Гаўрыла Гарэцкi – прадстаўнiк беларускай iнтэлiгенцыi 20-х гадоў

 

          Радзiм ГАРЭЦКI


Гаўрыла Гарэцкi i беларусiзацыя

Гаўрыла Гарэцкi з дзяцiнства знаходзiўся пад вялiкiм уплывам свайго брата Максiма, якi быў старэйшы за яго на 7 гадоў. Менавiта Максiм прывiў Гаўрылу любоў да роднай мовы, да Бацькаўшчыны. Таму яшчэ вучнем Горацкага каморнiцка-агранамiчнага вучылiшча (1914 — 1919 гг.) ён усiм сэрцам успрыняў беларускае нацыянальнае пытанне. У падтрымку беларускасцi юнак надрукаваў некалькi артыкулаў у газеце «Горецкий вестник» у тым лiку супраць русiфiкатарскiх поглядаў лiдэра кадэтаў, выкладчыка вучылiшча С.Г.Цытовiча i падкрэслена падпiсаўся «Сын мацi Беларусi».

У Горках Гаўрыла разам з С.Журыкам i Я.Чарняўскiм стварыў Беларускi вучнёўскi гурток (пазней зваўся Беларускай секцыяй вучняў Горацкiх сельскагаспадарчых школ), мэтай якога было «пашыраць свядомасць памiж беларусамi, знаёмiць з лiтаратурай, тэатральнымi творамi, гiсторыяй, культурным i эканамiчным становiшчам Беларусi i дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху захоплiваць шырэйшыя народныя праслоi». Працавалi аддзелы: гiсторыка-экнамiчны, лiтаратурны, тэатральны, музычны, чыстага мастацтва. Гаўрыла найбольш актыўна ўдзельнiчаў у драматычным аддзеле, якi ставiў п’есы беларускiх аўтараў Ф.Аляхновiча, У.Галубка i iнш. Пастаноўкi карысталiся вялiкiм поспехам — на iх прыходзiла больш за 500 гледачоў. Секцыя выдала лiстоўку для сялян «Як чытаць па-беларуску». Удзельнiкам Секцыi ўвесь час прыйшлося весцi досыць жорсткую барацьбу з шматлiкiмi працiўнiкамi беларускага нацыянальнага адраджэння i рускiмi вялiкадзяржаўнымi шавiнiстамi. Дарэчы, дзейнасць Секцыi паслужыла асновай для стварэння аповесцi Максiма Гарэцкага «Дзве душы».

У сувязi з рэвалюцыйнымi падзеямi, вучылiшча было зачынена i Гаўрыла першыя пяць месяцаў 1918 г. пражыў у Максiма ў Смаленску. Тут ён працаваў стэнаграфiстам у Абластным камiтэце Заходняй вобласцi (Облiскомзап.), пазнаёмiўся з Янкам Купалам, Фабiянам Шантырам, Алесем Чарвяковым, Дзмiцерам Жылуновiчам, Язэпам Дылам i iнш. Большасць з iх ужо тады гаварылi па-беларуску. Усе чакалi абвяшчэння БССР. Белнацкам надрукаваў «Этнаграфiчную карту Беларусi», складзеную Я.Карскiм. А.Чарвякоў увесь час хадзiў з гэтай картай, дабiваючыся, каб на яе аснове былi вызначаны межы рэспублiкi. Адзiн паасобнiк карты ён падараваў Гаўрыле з надпiсам: «Ад беларускага камiсара». Разам з Максiмам Гарэцкiм падрыхтаваў «Руска-беларускi слоўнiк», якi быў надрукаваны ў Смаленску ў 1918 г., а затым з вялiкiмi дадаткамi i папраўкамi — у Вiльнi ў 1921 г. пад назвай «Маскоўска-беларускi слоўнiк». Беларускасць Гаўрылы яшчэ больш замацавалась.

1 студзеня 1919 г. у Смаленску была абвешчана БССР. Жорсткая барацьба ўнутры Камунiстычнай партыi памiж прыхiльнiкамi iдэi сусветнай пралетарскай рэвалюцыi i лiквiдацыi асобных краiн, з аднаго боку, i прыхiльнiкамi iдэi нацыянальнага адраджэння i федэратыўнага аб’яднання, з другога, закончылася перамогай апошнiх. Асаблiва гэтая барацьба была актуальнай для беларусаў. Папярэдняе стварэнне БНР, нацiск прадстаўнiкоў нацыянальных кампартый, неабходнасць саюза савецкiх рэспублiк, новай эканамiчнай палiтыкi спрыяла працэсу абвяшчэння рэспублiкi. Нават I.В.Сталiн на Х з’ездзе РКП быў вымушаны сказаць: «Тут я маю пiсульку аб тым, што мы, камунiсты, нiбы то насаджваем беларускую нацыянальнасць штучна. Гэта непраўдзiва, таму што iснуе беларуская народнасць, у якой маецца свая мова, адметная ад расейскай, дзеля чаго падняць культуру беларускага народа можна толькi на роднай iх мове». Г.Гарэцкi прывёў гэтыя словы ў сваiм артыкуле «Расейскiя камунiсты аб беларусах» (газета «Савецкая Беларусь»).

Многiя кiраўнiкi тагачасных партыйных i савецкiх органаў Беларусi (А.В.Чарвякоў, М.Гала-дзед, З.Жылуновiч, А.Адамовiч, У.Iгнатоўскi, А.Бурбiс, А.Балiцкi i iнш.) актыўна праводзiлi ў жыццё палiтыку нацыянальнага адраджэння, адным з галоўных элементаў якога была беларусiзацыя. Статус дзяржаўнай атрымалi чатыры мовы (беларуская, руская, яўрэйская i польская), шырока пачалi стварацца беларускiя школы i адначасова школы для прадстаўнiкоў iншых народаў, справаводства пераводзiлася на беларускую мову, паўсюдна адкрывалiся курсы беларусазнаўства i г.д. Праблемы беларусiзацыi спецыяльна разглядалiся на пленумах ЦК КП(б)Б i сесiях ЦВК БССР. Была створана камiсiя па ажыццяўленню нацыянальнай палiтыкi, якую ўзначалiў Д.Чарнушэвiч, а затым А.Хацкевiч. Адпаведныя камiсii былi створаны пры акруговых выканкамах. Такiм чынам беларусiзацыя стала афiцыйнай дзяржаўнай i партыйнай палiтыкай.

