Польскi генералiтэт беларускага паходжання ў гады Другой сусветнай вайны

 

          Юры ГРЫБОУСКI


Нярэдка гэтак здаралася ў айчыннай гiсторыi, калi найлепшыя i слынныя сыны Беларусi траплялi ў няслаўе, а пра iх справы амаль назаўсёды былi вымушаны запамятаць суайчыннiкi. Разам з тым, плёнам iх руплiўстваў даводзiлася карыстацца iншым народам, дзе адначасова нашы героi знаходзiлi свой надзейны прытулак. У дадзеным выпадку гаворка пойдзе пра гонар, годнасць i твар узброеных сiл любой краiны – старэйшы i вышэйшы афiцэрскi склад. Па шэрагу аб’ектыўных i суб’ектыўных падстаў на працягу ХХ ст. беларускi народ ажно да пачатку 90-х гг. гэтак i не набыў сабе ўласнага абаронцу – беларускага войска.

Асобныя спробы стварэння самастойнай узброенай сiлы ў 1917–20 гг., якая б здолела годна абаранiць дзяржаўнасць i незалежнасць абвешчанай БНР, улетуценiлiся пасля падпiсаннiя Рыжскай мiрнай дамовы 1921 г. Пасля канчатковага згортвання працэсу беларусiзацыi напрыканцы 20-х г. на тэрыторыi БССР, разам з лiквiдацыяй тэрытарыяльна-мiлiцыйных часцей РСЧА, паступова знiклi i апошнiя надзеi на iснаванне якога-колечы беларускага нацыянальнага войска нават у выглядзе асобных адзiнак, цалкам несамастойных як у тактычным, гэтак i аператыўным сэнсе i падпарадкаваных кiраўнiцтву чужой дзяржавы. Але нават гэткае неспрыяльнае дзеля адраджэння беларускай вайсковасцi палiтычнае i эканамiчнае становiшча зусiм не азначала, што вайсковая справа на тэрыторыi Беларусi будзе безнадзейна спынена.

Як гэта не дзiўна, але яшчэ напярэдаднi i падчас Першай сусветнай вайны сярод вайсковай элiты расiйскай армii знайшлiся асобы з лiку ўраджэнцаў беларускiх земляў, якiя адкрыта выказвалiся за падтрымку тагачаснага беларускага нацыянальна-культурнага руху. Так, у Пецярбурзе шчыльныя стасункi з асветным таварыствам «Загляне сонца i ў наша аконца» падтрымлiвалi гэткiя генералы расiйскай армii, як ўраджэнец Палесся Купрыян Кандратовiч i Язэп Жылiнскi. Гэтыя беларусы праваслаўнага веравызнання былi без перашкод прынятыя ў расiйскiх колах i пазней зрабiлi выдатную вайсковую кар’еру. У другой палове ХIХ ст. гэтыя генералы звярнулiся ў Генеральны штаб з прапановай увесцi ў Вiленскай юнкерскай вучэльнi сталы курс беларусазнаўства, нiбыта дзеля змагання супраць польскога ўплыву на Вiленшчыне. Яны меркавалi, што на тэрыторыi Беларусi вайсковае будаўнiцтва мусiць грунтавацца на тэрытарыяльным прынцыпе, як гэта iснавала ў шэрагу заходнееўрапейскiх краiн, напрыклад – ў Нямеччыне.[1] Не без дапамогi вышэйзгаданых асобаў на пачатку 1909 г. суполка «Загляне сонца i ў наша аконца» быцам бы па сваёй iнiцыятыве, на iмя цара Мiкалая II накiравала прашэнне i план стварэння беларускага войска пад расiйскай камандай. Праўда, гэты захад беларусаў быў сустрэты варожа, у вынiку чаго шмат хто з дзеячаў быў узяты пад варту.[2] Дарэчы, шматлiкiя прадстаўнiкi старэйшага i вышэйшага афiцэрства царскай армii пазней плённа i самааддана працавалi на нiве стварэння ўзброеных сiл БНР.

Разам з тым, вядома, што да значнай колькасцi нашых землякоў, якiя прадстаўлялi вышэйшую вайсковую элiту тагачаснай Расiйскай армii, заклiкi спрычынiцца да шэрагаў беларускага нацыянальна-вызвольнага цi нацыянальна-культурнага руху на пачатку ХХ ст. гэтак i не дайшлi. Праз моцны рускi альбо польскi шавiнiстычны ўплыў, якi канчаткова знiшчыў у некаторых людзей наццянальнае самаўсведамленне – з аднаго боку, а таксама, пэўную кволасць тагачаснага беларускага руху – з другога, прымусiў шэраг выбiтных беларусаў хiнуцца да iншаземных палiтычных плыняў. Безумоўна, што на той час побач з разгорнутай дзейнасць рускiх партый i арганiзацый, сваiх трывалкiх пазiцый на тэрыторыi заходнiх губерняў Расiйскай iмперыi, не губляў i польскi рух. Расiйскай армii гэта тычылася самым непасрэдным чынам. Так, напрыклад, за гады Першай сусветнай вайны ў шэрагах Расiйскай армii знаходзiлася толькi 119 генералаў i каля 20 тыс. афiцэраў, якiя спавядалi рыма-каталiцкае веравызнанне.[3] З гэтай колькасцi далёка не ўсе яны суцэльна з’яўлялiся ўласна палякамi. Натуральна, што сярод гэтых вайскоўцаў зачную частку складалi ўраджэнцы Беларусi, якiя апынулiся ў расiйскiх вайсковых вучэльнях, спадзеючыся авалодаць вайсковым мастацтвам каб пасля са зброяй паслужыць айчыне – Польшчы. Апроч гэтага, вядома дастаткова шмат афiцэраў Расiйскай армii, што з’яўлялiся нашчадкамi лiтоўскай шляхты, якая пасля хвалi паўстанняў (1831, 1863) была гвалтоўна пераселена ў Сiбiр i iншыя куткi Расiйскай iмперыi. Першапачаткова, вайскоўцы гэткага кшталту, былi апалiтычнымi, але пасля лютаўскiх i кастрычнiцкiх падзей 1917 г. у Расii, яны трапiлi пад уплыў польскага вызвольнага руху, якi акурат тады набываў палiтычную i вайсковую моц. Варта прыгадаць, што менавiта на тэрыторыi Сiбiры на мяжы 1918-19 г. быў створаны Польскi легiён у Сiбiры, якi пазней быў разгорнуты ў 5-ю дывiзiю польскiх стральцоў (Войска Польскае ў Сiбiры).4 Акрамя таго, iснаваў 1-ы Польскi корпус, якi фактычна пачаў фармавацца яшчэ напрыканцы 1914 г. з дазволу Стаўкi вярхоўнага галоўнакамандуючага Расiйскай армii. Дарэчы, некалькi палкоў гэтай адзiнкi фармавалася ў ваколiцах Мiнска i Бабруйска. У складзе РСЧА ў сваю чаргу, таксама, дзейнiчала некалькi польскiх злучэнняў, сярод асабовага складу якiх была значная колькасць нашых землякоў. Напрыклад, у жнiўнi 1918 года была сфармавана заходняя пяхотная дывiзiя, 3-я брыгада якой складалася галоўным чынам з жыхароў Беларусi i Лiтвы. Неўзабаве, дадзеная адзiнка складалася з наступных палкоў: 5-ы Вiленскi, 6-ы Гарадзенскi, далей — Падляшскi, Мiнскi, Полацкi i г.д. Пасля таго, як Польшча атрымала дзяржаўную незалежнасць расiйскi генералiтэт беларускага паходжання ператварыўся ў польскi, а з гэтага часу распачалася новая старонка гiсторыi i баявога шляху нашых землякоў ужо ў складзе iншай суседняй дзяржавы.

