Узнагароды за настаўнiцкую працу

 

          Валянцiна АСТРОГА (Мiнск).


У другой палове ХIХ — пачатку ХХ стст. настаўнiцтва складала асноўную частку iтэлiгенцыi Беларусi. Разам з тым, дарэвалюцыйныя пачатковыя школы адчувалi востры недахоп педагагiчных кадраў. Гэта тлумачылася не толькi нязначнай колькасцю педагагiчных навучальных устаноў, але i прынiжаным прававым статусам, нездавальняючым матэрыяльным становiшчам народнага настаўнiка. Нават у 1913 г. у Магiлёўскай губернi колькасць працуючых у школах без спецыяльнай падрыхтоўкi даходзiла да 80% [1].

На мяжы стагоддзяў за сваю цяжкую працу настаўнiкi народных школ з розных крынiц у суме атрымлiвалi 180 — 250 руб. у год (здаралася, што частку грошай замяняла «ссыпка» — плата зярном, бульбай). У 1905-1910 гг. толькi невялiкi працэнт настаўнiкаў атрымлiваў 300 р. [2]. I зусiм нямногiя 360 р. Зразумела, што нават для больш-менш прыстойнага жыцця, асаблiва сямейным, гэтага не хапала. Прашэннi аб адзiначасовай дапамозе на лячэнне, выхаванне i адукацыю дзяцей i, навогул, у сувязi «з крайняй беднасцю», «вельмi цяжкiм матэрыяльным становiшчам» настаўнiкi падавалi ў Дырэкцыi народных вучылiшчаў i педагагiчныя таварыствы ўзаемнай дапамогi. Памеры такiх грашовых падтрымак звычайна вагалiся ў памеры 20-50 рублёў.

Так, настаўнiк П.Судзiлоўскi з Пуцiмльскага народнага вучылiшча Клiмавiцкага павета быў «вымушаны пакорна прасiць за службу хоць малую грашовую дапамогу ва ўзнагароду, iнакш павiнен буду выкарыстаць другiя сродкi на ўтрыманне сябе з маiм сямействам, якое складаецца з шасцi душ, але не губляю надзеi» [3]. Спiскi з хадайнiцтвам перад Папячыцелем Вiленскай навучальнай акругi аб грашовых узнагародах складалi iнспектары народных вучылiшчаў. Па iнструкцыi 1871 г. менавiта яны павiнны былi сачыць за асабовым складам настаўнiкаў, iх адукацыяй, маральнымi якасцямi, тым, цi атрымлiваюць яны «дастойную ўзнагароду за труды свае».

Але грошы выдавалiся не толькi як матэрыяльная дапамога, а яшчэ i як узнагарода за плённую працу, прычым неаднаразова. Напрыклад, настаўнiк Палыкаўскага вучылiшча Магiлёўскага павета з 1888 па 1905 г. дзевяць разоў прымаў такiя заахвочваннi ў памеры ад 15 да 25 рублёў i яшчэ меў медаль за працу па першаму ўсеагульнаму перапiсу насельнiцтва 1897 г. [4].

У пачатку ХХ стагоддзя пачалi адзначацца 25-40-гадовыя юбiлеi працоўнай дзейнасцi некаторых народных настаўнiкаў. На такiх урачыстасцях звычайна прысутнiчалi iнспектар, мясцовая грамадскасць, настаўнiкi суседнiх народных вучылiшчаў, прадстаўнiкi валасных упраўленняў, бацькi i дзецi. У царкве адбывалася служба, а потым гучалi вiншаваннi i ўручалiся падарункi. Так, Iвану Аўсюку, якi адпрацаваў пасля заканчэння Маладзечанскай настаўнiцкай семiнарыi 40 гадоў, зачыталi прывiтанне ад Папячыцеля акругi i ўручылi грашовую ўзнагароду ў памеры 200 руб.,

а iнспектар — ад саслужыўцаў народных настаўнiкаў — каштоўны падарунак — залатыя часы. [5]

Заахвочваннi маглi выражацца i ў дараваннi сярэбраных цi залатых медалёў з надпiсам «За стараннасць» на Аляксандраўскай стужцы для нашэння на грудзях асобам, звярнуўшым на сябе ўвагу ў справе народнай адукацыi. На пасяджэннi вучылiшчных Саветаў Дырэкцый разглядалiся справаздачы iнспектароў i iх асабiстыя заявы, дзе значылiся прозвiшчы настаўнiкаў, якiя вызначылiся працаздольнасцю i стараннасцю ў справе вядзення вучэбнавыхаваўчай часткi пры бездакорных маральных якасцях, паставiлi даверанае iм вучылiшча ў выдатнае становiшча ва ўсiх адносiнах i праслужылi ў чыне настаўнiка 10 i больш гадоў.