1 верасня 1920 г. Гаўрыла Гарэцкi стаў студэнтам эканамiчнага факультэта Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэмii, а ўжо праз 2,5 месяца арганiзаваў пры акадэмii Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю, задачамi якой былi вывучэнне розных бакоў жыцця Беларусi; выяўленне шляхоў i магчымасцей культурна-эканамiчнага адраджэння Беларусi; прапаганда iдэй адраджэння; барацьба з шавiнiстычнымi i вузканацыянальнымi плынямi беларускага адраджэнскага руху; аб’яднанне i падрыхтоўка культурных працаўнiкоў для дзейнасцi ў навуковай, гаспадарча-тэхнiчнай, культурна-асветнiцкай i iншых галiнах; шырокая культурна-асветнiцкая праца, арганiзацыя навуковых даследаванняў, экспедыцый i г.д.

Г.Гарэцкi ў тыя гады надрукаваў шэраг артыкулаў пра розныя напрамкi беларускага нацыянальнага адраджэння. Так, у зборнiку «Первый год деятельности Белорусской культурно-научной ассоциации» змешчан артыкул «Iзучение Белоруссии, как фактор его Возрождения». У артыкуле «Усебеларускi студэнцкi зьезд» (газета «Савецкая Беларусь») ён адзначыў, што « ... нацыянальны рух выклiкае к творчасцi ўсе захованыя сiлы народу, а праз тое зьяўляецца нямiнучым пралёгам к эканамiчнаму, а разам i культурнаму адраджэнню ... гэты чыста нацыянальны рух прыймае формы i зьмест шырокага культурна-эканамiчнага адраджэньня, робiцца масавым i iнтэгральным. А дзеля масавасьцi i iнтэгральнасьцi яго патрэбны магутныя шэрагi беларускае iнтэлiгенцыi як тэхнiчнае, гэтак i iншае». Ён заклiкаў правесцi з’езд усiх беларускiх студэнцкiх арганiзацый, каб выпрацаваць новую iдэялогiю беларускай iнтэлiгенцыi, каб абмеркаваць «усе пытаннi Беларускага Iнтэгральнага Рэнэсансу». У газеце «Савецкая Беларусь» Г.Гарэцкi надрукаваў артыкулы: «Што нам павiнен даць Беларускi Тэатр», «З Масквы ў Беларускi Ерузалiм», «Беларуская сэкцыя пры Губ. Аддз. Нар. Асьветы Гомельшчыны», «Дзе быць Беларускай Сел.-Гасп. Акадэмii?». Гэтыя артыкулы ён падпiсаў псеўданiмам «Габрыэль Мсцiславец». У першым з iх Гарэцкi падкрэслiў, што «... ва ўсiм мастацтве нашым павiнна быць найглыбейшая беларускасць», у апошнiм — прыходзiць да высновы, што «... Горкi павiнны стаць калыскай новай сельскагаспадарчай Беларускай асьветы», а далей дадаў: «... Акадэмii ў Горках можна зразу наддаць шчыры беларускi колер i ўвесьцi выкладаньне беларускае мовы i беларусазнаўства...».

У дадатку да часопiса «Маладосць» (Москва, 1922 г.) Г.Гарэцкi надрукаваў артыкул «Регрессивность и прогрессивность возрождений», у якiм падкрэслiў: «... Язык главным образом придает национальные формы культурным ценностям. Со смертью языка умирает народ, умирает национальная культура. ... Задача возрожденческой белорусской и украинской интеллигенции стремиться так повлиять на ход движения, чтобы они резонировали с лучшими освободительными социально-политическими идеями ХХ-го века. В этом им должна помочь интеллигенция и великорусская. Надо ослабить остроту национального конфликта и скорее приблизить время, когда национальное движение переходит в широкое культурно-экономическое возрождение».

Беларускi студэнцкi рух набiраў сiлу: былi створаны нацыянальныя таварыства ва многiх iнстытутах Масквы, прайшла канферэнцыя маскоўскiх студэнтаў-беларусаў, пачаў працаваць беларускi студэнцкi клуб, створана кааператыўнае выдавецкае таварыства «Маладая Беларусь» i г.д. Апошняе выдала ў 1922 г. пад такой жа назвай навукова-лiтаратурны зборнiк, у якiм прынялi ўдзел Ц.Гартны, У.Дубоўка, М.Чарот, Я.Журба, Зм.Бядуля i iнш. Пачынаўся зборнiк вялiкiм артыкулам Г.Гарэцкага «На новы шлях». Ён пiсаў: «Жывём, як гарох пры дарозе: хто йдзе, той i скубе», гэтымi мудрымi словамi беларускай прыказкi можна выказаць характар усяе гiсторыi беларускага народу. ...Склаўшыя зусiм асобную нацыю йшчэ ў XII веку, ... Геаграфiчнае становiшча Беларусi рабiла з яе арэну вялiкiх боек народных i адбiрала самастойнае распарадкаваньне сваiм жыцьцём. ... Беларусь не знайшла рэальнае моцы, каб уласна вырашыць свой лёс-долю, i аддала цела сваё на ахвяру Сiле; зьнiшчаная вайною, яна кавалкамi падзелена мiж сваiмi «культурнымi» суседзямi. ... забраны народ застаўся жывым i дужым толькi праз сваю працу, упартасць i няўгасную надзею. ... у часы панаваньня Мяча i Грошай, беларус ня быў гаспадаром свайго краю. Так было. I так будзе, пакуль гэта панаваньне будзе жыць. ... У зьвязку-ж з пашырэньнем дэмакратычнага руху стаяць пачаткi ўкраiнскага i беларускага адраджэньня». Г.Гарэцкi ставiць пытанне: «Што-ж рабiць нам — маладым адраджоным беларусам? Па якому шляху мы павiнны пайсьцi, каб здабыць народу нашаму — частцы чалавецтва — лепшую долю?» Ён адказвае: «Беларускi народ гэтак загакаўся паляпшэньня свайго эканамiчнага дабрабыту, што ён гарою пойдзе за iдэямi правадыроў iнтэгральнага рэнэсансу беларускага, падмуроўкам якога можа зьяўляцца найпервей адраджэньне эканамiчнае. У адраджонай эканамiчна Беларусi закрасуюць мастацтва, навука, закрасуець беларуская мова... Нам сорам, што мы гэтак блiзкiя да Заходняй Эўропы, суседзi яе, а так усё-ж-такi мала ад яе перанялi! ... Грамадзянскае, культурнае, эканамiчнае, дзяржаўнае будаўнiцтва паўстае прад беларусамi як вольным народам. ... Разарванае цела Беларусi зрасьцецца, ажывiцца, i трэба цяпер ужо дбаць аб усебаковай культуры гэтага цела. Мова займае пачэснае, падабаючае ёй месца». Артыкул заканчваецца аптымiнiстычнымi словамi: «На новым шляху ёсьць цернi, але Маладая Беларусь прыйдзе к сонцу! Маладыя Беларусы ажыцьцёвяць iдэi ўсебаковага Рэнэсансу Роднага Краю».