Акрамя вышэйзгаданага кшталту польскага афiцэрства беларускага паходжання, якiя па-геройску праявiлi сябе на розных франтах Другой сусветнай вайны, неабходна вылучыць яшчэ нашых землякоў-ураджэнцаў заходнiх ваяводстваў II Рэчы Паспалiтай. На абшарах Заходняй Беларусi панавала польскае вайсковае будаўнiцтва, паколькi гэта тэрыторыя ўваходзiла ў склад польскай мiжваеннай дзяржавына правах не шырэй як г.зв. «крэсаў усходнiх». Вядома, што Войска Польскае побач з каталiцкiм касцёлам у мiжваенны час былi па сутнасцi найбольш кансерватыўнымi ўстановамi, што пiльна прытрымлiвалiся дзяржаўнай палiтыкi, якая, як вядома, не абапiралася на ўмовы Рыжскай мiрнай дамовы, паводле якой польскi ўрад мусiў не замiнаць вольнаму развiццю рухаў нацыянальных меншасцей, якiя насялялi Польшчу, у тым лiку – i беларусы. Паколькi «крэсы ўсходнiя» лiчылiся найбольш ненадзейным у палiтычным сэнсе кутком II Рэчы Паспалiтай, то войску тут надавалася асаблiвая ўвага. Непасрэдная блiзкасць да Савецкага Саюза прымусiла варшаўскiя ўрадавыя колы трымаць ўражваючыя высокаколькасныя вайсковыя залогi, куды пераважна адмыслова накiроўвалiся жаўнеры з этнiчных польскiх тэрыторый. Эканамiчная адсталасць адносна з аснатняй часткай II Рэчы Паспалiтай i вонкавапалiтычны фактар абумовiў тую акалiчнасць, што тубыльцам Заходняй Беларусi, як палiтычна найбольш ненадзейным, шлях зрабiць удалую кар’еру ў шэрагах найбольш надзейнай дзяржаўнай установе — ўзброеных сiлах краiны значна ўскладняўся. Пра гэта неўхiльна сведчаць наступныя лiчбы. Так, згодна са звесткамi з II аддзелу Мiнстэрства ўнутраных спраў (МУС) Польшчы за 1929 г. толькi 10 % беларусаў скончылi пад-афiцэрскiя школы.[5] Пазней гэты паказчык стаў яшчэ меншым, бо гэта было звязана з пастановай МУС у 1936 г., паводле якой дазвол на навучанне ў афiцэрскiх ды пад-афiцэрскiх школах маглi атрымаць выключна палякi па паходжаннi.[6] Разам з тым, у польскiх вайсковых рапартах гаворка iдзе пра грамадзян краiны, якiя назвалi сябе беларусамi, а не пра суцэльна ўсiх жыхароў «крэсаў паўночна-ўсходнiх». Дарэчы, некаторыя польскiя службоўцы адзначалi, што даволi частай з’явай былi выпадкi, калi беларусы, якiя прэтэндавалi на навучанне ў афiцэрскiх або пад-афiцэрскiх школах намагалiся наўмысна схаваць сваё нацыянальнае паходжанне, каб быць залiчанымi ў склад курсантаў.

Больш таго, паўсюль адзначалася, што не больш як 5 % беларусаў спавядаюць рыма-каталiцтва, астатняя пераважная большасць – праваслаўныя. Дазволiм непагадзiцца з гэткiмi суадносiнамi, паколькi вядома, што сярод каталiцкага насельнiцтва Заходняй Беларусi адсотак этнiчных беларусаў быў значна вышэйшы. Верагодна, польскiя ўрадаўцы, падчас залiчэння ў шэрагi вайсковых устаноў больш кiравалiся рэлiгiйным падыходам, калi вызначалi нацыянальнае паходжанне юнака. Варта адзначыць, што выхаваўча-асветная праца сярод польскiх вайскоўцаў (асаблiва асяродку афiцэраў) была накiравана ў рэчышчы падрыхтоўку не толькi здольнага ваяра, але i шчырага прыхiльнiка дзяржаўнае палiтыкi, якая асаблiва пасял перавароту 1926 г. карэнным чынам разыходзiлася з нацыянальна-культурнымi iнтарэсамi беларускай меншасцi ў II Рэчы Паспалiтай. Адсюль вынiкае, што нiчога дзiўнага няма ў тым, бо робячы выдатную вайсковую кар’еру польскага афiцэра беларус мусiў адмаўляцца ад свайго паходжання, прынамсi цурацца яго ў часе выканання вайсковай службы. Нiжэй прыведзена некалькi прыкладаў, якiя яскрава сведчаць пра дадзеную акалiчнасць. Нягледзячы на гэткiя жорсткiя абмежаваннi ў вайсковай галiне, нельга адмаўляць, што ў мiжваеннай Польшчы наданне афiцэрскай годнасцi залежыла ад узроўню адукацыi. Менавiта гэтым магчыма патлумачыць значную колькасць беларускай iнтэлiгенцыi сярод польскага афiцэскага складу, а перадусiм – афiцэраў запасу. На падставе падлiку растраляных органамi НКУС 4 410 польскiх афiцэраў, памежнiкаў i мытнiкаў у Катынскiм лесе вынiкае, што звыш 600 ахвяраў з’яўляюцца ўраджэнцамi Заходняй Беларусi. Пераважна гэта людзi, якiя былi заклiканы ва ўзброеныя сiлы II Рэчы Паспалiтай у другiм эшалоне г.зн. рэзервiсты, якiя ў цывiльным жыццi былi – гандлярамi, лекарамi, фармацэўтамi, святарамi (у тым лiку – праваслаўнымi) i г.д.[7] Акурат у гэтым спiсе апынулiся прадстаўнiкi беларускай iнтэлiгенцыi, якая была на кепскiм рахунку ў польскiх вайсковых уладаў, паколькi лiчылася варожай адносна iснуючага ў Польшчы палiтычнага рэжыму. Дарэчы, большасць растарляных складалi асобы, якiя не вылучалiся дзейнасцю ў разнастаўных беларускiх нацыянальных асяродках. Праўда, сярод загiнуўшых ад кулi ў Катынi быў вядомы беларускi нацыянальны дзеяч, колiшнi рэдактар газеты «Наша доля» Францiшак Умястоўскi, якi з’яўляўся паручнiкам Войска Польскага.

