiся ў самых розных рэгiёнах СССР. На май 1942 г. па архiўных звестках яны знаходзiлiся амаль у 10 месцах. Напрыклад, былыя выкладчыкi БДУ i Мiнскага педiнстытута: Л.I.Каган у Ташкенце, Г.М.Лiўшыц у Кзыл-Ардзе, У.М.Перцаў у Iжэўску, А.П.П’янкоў у Молатаве, I.С.Чымбург у Свярдлоўску, У.I.Шаўчэнка ў Ёшкар-Але, Л.М.Шнеерсон у Нiжнiм Тагiле i г.д. [11]. К.М.Палiкарповiч уладкаваўся на працу геолагам у Цэнтральна-Казахстанскай вобласцi Казахскай ССР, пад час экспедыцый праводзiў i археалагiчныя даследаваннi, у 1941 г. выявiў адну стаянку чалавека часоў неалiту i бронзы i звыш 30 — у 1942 г. [12,13]. Аднак найбольш значная група навукоўцаў згодна рашэння Савета па эвакуацыi пры СНК СССР сканцэнтравалася ў Ташкенце.

У студзенi 1942 г. тут адбылося першае пасля эвакуацыi з Мiнску пасяджэнне Прэзiдыума

АН БССР, на якiм было прынята рашэнне аднавiць працу Акадэмii i ўсталяваць сувязi з навуковымi супрацоўнiкамi, якiя апынулiся ў iншых рэгiёнах. У Ташкенце пачала працаваць акадэмiчная гiстарычная група [14]. У хуткiм часе было вырашана акрамя ўласных доследаў аказваць усялякую падтрымку ўзбецкiм калегам. Так, у галiне гiсторыi гэтай рэспублiкi, мелi намер працаваць акадэмiкi У.I.Пiчэта i У.М.Перцаў. У прыватнасцi, распачыналася праца па складанню трохтомнiка «Гiсторыя народаў Узбекiстану» [15].

У цяжкiх матэрыяльных, побытавых умовах эвакуацыi гiсторыкi з Беларусi актыўна ўдзельнiчалi ў агiтацыйна-прапагандысцкай рабоце, узнiмалi пытаннi асэнсавання ваеннай гiсторыi розных часоў, iмкнулiся дапамагчы ў мабiлiзацыi духоўных сiл народаў СССР (у тым лiку i беларускага) у змаганнi з фашысцкай навалай, выкрывалi сутнасць планаў Гiтлера i яго акружэння. Гэтаму служылi публiкацыi ў перыядычным друку [16], планавая тэматыка даследаванняў. Так, акадэмiк У.М.Перцаў рыхтаваў працу «Прусiя да яе заваёвы немцамi», а на сакавiцкай сесii АН БССР выступiў з дакладам «Фашызм i сярэднявечча». М.Я.Грынблат у 1942 i 1943 гг. выконваў тэму «Славянскiя народы пра немцаў (гiсторыка-фальклорна-этнаграфiчны нарыс)» [17]. Акадэмiк У.I.Пiчэта i старшы навуковы супрацоўнiк К.М.Палiкарповiч распрацоўвалi тэму «Гiсторыя культуры беларускага народа» [18]. З 1942 г. распачала працу створаная ўрадам БССР камiсiя па вывучэнню гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. У яе задачу ўваходзiлi збор i абагульненне матэрыялаў па барацьбе беларускага народа супраць фашызму.

Паступова беларуская гiстарычная навука i ў эвакуацыйных умовах прыходзiла ва ўсё больш прымальны стан. Асаблiва выразна праявiлася гэта з вясны 1943 г., пасля пераезду структур АН БССР у Маскву, аднаўлення рэгулярнай працы яе аддзяленняў. У сталiцы СССР з чэрвеня 1944 г. распачаў таксама сваю працу Iнстытут гiсторыi беларускай Акадэмii (у штаце было зацверджана ўсяго 10 навуковых супрацоўнiкаў [16]; праз паўгода, у студзенi 1945 г. iх налiчвалася 20, у тым лiку 11 старшых навуковых супрацоўнiкаў) [20,21].

