Рэпрэсii супраць нацыянальных меншасцей беларусi ў мiжваенны перыяд

 

          Iрына РАМАНАВА


Да сярэдзiны 20-х гадоў курс на сусветную сацыялiстычную рэвалюцыю для бальшавiцкага кiраўнiцтва страцiў на некаторы час сваю актуальнасць. Сусветная рэвалюцыя пачала разглядацца як аддаленая на нявызначаны час перспектыва. У СССР пачалося «будаўнiцтва сацыялiзму ў асобна ўзятай краiне». Еўрапейскiя краiны падавалiся савецкай прапагандай не як плацдарм для разгортвання рэвалюцыi, а як варожы капiталiстычны свет, гатовы кожную хвiлiну пачаць ваенную агрэсiю супраць СССР. Iдэя выкарыстання працэсаў пашырэння правоў нацыянальных меншасцей з мэтай прапаганды рэвалюцыi была адкiнута. Не патрэбнымi сталi i падрыхтаваныя нацыянальныя кадры, якiя б у выпадку рэвалюцыi маглi правесцi сацыялiстычныя пераўтварэннi на сваiх гiстарычных радзiмах. Разам з цэментаваннем таталiтарнай дзяржавы знутры (шляхам фiзiчнага вынiшчэння альбо iзаляцыi патэнцыяльнай апазiцыi) стваралася жалезная заслона супраць варожых уплываў Захаду, умацоўвалiся межы, вялiся ваенныя прыгатаваннi.

Канец курсу на сусветную сацыялiстычную рэвалюцыю адпавядаў таксама нарастанню негатыўных настрояў у адносiнах да Польшчы, якая ў 1920 — пачатку 1930-х гг. знаходзiлася ў цэнтры амаль ўсiх знешнепалiтычных прапагандысцкiх кампанiй СССР, маючых сваёй мэтай фармiраванне ў грамадстве псiхалогii абложанай ворагамi сацыялiстычнай крэпасцi. Гэты фактар (разам з манiякальным пошукам ворагаў) знайшоў свой адбiтак на павышэннi падазронасцi ўладаў у адносiнах да палякаў у СССР. Тычылася гэта i iншых нацыянальных меншасцей, перш за ўсё тых, гiстарычныя радзiмы якiх мелi агульную мяжу з СССР. Прадстаўнiкi гэтых нацыянальнасцей аўтаматычна пераўтваралiся ў «пятую калону» iмперыялiзму i не мелi права быць сведкамi ваенных прыгатаванняў савецкай краiны. Цэлыя народы, якiя вякамi жылi на тэрыторыях былой Расiйскай iмперыi, залiчвалiся да «элементу нядобранадзейнага» i падлягалi прэвентыўна рэпрэсiям. Улады лiчылi, што нацыянальнасць грамадзянiна сведчыць сама па сабе аб магчымасцi здрады i шпiянажа: прадстаўнiкi польскай нацыянальнасцi «шпiёнiлi», як правiла, на карысць «фашысцкай Польшчы», латышы – Латвii i г.д. Улiчваючы шматнацыянальны склад нашай краiны, яе гiстарычнае мiнулае, у вынiку якога даволi цяжка было вызначыць, хто з`яўляецца палякам, а хто беларусам, а таксама падзел тэрыторыi краiны згодна з Рыжскiм мiрам на дзве часткi, якi меў вынiкам разрыў не толькi суседскiх сувязяў, але i роднасных – вiдавочна, што пошукi шпiёнаў сярод «чужых» (г. зн. нацменаў) тычылiся ў значнай ступенi i «сваiх» (беларусаў).