Сярод нябожчыкаў нярэдка сустракаюцца яўрэi – жыхары заходне-беларускага абшару. Што датычыцца вайсковай годнасцi закатаваных землякоў, то ў асноўным гэта малодшыя афiцэры – ад падпаручнiка да капiтана. Варта зазначыць, што акрамя масавага растрэлу польскiх вайскоўцаў у Катынскiм лесе, вядомы яшчэ некалькi пахаванняў гэткага кшталту – каля сяла Меднае (пад Цверру), Асташкава i г.д. Колькасць загiнуўшых у гэтых месцах польскiх афiцэраў беларускага паходжання пакуль дакладна невядома. Пра факт таго, што сярод польскага афiцэрскага корпуса былi ўсё ж i беларусы, пераконваюць падзеi вераснёвай кампанii 1939 г. Так, пасля канчатковай паразы Польшчы ў гэтай кампанii, на тэрыторыi ўсходняй Нямеччыны былi размешчаны лагеры польскiх ваеннапалонных у наступных населеных кропках – Ламбiновiчы, Рагожнiца, Жадань i Дабегнеў. Разам з тым, паводле тагачаснага беларускага эмiгранцкага друку маюцца звесткi пра адчынены на пачатку 1940 г. лагер ваеннапалонных польскiх афiцэраў беларускага паходжання непадалёку ад Берлiна.[8] Вядома, што палонных беларусаў i ўкраiнцаў, у адрозненнi ад уласна палякаў нямецкiя ўлады вызвалялi на вольных работнiкаў. Неўзабаве, ў 1939 г., было створана Беларускае прадстаўнiцтва дзеля працы з палоннымi землякамi.

Падчас Другой сусветнай вайны польскiя ўзброеныя фармiраваннi змагалiся супраць нямецкiх войск як ў шэрагах войск заходнiх саюзнiкаў СССР па антыгiтлераўскай каалiцыi, гэтак i поплеч з жаўнерамi савецкiх войск. У абодвух выпадках ў шэрагах польскiх вайсковых адзiнак бралi ўдзел у баявых дзеяннях з нямецкiм бокам i афiцэры-беларусы. Неабходна спынць увагу на жыццяпiсе асобных прадстаўнiкоў, якiя пакiнулi пасля сябе славуты след у гiсторыi польскай вайсковасцi, але тым часам сталi зусiм невядомымi на бацькаўшчыне.

Польская армiя на чале з генералам у.Андэрсам, якая распачала фармавацца на тэрыторыi СССР згодна з савецка-польскай дамоўленасцю ад 14 жнiўня 1941 г. да канца наступнага года эвакуявалася ў Iран i перайшла пад каманду брытанскага войска ў якасцi тактычнай адзiнкi. Разам з Андэрсам тэрыторыю СССР пакiнула звыш 4 тысяч афiцэраў, якiя да гэтага знаходзiлiся ў савецкiм палоне, а пазней былi вызвалены ў сувязi з фармаваннем польскiх злучэнняў з лiку ваеннапалонных палякаў. Няма нi якага сумнiву, што сярод гэтай колькасцi былi нашы землякi. Вядома, што на падставе распараджэння Л.Берыя ад 3 кастрычнiка 1939 г., дзе адзначалася, што ўсе польскiя ваеннапалонныя,– жыхары Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны, якiя з кастрычнiка ўваходзiлi ў склад адпаведна БССР i УССР, павiнны быць вызвалены.[9] Гэты дакумент за подпiсам наркама ўнутраных спраў распаўсюджваўся выключна на шэраговы склад польскiх ваеннапалонных, а ў сваю чаргу беларусаў i украiнцаў, якiя мелi афiцэрскiя наплечнiкi распараджэнне абмiнала ўвагай. Пра лёс растраляных НКУС нашых землякоў у Катынi грунтоўна распавядае Пятро Бiтэль у сваiх нататках.[10] Таму ў Iран на працягу 1941–42 г. паспелi эвакуявацца тыя, хто ацалеў ад гвалту органаў НКУС увесну 1940 г. Адразу варта падкрэслiць, што камандаванне Польскiх узброеных сiл на захадзе (ПУСЗ), якiя аб’ядноўвалi ўсе польскiя ўзброеныя фармаваннi на баку брытанскiх войск, лiчыла ўсходнюю мяжу даваеннай польскай дзяржавы непахiснай, таму вiдавочна не хацела пагаджацца з тым, што ў шэрагах сваiх войск прысутнiчае пэўная колькасць непалякаў, а тым болей сярод вышэйшага афiцэрскага складу.

Адпаведная палiтыка абумовiла той факт, што амаль паўсюль польскае афiцэрства беларускага паходжання называлася выключна польскiм. Што датычыцца генералiтэту, то ва ўмовах баявых дзеянняў на заходнiх франтах Другой сусветнай вайны i iдэалагiчнага цiску з боку камандавання надзвычай рэдка было магчыма прасунуцца па вайсковай лесвiцы дэкларуючы сваё непольскае паходжанне. Верагодна таму сярод нешматлiкiх вышэйшых афiцэраў сустракаюцца асобы, якiя дасягнулi поспехаў яшчэ з часоў Расiйскай армii. Варта пералiчыць польскiх афiцэраў, якiя паходзiлi з Беларусi, i адрознiлiся на балях бою ў Iталii, Францыi i iнш.

Нiкадым Сулiк-Сарноўскi нарадзiўся 15 жнiўня 1893 г. у вёсцы Каменна Стара па над Саколкай на Беласточчыне. Паходзiў з незаможнай беларускай сялянскай сям’i. У 1911 г. скончыў гiмназiю св.Катарыны ў Пецярбурзе, пасля чаго паступiў у духоўную семiнарыю. У вучнёўскiя гады юнаком уваходзiў у адзiн з беларускiх студэнцкiх гурткоў. З пачаткам Першай сусветнай вайны Сулiк скончышы 4-месячныя курсы афiцэраў пяхоты ва уладзiмiраўскай вайсковай школе быў накiраваны ў заходнюю Сiбiр, дзе камандаваў запасной ротай. Пазней ён быў пераведзены на Валынскi фронт, дзе ў хуткiм часе быў паранены i ганараваны «Залатым арлом св. Георгiя». Канец баявых дзеянняў сустрэў на Румынскiм фронце, дзе акурат па волi лёсу знаходзiлася найбольшая колькасць беларусаў. У 1918 г. Сулiк знаходзiўся на Гродзеншчыне, дзе спрычынiўся да Польскай вайсковай арганiзацыi.