У нястачах i выпрабаваннях жылi i працавалi ў тылавых раёнах СССР i выкладчыкi беларускiх ВНУ. Ужо ў 1942 г. ЦК КП(б)Б i СНК БССР пачалi падрыхтоўчыя мерапрыемствы па аднаўленню ў эвакуацыi некаторых ВНУ рэспублiкi. Адшуквалiся размеценыя вайной па розных мясцовасцях вялiкай краiны выкладчыкi, у тым лiку i гiсторыкi, складалiся рэзервовыя спiсы. У 1943 г. на станцыi Сходня пад Масквой была адноўлена дзейнасць БДУ у складзе шасцi факультэтаў, у тым лiку i гiстарычнага. На 25 мая 1943 г. на гiстфаку БДУ, якi рыхтаваўся да адкрыцця, лiчылiся адшуканымi сем выкладчыкаў. Увосень, калi унiверсiтэт ужо працаваў, iх паболела. Адных толькi спецыялiстаў па ўсеагульнай гiсторыi налiчвалася 5 чалавек: У.Перцаў, В.Шаўчэнка, Л.Шнеерсон, Г.Яфiмаў, I.Хануцiн [22]. З 1 верасня 1944 г. у БДУ аднавiла падрыхтоўку гiсторыкаў аспiрантура [23].

Рыхтавалiся i абаранялiся дысертацыi. Так, В.I.Шаўчэнка ў 1943 г. прадставiў да абароны кандыдацкую дысертацыю «Залаты век у мiфалогii Старажытнай Грэцыi» [24], у сакавiку 1945 г. у Маскве кандыдацкую дысертацыю «Да пытання аб заходняй этнаграфiчнай мяжы беларусаў» абаранiў М.Я.Грынблат [25]. У гады вайны былi падрыхтаваны дысертацыi Р.А.Нiкольскай («Афiнская дэмакратыя рабаўладальнiкаў»), Л.М.Шнеерсона («Франка-пруская вайна 1870-1871 гг. i руская грамадская думка») [26]. Апошнi гiсторык, дарэчы, перад самай вайной ужо меў рукапiс кандыдацкай дысертацыi на iншую тэму, але яна ў 1941 г. загiнула ў Мiнску. Такi ж лёс напаткаў з пачаткам Вялiкай Айчыннай вайны шэраг дысертацый, падрыхтаваных да абароны некаторымi маладымi гiсторыкамi з БДУ i Мiнскага педагагiчнага iнстытута [27].


3.

З 1943 г. найбольш падрыхтаванымi гiсторыкамi былi зноў распачаты намаганнi па стварэнню буйной калектыўнай працы «Гiсторыя Беларусi». Такi твор быў задуманы яшчэ ў 30-я гады, яго ад гiсторыкаў патрабавалi ўлады. З 1936 г. у Iнстытуце гiсторыi АН БССР пачалася падрыхтоўчая праца па напiсанню агульнага нарыса па гiсторыi Беларусi [28]. Аднак, гiсторыю беларускага народа патрабавалася выкласцi ў тагачаснай бальшавiцкай iдэалагiчнай трактоўцы. Добра вядома i агульная грамадска-палiтычная абстаноўка другой паловы 30-х гадоў у БССР. Таму згаданая праца стваралася цяжка. У 1949 г. у адным з дакументаў, што тычыўся АН БССР, аб гэтым гаварылася так (вытрымкa ў арыгiнале, на рускай мове): «В последние годы перед Великой Оте-чественной войной после удаления из Института истории врагов народа в работе над общим обзором истории Белоруссии были достигнуты некоторые результаты. Война, однако, помешала закончить начатые работы, а подготовленные материалы большей частью погибли» [29].