«Чысткi» па нацыянальнай прыкмеце пачалiся яшчэ ў 20-я гады i ў першую чаргу закранулi працаўнiкоў чыгуначнага транспарту (чыгункi лiчылiся адным з важнейшых стратэгiчных элементаў). У 1923 г. на аснове загада Наркамата шляхоў зносiн была створана «Асобая камiсiя па чыстцы транспарту ад усялякага падазронага элементу i агентаў польскай, латвiйскай, лiтоўскай, румынскай i фiнскай нацыянальнасцей». У вынiку яе дзейнасцi звальненню толькi з Заходняй чыгункi, якая была прызнана прыфрантавой, падлягалi каля 1000 чалавек.(1) У той час, у адрозненнi ад пазнейшага перыяду, большасць са звольненых iншым рэпрэсiям не падвяргалася, камiсiям раiлася ўтойваць сапраўдныя прычыны звальнення. У 1927 г. была праведзена «чыстка» ад «нядобранадзейнага элементу» Заходняй i МББ чыгунак.(2)

Рэпрэсii набывалi ўсё большы размах. Улады перайшлi ад лiквiдацыi i iзаляцыi асобных сацыяльных груп i катэгорый насельнiцтва да больш маштабных акцый. У вынiку «праведзенай органамi ГПУ працы па раскрыццю паўстанцкiх i шпiёнскiх арганiзацый сярод польскага насельнiцтва» у 1929 г. з БССР было выселена 1,5 тыс. польскiх сем`яў(3), у 1931 г. – 860 (3928 чалавек). У справаздачы па вынiках праведзенай аперацыi адзначалася, што неабходна выселiць яшчэ каля 800 чалавек. У ходзе следства паводле сфабрыкаванай справы «Аб`яднанае антысавецкае падполле ў Беларусi» (куды органы ўключалi нацыянал-дэмакратаў, трацкiстаў, правых, Польскую арганiзацыю вайсковую (ПОВ), былых бундаўцаў i эсэраў, усе антысавецкiя групоўкi, якiя ўжо «выявiлi» i яшчэ «выяўлялi») у 1937 г. было «ўстаноўлена», што цэнтр гэтай арганiзацыi «шырока разгортваў i безпакарана праводзiў контррэвалюцыйную дзейнасць у памежных раёнах БССР». У выкананне аператыўнага загаду наркамата ўнутраных спраў СССР М.Яжова ў памежных раёнах БССР, толькi па гэтай справе, было растраляна 1210 чалавек i 2066 былi асуджаны на розныя тэрмiны заняволення ў турмах i канцлагерах.

У лiпенi – жнiўнi 1937 г. на Беларускай чыгунцы было «вскрыто несколько шпионско-диверсионных гнезд и широко разветвленная японо-немецкая, троцкистско-бухаринская вредительская организация». Сярод асаблiва значных гнёздаў ворагаў называлiся буйныя чыгуначныя вузлы (Гомель, Магiлёў, Жлобiн, Асiповiчы, Унеча, Крычаў, Слуцк). Сакратару ЦК КП(б)Б Волкаву дакладвалi, што сярод ускрытых шпiёнска-дыверсiйных i шкоднiцкiх арганiзацый асаблiва вялiкае месца займае «Польская арганiзацыя вайсковая», якая мела сваёй мэтай шпiянаж, арганiзацыю дыверсiй i тэрору, нацыянальна-фашысцкую апрацоўку палякаў, якiя жывуць на важнейшых участках дарогi. Акрамя таго, дакладвалася, што на Гомельскiм ПВРЗ выяўлена контррэвалюцыйная «Повстанческая организация». У дакладной прыводзiлiся наступныя факты, якiя, на думку складальнiка гэтага дакумента, з`яўлялiся пераканаўчымi доказамi варожай дзейнасцi: «Разоблаченный и арестованный некий Новаковский, шпион, состоявший в данной организации, признал: «Я всю жизнь не перевариваю русских». Бывший председатель дорпрофсожа Иванов, разоблаченный как активный член «ПОВ», при разборе его дела на заседании парткома управления дороги заявил: «Если за что меня надо осуждать, так за то, что я родился в Польше. Сегодня обо мне разбирается вопрос или как в результате клеветы, или за то, что я родился в Польше … Бывший конторщик распорядительного отдела ст. Гомель Милонович, ныне арестован как антисоветский элемент, высказывался: «Еще Польша не сгинела, пока мы живем».(4)