Я прывёў такую вялiкую цытату, каб паказаць, наколькi актуальны i цяпер думкi i намаганнi беларусаў-адраджэнцаў пачатку стагоддзя, як быццам i не прайшло з таго часу амаль 80 гадоў.

У гэты час Максiм Гарэцкi, якi працаваў у Вiльнi, таксама выступаў з многiмi публiцыстычнымi артыкуламi ў падтрымку нацыянальнага адраджэння. Так напрыклад, у артыкуле «Аб беларускай мове ў школе» (1921) ён пiсаў: «Было б дзiўна i неразумна пытаць у расiянiна, цi хоча ён рускую мову ў сваёй школе? Глупства было б пытаць аб тым жа немца, француза або латыша, цi эстонца. Чаму ж тады з дурнымi пытаннямi можна звярнуцца толькi да цёмнага беларуса? Вучыць дзяцей трэба на роднай мове, на мове мацi».

У артыкуле «Аб беларускiх пiсьменнiках» (1921) М.Гарэцкi адзначаў: «У Менску ня жывуць, а тлеюць не абласканыя мiласцю ўсемагутных, але чужых да беларускага слова камунiстаў-прышэльцаў такiя беларускiя таленты: паэт Янка Купала, навелiст Змiтрок Бядуля, драматургi Ф.Аляхновiч i Уладзiслаў Галубок, белетрыст i публiцыст Язэп Лёсiк, а таксама слабенькi беларускi камунiст i добры, моцны паэт Цiшка Гартны».

Але бальшавiзм, якi iмкнуўся да мiравой рэвалюцыi i поўнага iнтэрнацыяналiзма, дапускаў нацыянальнае адраджэнне i вальнадумства iнтэлiгенцыi толькi да адпаведнай меркi i таму ўжо у першай палове 1922 г. даў моцны ўрок на гэтую тэму такiм рамантыкам нацыянальнага руху, якiм быў i Гаўрыла Гарэцкi. Тады па iнiцыятыве У.I. Ленiна i пад яго кiраўнiцтвам было арыштавана i выслана за мяжу больш 220 прафесароў i пiсьменнiкаў, сярод якiх былi выдатныя прадстаўнiкi расiйскай iнтэлiгенцыi. Хаця Гарэцкi быў яшчэ студэнтам, але таксама трапiў у лiк арыштаваных. Толькi пасля допыту, якi зрабiў сам В.Р.Мянжынскi, Гарэцкi быў вызвалены з Лубянскай турмы. У гэты час загiнула, трапiўшы пад трамвай, любая сястра братоў Гарэцкiх — Гануля, якая несла перадачу Гаўрыле ў турму. Нясправядлiвасць арышту, згуба сястры моцна паўплывалi на чулую душу студэнта. Удар быў настолькi моцны, што калi на тэму адраджэння i беларусiзацыi у 1922 г. Гарэцкi надрукаваў 12 артыкулаў, так у 1923–24 гг. iх амаль не было. Яго выратавала стараная вучоба i руплiвая праца па збору матэрыялаў для вялiкай навуковай манаграфii «Народны прыбытак Беларусi».

Працуючы загадчыкам кафедры эканамiчнай геаграфii i дацэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэмii (1925–27 гг.), Г.Гарэцкi ўзначалiў групоўку маладых выкладчыкаў, якiя праводзiлi актыўную працу па беларусiзацыi Акадэмii. На чале вялiкадзяржаўнай групы быў рэктар Акадэмii праф. М.Ц.Козыраў. Барацьба памiж групоўкамi была жорсткай i з боку адмiнiстрацыi Акадэмii насiла часта скрыты, ня зусiм справядлiвы i прыстойны характар. Русiфiкатары моцна трымалiся свайго напрамку, не гледзячы нават на тое, што у студзенi i кастрычнiку 1925 г. прайшлi пленумы ЦК КП(б)Б, на якiх былi падведзены вынiкi беларусiзацыi, разгледжаны прычыны, якiя тармозяць гэтую важную справу, адзначана, што партыйныя арганiзацыi павiнны падаваць прыклад у справе беларусiзацыi, вызначана далейшая праграма нацыянальнай палiтыкi.

Адразу пасля кастрычнiцкага пленума ЦК КП(б)Б i абапiраючыся на яго рашэннi, Г.Гарэцкi напiсаў заяву «У камунiстычную ячэйку пры Беларускай дзяржаўнай акадэмii сельскай гаспадаркi iмя Кастрычнiцкай рэвалюцыi сябра Кiраўнiцтва Акадэмii», у якой прапанаваў дэталёвую праграму беларусiзацыi Акадэмii1 . Ён цытуе асобныя палажэннi пастановы пленума (дарэчы, апублiкаванага па-руску) i на кожнае з iх дае сваю канкрэтную прапанову. Ён настойваў, каб была створана належная партыйная камiсiя па беларусiзацыi Акадэмii; прапанаваў, каб разнастайныя навуковыя таварыства Акадэмii аб’яднаць у адну арганiзацыю i надаць ёй статус фiлii Iнбелкульта — найбольш беларусiзаванай установе; падкрэслiваў, што «без навуковай беларускай тэрмiналогii, без беларускага сталага друку ў Акадэмii не будзе самага неабходнага звяна ў агульнай сiстэме па беларусiзацыi Акадэмii»; просiць перавесцi на беларускую мову 45 навуковых працаўнiкоў, якiя уладаюць беларускай моваю (iх спiс прыкладае), а для iншых (за выключэннем прафесароў) утварыць «адмысловыя курсы беларускае мовы, лiтаратуры i навуковае тэрмiналогii»; падаў праект «пераймення ўсiх вулiц i алеяў Акадэмii» i г.д. Важна адзначыць, што зачыненне рускай школы на тэрыторыi Акадэмii лiчыць «злоснаю правакацыяй» i просiць «паклапацiцца аб адчыненнi рускай школы для дзяцей навуковага персаналу Акадэмii, якiя на 60% складаюцца з вялiкарусаў».

У часопiсе «Асьвета» (1926, № 6) Г.Гарэцкi надрукаваў артыкул «Аб беларусiзацыi вышэйшых навучальных устаноў БССР». На прыкладзе Беларускага ўнiверсiтэта i Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii ён паказаў стан беларусiзацыi на 1926 г. i яе дынамiку з 1919 г. У выглядзе шматлiкiх таблiц ён прааналiзаваў колькасць працаўнiкоў, якiя валодалi беларускай мовай (незалежна ад нацыянальнасцi), па катэгорыях: прафесары, дацэнты, асiстэнты, навуковыя супрацоўнiкi.