У 1906 г., напрыклад, у спiсах Магiлёўскай Дырэкцыi народных вучылiшчаў значылiся прозвiшчы 26 настаўнiкаў, прадстаўленых да ўзнагарод, з якiх 24 сельскiя, а ў 1907 годзе ўдастоеных было 22 i адпаведна 15 — настаўнiкi вясковых школ. Сярод iх Я.Саковiч, Дз. Траскоўскi, А.Белабржэцкi, С.Драбышэўскi i iнш. [6]. Такi ж медаль i 150 руб. узнагароды ўручылi М.I.Круку — настаўнiку Сухавольскага прыходскага вучылiшча ў сувязi з 25-гадовым юбiлеем працоўнай дзейнасцi [7]. А настаўнiку I.Паклонаву па прадстаўленнi iнспектара 4 участка Магiлёўскай дырэкцыi народных вучылiшчаў быў уручаны залаты медаль «За стараннасць» як праслужыўшаму больш за 30 год [8].

«Вучачыя» сельскiх школ з лiку былых выхаванцаў настаўнiцкiх семiнарый за паспяховае выкананне на працягу 12 i больш гадоў абавязкаў настаўнiка маглi быць удастоены звання аса-бiстага ганаровага грамадзянiна. Так, напрыклад, быў адзначаны К.Гарбачоў з Кошалёўскага ву-чылiшча Рагачоўскага павета [9] i I.С.Суецкi з Кумельскага вучылiшча Гродзенскай губернi ў су-вязi з 25-годдзем выкладчыцкай дзейнасцi. Прычым акрамя гэтага ганаровага звання Суецкi быў удастоены i медаля «За стараннасць» i грашовай дапамогi ў памеры палавiны гадавога аклада [10].

А ў 1911 годзе выйшла распараджэнне Папячыцеля Вiленскай навучальнай акругi, якi выконваў Указ Сената аб аб’яўленнi даравання чына спадчыннага ганаровага грамадзянiна для працуючых у галiне адукацыi па Мiнскай губернi. Сярод усiх узнагароджаных было 5 настаўнiкаў з вясковых народных вучылiшчаў: Сухавiцкага — Ю.Астроўскi, Любашэўскага —А.Марцiшэнка, Церабяжоўскага — I.Крук, Дзярновiцкага — П.Пiсарэвiч i Мiкулiцкага — А.Iалоб [11]. За грамату на спадчыннае грамадзянства ў казну плацiлi 30 руб. пошлiны, а за асабiстае — 15 руб.

Трэба адзначыць, што званне «ганаровы грамадзянiн» з 1832г. было прывелiяваным тытулам для асоб, якiя належалi да саслоўяў мяшчан i духавенства. З другой паловы XIX стагоддзя гэтае званне пачалi прысвойваць i дзеячам навукi i культуры з iншых саслоўяў за грамадска-карысную працу (за 10 год — асабiстае, за 20 — спадчыннае). Усе ганаровыя грамадзяне вызвалялiся ад рэкруцкай павiннасцi, падушных падаткаў, цялесных пакаранняў, мелi права ўдзелу ў гарадскiм самакiраваннi.

Iснавалi ў Расiйскай iмперыi i Найвышэйшыя ўзнагароды па грамадзянскаму ведамству, да якога належала i Мiнiстэрства Народнай Адукацыi. Так, 1 студзеня 1914 г. быў падпiсаны Указ аб узнагароджваннi ардэнамi Святой Ганны 1-й, 2-й i 3-й ступенi, роўнаапостальнага князя Уладзiмiра 3-й i 4-й ступенi i Святога Станiслава 1-й, 2-й i 3-й ступенi. Такiя высокiя ўзнагароды атрымлiвалi, ў асноўным, дырэктары гiмназiй, настаўнiцкiх семiнарый, гарадскiх рэальных вучылiшчаў, законанастаўнiкi, а таксама выкладчыкi сярэднiх навучальных устаноў.