Пасля таго, як польскiя ўлады распачалi фармаваць 1-ю Лiтоўска-беларускую пяхотную дывiзiю ён быў прызначаны камадзiрам роты, а пасля батальёна. Пасля заканчэння польска-савецкай вайны 1919–20 гг. Сулiк знаходзiўся на розных пасадах у Пшэмыслi, Гродна, Торунi. Улетку 1933 г. Сулiк ў годнасцi маёра быў пераведзены ў Корпус абароны памежжа, у прыватнасцi прызначаны камандзiрам памежнага палка «Сарны», дзе яго i напаткала вераснёвая кампанiя 1939 г. На працягу 1940г. ён быў заангажаваны ў дзейнасцi Саюза ўзброенай барацьбы на Вiленшчыне, дзе падпалкоўнiк Сулiк выконваў абавязкi аднаго з кiраўнiкоў Вiленскай акругi гэтай арганiзацыi, пакуль ў красавiку 1941 г. ён не быў арыштаваны НКУС. Вызвалення дачакаўся ў жнiўнi, калi пачалося фармаванне Польскай армii ў СССР. З сакавiка 1942 г. Сулiк – камандзiр 7-й пяхотнай дывiзii, якая разам з астатнiмi польскiмi часцямi была пераведзена ў Iран. У красавiку 1942 г. Сулiк атрымлiвае пасаду камандзiра 5-й крэсавай дывiзii пяхоты (5КДП), каля паловы асабовага складу якой складалi вайскоўцы-беларусы. На гэты момант ён ужо меў годнасць генерала брыгады. У якасцi камандзiра 5 КДП Нiкадым Сулiк прайшоў усю iтальянскую кампанiю (1943-45) за час якой быў паранены. За ўдалае камандаванне падчас баёў за ўзвышша Касiна, авалоданне горадам Анкона, вызваленне Балонii – генерал быў ганараваны Залатым i Срэбным крыжамi ордэну вайсковага Virtuti Militari, Крыжам незалежнасцi з мячамi, Крыжам змагарных IV ступенi, ордэнам Polonia Restuta, залатым крыжам заслугi з мячамi, а таксама быў асабiста адзначаны камандуючым 8-й брытанскай армii, у складзе якай дзейнiчала 5КДП, генералам Олiверам Лiз.

Павагу ж з боку жаўнераў беларускага паходжання прыдбаў тым, што з шэрагоўцамi-землякамi гутарыў па-беларуску, а таксасма прыхiльна ставячыся да беларускага руху, спрыяў на сваiм узроўню развiццю беларускай дзейнасцi сярод вайскоўцаў ПУСЗ у першыя пасляваееныя гады. У прыватнасцi, Сулiк дапамог атрымаць афiцыйны дазвол ад шэфа Генеральнага штабу ПУСЗ на сяброўства польскiх вайскоўцаў у беларускiх нацыянальных арганiзацыях напрыканцы 1946 г. У 1946 г. Сулiк успупiў у Польскi корпус прыстасавання i размяшчэння, не жадаючы развiтвацца з вайсковай чыннасцю. Пасля вайны жыў у Лондане, пакiнуўшы пасля сябе ўспамiны. Памёр 14 студзеня 1954 г. на поўднi Лондана. Пад час пахаванняў прысутнiчаў генерал У.Андэрс.[11]

Надзвычай добрую памятку пра сябе i пашану сярод беларусаў-жаўнераў 2-й Панцырнай брыгады (пазней – 2-я Варшаўская панцырная дывiзiя) 2-га Польскага корпуса пакiнуў польскi генерал беларускага паходжання Густаў Пашкевiч. Ён нарадзiўся 29 сакавiка 1893 года ў вёсцы Васiлiшкi Лiдскага павету ў сялянскай сям’i. У 1913 годзе будучы генерал скончыў гiмназiю ў Мiнску, пасля чаго вырашыў знiтаваць сваю дзейнасць з вайсковай справай. Так, у тым жа годзе ён паступiў у Вiленскую вайсковую школу, дзе праз год атрымаў годнасць харужага. З сакавiка 1915 году ён быў прызначаны камандзiрам 2-й роты 14-га сiбiрскага пяхотнага палка, якi кватэраваўся пад Саратавам. У красавiку быў накiраваны ў штаб 2 Сiбiрскага корпуса. У кастрычнiку 1915 года атрымаў годнасць падпаручнiка, а праз паўгода – паручнiка. На працягу 1917 годда Пашкевiч быў камандзiрам батальёна ў складзе 77-га сiбiрскага пяхотнага палка.

8 снежня 1917 году Пашкевiч вырашыў уступiць у 1-ы Польскi корпус, а менавiта ў рыцарскую лiгу. Нейкi час ён з’яўляўся камендантам горада i залогi Рагачова. У 1918 годзе Пашкевiч скончыў курс для афiцэраў у Дэмблiне, курс дашкалення пры вышэйшай вайсковай школе. З’яўляўся камендантам школы падхаружых i афiцэрскае школы пяхоты ў Варшаве. На момант вераснёвай кампанii 1919 году Пашкевiч ўжо паспеў прасунуцца па вайсковай лесвiцы i атрымаўшы годнасць генерала брыгады, камандаваў 12-й Тарнопальскай пяхротнай дывiзiяй ў складзе армii «Прусы». Пасля хуткага разгрому гэтай армii Пашкевiч быў намеснiкам камандуючага армii «Карпаты», падчас чаго быў паранены. Раны загойваў ужо ў якасцi iнтэрнаванага ў вайсковым шпiталi ў Румынii, адкуль пазней Пашкевiч праз Югаславiю i Iталiю, апынуўся ў францыi, дзе тым часам акурат распачыналася фармаванне польскiм эмiгранцкiм урадам Уладзiслава Сiкорскага польскiх узброеных часцей. З 1 снежня 1939 па 23 чэрвеня 1940 гг. Пашкевiч займаў пасаду галоўнага каменданта Саюза ўзброенай барацьбы (СУБ) на радзiме. Пасля паразы Францыi з боку Нямеччыны ён эвакуяваўся на Брытанскiя выспы, дзе знаходзiўся пры штабе галоўнакамандуючага польскiх фармаванняў. З 1940 па сярэдзiну 1942 гг. Пашкевiч камандаваў 1-й брыгадай стральцоў у Шатландыi. З чэрвеня 1942 па верасень 1943 гг. генерал быў адкамандзiраваны на сярэднi Усход, дзе камандаваў 2-й Панцырнай брыгадай. Не падзяляючы поглядаў з афiцэрствам асяродку камандуючага 2-м Польскiм корпусам уладзiслава Андэрса, за што атрымаў мянушку «спражка». Пасля смерцi Сiкорскага яго зноўку адклiкалi ў Англiю, дзе генерал быў намеснiкам камандуючага 1-га Польскага корпуса на тэрыторыi Шатландыi.