Вывады з таблiц такiя, беларусiзацыя навуковых працаўнiкоў праведзена ў мiзэрнай долi — у Акадэмii беларускай моваю валодае ледзьве 1/4 частка працаўнiкоў, а ва Унiверсiтэце — толькi 1/6; найбольшы працэнт беларускамоўных (амаль 50%) у беларускай групе, затым iдуць украiнцы (40% ва Унiверсiтэце) i яўрэi (30% у Акадэмii); найбольш беларусiзаваны сярэднiя групы (дацэнты i асiстэнты), а найменш — самая малодшая, таму ёсць пагроза беларускай навуковай змены; групы, дзе найменш ведаюць беларускую мову i дзе найменш партыйных, саўпадаюць. Дынамiка беларусiзацыi: сярод беларускамоўных прафесароў, дацэнтаў i асiстэнтаў найбольшая колькасць прыпадае на 1921 — 22 гг., а ў Акадэмii i на 1925 г., а затым iдзе сiстэматычнае знiжэнне; за гэтыя гады беларусаў скарочана адносна ў 5 разоў болей, чым расiйскiх навуковых супрацоўнiках; стан беларусiзацыi ў 1926 г. пагоршыўся; неабходна запрашаць з Расii эмiгрантаў вучоных-беларусаў, колькасць якiх досыць высокая i сярод якiх многа выдатных спецыялiстаў. Галоўны трывожны вынiк: «Беларусiзаванае навуковае зьмены няма».

Ад iмя Праўлення Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii Г.Гарэцкi вiтаў Акадэмiчную канферэнцыю па рэформе беларускага правапiсу i азбукi (Менск, ). Ён адзначыў поспехi ў беларусiзацыi: каля 75% асiстэнтаў Акадэмii i 50% навуковых супрацоўнiкаў ужо перайшлi на беларускую мову. Але «на шляху далейшай поўнай беларусiзацыi Акадэмii мы маем вялiкiя перашкоды — гэта адсутнасць у нас навуковае тэрмiналёгii. ...Факт дзяржаўнага будаўнiцтва Савецкай Беларусi павiнен быць падмацаваны i iншымi фактамi — утварэньнем навуковай беларускай мовы, самастойнай беларускай навукi. Толькi тады будзе цалкам запоўнена гiстарычная гама будаўнiцтва беларускай культуры».

У 1926 г. выйшлi з друку артыкулы Г.Гарэцкага «Население Гомельской губернии» i «Сельское хозяйство Гомельской губернии», у якiх вельмi дасканала даказаў, што Гомельшчына i па насельнiцтву, i па характару сельскай гаспадаркi найбольш блiзка iменна Беларусi, а не Расii i Украiне. Яго довады былi ўзяты за аснову пры абгрунтаваннi мэтазгоднасцi ўключэння Гомельшчыны ў склад БССР.

Пад кiраўнiцтвам Козырава ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii склалiся такiя ўмовы, што паступова выцяснялiся прыхiльнiкi беларушчыны. Напрыклад, навучальныя планы складалiся так, што непатрэбны выкладчык меў мiнiмальную колькасць гадзiн, а адсюль атрымлiваў i адпаведную аплату. Г.Гарэцкi вымушаны быў пакiнуць Акадэмiю ў Горках i пераехаў у пачатку 1927 г. у Менск, дзе быў прызначаны дырэктарам Беларускапга навукова-даследчага iнстытута сельскай i лясной гаспадаркi iмя У.I.Ленiна. Пачаўся самы яскравы этап грамадскай i навуковай дзейнасцi Гарэцкага, у тым лiку i ў напрамку нацыянальнага адраджэння i беларусiзацыi. Тут праца па арганiзацыi новага Iнстытута, актыўны ўдзел у дзейнасцi Iнбелкульта, СНК i ЦВК БССР многiх навуковых камiсiй, саветаў, таварыстваў, пераўтварэнне Iнбелкульта ў Акадэмiю навук (пiша праект аб арганiзацыйнх прынцыпах яе будаўнiцтва) i г.д.

Па матэрыялах сваёй камандыроўкi ў Польшчу Гарэцкi напiсаў грунтоўную манаграфiю «Межы Заходняй Беларусi ў Польшчы (нацыянальны склад насельнiцтва Заходняй Беларусi)», якая была выдадзена ў 1928 г. на беларускай мове з вялiкiм англiйскiм рэзюме. Крытычны разгляд крынiц ведаў аб нацыянальным складзе насельнiцтва Заходняй Беларусi даў магчымасць аўтару паказаць, наколькi далёкiя ад сапраўднасцi i аб’ектыўнасцi вынiкi польскiх перапiсаў 1919 i 1921 гг. Ён дасканала вызначыў сапраўдныя этнiчныя межы Беларусi i асаблiва заходнюю. Дарэчы, адразу пасля заканчэння вайны, калi вырашалася пытанне аб заходняй мяжы Беларусi з Польшчай, гэта кнiга праз Якуба Коласа была перададзена П.Панамарэнку, якi паказаў яе I.Сталiну для доказу ўключэння Беласточчыны ў склад Беларусi. Але Сталiн, паклаўшы руку на калена Панамарэнкi, сказаў: «Слухай, Пантэлеймон, давай ня будзем спрачацца i аддадзiм гэты кавалачак нашай зямлi палякам, каб iх супакоiць...».

У часопiсе «Полымя» (1929, № 5) Гарэцкi надрукаваў вялiкi (40 стар.) артыкул «Нацыянальныя асаблiвасьцi насельнiцтва БССР i беларускага насельнiцтва СССР паводле перапiсу 1926 г.». БССР па нацыянальнаму складу памiж iншых Саюзных рэспублiк з’яўляецца самай аднастайнай — працэнт беларусаў у БССР 80,6% — найбольшы. Асiмiляцыя беларусаў iдзе ў наступных накiрунках: на поўнач, на ўсход i паўночны ўсход. Асаблiва моцныя два апошнiя — гэта накiрунак цэнтральнага расiйскага этнаграфiчнага ядра. У дачыненнi да насельнiцтва ўсяго СССР аўтар зрабiў такi сумны вывад: «... Беларусы перажываюць працэс асiмiляцыi выключнай моцы, якi ставiць беларусаў на ўзровень (у гэтых адносiнах) да найбольш «некультурных» нацыянальнасцяў СССР, што стаяць на гранi ўжо фiзычнага змяньшэньня i вымiраньня (камчадалы, асьцякi i да т.п.)».