У гэтым спiсе былi прозвiшчы чатырох местачковых i сельскiх настаўнiкаў Мiнскай губернi , узнагароджаных ордэнам Св.Станiслава 3-й ступенi: I.Папоў — настаўнiк Нова-Вiлейскага прыходскага вучылiшча, I.Шостак — Слабоцкага, П.Лiпiнскi — Рэтаўскага i П.Назараў — Сяцкага [12]. Ордэн Св.Станiслава быў заснаваны яшчэ ў 1765 г. польскiм каралём Станiславам Аўгустам Панятоўскiм, а ў 1831 г. Мiкалай I далучыў ордэн да расiйскiх узнагарод. Ён меў форму крыжа мальтыйскага тыпу з шарыкамi на канцах i дужкамi, якiя перакрывалi прагiбы з арламi па вуглах. У цэнтры крыжа змяшчаўся вензэль з дзвюх S (Св.Станiслаў). Дэвiз ордэна быў «Узнагароджваючы, заахвочвае», а стужка —чырвоная з двайной белай каймой [13].

Ганаровымi былi для народных настаўнiкаў i падзякi: Найвышэйшая ад Мiнiстра Народнай Асветы, ад Папячыцеля Вiленскай навучальнай акругi, а таксама ад вучылiшчных саветаў Дырэкцый «за прыкладна-старанную i карысную дзейнасць». Так, 19 народных настаўнiкаў Магiлёўскай губернi за 1901/02 навучальны год атрымалi пiсьмовую падзяку ад Папячыцеля (cярод iх — А.Цiтовiч, З.Паплоў, Л.Успенская, Д.Свiдэрская, С.Гарчан).

Паспяховасць працы сельскага настаўнiка, яго аўтарытэт у многiм залежаў ад таго, як складвалiся яго адносiны з мясцовым святаром i сялянскай грамадскасцю. Праблема ўзаемаадносiн настаўнiка i святара, iх скаргi i абвiнавачваннi, нават судзебныя справы, як сведчаць архiўныя матэрыялы — вельмi частая з’ява канца ХIХ —пачатку ХХ стагоддзяў. Шчаслiвым быў той настаўнiк, якi ўжываўся i сябраваў са сваiм калегай-законавучыцелем. Для гэтага трэба было прыкласцi шмат намаганняў: пакорнасць, паслухмянасць, дапамога, а лепш за ўсё — стварэнне царкоўнага хора. Так, святар Гаўрыiнскай Св.-Пакроўскай царквы I.Матыскi выказваў Магiлёўскай Дырэкцыi народных вучылiшчаў «сваю сардэчную падзяку за тое, што прыслалi ў Баронькаўскае народнае вучылiшча настаўнiка Анзонава, чалавека, ведаючага царкоўныя спевы, якi арганiзаваў правiльны 4-х галосны хор з вучняў даверанага яму вучылiшча i любiцеляў-сялян» [14].

А другi святар з Сенненскага павета просiць заахвоцiць назначэннем адзiначасовай субсiдыi настаўнiка В.Гародзiча, якi «пры неабходным стараннi да ўсёй вучэбна-выхаваўчай справы ў школе, немала працы прыклаў i на навучанне царкоўным спевам вучняў у школе» [15].

Паважалi працу настаўнiка i сяляне, праўда, iншыя прыходзiлi да высновы неабходнасцi граматнасцi не адразу. Асоба настаўнiка, яго адукаванасць, працавiтасць i высокiя чалавечыя якасцi рабiлi сваю справу. Напрыклад, сяляне Асаўцоўскага мiнiстэрскага вучылiшча ў прыгаворы валаснога схода напiсалi, што вельмi шкадуюць аб тым, што настаўнiк г.Фамюк пакiдае пасля 20-гадовай службы iх школу. А працаваў ён «пры вялiкiм зборы вучняў i да таго старанна, што нават вельмi растроiў сваё здароўе». Сяляне, параiўшыся, вырашылi «выдаць настаўнiку Фамюку 137 руб. грошай на лячэнне i разам з тым выразiць шчырую сардэчную падзяку» [16].