Выступаючы ў Маскве на сесii АН БССР у студзенi 1944 г., прысвечанай юбiлею БССР, з дакладам «Гiстарычная навука БССР за 25 гадоў», акадэмiк У.М.Перцаў гаварыў аб тым, што ў гады вайны пачаў стварацца аднатомнiк па гiсторыi Беларусi, якi адначасова павiнен стаць i падручнiкам для ВНУ, а таксама «кнiгай для чытання для шырокiх колаў беларускай грамадскасцi». Па сведчанню акадэмiка яго меркавалi скласцi i выдаць у магчыма кароткi тэрмiн, каб ён быў гатовы да пачатку 1944/45 навучальнага года [30]. Аднатомнiк стаяў у плане выданняў АН БССР на восень 1944 г., iснаваў праект пастановы бюро ЦК КП(б)Б аб яго падрыхтоўцы i выданнi (тэрмiн — лiстапад 1944 г.; тыраж —50 тыс.экз.), у гэтым дакуменце вызначаўся аўтарскi калектыў i рэдакцыйная камiсiя [31]. Акрэсленыя тэрмiны, аднак, былi сарваныя (па розных прычынах, вiдаць таксама i па тых, аб якiх будзем пiсаць нiжэй).

Паралельна распачыналася работа па падрыхтоўцы грунтоўнай трохтомнай працы па гiсторыi Беларусi. З ухiлам, патрэбным бальшавiцкаму кiраўнiцтву БССР. Як павiнны гiсторыкi напiсаць гэтыя творы, непасрэдна дыктавалася з ЦК КП(б)Б. Iдэалагiчная канцэпцыя аднатомнiка, якi планаваўся памерам у 32 д.а., у сцiслым выглядзе акрэслiвалася такiм чынам (цытату дадзiм зноў у арыгiнале): «Работа должна возбудить национальную гордость белорусского народа, показать его путь от эпохи первобытно-общинного строя, в борьбе с иноземными захватчиками и классовыми врагами, во взаимодействии и дружбе с великим русским народом и украинским народом к счастливой сталинской эпохе» [32].

Тымi, хто не пагаджаўся, спрабаваў адстойваць сваё бачанне навуковай iсцiны, «займалiся» (глядзi нiжэй) партыйныя i iншыя органы. Так атрымалася, найперш, з буйнейшым знаўцам славянскай, айчыннай гiсторыi (з 1928 г. — акадэмiк АН БССР, з 1939 г. — чл.-кар. АН СССР) У.I.Пiчэтам, якi ў 30-я гады ХХ ст. ужо пацярпеў ад пераследу, але навуковую прынцыповасць i адказнасць ва ўгоду ўладзе не адкiнуў.

У.I.Пiчэта актыўна ўдзельнiчаў у працы па напiсанню як аднатомнай, так i трохтомнай гiсторыi Беларусi [33]. У прыватнасцi, у справаздачы аб дзейнасцi АН БССР у 1944 годзе гаварылася аб тым, што iм на 31.12.1944 г. для аднатомнiка напiсаны i здадзены ў дырэкцыю Iнстытута гiсторыi главы «Беларусь у другой палове ХVI стагоддзя» i «Беларусь у першай палове ХVII стагоддзя», што яшчэ некалькi глаў выконваюцца i будуць здадзены гатовымi на працягу студзеня-лютага 1945 г. [34].

Аднак, як вядома, у выданнях буйных пасляваенных калектыўных прац па гiсторыi БССР iмя У.I.Пiчэты не прысутнiчае. Бо, пачынаючы з лютаўскага Пленума ЦК КП(б)Б 1945 г. была разгорнута сапраўдная траўля на Беларусi гэтага буйнога вучонага. Справа ў тым, што акадэмiк Пiчэта меў сваю пазiцыю ў навуцы, глыбокае веданне гiсторыi беларускага народа, якiя не хаваючыся выказваў. I гэтыя выказваннi не вельмi стасавалiся з той жорсткай iдэалагiчнай схемай, што спускалася гiсторыкам-выканаўцам ЦК КП(б)Б. Вiдаць не маглi спадабацца ў бальшавiцкiх вярхах наступныя высновы, да якiх ён прыходзiў у сваiх даследаваннях.

У прыватнасцi, у справаздачы АН БССР за 1943 г. гаварылася: «Он указывает, что культура белорусского народа, выходя из общих корней с культурой Украины и Руси... испытывая на себе влияние Московской Руси, она в то же время... оказывала на неё своё влияние. Европейские гуманистические и реформационные движения нашли в ней своё отражение, и здесь основным источником белорусского гуманизма... были причины местного национального характера. Подчеркивание самобытности белорусской культуры и является той новизной, которую академик В.И.Пичета вносит в свою работу» [35].