Калi скончылiся асноўныя баявыя дзеяннi, разам з Люцыянам Жэлiгоўскiм быў у лiку афiцэраў, якiя афiцыйна звярнулiся з лiстом-заклiкам да польскiх вайскоўцаў на чужыне як мага хутчэй вяртацца на бацькаўшчыну. Цяжка зараз меркаваць, што падштурхнула нашага земляка на гэты крок, але здаецца прынцыповыя разыходжаннi i супярэчнасцi з польскай вайсковай элiтай паспыялi гэтай падзеi. Варта падкрэслiць, што насамрэч да 1950 года ў ПНР i СССР агулам вярнулася не менш як сто тысяч жаўнераў i афiцэраў. У ПНР сам Пашкевiч зрабiў не менш удалую вайсковую кар’еру, чым у ранейшы перыяд. Так, пачынаў ён камандзiрам 18-й пяхотнай дывiзii ў Беластоку, а скончыў у годнасцi генерала дывiзii (22 лiпеня 1946 г.) камандуючага Варшаўскай вайсковай акругай. Гэту пасаду ён захаваў да 14 кастрычнiка 1948 года. Таксама, вядомы як чальца сойму краiны. Памёр Пашкевiч 27 лютага 1955 года ў Варшаве.За свой век Пашкевiч быў ганараваны i адзначаны шэрагам выбiтных вайсковых узнагарод, у тым лiку капiтулам ордэну Virtuti Militari.[12]

Беларус Язэп Верабей нарадзiўся 17 верасня 1890 года ў вёсцы Залессе на Беласточчыне. У 1913 годзе ён скончыў пад-афiцэрскую школу ў Расiйскай армii, пасля чаго быў накiраваны ў Адэсу, дзе тады служыла багата беларусаў. У 1918 годзе Верабей спычынiўся да Войска Польскага на Ўсходзе. Браў удзел у савецка-польскай вайне 1919-20 гг. У мiжваенны час служыў у розных пяхотных палках у заходняй Беларусi i Украiне. Падчас вераснёвай кампанii 1939 года Верабей у годнасцi палкоўнiка, якую ён атрымаў яшчэ ў 1929 годзе, удзельнiчаў у зацятых баях на Памор’i, дзе патрапiў у нямецкi палон. Пасля вызвалення ў 1945 годзе ён далучыўся да ПУСЗ, займаў пасаду першага намеснiка камандзiра 5-й Крэсавай дывiзii пяхоты. Пася дэмабiлiзацыi ў 1947 годзе, ўдзельнiчаў у працы польскiх камбатантаў у Лондане. Годнасць генерала брыгады Верабей атрымаў у 1964 годзе. Цяжка казаць, цi прасунуўся б яшчэ далей наш руплiвы зямляк, але 27 красавiка 1976 года ён трагiчна загiнуў у аўтамабiльнай катастрофе.

Пятро Скуратовiч нарадзiўся 1 жнiўня 1891 года ў вёсцы Фiлiпкавiчы каля Бабруйску. Вайсковыя здольнасцi ў сабе адшукаў хутка, i ў 1909 годзе скончыў Кадэцкi корпус ў Полацку. У 1909–11 гг. навучаўся ў Кавалерыйскай вайсковай школе ў Елiзаветградзе. Да польскай вайсковасцi спрычынiўся ў 1917 годзе. У мiжваенны час займаў камандзiрскiя пасады ў шэрагу злучэннях кавалерыi, у тым лiку – камандзiра шкалення ў Цэнтры вышкалення кавалерыi ў Грудзянцы. Год пачатку Другой сусветнай вайны быў для Скуратовiча адначасова як удалым, гэтак i безнадзейна трагiчным. Па-першае, у 1939 годзе ён атрымаў годнасць генерала брыгады, па-другое, падчас баёў на Украiне генерал быў паланёны савецкiмi войскамi. Пасля чаго яго след беззваротна губляецца сярод вязняў Старабельскага лагера для афiцэраў. Магчыма меркаваць, што Скуратовiч стаўся адной з тысяч ахвяр, якiя былi закатаваны НКУС пад Харкавам увесну 1940 года. Пра яго чыннасць сведчаць наступныя ўзнагароды: ордэны Virtuti Militari, Polonia Restetuta, а таксама залаты Крыж заслугаў.

Побач з вышэйзгаданымi асобамi належыць узгадаць i яшчэ аднаго польскага генерала, якi меў самае непасрэднае дачыненне да Беларусi. Iм з’яўляўся Мiкалай Балтуць, якi нарадзiўся ў сям’i ўраджэнцаў Беларусi 21 снежня 1893 года ў Пецярбурзе. У студзенi 1918 года ён уступiў у Польскi копус на Усходзе, дзе ў годнасцi маёра камандаваў пяхотным батальёнам. У гады савецка-польскай вайны 1919-20 гг. Балтуць адрознiўся падчас абароны Замосця. У мiжваенны час ён скончыў Вышэйшую вайсковую школу, пасля чаго працаваў у бюро Вайсковай рады, а таксама ў Генеральным iнспектараце Ўзброеных сiл. Пад час вераснёвай кампанii генерал Балбуць браў удзел у абароне Варшавы. На чале з 1.800-асабовым аддзелам жаўнераў генерал рухаўся ў напрамку сталiцы, каб дапамагчы абаронцам горада. На шляху вайскоўцы натрапiлi на пераўзыходзячыя сiлы 28-й пяхотнай i 29-й матарызаванай дывiзiй Вермахта, у вынiку чаго распачаўся бой. У момант, калi вораг наблiзiўся ўпрытык, генерал узняў жаўнераў у штыхавую атаку, якая для Болбуця апынулася апошняй у жыццi. Адважны генерал быў ганараваны Срэбным крыжам вайсковага ордэну Virtuti Militari, чатыры разы Крыжам змагарных, ордэнам Polonia Restetuta i iншымi адзнакамi.[13]