На допыце 4 чэрвеня 1939 г. у якасцi сведкi па незаконных дзеяннях НКУС Хайкiн паказаў, што «будучи под стражей во 2-й камере, в которой находилась группа арестованных колхозников из дер. Рудня-Столбунская, Светиловичского р-на, по фамилии Гулякевичи и Громыко, в количестве 7 чел., а в соседних камерах сидело еще из их деревни, причем – они рассказывали, что из их колхоза привели около 40 чел. Всех их допрашивал следователь Кошкин, они говорили, что он их избивал, в результате чего получил от них ложные показания о якобы их принадлежности к к.р. организации /…/ «ПЛОВ», «ПОВ» и другие слова, не зная содержания, что это обозначает, и эти колхозники между собой ругались – почему они клеветали друг на друга».(5)

«Шырокая сетка трацкiсцкiх, дыверсiйна-паўстанцкiх i польскiх арганiзацый (ПОВ) была ўскрыта» у г. Вiцебску, кiраўнiцтва апошняй прыпiсвалася ксяндзу Райко Станiславу. Арганiзацыя «мела сваiх стаўленнiкаў на транспарце, у паравозным дэпо, у водаканале, на буйных прадпрыемствах горада (фабрыка iмя Кагановiча, лесазавод № 3, аддзел харчгандлю, iнвалiдная кааперацыя), у авiябрыгадзе, шпiёны i дыверсанты займалi адказныя пасады ў самiм апараце гарадского камiтэта партыi, камсамола, стварылi ў 21 польскай школе польска-нямецкую шпiёнскую рэзiдэнтуру» i г.д.(6)

З жнiўня па снежань 1937 г. згодна з загадам НКУС СССР (быў зацверджаны Палiтбюро СССР 9 жнiўня 1937 г.) «О ликвидации польских диверсионно-шпионских групп и организаций ПОВ (Польской организации войсковой)» было рэпрэсiравана больш за 18 тыс. чалавек.(7) Гэтая аперацыя па часе i часткова па задачах супала з iншай маштабнай акцыяй,– «О ликвидации польской, немецкой и латышской агентуры в БССР» (праводзiлася на аснове загада НКУС БССР у жнiўнi 1937 г. — вераснi 1938 г.). У ходзе гэтай кампанii ў раёнах, якiя непасрэдна прылягалi да мяжы, i ў важных стратэгiчных пунктах (напрыклад, Мiнск) высяленню падлягалi ўсе палякi, латышы i немцы, уключаючы актывiстаў савецкай улады i партыйцаў. У раёнах, якiя знаходзiлiся далей ад мяжы, кампанiя насiла выбарачны характар — высяленню падлягалi жыхары вёсак, размешчаных на стратэгiчных тэрыторыях, напрыклад, на чыгуначных станцыях.(8) У вынiку правядзення гэтай аперыцыi было арыштавана 21407 «польскiх шпiёнаў, дыверсантаў i ўдзельнiкаў паўстанцкiх арганiзацый», 563 чалавекi «нямецкай агентуры», 1459 – латышскай.(9) Былi выселены амаль усе жыхары былой польскай Дзяржыншчыны. Памежнае становiшча былога «польраёна» вызначыла лёс яго жыхароў. Антыпольскiя рэпрэсii ахапiлi таксама частку каталiкоў, якiя раней уладамi квалiфiкавалiся як «беларусы-каталiкi». Па нацыянальнасцi «агентура» размяркоўвалася наступным чынам: беларусаў – больш за 10 тыс., палякаў – больш за 9 тыс., яўрэяў (у асноўным палiтэмiгранты i перабежчыкi з Польшчы) — больш за 1 тыс., латышоў больш за 1 тыс., немцаў – больш за 0,5 тыс., рускiх – каля 400, украiнцаў i лiтоўцаў – прыкладна па 200 чалавек, больш за 100 iншых. З агульнага лiку арыштаваных каля 19 тыс. чалавек да канца 1938 г. было асуджана па 1-й катэгорыi (г.зн.— да растрэлу).

Уяўленне аб тым, як вёўся пошук агентуры, могуць даць вытрымкi з двух наступных дакументаў.