У справаздачы АН БССР за 1944 год пры характарыстыцы выканання планавай тэмы У.I.Пiчэты «Гiсторыя беларускай культуры ХVI-ХVII стагоддзяў» таксама падкрэслiвалася: «Основная задача работы заключается в установлении самостоятельного характера белорусской культуры и выяснении взаимного переплетения культурных влияний Москвы на Белоруссию и Белоруссии на Москву» [36]. Зразумела, з тэорыяй «старэйшага брата», «вызначальнай ролi» для ўсiх усходнiх славян культуры Маскоўскай Русi, Расii гэта спалучалася дрэнна.


4.

Таго, хто не пагаджаўся з афiцыйнымi iдэалагiчнымi ўстаноўкамi, спачуваючых яго поглядам, вырашылi «паставiць на месца». На лютаўскiм 1945 г. Пленуме ЦК КП(б)Б у Мiнску П.К.Панамарэнка запатрабаваў стварэння «марксистски обосновательной истории белорусского народа» [37]. Перад палiтычнай элiтай БССР, што сабралася на пленум, выпрацаваную пазiцыю па гiстарычных пытаннях ён акрэслiў наступным чынам: «ЦК ещё до войны серьёзно занимался созданием учебника, краткого курса по истории Белоруссии. Руководящим работникам ЦК... приходилось ряд лет систематически заниматься вопросами истории и товарищами, которые занимались историей... Мы должны на идеологическом фронте вести непримиримую борьбу... с проникновением всяких вражеских идей в область нашей истории... Они, эти вражеские идеи, ещё остаются кое у кого и сейчас, с ними нужно бороться, носителей их нужно разоблачать» [38].

Пасля гэтага, прапагандысцкi адстойваючы прарасiйскi погляд на феадальны перыяд гiсторыi Беларусi, П.К.Панамарэнка абрынуўся з жорсткай крытыкай на У.I.Пiчэту. З трыбуны Пленума ЦК першай асобай ва ўладзе рэспублiкi агалошваўся змест прыватных размоў, у дадзеным выпадку ў кулуарах Акадэмii навук, iншых месцах [39] (трэба аддаць належнае смеласцi У.I.Пiчэты ў адстойваннi ў такiх зносiнах сваiх навуковых поглядаў), публiчна аналiзавалiся i атакавалiся працы i заявы акадэмiка, вучоны кляймiўся за ўпартасць у сваёй пазiцыi. Сакратар ЦК КП(б)Б У.Н.Малiн, выступаючы на пленуме з дакладам, таксама запатрабаваў «... до конца разоблачить антимарксистские извращения и вражескую контрабанду буржуазно-националистического характера в исторических вопросах, имеющихся в работах отдельных историков» [40].

У 1946 г., калi ўжо выйшла нарэшце кнiга «История БССР. Вып. I», у адным з дакументаў ЦК КП(б)Б зноў знайшоў сваё адлюстраванне пераслед славутага гiсторыка: «В выступлениях руководящих партийных работников, в подготовленных к изданию трудах по истории Белоруссии разоблачается вражеская контрабанда буржуазно-националистического порядка в исторических вопросах, имеющаяся в работах отдельных историков (Пичета)...» [41].

Так абыходзiўся тагачасны партыйна-дзяржаўны апарат з буйным вучоным, нязгодным з афiцыёзнай падгонкай гiстарычных фактаў, звестак з мiнулага беларускага народа пад зададзеную iдэалагiчную схему. Вiдаць, маюць рацыю тыя даследчыкi, якiя лiчаць, што ў другой палове 40-х гадоў ХХ стагоддзя У.I.Пiчэту (ён стала працаваў у Маскве i нават быў абраны ў 1946 г. акадэмiкам АН СССР; у асяроддзi навуковай грамадскасцi саюзнага ўзроўню яго цанiлi i абаранялi) ад новых «буйных непрыемнасцяў» «выратавала» толькi заўчасная смерць [42].