Калi казаць наогул пра афiцэрскi склад Войка Польскага часоў вераснёвай кампанii 1939 года i Польскiх узброеных сiл на Захадзе (ПУСЗ), то складана назваць нават прыблiзную колькасць сярод вышэйзгаданых нашых землякоў. Але ў дадзеным выпадку магчыма апеляваць да лiчбы польскiх афiцэраў беларускага паходжання, якiя загiнулi на заходнiх фоантах Другой сусветнай вайны ў польскiх часцях брытанскага i французскага войска. Так, паводле польскiх вайсковых пасляваенных крынiц, агульныя страты ПУСЗ за гады вайны склалi 14.975 чалавек загiнуўшых, памёршых ад ран i хвароб, а таксама знiклых без звестак. Сярод гэтай колькасць беларусы i ўраджэнцы Беларусi складаюць 2 068 асоб, у лым лiку 142 афiцэры. Калi зiрнуць на гэтыя лiчбы акцэнтуючы на асобныя вайсковыя фармаваннi i злучэннi, то атрымаецца наступная колькасць нашых землякоў: сярод польскiх фармаванняў у Францыi ўвосень 1939–ўвесну 1941 – 4 чал.,

1-ы Польскi корпус, якi кватэраваўся ў Вялiкабрытанii – 20 чал., Польская армiя ў СССР (1941-42) – 15 чал., эвакуацыйная база ў Iране – 5 чал., Польская армiя на Сярэднiм Усходзе – 8 чал., Асобная брыгада стральцоў карпацкiх, якая ўдзельнiчала ў абароне Тобрука ў Егiпце – 1 чал.,

2-гi Польскi Корпус на чале з генералам У.Андэрсам – 40 чал., Каралеўскi Ваенна-марскi флот – 5 чал., Ваенна-паветраныя сiлы – 44 чал.[14]

Яскравым сведчаннем таго, што сярод старэйшых афiцэраў былi нашы землякi, ёсць наступныя прыклады. Так, значнай вайсковай асобай 2-га Польскага корпуса быў ураджэнец Пiнска Яўген Казакевiч, якi нарадзiўся 19 лiстапада 1908 года. Падчас цывiльнага часу ён працаваў адвакатам, але жыцце закiнула яго далёка ад роднага Палесся – ў Iталiю, дзе Казакевiч ў годнасцi палкоўнiка займаў пасаду камандзiра сувязi 2-й Варшаўскай панцырнай дывiзii. За ўдзел у баях ён быў кавалерам капiтулу ордэна i ордэна Virtuti Militari, Polonia Restetuta, ганараваны Залатым i Срэбным Крыжам Заслуг з мячамi, памятным крыжам Монтэ Касiна, Медалём войска, тройчы адзначаны Крыжам Змагарных, iншымi брытанскiмi i польскiмi вайсковымi ўзнагародамi. Акрамя таго, ураджэнец Вiленшчыны палкоўнiк Курка прайшоў Iтальянскую кампанiю ў якасцi камандзiра 5-й Вiленскай брыгады 5-й крэсавай дывiзii пяхоты 2-га Польскага корпуса. Афiцэр 302-га дывiзiёна Каралеўскiх Ваенна-паветраных сiл, беларус з Мядзельшчыны Казiмiр Яновiч здзейснiў звыш 400 гадзiн баявых вылетаў на Гановер, Плоўн i iншыя гарады Нямеччыны.

Характэрнай рысай беларускiх афiцэраў ёсць тая акалiчнасць, што калi польскi генералiтэт i старэйшыя афiцэры беларускага паходжання цуралiся сваiго сапраўднага паходжання альбо быў канчаткова апалячаны, то сярод малодшага афiцэрскага складу назiраўся даволi шпаркi рост нацыянальнай самасвядомасцi, якi потым вылiўся ў нацыянальна-культурнiцкую дзейнасць. Безумоўна, нельга абмiнуць увагай гэтых слаўных беларускiх нацыянальных дзеячаў на чужыне, якiя падчас Другой сусветнай вайны з’яўлялiся афiцэрамi 2-га Польскага корпуса 8-й Брытанскай армii – паручнiк Пятро Сыч, Вiнцэнт Жук-Грышкевiч i iнш.

Нельга абмiнуць увагай баявы шлях беларусаў прадстаўнiкоў вышэйшых афiцэраў польскiх узброеных сiл на баку савецкiх войск у гады Другой сусветнай вайны. Нагадаем, што польскiя часцi ў складзе Чырвонай Армii пачалi фармавацца ў траўнi 1943 года, i менавiта пад Разанню ў мястэчку Сельцы, быў пакладзены пачатак iснавання 1-й польскай пяхотнай дывiзii iмя Тадэвуша Касцюшкi. Вядома, ва ўмовах, калi генерал Андэрс на працягу 1941-42 гг. эвакуiраваў створанае раней на тэрыторыi СССР польскае войска, то найперш у 1943 годзе бракавала афiцэрскага складу. Згодна польскай сучаснай гiстарыяграфii, ў Iран тады эвакуiравалася ме менш як 4 000 польскiх афiцэраў. Тым часам, звыш 8 000 прадстаўнiкоў мiжваеннага афiцэрскага корпуса палякаў былi знiшчаны НКУС на працягу 1940-41 гг. Так, напыклад, напрыканцы мая 1944 года ў складзе 1-й пяхотнай дывiзii iмя Т.Касцюшкi некалькi дзесяткаў афiцэраў. Гэтага безумоўна было недастаткова дзеля фармавання буйных вайсковых адзiнак. Савецкi бок абраў наступнае выйсце: падрыхтоўка афiцэрскiх кадраў за кошт навучання юнакоў-палякаў. Паколькi працэс шкалення мог доўжыцца, то тым часам было вырашана адкамандзiроўваць частку савецкiх афiцэраў у склад ствараемых польскiх злучэнняў у якасцi iнструктароў.

Адначасова, гэткiм чынам савецкi ўрад намагаўся абязшкодзiць польскiя часцi ў палiтычным сэнсе, каб там не назiраўся рост антысавецкiх настрояў, носьбiтамi якiх у 1941-42 гг. было, безумоўна, афiцэрства. Перш за ўсё, у польскiм войску бракавала афiцэраў-адмыслоўцаў: iнжынераў, службоўцаў сувязi, лётнiкаў, танкiстаў, артылерыстаў. Бо нават ва ўзброеных сiлах мiжваеннай Польшчы гэтыя рады зброi альбо амаль адсутнiчалi, альбо не адпавядалi сусветным стандартам. Так, калi сярод пяхотных i кавалерыйскiх часцей савецкiх афiцэраў налiчвалася не больш 3%, то, напрыклад, сярод танкавых войск – 42%, артылерыi – 59%, ваенна-паветраных сiлаў – 89%. У вынiку на сакавiк 1944 году ў шыхтах Польскага корпуса ў СССР знаходзiлася 1 475 савецкiх афiцэраў, нацыянальны склад якiх быў наступны: палякi – 782, рускiя – 338, украiнцы – 164, беларусы – 141, iншыя – 40.[15] Агулам жа за гады вайны года праз польскiя вайсковыя часцi прайшло звыш 19 000 чал., а на 22 верасня 1945 там знаходзiлася 16 396 чал., тым часам, як афiцэраў уласна Войска Польскага налiчвалася –