Яшчэ ў канцы 1927 — 1928 гг. быў узят курс на калектывiзацыю сельскай гаспадаркi, павялiчылася барацьба супраць «буржуазнай нацдэпаўшчыны, а 1929 г. стаў годам «вялiкага пералому» i суцэльнай калектывiзацыi, 1930 г. пачаўся шырокамаштабнымi арыштамi, былi сфабрыкаваны справы Саюза вызвалення Беларусi, беларускага фiлiяла Працоўнай сялянскай партыi i iнш. Разам з многiмi былi арыштаваны Максiм i Гаўрыла Гарэцкiя. У першую палову 30-х гадоў беларусiзацыя i нацыянальнае адраджэнне канчаткова захлiпнулiся ў крывавым гулагаўскiм патоку сталiнскага бальшавiзма.


Г.I.Гарэцкi — дырэктар БелНДI сельскай i лясной гаспадаркi iмя У.I.Ленiна пры СНК БССР

У вераснi 1925 г. Гаўрыла Гарэцкi, а ў лютым 1926 г. Максiм Гарэцкi пераехалi ў Горкi, дзе працавалi ў Беларускай дзяржаўнай акадэмii сельскай гаспадаркi — першы дацэнтам, загадчыкам кафедры эканамiчнай геаграфii, другi — дацэнтам, загадчыкам кафедры беларускай мовы i лiтаратуры.

Тут Гаўрыла Гарэцкi ўзначалiў тую групу супрацоўнiкаў, якая змагалася за беларусiзацыю Акадэмii, але ў хуткi часе сiтуацыя склалася не на iх карысць i ўжо ў самым пачатку 1927 г. ён быў вымушаны пакiнуць працу, не гледзячы нават на тое, што быў у кiраўнiцтве Акадэмii. Старшыня СНК БССР М.М.Галадзед запрасiў Гарэцкага ўзначалiць i арганiзаваць новую навуковую ўстанову — Беларускi навукова-даследчы iнстытут сельскай i лясной гаспадаркi iмя У.I.Ленiна, якi ў час IV з’езду ЦВК БССР VII склiкання 26 студзеня 1927 г. быў аб’яўлены адкрытым у Менску.

На аснове вывадаў, якiя былi зроблены ў раней выдрукаванай манаграфii «Народны прыбытвак Беларусi (нацыянальны даход Беларусi)», Гарэцкi склаў статут, напрамкi дзейнасцi, структуру iнстытута, праграму даследаванняў i план працы. Амаль усе напрамкi сельскай i лясной навукi былi сканцэнтраваны ў гэтым iнстытуце. У iм iснавалi наступныя аддзелы: сельскагаспадарчай эканомiкi i аграрнай палiтыкi, раслiназнаўства i прыкладной батанiцы, жывёлагадоўлi i прыкладной заалогii, мелiярацыi i культуры балот, лямной гаспадаркi. Пры кожным аддзеле працавалi спецыяльныя (цэнтральная бульбяная, балотная, тварфяная, лясная, раслiнаводная, аховы раслiн, лекавых раслiн, свiнаводная, буйнай рагатай жыв1лы i iнш.) i раённыя (Горацкая, Вiцебская, Тураўская, Палеская, Барысаўская, Магiлёўская, Менская i iнш.) даследчыя станцыi, навуковыя кабiнеты, лабараторыi, «Белгеафiзiка» з геафiзiчнай абсерваторыей i многiмi метэаралагiчнымi станцыямi, Цэнтральная хiмiчная лабараторыя i Бюро селяен-даследчыкаў. Iнстытут выдаваў на беларускай мове працы i часопiс «Сельская i лясная гаспадарка Беларусi».

У БелНДI перайщла i сельскагаспадарчая секцыя Iнстытута беларускай культуры i таму памiж абодвумя iнстытутамi была заключана жамова «у мэтах канцэнтрацыi, планавага развiцця i ўзаемнай сувязi навуковых доследаў прыроды, гаспадаркi i культуры Беларусi». У сувязi з гэтым Гарэцкага зноў абралi правадзейным членам Iнбелкульта, увялi ў склад яго Прэзiдыўма i Навуковай Рады.

Да працы ў Iнстытут Гарэцкi прыцягнуў многiх выдатных вучоных: тут працавалi акадэмiкi А.Д.Дубах, Н.К.Малюшыцкi, А.I.Кiтайгародаў, У.I.Пераход, В.В.Шкацелаў, прафесары А.А.Смолiч, С.П.Мельнiк, М.М.Пелехаў, В.К.Захараў, Я.В.Яцентоўскi, Б.I.Бельскi, I.А.Кiслякоў i iнш.

У вераснi 1927 г. Гарэцкi быў у амаль двухмесячнай камандыроўцы ў Нямеччыне i Данii, дзе змог пазнаёмiцца з рознымi напрамкамi арганiзацыi навукi i вельмi эфектыўнай вытворчасцi сельскай гаспадаркi. Па матэрыялах сваёй мiнулагодней камандыроўкi ў Польшчу ён выдаў грунтоўную манаграфiю «Межы Заходняй Беларусi ў Польшчы (нацыянальны склад насельнiцтва Заходняй Беларусi», якая надрукавана на беларускай мове з вялiкiм англiйскiм рэзюме. Крытычны разгляд крынiц ведаў аб нацыянальным складзе насельнiцтва Заходняй Беларусi даў магчымасць аўтару паказаць, як далёкiя вынiкi польскiх перапiсаў 1919 i 1921 гг. ад сапраўднасцi i аб’ектыўнасцi. Ён дасканала вызначыў этнiчныя межы Беларусi, асаблiва заходнiя. Дарэчы, калi пасля Другой сусветнай вайны вырашалася пытанне пра мяжу памiж Польшчай i Беларуссю i асаблiва пра належнасць Беласточчыны, Гарэцкi праз Якуба Коласа перадаў гэтую манаграфiю П.К.Панамарэнку, якi ўзяў яе з сабой на размову са I.Сталiным, прыводзiў адтуль розныя доказы ў карысць Беларусi. але нiчога не дапамагло...

У канцы кожнага года БНДI сельскай i лясной гаспадаркi выпускаў дэталёвую справаздачу пра вынiкi сваёй працы i планы на будучыню. Iнстытут стаў адной з буйнейшых навуковай установай, якую высока цанiлi не толькi ў БССР, але i ў Саюзу, у тым лiку такi аўтарытэт, як М.I.Вавiлаў, якi некалькi разоў наведваў Iнстытут. Пры рэканструкцыi даследчай справы па ўсяму СССР у аснову былi ўзяты многiя моманты, распрацаваныя ў Iнстытуце (напрыклад, прынцып спецыялiзацыi). Былi выдадзены шэраг прац, якiя распаўсюджвалiся ня толькi ў Беларусi i БССР, але i далёка за iх межамi. Прыкладам можа быць «Клiматычны атлас Беларусi» А.I.Кiтайгародава.