«…б. нач. райотделения УГБ Воловик (в настоящее время работает в Бобруйском отделе УГБ) вторично созвал оперативных работников и указал, что Речицкому району дано задание выявить и арестовать 300 человек вышеуказанных национальностей (палякаў, латышоў, немцаў i iнш. — I.Р.), для чего дал задание выявить по предприятиям и сельсоветам таких лиц».(10) «По указанию Горбаленя (нач. Вiцебскага гораддзела НКУС — I.Р.), Ходырев передопросил арестованную Чижевскую, которая была осуждена, как польагент, к ВМН и получил показания, что она является участницей к-р латышской фашистской организаци, и назвала около 60 участников организации. При допросе Ходырев под руками имел список латышей, посещавших латышский клуб и задал ей вопрос – знает ли она таких-то лиц, на что Чижевская ответила, что знает. Тогда Ходырев и записал всех 60 человек как участников к-р латышской организации».(11)

У 1938 г. НКУС сабраў даведкi на ўвесь камандны склад вайсковых кадраў БВА. Справы вайскоўцаў, якiя паходзiлi з-за мяжы, альбо мелi там родных, перадавалiся на разгляд «двоек» з усiмi вынiкаючымi адсюль наступствамi.(12)

Члены сямей рэпрэсiраваных на тэрыторыi БССР, як памежнай, пакiнуты быць не маглi, бо гэта, згодна з дакладной рэспублiканскага НКУС, «может дать врагу известную базу для продолжения активной шпионской, диверсионной, вредительской и другой контрреволюционной деятельности».(13) Варыянт з высяленнем у аддаленыя ад мяжы раёны для БССР таксама не падыходзiў.

Падставы для антысавецкiх настрояў у сямей рэпрэсiраваных сапраўды мелiся. Як паведамлялi чэкiсцкiя крынiцы з Жыткавiцкага раёна, становiшча такiх сямей не адрознiвалася ад жабрацкага: жылi яны найчасцей у «падсобках» цi ў паўразваленых хатах, голад, хваробы дзяцей, немагчымасць уладкавацца на працу, адсутнасць сродкаў iснавання. Зразумела, паведамлялася гэта не з прычыны неабходнасцi аказання гэтым сем’ям матэрыяльнай дапамогi, а таму, што «нахождение этих семей раскулаченных и осужденных с подобным имущественным положением на территории пограничного района совершенно недопустимо, ибо … они сами являются самыми злостными контрреволюционерами, агитаторами против всех мероприятий партии и правительства. Необходимо принять срочные меры к освобождению района от подобных лиц».(14)

Па прапанове Наркамата Унутраных Спраў БССР усе члены сямей рэпрэсiраваных падлягалi дэпартацыi ў аддаленыя мясцовасцi СССР.(15) Так, напрыклад, у 1935 г. дэпартацыi падлягалi 6 тыс. чалавек(16), у 1938 г. – 8 тыс.(17)

Вынiкам мерапрыемстваў па селекцыi «добранадзейных кантынгентаў» пагранiчнай паласы было ўзрастанне эмiгранцкiх настрояў сярод мясцовых жыхароў. Аднак прычыны пераходаў сялян у Польшчу ўлады тлумачылi не рэпрэсiямi, якiя набывалi ўсё большы размах, а поспехамi польскай прапаганды. Ёю ж тлумачылiся i масавыя антысавецкiя выступленнi (у прыватнасцi — у Лельчыцкiм, Петрыкаўскiм, Жыткавiцкiм раёнах).(18)

10 верасня 1937 г. наркам унутраных спраў накiраваў на iмя сакратара ЦК КП(б)Б Волкава зводку аб настроях насельнiцтва ў сувязi з арыштамi к-р элементаў сярод палякаў: «Я от арестов впадаю уже в кошмары, такая атмосфера, что не знаешь, когда тебя схватят за ворот и потащат в тюрьму. Десять лет жизни отдала бы, чтобы хоть немного иметь уверенности в жизни» (Будкевич – учительница 9-й польшколы). В связи с арестом группы перебежчиков из Польши, работавших на фабрике «Октябрь», там среди оставшихся перебежчиков создалась паника … многие рабочие обращались к перебежчикам с вопросами: «А тебя еще не забрали». Комсомолка Белкина даже обратилась к работнице-перебежчице с вопросом – продаст ли она ей заранее (до ареста) свою кровать».(19)