24 463 чал.[16] Як бачна, большасць адкамандзiраваных у польскую армiю савецкiх афiцэраў складаюць палякi. Але гэта вызначэнне ў тагачасных умовах набыло надзвычай умоўны i адносны сэнс. Яшчэ ў красавiку 1943 году ачольнiк Саюза польскiх патрыётаў (СПП) Ванда Васiлеўская ў звароце да Сталiна, прапануючы распачаць фармаванне на тэрыторыi СССР польскiх вайсковых часцей, акцэнтавала, што працэс стварэння злучэнняў мусiць адбывацца за кошт польскага насельнiцтва Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны, якое знаходзiлася на тэрыторыi РСФСР.[17] Васiлеўская сцвярджала, што асоб гэткага кшталту налiчваецца некалькi дзесяткаў тысяч. Безумоўна, гэткае становiшча не магло абмiнуць тысячы беларусаў, якiя знаходзiлiся на тэрыторыi РСФСР. Нават пасля вызвалення ўсходняй Польшчы ўлетку 1944 года, ў разбудоўваемае Народнае Войска Польскае мабiлiзацыя шпарка iшла i ў заходнiх абласцях БССР. Як падкрэслiваюць некаторыя польскiя даследчыкi, шмат савецкiх афiцэраў нават не валодалi польскай мовай.[18] Больш таго, 22 чэрвеня 1944 года быў выдадзены ўказ Прэзiдыюма Вярхоўнага Савета СССР, якi дазваляў пераход у польскае грамадзянства жыхарам Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны, што ўдзельнiчалi ў баявых дзеяннях у Польшчы ў шыхтах Польскай армii.[19] Перадусiм, гэты дакумент было зручна выкарыстаць польскаму генералiтэту непольскага паходжання, якi меў рэальную магчымасць зрабiць выдатную кар’еру ў Войску Польскiм, у тым лiку – i беларускага. Насамрэч, пасля сканчэння баявых дзеянняў з 16 тысяч савецкiх афiцэраў, адклiкана назад было каля 14 тысяч, рэшта – засталася на службе ва ўзброеных сiлах ПНР.[20] Дзеля прыкладу магчыма назваць iмены нашых землякоў, якiя ў мундзiрах польскiх генералаў чынна служылi ў шэрагах г.зв. Армii Берлiнга.

Пятро Ярашэвiч нарадзiўся 8 кастрычнiка 1909 года у Нясвiжы. У мiжваенны час настаўнiчаў на Палессi, пакуль у 1940 года апынуўся ў Архангельску. Вайсковую службу пачынаў пiсарам

2-й пяхотнай дывiзii iмя Г.Дамброўскага, прайшоўшы шлях камандзiра палка i намеснiка камандзiра 1-й Польскай армii, 14 снежня 1945 году Ярашэвiч дамогся генеральскае годнасцi. 11 лiстапада 1950 года ён атрымаў наплечнiкi генерала дывiзii, займаючы на гэты момант пасаду вiцэ-мiнiстра нацыянальнай абароны. Трагiчна загiнуў 1 верасня 1992 году.[21]

Ураджэнец Слонiмшчыны, генерал зброi Уладзiслаў Корчыц нарадзiўся 1 верасня 1893 года ў вёсцы Багдановiчы. У 1917 годзе ён скончыў Маскоўскую школу падхаружых, а у 1923 — Вышэйшую школу афiцэраў у Маскве. Падчас Другой сусветнай вайны генерал-маёр Корчыц займаў пасаду камандзiра 34-й палявой армii. Быў адкамандзiраваны ў Войска Польскае.

Генерал брыгады Станiслаў Зайкоўскi нарадзiўся ў вёсцы Гарашчаны на Беласточчыне

4 жнiўня 1899. У сакавiку 1944 года ў годнасцi палкоўнiка ён быў адкамандзiраваны ў Войска Польскае на пасаду начальнiка штаба, а з 26 верасня 1944 года – камандуючага 3-й пяхотнай дывiзii. 17 красавiка 1945 года ён атрымаў годнасць генерала брыгады. У 1946 годзе мусiў вярнуцца ў СССР. Далейшы лёс невядомы.

Язэп Кiмбар нарадзiўся ў Мiнску ў 1905 годзе. У 1937 годзе скончыў Таганрогскую школу танкавых i механiзаваных войск. У траўнi 1944 годза ён ў якасцi адмыслоўцы быў накiраваны ў Польскую армiю, дзе з 11 траўня заняў пасаду камандуючага танкавых i механiзаваных войск

1-й Польскай армii, а пазней – камандзiрам панцырнага корпуса. Пася вайны Кiмбар у годнасцi генерала дывiзii быў адклiканы ў СССР.[22]

Яшчэ адзiн польскi генерал дывiзii ўраджэнец вёскi Двор пад Пiнскам Баляслаў Кеневiч нарадзiўся 21 лiстапада 1907 года. У 1926 годзе ён скончыў Ульянаўскую афiцэрскую школу. У 1-ю польскую пяхотную дывiзiю быў наккiраваны на самам пачатку ейнага фармавання ў траўнi 1943 года. 25 траўня 1944 года ён стаў камандзiрам 4-й пяхотнай дывiзii. У 1946 годзе Кеневiч вярнуўся ў СССР, але ўжо ў 1950 годзе вяртаецца ў ПНР, дзе займае пасаду камандуючага Кракаўскай вайсковай акругай.

Ураджэнец Белавежы Аляксандр Вашкевiч нарадзiўся 15жнiўня 1901 года. У 1938-42 гг.быў навучэнцам Вайсковай акадэмii iмя Фрунзэ. 26 кастрычнiка 1943 года за адвагу на Варонежскiм фронце палкоўнiку Вашкевiчу было нададзена званне Героя Савецкага Саюза. У Войска Польскае ён быў накiраваны 4 кастрычнiка 1944 года на пасаду камандзiра 5-й пяхотнай дывiзii. У лiстападзе атрымаў годнасць генерала брыгады. Браў удзел у фарсiраваннi р.Нiса. 22 красавiка Вашкевiч быў цяжка паранены i захоплены ў палон, дзе па-зверску закатаваны. Бязьлiтасна знявечаныя рэшткi мужнага беларуса адшукалi толькi на досвiтку 4 траўня. Пахаваны генерал у Варшаве.