Гарэцкi ў гэты час таксама надрукаваў некалькi прац: у артыкуле «Нацыянальныя асаблiвасцi насельнiцтва БССР i беларускага насельнiцтва СССР паводле перапiсу 1926 г.», у якiм з вялiкай трывогай адзначыў, што «... беларусы перажываюць працэс асiмiляцыi выключнай моцы ...»; у брашуры «Дасьледчая справа па сельскай i лясной гаспадарцы БССР» паказваў, што «... у блiжэйшыя 25—30 год БССР мае зусiм рэальныя падставы, каб павялiчыць гуртавую вытворчасць сельскай гаспадаркi ў 4—5 разоў...».

Гарэцкi вёў вельмi разнастайную не толькi навуковую, але i навукова-арганiзацыйную i грамадскую дзейнасць: член Савета Беларускагша цэнтральнага саюза сельскагаспадарчых i прамысловых таварыстваў (Белсельсаюза), член Прэзiдыума Камiтэта па хiмiзацыi народнай гаспадаркi БССР, Цэнтральнага Бюро краязнаўства пры Iнбелкульце, эканамiчнай секцыi Навуковага таварыства пры БДУ, член статыстычнага плана пры Цэнтральным статыстычным упраўленнi БССР, член Цэнтральнага Савета секцыi навуковых працаўнiкоў БССР i г.д. Яго выбралi кандыдатам у члены, а затым ў 1929 г. — членам ЦВК БССР. Ён часта выступаў з дакладамi на сесiях ЦВК, актыўна удзельнiчаў у авседжаннях СНК БССР. 26 снежня 1928 г. шэраг буйнейшых вучоных БССР, у тым лiку i Г.I.Гарэцкi, былi зацверджаны ў званнi акадэмiкаў Беларускай акадэмii навук, а 1 студзеня 1929 г. яны выступiлi як арганiзатары-заснавальнiкi на ўстаноўчым сходзе БАН.

Яшчэ ў канцы 1927 г. XV з’езд УКП(б) намецiў курс на калектывiзацыю сельскай гаспадаркi i наступ сацыялiзму па ўсiм фронце, а 1929 г. стаў годам «вялiкага пералому», суцэльнай калектывiзацыi, новай «чысткi» партыi пад знакам барацьбы супраць трацкiстаў, правых апартунiстаў, буржуазных нацыялiстаў i iнш. Гэта быў год пераходу да дзiкiх таталiтарных метадаў кiраўнiцтва краiнай, калi, па словах Сталiна, «рэпрэсii у галiне сацыялiстычнага будаўнiцтва з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». СССР ператвараўся ў суцэльны «архiпелаг ГУЛАГ».

З Масквы прагучаў сiгнал супраць «нацдэпаў» у выглядзе артыкулаў, якiя былi надрукаваны ў «Комсомольской правде» i ў якiх у негатыўным сэнсе былi ўзгаданы iмёны З.Жылуновiча, Я.Лёсiка, С.Некрашэвiча, У.Пiчэты, А.Галiцкага, У.Ластоўскага, М.Гарэцкага, I.Цвiкевiча i iнш. Пачалася барацьба i супраць вучоных-эканамiстаў Цiмiразеўскай сельскагаспадарчай акадэмii А.В.Чаянава, М.Д.Кандрацьева i iнш., вучням якiх быў Г.Гарэцкi. Газета «Звязда» падхапiла сiгнал «Камсамолкi» i таксама пачала друкаваць адпаведныя артыкулы. Г.Гарэцкага далучылi да «буржуазнага спецыялiста» i «антымарксiста».

А.М.Гесь нядаўна знайшла ў Партыйным архiве заяву Гарэцкага ад 16.10.1929 г. у ЦК КП(б)Б на iмя т.Гантмана, у якой ён аправергае гэтыя абвiнавачваннi, паказвае дасягненнi БелНДI, просiць вызвалiць ад абавязкаў дырэктара Iнстытута, прызначыць камiсiю для ўсебаковага абследавання дзейнасцi Iнстытута i заслухаць яго справаздачны даклад. Заключныя словы заявы: «Не гледзячы на асабiстую зьнявагу i дыскрыдытацыю, я буду i надалей са ўсёй шчырасцю працаваць на любым, самым скромным пасту на карысць сацыялiстычнага будаўнiцтва, на карысць беларускай пралетарскай культуры».

У 1930 г. пачалiся масавыя арышты па справе Саюза вызвалення Беларусi i Працоўнай сялянскай партыi — у лiпенi Максiм i Гаўрыла арэцкiя таксама сталi ахвярамi бальшавiзму.

Многiя супрацоўнiкi БелНДI былi арыштаваны i Iнстытут, якi праiснаваў толькi тры гады, быў зачынены. Пасля таго звесткi аб iм практычна адсутнiчаюць: iх няма нi ў энцыклапкедыяў, нi ў даведнiкаў, у тым лiку ў БелСЭ 1-га выдання i нават у БелЭН 2-га 18-томнага выдання. Дзейнасць Беларускага навукова-даследчага iнстытута сельскай i лясной гаспадаркi мела для развiцця навукi i народнай гаспадаркi Беларусi вялiкае значэнне ня толькi ў час яго дзейнасцi, але i пазней, бо на базе аддзелаў Iнстытута ў далейшым былi створаны многiя самастойныя навукова-даследчыя ўстановы, якiя працуюць i цяпер: Беларускi навукова-даследчы iнстытут земляробства, БелНДI мелiярацыi i воднай гаспадаркi, БелНДI лясной гаспадаркi (сучасны Iнстытут леса НАН Беларусi), Гiдрамэтралагiчная служба БССР i iнш.