Iзаляцыя ад «варожых уплываў Захаду» мела наступствам абмежаванне, а пазней i спыненне гуманiтарных кантактаў. У якасцi прыкладу можна прывесцi наступны факт: Хлебанарыхтоўкi, вымачка пасеваў i недарод 1932—1933 года прывялi да жахлiвага становiшча на Украiне i ў шэрагу паўднёвых i цэнтральных раёнаў Беларусi. Вось як абмалёўвалася становiшча з месцаў у дакладных на iмя сакратара ЦК КП(б)Б Гiкала: «В данный момент по колхозам (Гомельскага – I.Р.) района чрезвычайно тяжелое положение с питанием. Из 93-х колхозов в районе примерно по 45 колхозам отсутствуют какие бы то ни было продукты питания как в колхозах, так и у самих колхозников».(20) У Ельскiм раёне голадам былi ахоплены 3 сельсаветы, у Нараўлянскiм – 6, якiя разам налiчвалi да 500 гаспадарак. Да сярэдзiны чэрвеня 1933 г. у Ельскiм раёне памерлi па гэтай прычыне 70 чалавек, у Нараўлянскiм – 60. Людзi ў лiтаральным сэнсе пухлi ад голаду – такiх па двух раёнах налiчвалася 230 чалавек.(21) Сакратар ЦК КП(б)Б Гiкала ахарактарызаваў становiшча як «некоторые экономические затруднения».(22) Немцы, якiя жылi ў Нараўлянскiм i Ельскiм раёнах, звярнулiся за дапамогай да Германскiх консульстваў у Маскве i Кiеве i пачалi атрымлiваць грашовыя пераводы па 8–10 марак на сям’ю. Гэтая акцыя была расцэнена савецкiм урадам як палiтычна шкодная i накiраваная на падрыў аўтарыту савецкай улады, германская дапамога была квалiфiкавана як работа шпiёнаў i фашысцкiх агентаў. Аб поспехах апошняй сведчыла спыненне ўступлення ў калгасы, нават падаўшыя раней заявы забiралi iх. «Слышны разговоры, что только Германия нас выручит».(23) Да падпiскi аб дапамозе далучылiся беларускiя i ўкраiнскiя сельсаветы Нараўлянскага раёну i нават суседнiя раёны – Хойнiцкi i Камарынскi. Савецкая ўлада перайшла да актыўных дзеянняў. За 1934 г. органамi АДПУ было арыштавана 80 чалавек «из активных антисоветских элементов действующих в качестве агентов немецких консульств в Москве и Киеве».(24) Выяздная Сесiя Спецыяльнай Калегii Вярхоўнага суда знайшла даказаным, што з пачатку 1934 г. шэраг асоб з лiку застаўшыхся ад лiквiдаванай у снежнi 1933 г. НКУС БССР контррэвалюцыйнай фашысцкай арганiзацыi падтрымлiвалi сiстэматычную сувязь з Германскiмi консульствамi ў гарадах Маскве i Кiеве i па заданню апошнiх вялi контррэвалюцыйную работу сярод насельнiцтва нямецкiх калонiй, а таксама сярод насельнiцтва iншых нацыянальнасцей на тэрыторыi Нараўлянскага i сумежных з iм раёнаў БССР i УССР.(25) Суд прыгаварыў да вышэйшай меры сацыяльнай абароны (расстрэлу) 5 чалавек «актыўных агентаў Германскага фашызму», 9 чалавек былi прыгавораны да пазбаўлення волi ў аддаленых мясцовасцях СССР на тэрмiн ад 10 да 5 гадоў i адзiн чалавек быў апраўданы.(26) Па дадзеных, якiя прыводзiлiся ЦК КП(б)Б у 1938 г., толькi ў Нараўлянскiм раёне за 1932—1933 гг. ад голаду памерла каля 1 тыс. чалавек.(27)