Такiм чынам, можна канстатаваць, што ў 1941-1945 гг. гiсторыкi БССР разам з народам годна прайшлi праз выпрабаваннi вайны. Прадстаўнiкi прафесiйнага гiстарычнага цэху здабывалi перамогу над фашызмам на франтах i ў барацьбе на акупiраванай ворагам тэрыторыi, сваёй працай у эвакуацыi, публiкацыямi, удзелам у агiтацыйнай рабоце духоўна падмацоўвалi змагароў з гiтлерызмам. Нягледзячы на ўсе нягоды i цяжкасцi ваеннага часу невялiкая група найбольш квалiфiкаваных даследчыкаў працягвала свае вышукi ў галiне айчыннай i сусветнай гiсторыi. У савецкiм тыле навучалi студэнтаў, хоць у невялiкай колькасцi, але падрыхтоўвалiся i абаранялiся дысертацыi.

Ваенныя гады, аднак, былi часам працягу той унутрыграмадскай палiтыкi бальшавiзму, што праводзiлася ў папярэднiм дзесяцiгоддзi. Таму i даводзiцца гаварыць у артыкуле пра гiсторыкаў з Беларусi, якiя знаходзiлiся i гiнулi ў ГУЛАГу. У гэты перыяд працягваў прымяняцца цiск на кадры спецыялiстаў-гiсторыкаў, шальмаванне i запалохванне тых, хто пасмеў мець погляды, якiя не супадалi з афiцыйнымi (такiх адважных у рэшце рэшт i не заставалася). Не даводзiцца здзiўляцца, што ў гэтых абставiнах буйная абагульняючая праца, якая патрабавалася, больш-менш сiстэматычны курс беларускай гiсторыi (выкладзены, зразумела, з пазiцый патрэбных уладам) у БССР змаглi выпусцiць толькi ў 50-я гады ХХ стагоддзя.

 

          Лiтаратура i заўвагi:

1. Военные судьбы. Сотрудники АН Беларуси - участники Великой Отечественной войны. Мн., 1995. С. 18, 19, 22, 23, 30.
2. Там сама, с. 42, 38, 39; Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929-1945). Мн., 1988. С. 133; Цэнтральны навуковы архiў НАНБ (ЦНА НАНБ), ф. 2, воп. 1, спр. 507.
3. ЦНА НАНБ, ф. 2, воп. 1, спр. 3502, л. 2.4. Там сама, л. 6.
5. У гэтым дапамогу аказала былая аспiрантка БДУ, партызанская сувязная З.Завiстовiч.
6. Iнстытут гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi (Да 70-годдзя ўтварэння). Мн., 1999, с. 19.
7. Памылка. М.М.Нiкольскi знаходзiўся ў партызанскiм атрадзе iмя С.Лазо брыгады «За Савецкую Беларусь» Мiнскай вобласцi.
8. ЦНА НАНБ, ф. 2, воп. 1, спр. 3502, л. 6.
9. Ботвинник М., Н.М. Никольский. Мн., 1967, с. 128.10. Архiў Iнстытута гiсторыi НАНБ, ф. 4, воп. 3, спр. 3.
11. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (НАРБ), ф. 205, воп. 5, спр. 58, л. 1.
12. ЦНА НАНБ, ф. 2, воп. 1, спр. 4204, л. 6, 11, 80; ЭГБ, т. 5, Мн., 1999, с. 388.
13. Трэба памятаць i аб тым, што пэўная колькасць беларускiх навукоўцаў у гэты час па палiтычных матывах, у вынiку неабгрунтаваных масавых рэпрэсiй 30-х гадоў знаходзiлiся ў паднявольным стане ў глыбiнных раёнах СССР, працуючы ў сiстэме ГУЛАГу (Возвращенные имена. Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992, с. 16, 42, 58, 73, 90, 97, 99, 100, 113). У лютым 1942 г. у Краслагу, адбываючы пакаранне, памёр кандыдат гiстарычных навук К.I.Кернажыцкi. У гэтым жа годзе пойшоў з жыцця ў знаволеннi (Казахстан) аўтар работ па гiсторыi беларускiх гарадоў перыяду феадалiзму, археолаг, крынiцазнаўца Д.I.Даўгяла.
14. ЦНА НАНБ, ф. 1, воп. 1, спр. 94, л. 1.
15. Косько М. И. Белоруссия и Узбекистан. Мн., 1970, с. 106.
16. Адзначым толькi ў 1943 г. такiя публiкацыi як «Аляксандр Неўскi», «Дзмiтрый Данскi», «Мiхаiл Кутузаў», «Аповесць аб продку сучасных фвшыстаў» акадэмiка У.М.Перцава, «Барацьба рускага народа з нямецкай агрэсiяй у ХII-ХIII стагоддзях», «Нямецкая агрэсiўная палiтыка ў ХVII-ХVIII стагоддзях» акадэмiка У.I.Пiчэты. У падрыхтаваны ў 1943 г. да друку акадэмiчны том «Весцi Аддзялення грамадскiх навук» У.I.Пiчэта уключыў сваю працу «Беларускi народ у Айчыннай вайне 1812». (НАРБ, ф. 4, воп. 17, спр. 63, л. 215, 216).
17. ЦНА НАНБ, ф. 2, воп. 1, спр. 362, л. 6-8; НАРБ, ф. 4, воп. 17, спр. 63, л. 213.
18. Там сама, л. 207.
19. Iнстытут гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi (Да 70-годдзя ўтварэння). Мн., 1999, с. 18.
20. ЦНА НАНБ, ф. 1, воп. 1, спр. 502, л. 27.
21. Нагадаем, што распрацоўкай гiсторыi Беларусi ў гэты час займалася i такая навуковая ўстанова як партыйны архiў ЦК КП(б)Б. У гады вайны iм рыхтаваўся да друку шэраг гiстарычных прац, галоўным чынам па савецкаму перыяду. (НАРБ, ф. 4, воп. 20, спр. 217, л. 521-524, 556).
22. НАРБ, ф. 205, воп. 5, спр. 58, л. 6.
23. Там сама, л. 132.
24. ЦНА НАНБ, ф. 3, воп. 1, спр. 3, л. 61.
25. Там сама, ф. 2, воп. 1, спр., 362, л. 8.
26. Навука ў Беларускай ССР за 40 год. Мн., 1958, с. 72.
27. ЦНА НАНБ, ф. 3, воп. 1, спр. 3, л. 61.
28. Наука в БССР за 30 лет. Мн., 1949, с. 463.
29. ЦНА НАНБ, ф. 2, воп. 1, спр. 1526, л. 81.
30. Там сама, ф. 3, воп. 1, спр. 3, л. 57, 58; ф. 1, воп. 1, спр. 92, л. 6.
31. НАРБ, ф. 4, воп. 47, спр. 5, л. 198, 206.
32. ЦНА НАНБ, ф. 1, воп. 1, спр. 92, л. 14.
33. Там сама, ф. 3, воп. 1, спр. 3, л. 57, 58.
34. Там сама, ф. 1, воп. 1, спр. 92, л. 14.
35. НАРБ, ф. 4, воп. 17, спр. 63, л. 209.
36. ЦНА НАНБ, ф. 1, воп. 1, спр. 92, л. 14.
37. НАРБ, ф. 4, воп. 20, спр. 217, л. 562.
38. Там сама, л. 556.
39. Пасля вызвалення са зняволення ў другой палове 30-х гадоў i, як бачым, у ваенны час i ў Маскве i ў Мiнску У.I.Пiчэта знаходзiўся под наглядам НКУС, за яго кантактамi, размовамi, працай сачылi iнфарматары. («Контррэвалюцыйнай дзейнасцi не спынiў...» Акадэмiк Уладзiмiр Пiчэта ў iнфармацыях НКУС. Платонаў Расцiслаў. Лёсы. Гiсторыка-дакументальныя нарысы аб людзях i малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусi 20-30-х гадоў. Мн., 1998).
40. НАРБ, ф. 4, воп. 29, спр. 83, л. 40.
41. Там сама, воп. 47, спр. 84, л. 340.
42. Горяинов А. Н. Трагическая страница биографии В.И.Пичеты в свете одной стенограммы 1928 года // Славяноведение, 2002, № 1, с. 70.

 
 
Яндекс.Метрика