Беларускiя i рускiя геолагi: I.Д.Чэрскi i Г.I.Гарэцкi — паралелi гiсторыi i лёсу

Прадстаўнiкi многiх народаў працавалi на нiве культуры, навукi i адукацыi ня толькi ў сваёй дзяржаве, але i ў iншых. Асаблiва такi лёс напаткаў вельмi многiх беларусаў, ураджэнцаў зямлi беларускай. Гэтаму спрыяла моцная эмiграцыя беларусаў, якая была выклiкана многiмi палiтычнымi падзеямi, уваходам краiны ў склад iншых дзяржаў i перадзел яе межаў, адмоўныя эканамiчныя працэсы, шматлiкiя войны. Людзi выязджалi i дабравольна ў пошуках лепшай долi i гвалтоўна, асаблiва ў час войнаў i палiтычных рэпрэсiй. У вынiку эмiграцыi, а таксама адлучэння этнiчна беларускiх земляў да суседнiх дзяржаў, тысячы i першыя мiльёны беларусаў аказалiся за межамi бацькаўшчыны i ў цяперашнi час кожны трэцi беларус жыве ў замежжы.

Пасля залатой пары росквiту беларускай культуры ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм (асаблiва ў XV–XVI стст.), калi старажытнабеларуская мова на працягу больш за 300 гадоў была дзяржаўнай, краiну нашу называлi «краiнай замкаў», працавалi шматлiкiя школы, друкарнi, тэатры, музеi, у сувязi з аб»еднаннем з Польскiм каралеўствам у адзiную федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалiтую пачаўся вельмi моцны польскi ўплыў, што нарэшце прывяло да скасавання беларускай мовы як дзяржаўнай, а беларуская культура пайшла на зыход. Яшчэ больш моцны гэты працэс пайшоў пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай i ўключэннi тэрыторыi Беларусi ў склад Расiйскай iмперыi, калi беларуская мова была забаронена як афiцыйная. Згуба дзяржаўнасцi, мовы спрыялi згубе нацыянальнай самасвядомасцi, што прывяло да моцнага заняпаду беларускай культуры i навукi. Беларусь ператварылася ў сапраўднага донара для iншых, асаблiва суседнiх — польскай i рускай культур i навукi. Можна назваць дзесяткi i нават сотнi прадстаўнiкоў беларускага народа, якiя ўнеслi выдатнейшы ўклад у iх развiццё.

У пачатку ХХ ст. працэс уздыму культуры i навукi i яе заняпаду ў больш сцiслым часе паўтарыўся. Многа дзеячоў беларускай культуры i навукi выгукнуло нацыянальнае адраджэнне асаблiва ў кароткi перыяд беларусiзацыi 20-х гадоў у маладым дзяржаўным утварэннi — БССР, якое, на жаль, хутка закончылася гвалтоўнымi працэсамi. У iх вынiку, да чаго далучылiся i ваенныя падзеi, тысячы людзей былi раскiданы па ўсяму свету, у тым лiку i шэраг выдатных беларускiх дзеячоў культуры i навукi. У красавiку гэтага году мы адзначылi 100-годдзе з дня нараджэння акадэмiка Гаўрылы Iванавiча Гарэцкага, а ў траўнi — успамiнаем Iвана Дзяменцьевiча Чэрскага ў сувязi з яго 155-годдзем. Хаця жылi яны ў розныя часы, але лёс iх жыцця i дзейнасцi ў некаторых галоўных момантах маюць падабенствы.

Чэрскi нарадзiўся ў 1845 г. на поўначы Беларусi ў сям»i даволi багатай мясцовай шляхты, Гарэцкi — праз 55 гадоў пазней ва ўсходней Беларусi ў невялiчкай вёсачцы Малая Багацькаўка, праўда, у беднай сялянскай сям»i. Абодвы вучылiся з вялiкiм захапленнем. Чэрскi скончыў Вiленскую гiмназiю, а затым там жа вучыўся ў шляхецкiм iнстытуце. Вельмi здольны, ён ведаў французскую, нямецкую, ангельскую, лацiнскую i польскую мовы, быў добра выхаваны, элегантны, меў вясёлы характар. Любоў да свайго краю, да свабоды, дэмакратыi прывяла 18-гадовага юнака да ўдзелу ў паўстаннi пад кiраўнiцтвам Кастуся Калiноўскага. Чэрскi хацеў, каб яго родная Беларусь (тады часцей звалася Лiтвою i таму ён заўсёды падкрэслiваў, што ён «сын лiцвiна») была незалежнай, вызвалiлася з Расiйскай iмперыi. Не закончыўшы адукацыю, Чэрскi быў сасланы ў Омск радавым лiнейнага батальёна. Папрацаваць на Радзiме дзеля бацькаўшчыны ён не паспеў.

Гарэцкi вучыўся ў Горы-Горацкiм каморнiцка-агранамiчным вучылiшчы. Тут ён стварыў Беларускую секцыю вучняў Горацкiх сельскагаспадарчых школ, якая займалася навукова-асветнiцкай дзейнасцю. Ён захапiўся тэатрам, выступаў у многiх пьесах беларускiх пiсьменнiкаў (вядомы беларускi тэатральны дзеяч Уладзiслаў Галубок нават падараваў яму сваю фотакартку), друкаваў допiсы ў газетах пра жыццё ў Горках, вывучыў стэнаграфiю, якая вельмi дапамагала пазней у працы. Разам з братам Максiмам склаў першы руска-беларускi слоўнiк, якi вытрымаў два выданнi. Апрача беларускай i рускай моў, ён добра ведаў нямецкую, польскую, украiнскую.

У Пятроўскай (Цiмiразеўскай) сельскагаспадарчай акадэмii, дзе Гарэцкi вучыўся на эканамiчным факультэце, ён арганiзаваў Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю студэнтаў, якая актыўна працавала ня толькi па вывучэнню народнай гаспадаркi, культуры i гiсторыi Беларусi, але iмкнулася да культурна-эканамiчнага адраджэння Беларусi i падрыхтоўкi сваёй нацыянальна свядомай iнтэлiгенцыi. У тыя 20-ыя гады iшла пабудова новай сацыялiстычнай рэспублiкi пад знакам беларусiзацыi, якая была дзяржаўнай палiтыкай. Таму Гарэцкi з усёй палкасцю маладой энэргii ўключыўся ў пабудову новага жыцця. Ён стаў адным з лепшых вучняў такiх вядомых рускiх эканамiстаў, як А.Чаянаў, М.Кандрацьеў, А.Рыбнiкаў, А.Фартунатаў i iнш. Яны стварылi эканамiчную школу, якая моўна паўплывала на сусветную аграрную навуку.

Але ўжо ў жнiўнi 1922 г. Гарэцкi быў арыштаваны ў Маскве, трапiўшы ў тую вялiкую групу прадстаўнiкоў вольнадумнай iнтэлiгенцыi (так званай «антисоветской профессуры», якую У.Ленiн лiчыў не «мозгом нации», а «говном» i якую, па яго задуму, трэба было «арестовать несколько сот и без объяснения мотивов ... выслать за границу безжалостно»). У гэтыя днi загiнула, трапiўшы пад трамвай, любiмая вельмi здольная сястра братоў Гарэцкiх — Ганна, якая паступiла ў Заатэхнiчны iнстытут i несла перадачу ў турму для свайго брата. Гарэцкага збiралiся выслаць у Нямеччыну, але пасля яго размовы з намеснiкам кiраўнiка НКУС В.Р.Мянжынскiм выпусцiлi на волю.