У дакладной у ЦК КП(б)Б паведамлялася, што польскi консул Аконскi звяртаўся з пратэстам у Наркамат замежных спраў у сувязi з iзаляцыяй консульства: «Он (Аконскi – I.Р.) зачитал из копии обвинительного акта Верховного суда БССР одно место против осужденного советского гражданина (польской национальности), где сказано, что обвиняемый – имярек – между прочим, часто посещал польское консульство». Акрамя таго, адзначалася, што Аконскi ў якасцi прыкладу прывёў наступны факт: «Одну советскую гражданку, тоже польку, приехавшую к нему, Оконскому, из Гомеля по делу, при выходе из консульства задержал агент НКВД и куда-то увел».(28)

«Выбарачны агляд» 154 хутароў, якiя размяшчалiся у 7,5 кiламетровай памежнай паласе Заслаўскага, Мiнскага i Уздзенскага раёнаў (быў праведзены ў 1937 г.), паказаў, што 72 двары мелi родных у Польшчы. У адносiнах да 118 двароў прыводзiлiся дадзеныя, што «iх гаспадары складаюць контррэвалюцыйны актыў, якi праводзiць антыкалгасную працу». Падкрэслiвалася, што «асаблiвае значэнне маюць хутарскiя гаспадаркi ў справе падрыхтоўкi польскай разведкай паўстанцкiх груп i арганiзацый да моманту вайны памiж Польшай i СССР». Аналагiчную сiтуацыю «ўбачылi» прадстаўнiкi НКУС i ў iншых раёнах. Адзначался, што «па справах польскiх шпiёнаў i паўстанцкiх арганiзацый няма амаль нiводнай, дзе б не праходзiлi як актыўныя ўдзельнiкi жыхары хутароў, а самi хутары – як явачныя кватэры i пункты перапраў».(29) Побач з лiквiдацыяй усiх «шпiёнскiх гнёзд», быў узяты курс на разгром апошнiх хутарскiх гаспадарак шляхам гэтак званага «сцягвання».

Састаўной часткай рэпрэсiй супраць нацыянальных меншасцей стала пашпартызацыя насельнiцтва i ўвядзенне рэжыму прапiскi. Згодна з пастановай 1935 г. ва ўсiх раёнах, залiчаных да памежнай закрытай зоны, на гэтую акцыю адводзiлася 2 месяцы. Увесь «недобранадзейны элемент», якога, у адпаведнасцi з ацэнкай тагачаснага партыйнага кiраўнiка Гiкалы, налiчвалася больш за 2000 сямей, падлягаў высяленню з зоны (у праекце пастановы, дарэчы, прапаноўвалася 2/3 з iх растраляць, не вывозячы за межы рэспублiкi). Гэтай жа пастановай прадугледжвалася зацвердзiць на кiраўнiчых пасадах савецкага i партыйнага апарату памежных раёнаў «таварышаў з вопытам ваенна-чакiсцкай працы».(30)

Пад час пашпартызацыi i здзяйснення рэжыму прапiскi ўсе дадзеныя аб прадстаўнiках нацыянальных меншасцей, або асобах, якiя прыбылi з-за мяжы (незалежна ад нацыянальнасцi), перадавалiся ў аддзелы НКУС, дзе толькi на падставе гэтага выпiсвалiся даведкi на арышт.(31) Так, напрыклад, за подпiсам начальнiка УНКУС Вiцебскай вобласцi Раднова П.Я. ва ўсе раёны вобласцi была спушчана дырэктыва, якая ўтрымлiвала сцвярджэнне, што там, дзе ёсць «латышскае насельнiцтва, то там абавязкова павiнна быць контррэвалюцыйная арганiзацыя», якую загадвалася неадкладна злiквiдаваць.(32) Аналагiчная сiтуацыя назiралася ў iншых месцах — масавыя арышты па нацыянальнай прыкмеце праводзiлiся незалежна ад наяўнасцi кампраметуючых матэрыялаў. У якасцi прыкладу можна прывесцi наступныя даведкi на арышт: «из Латвии прибыл в 1915 году, служил латышским стрелком. Анис А.Г. подлежит обыску и аресту», «… Из Латвии прибыла в 1915 году. Петровская Мария Августовна подлежит обыску и аресту».(33)