Сяляне, у асноўнай сваёй масе бедныя, добра разумелi i цяжкае становiшча «вучачых» iх дзяцей. Гэтае пытанне неаднаразова падымалi i на сходах, адзначаючы, што крайняя абмежаванасць зарплаты пры дарагавiзне «застаўляе настаўнiкаў кiдаць сваю службу, пераходзiць на другую». Так, сяляне Галавiцкага валаснога грамадства Гомельскага ўезда вырашылi павялiчыць зарплату да 300руб., таму «адзiнагалосна прыгаварылi: да атрымлiваемага нашай настаўнiцай жалавання 150 руб. мы дабаўляем яшчэ 150 руб». [17]

Але не ўсё вымяраецца i вымяралася толькi грашыма. Шчырая падзяка i давер iншы раз каштавалi намнога болей. Настаўнiк, часам адзiны адукаваны чалавек ва ўсёй вёсцы, часта быў для сялян «i суддзёй, i лекарам, i пасечнiкам, i ўсiм,чым трэба, гледзячы па патрэбе». Многiя педагогi арганiзоўвалi народныя чытыннi па нядзелях i святочных днях, вакальна-лiтаратурныя вечары, калядныя ёлкi, святы, пасадкi дрэў, «Таварыствы цвярозасцi» i iнш. А калi настаўнiк хварэў цi пакiдаў па нейкай прычыне вёску, то сумавалi ўсе. Як успамiнаў I.Кузьмiн, настаўнiк Рэтаўскага прыходскага вучылiшча: «5 сялян папрасiлi маёй згоды правесцi мяне да чыгуначнай станцыi, якая стаяла ад нашага сяла ў 40 вёрстах. Усю дарогу яны выказвалi сваё шкадаванне з прычыны майго ад’езда. У апошнi раз мы абмянялiся пацалункамi, усе мае спадарожнiкi праслязiлiся. Не вытрымаў i я, расплакаўся, як дзiцё. Гэта была мая першая, але самая прыемная для мяне ўзнагарода за маю педагагiчную працу. Яна нiколi не згладзiцца з маёй памяцi» [18].

Зразумела, што за сваю нялёгкую працу сельскiя настаўнiкi атрымлiвалi i ордэны, i медалi, i падзякi, i грашовыя прэмii, але шмат значыла для iх i разуменне, дабрыня i ўдзячнасць сялянскага грамадства, у асяроддзi якога многiя праводзiлi свае лепшыя гады.


          ЛIТАРАТУРА:

1. Журнал совещания инспекторов народных училищ Могилёвской губернии по вопросам начального народного образования в этой губернии от 23 ноября-3 декабря 1913 года.— Могилёв: Губернская Типография. — 1914. — С.31.
2. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 387, а. 41.
3. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 14, а. 42.
4. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 484, а. 42.
5. Народное образование в Виленском учебном округе —1907, № 12.— с.470-473.
6. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 484, а. 18, 86.
7. Народное образование в Виленском учебном округе. —1905, № 3. — С. 20-23.
8. НГАБ, Ф.2254, воп. 1, спр. 483, а. 53.
9. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 483, а. 44.
10. Народное образование в Виленском учебном округе. —1903, № 4. — С. 138-144.
11. НГАБ, Ф.458, воп. 1, спр. 651, а. 57.
12. НГАБ, Ф.458, воп. 1, спр. 651, а. 26-30.
13. М у р а ш е в Г. А. Титулы, чины, награды. — Спб: ООО «Издательство Полигон». — 2001. — С.165.
14. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 673, а. 42.
15. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 679, а. 231.
16. Народное образование в Виленском учебном округе. —1904, № 2. — С. 62.
17. НГАБ, Ф.2254, воп. 2, спр. 283, а. 15.
18. Народное образование в Виленском учебном округе. —1903, № 2. — С. 57.

 
 
Яндекс.Метрика