Бранiслаў Палтурыцкi нарадзiўся ў мястэчку Нясвiж на Случчыне 20 снежня 1894 года. Удзельнiк першай сусветнай вайны, дзе камандаваў пяхотным батальёнам. У 1918 годзе ахвотнiкам уступiў у расiйскую армiю. У 1929 годзе скончыў Вышэйшую афiцэрскую школу ў Маскве. У 1937 годзе стаўся адной са сталiнскiх ахвяр у шыхтах Чырвонай Армii i быў зняволены. У студзенi 1944 года ў годнасцi генерала брыгады быў накiраваны ў Войска Польскае дзеля фармавання афiцэрскiх кадраў. Пасля вайны застаўся ў ПНР, дзе 21 студзеня 1953 года стаў камандуючым Паморскай вайсковай акругi. Меў годнасць генерада дывiзii. Тым не менш, у 1956 годзе вярнуўся ў Савецкi Саюз. Памёр ў 1969 годзе.

Iван Раткевiч нарадзiўся 20 чэрвеня 1898 года ў Барысаве. Скончыў вайскова-iнжынерную школу, а таксама аператыўна-тактычны курс пры вайсковай акадэмii iмя Варашылава. У мiжваенны час служыў у Сярэднеазiяцкай вайсковай акрузе, працуючы iнструктарам ў Ташкенскай пяхотнай школе. У 1938 годзе яго часткова закрaнулi палiтычныя чысткi сярод афiцэрскага складу Чырвонай Армii. 23 лiпеня 1944 года ён ў годнасцi палкоўнiка быў накiраваны ў Войска Польскае. У пасляваенны час ён выконаваў функцыi намеснiка шэфа Генеральнага штабу Войска Польскага. 11 лiстапада 1944 года Раткевiч атрымаў годнасць генерала брыгады, а 11 траўня 1949 года – генерала дывiзii. Тройчы быў паранены падчас баявых дзеянняў. На працягу 1947-56 гг. ён займаў пасаду камандуючага шэрагу вайсковых акругаў ПНР, у тым лiку – Паморскай вайсковай акругi.[23]

Акрамя генералiтэту варта ўзгадаць iншых беларусаў-афiцэраў Войска Польскага, якiя адрознiлiся ў гады другой сусветнай вайны. Так, атрымалi вядомасць у вайсковых колах Польшчы нашы землякi: ўраджэнец Вiцебска, палкоўнiк 2-й пяхотнай дывiзii, ахвяра сталiнскага пераследу ў 1945 годзе за тое, што патрапiў у палон Аляксандр Ласкi; капiтанам Войска Польскага вайну прайшоў вядомы зараз на Беларусi мастак Вiктар Вярсоцкi з Мiнска; яшчэ адзiн славуты зараз перакладчык i сябра Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Пятро Стэфановiч, якi нарадзiўся на Ашмяншчыне, быў капiтанам 2-й Польскай армii, якая пачала фармавацца ў 1944 годзе ўжо на тэрыторыi Польшчы.

Гэткiм чынам, вiдавочна, што палiтычныя перашкоды, накiраваныя на вынiшчэнне нацыянальнае свядомасцi беларусаў не перашкодзiла iм ажыццявiць свой талент вайскaводцаў. Праўда, на вялiкi жаль, пад штандарамi чужой краiны, прыдбаючы пашану зброi iншага народу. Безумоўна, што прадстаўнiкi генералiтэту па шэрагу аб’ектыўных i суб’ектыўных прычын – адпаведнае выхаванне, умовы вайны, жорсткая вайсковая сiстэма — не маглi спрычынiцца да беларускай дзейнасцi. Разам з гэтым, безлiч беларусаў ужо пазней здолелi адддзячыць радзiму плённа працуючы на асветнай i культурнiцкай нiве на карысць Беларусi, як на ейнай тэрыторыi, гэтак i па-за межамi. Але гэте не дае падставы шэрагу даследчыкам пазбаўляць iх годнасцi слынных сыноў беларускай зямлi. Жыццё i палiтычныя гульнi таго часу скрадалi заўсёды самых лепшых беларусаў, якiя маглi са зброяй у руках служыць сваёй бацькаўшчыне, аб чым пераканаўча сведчаць вышэйзгаданыя прыклады. Гэта толькi здагадкi. Але дакладна адзiнае, што час вяртаць беларускай мiнуўшчыне раней невядомыя iмёны, польскi афiцэрскi склад – не вынятак, а толькi нагода ў гэтай справе.


          Литература:

1 Кiпель Я. Эпiзоды. Нью-Ёрк, 1998. С.23.
2 Тамсама.
3 Дерябин А., Паласиос-Фернандес Р. Гражданская война в России.1917-1922. Национальные армии. М., 1998. С.42.
4 Wojskowy Przeglad Historyczny. – 1992. — №1-2.
5 Gomolka Krystyna. Bialorusini w II Rzeczypospolitej. Gdansk, 1992. S.141.
6 Ibidem.
7 Rozstrzelany w Katyniu: Alfabetyczny spis 4410 jencow polskich z Kozielska rozstrzelanych w kwietniu-maju 1940, wedlug zrodel sowieckich, polskich i niemieckich. T.1. Warszawa, 1995.
8 Ранiца. Беларуская тыднёвая газэта ў Нямеччыне. 1940. №27(30).
9 Сталин, Берия и судьбы Армии Андерса // Новая и новейшая история. 1993. №2.
10 Бiтэль П. I нашых туды трапiла не мала… // Спадчына. 1993. №1.
11 ВесялкоўскiЮ. Няясна мроiлiся новыя дарогi. Лондан, 1997; Mierzwinski Zbigniew. Generalowie II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1990; Sulik Nikodem. Okruchu wspomnien. Bialystok, 1993.
12 Polski slownik bibliograficzny. Warszawa, 1997. S.272-274.
13 Mierzwinski Zbigniew. Generalowie II Rzeczy Pospolitej. Warszawa, 1990. S.41-45.
14 Wykaz poleglych i zmarlych Polskich Sil Zbrojnychzolnierzy na obczyznie w latach 1939-1946. Londyn, 1952.
15 GrzalakCzeslaw. Stanczyk Henryk, zwolinski Stefan. Bez prawa mozliwosci. Wojsko Polskie na froncie wschodnim. 1943-1945. Warszawa, 1993. S.115.
16 Освободительная миссия советских Вооруженных сил во второй мировой войне. Документы и материалы. М., 1985. С.367.
17 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т.VIII. М., 1973. С.364; Wojska Polskie na froncie wschodnim. Warszawa, 1993. S.36.
18 Slusarczyk Jacek. Stosunki polsko-sowieckie w latach 1939-1945. Torun, 2001. S.236-237.
19 Документы и материалы по истории… — С.116.
20 История военного дела в Польше. Избранные вопросы. Под ред.: В.Беганьский и др. Варшава, 1970. С.482.
21 GrzalakCzeslaw. Bez mozliwosci wyboru… — S.228.
22 Ibid.
23 Ibid. S.234.

 
 
Яндекс.Метрика