За 1937—1938 гг. толькi па латкалонii Быхаўскага раёна з 70 гаспадарак латышоў было арыштавана 75 чалавек, з iх пазасудовымi органамi па 1-й катэгорыi былi асуджаны 46 чалавек, 16 чалавек асуджаны на 10 год ППЛ, 2 чалавекi – да 8 год i 1 – да 5 год, адзiн чалавек памёр у турме, адзiн быў там жа забiты. Што сталася з астатнiмi — органы не ведалi, 8 чалавек проста «згубiлi».(34)

У пачатку 1938 г. з санкцыi загадчыка 3 аддзела УДБ НКУС Гепштэйна А.М. у перыферыйныя органы была спушчана дырэктыва аб арышце ўсiх асiрыйцаў, незалежна ад наяўнасцi кампраметуючых матэрыялаў. У адпаведнасцi з гэтым Гомельскiм УНКУС было арыштавана 32 чалавекi.(35)

Сам Гепштэйн А.М., будучы арыштаваным, на допыце 7 сакавiка 1939 г. паказаў: «Был установлен фактически такой порядок, при котором белоруса или русского, если это был не кулак, не контрабандист и так дальше, а честный человек, арестовывали по одному только показанию (разумеется кроме тех случаев, когда это было детальное прямое и убедительное показание и кроме случаев отдельных ошибок). А поляка, а позже немца и латыша – по одному даже косвенному показанию – арестовывали. Линия на арест в первую очередь поляков привела в конце концов к тому, что на местах при составлении справок на арест, часто на основании только того, что у человека польская фамилия или имя в установочных данных за глаза писали «поляк», зная, что при этом Минск обязательно даст санкцию на арест».(36)

Былы пракурор БССР Наседкiн на пасяджэннi Бюро ЦК КП(б)Б 26 лiпеня 1939 г. у сваiх паказаннях адзначаў: «Массовые аресты, главным образом, проводились по линии военной прокуратуры, потому что в Белорусси арестовывали, главным образом, по 68 статье – за шпионаж».(37)

У вынiку бязглуздай эканамiчнай палiтыкi i iнспiрыраванага самой дзяржавай масавага тэрору, дасягнуць высокага ўзроўню эканамiчнага развiцця памежжа не атрымался. Больш таго, у шэрагу мясцовасцей не стала каму працаваць. Вось дадзеныя са справаздачы наркама ўнутраных спраў: «У в. Тонеж, якая складаецца з 80 двароў пасля праведзеных арыштаў усё мужчынскае насельнiцтва складае 3 чалавекi … У калгасе «Чырвонаармеец» Плешчанiцкага раёна ў 1937 г. працаздольных мужчын было 29, з iх у канцы года i пачатку 1938 г. — арыштавана 23».(38) Аналагiчная карцiна назiралася ў iншых населеных пунктах. Праблема аграрнай перанаселенасцi беларускай вёскi была вырашана радыкальна.

У пастанове СНК СССР i ЦК ВКП(б) ад 17 лiстапада 1938 г. «Аб арыштах, пракурорскiм наглядзе i вядзеннi следства» адзначалася: «…за 1937—38 гг., под руководством партии органы НКВД проделали большую работу по разгрому врагов народа и очистке СССР от многочисленных шпионских, террористических, диверсионных и вредительских кадров из троцкистов, бухаринцев, эсеров, меньшевиков, буржуазных националистов, белогвардейцев, беглых кулаков и уголовников, представлявших из себя серьезную опору иностранных разведок в СССР и, в особенности, разведок Японии, Германии, Польши, Англии и Франции. Одновременно органами НКВД проделана большая работа также и по разгрому шпионско-диверсионной агентуры иностранных разведок, переброшенных в СССР в большом количестве из-за кардона под видом так называемых политэмигрантов и перебежчиков из поляков, румын, финов, немцев, латышей, эстонцев, харбинцев и проч., — далей адзначалася, — Однако не следует думать, что на этом дело очистки СССР от шпионов, вредителей, террористов и диверсантов окончено».(39)

Беларускi даследчык савецка-польскiх узаемаадносiн мiжваеннага перыяду Р.Р. Лазько лiчыць, што глыбокай разведкi Польшчы на тэрыторыii СССР фактычна не было. Свой довад, са спасылкамi на шэраг польскiх даследаванняў, ён аргументуе наступным чынам: «Аказваецца савецкая краiна, аб якой у Варшаве было вядома, што яна знаходзiцца ў глыбокiм крызiсе, мала цiкавiла польскае вайсковае i палiтычнае кiраўнiцтва».(40) Такiм чынам, сталiнскiя рэпрэсii супраць польскага насельнiцтва, а таксама i iншых народаў, нельга нават ускосна апраўдваць тым, што сярод тысяч бязвiнна абвiнавачаных у шпiянажы на карысць Польшчы (альбо Латвii i г.д.) траплялi сапраўдныя шпiёны.

Да канца 1939 г. СССР перанёс сваю мяжу далей на Захад. Памежным пасам памiж «дзвюма варагуючымi сiстэмамi», сярод iншых, зноў стала тэрыторыя Беларусi, а патынцыяльнымi ворагамi – яе жыхары. Рэпрэсii i дэпартацыi «ворагаў» i «нядобранадзейных» былi працягнуты. Па падлiках А. Хацкевiча, толькi з кастрычнiка 1939 г. па 20 чэрвеня 1941 г. у заходнiх абласцях Беларусi былi рэпрэсiраваны (выключаючы ваеннапалонных польскай армii) больш за 125 тыс. чалавек, з iх больш як 120 тыс. былi дэпартаваны ў Сiбiр, Казахстан i iнш.(41)


          Литература:

1.НАРБ (Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь), ф.4, воп.21, спр. 3, л.116—117.
2. Там сама, спр.117, л.274.
3. Там сама, спр. 322, л.6.
4. Там сама, спр.1039, л.36, 37,38, 42
5. Там сама, спр.1690, л.221.
6. Там сама, с.1097, л.147—151
7. Хлевнюк О. В. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. М.: РОССПЭН, 1996. с.190.
8. Iwanow M. Pierwszy narod ukarany: Polacy w Zwiazku Radzieckim, 1921— 1939. Warszawa, 1991 с.374.
9. Адамушка У. Палiтычныя рэпрэсii 20—50-ых гадоў на Беларусi. Мiнск, 1994. с.55—56.
10. НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр.1718, л.19.
11. Там сама, спр.1688, л.63.
12. Там сама, спр.1677, л.16.
13. Там сама, спр.1098, л.97.
14. Там сама, спр, 987, л. 14.
15. Там сама, спр. 1098, л. 97.
16. Там сама, спр.819, л.23.
17. Там сама, спр.1268, л.38.
18. Там сама, спр.319, л.103; спр.689, л.136—140.
19. Там сама, спр.1097, л.270.
20. Там сама, спр.467, л.145—148
21. Нарысы гiсторыi Беларусi: У 2 частках. Ч.2. Мн, 1995. с.172.
22. НАРБ, ф.4,воп.21, спр.633, л.110.
23. Там сама, спр.681, л.2—6.
24. Там сама, спр.633, л.110—112.
25. Там сама, спр.790, л.38.
26. Там сама, л.36—37.
27. Там сама, спр.1410, л.53.
28. Там сама, спр.913, л.212—213.
29. Там сама, спр. 1098, л.87—91.
30. Там сама, спр.764, л.29—32.
31. Там сама, спр.1703, л.9.
32. Там сама, спр.1698, л.9.
33. Там сама, спр. 1703, л.6.
34. Там сама, л.11.
35. Там сама, л.20.
36. Там сама, л.11.
37. Там сама, спр.1501, л.31.
38. Там сама, спр.1392, л.185—202.
39. Там сама, спр.1248, л.135—136
40. Лазько Р.Р. Перад патопам (Еўрапейская палiтыка Польшчы. 1932—1939 гг.). Мiнск, 2000.
41. Хацкевiч А. Арышты i дэпартацыi ў Заходнiх абласцях Беларусi (1939—1941) . Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 2. С .76.

 
 
Яндекс.Метрика