Гарэцкi паспеў стварыць кафедру эканамiчнай геаграфii Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii (г.Горкi), стаў першым дырэктарам Беларускага навукова-даследчага iнстытута сельскай i лясной гаспадаркi ў Мiнску, адным з заснавальнiкаў Беларускай акадэмii навук i самым маладым (28 гадоў) акадэмiкам за ўвесь час яе iснавання. Ён быў абраны спачатку кандыдатам, а потым i членам Цэнтральнага Выканаўчага Камiтэта БССР. Гарэцкi выдаў па эканомiке народнай гаспадаркi i дэмаграфii шэраг манаграфiй i артыкулаў («Народны прыбытак Беларусi», «Межы заходняй Беларусi ў Польшчы», «Сельская гаспадарка Гомельскай губернi», »Население Гомельской губернии», «Нацыянальныя асаблiвасцi насельнiцтва БССР i беларускага насельнiцтва СССР паводле перапiсу 1926 г.» i iнш.), якiя з»явiлiся навуковай асновай для многiх планаў развiцця народнай гаспадаркi Беларусi таго часу. Гарэцкi i яго аднадумцы марылi i працавалi на тое, каб стварыць у Беларусi багатую сельскагаспадарчую (як тады казалi «Чырвоную Данiю», сельская гаспадарка якой была самай лепшай у Еўропе) i iндустрыяльную краiну, з высокiм развiццём нацыянальнай культуры, лiтаратуры, навукi, адукацыi.

Але бальшавiкам з Масквы гэта здалося праявай нацыяналiзму (хаця ў нармальным сэнсе — гэта сапраўдны патрыятызм) i яны пачалi барацьбу супраць так званага «нацыянал-дэмакратызму». Узнёслы палёт маладога вучонага быў абарваны ў 1930 г., калi Гарэцкi разам з вялiкай колькасцю прадстаўнiкоў беларускай iнтэлiгенцыi быў арыштаваны па прыдуманых зусiм неiснуючых справах «Саюза вызвалення Беларусi» i «Беларускага фiлiяла Селянскай працоўнай партыi». Апошнюю як быццам узначальвалi названыя раней прафесары — настаўнiкi Гарэцкага па Цiмiразеўскай акадэмii, выдатнейшыя ў свеце эканамiсты,якiя таксама былi арыштаваны ў Маскве. Гарэцкага прысудзiлi да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, якi затым замянiлi на 10 гадоў канцлагераў, i ён трапiў у адну з шматлiкiх кропак «архiпелага ГУЛАГа» — будаўнiцтва Беламорска-Балтыйскага канала.

Iвана Чэрскага i ў ссылцы не пакiнула нястрымнае iмкненне да ведаў. Пры недахопе кнiг, спрыяльных бытавых умоў ён вучыўся сам i працаваў па 12 — 16 гадзiн у суткi. Пашанцавала яму на настаўнiкаў i калег па працы: спачатку ў Омску значны ўплыў на пачынаючага навукоўца зрабiў вядомы географ Г.Патанiн, а таксама зямляк У.Квяткоўскi, затым у Iркутску, дзе Чэрскi працаваў у Усходне-Сiбiрскiм аддзеле Iмператарскага Рускага геаграфiчнага таварыства, — таксама высланыя ў Сiбiр зямлякi заолаг Б.Дыбоўскi i геолаг А.Чаканоўскi. Галоўнай мэтай жыцця стала прага пазнання прыроды шляхам падарожжа па глухiх, яшчэ невядомых, але цiкавейшых мясцiн Сiбiры. Найбольшых дасягненняў Чэрскi дабiўся ў галiне геалогii i геаграфii. Але ён быў сапраўдны натуралiст з надзвычайна шырокiм профiлем: значны след пакiнуў у заалогii, анатомii, археалогii, метэаралогii, цiкавiўся батанiкай, этнаграфiей, фальклорам i iнш. Ён адкрыў многа розных геаграфiчных аб’ектаў, у тым лiку новыя хрыбты i першую ў Сiбiры палеалiтычную стаянку, апiсаў шэраг сучасных i выкапнёвых жывёл, вывучыў геалагiчную будову розных раёнаў Сiбiры, асаблiва вялiкую вядомасць мелi яго комплексные даследаваннi возера Байкал.

22 гады пражыў Чэрскi, як палiтычна ссыльны, у Сiбiры. Яму прыйшлося перажыць знявагу, нясправядлiвасць, пастаяннае адчуванне зняволенасцi, дрэнных умоў жыцця, але давялося адчуць радасць i шчасце ад пошукаў новага, ад набыцця ведаў i адкрыццёў, якiх на яго шляху было нямала.

Пасля амнiстыi Чэрскi жыў у Пецярбургу, дзе пражыў амаль 7 гадоў i дзе да яго прыйшла павага i шырокая вядомасць. Але яго цягнула Сiбiр, клiкалi падарожжы. Нягледзячы на дрэнны стан здароў’я, ён дабiўся, каб яго паслалi ў трохгадовую экспедыцыю ў раён рэк Калымы, Iндыгiркi i Яны.У пачатку 1891 г. Чэрскi разам з жонкай i 11-гадовым сынам выехаў у Сiбiр. А за паўгода да таго яны наведалi родзiчаў у Беларусi, якую ён нiколi не забываў. Гэтая экспедыцыя аказалася цiкавай i вынiковай, але цяжкай i, на жаль, апошняй: ён памёр на Калыме. У 1943 г. у заiмцы Калымскае, дзе пахаваны вучоны, пастаўлены помнiк «Выдающемуся исследователю Сибири, Колымы, Индигирки и Яны. Геологу и географу Ивану Дементьевичу Черскому (1845 — 1892) от благодарных потомков».

Як i Чэрскаму, сасланаму ў Карэлiю i Кольскую паўвыспу Гарэцкаму прыйшлося занава самаму авалодаць новай спецыяльнасцю — гэта была геалогiя i геаграфiя. Вялiкую дапамогу ў гэтым аказалi таксама ссыльны выдатны вучоны прафесар П.М.Чарвiнскi, вольнанаёмныя геолагi М.Г.Токарэў, А.М.Гурэеў i iнш. Ён цалкам аддаўся прафесii геолага i ў хуткiм часе ўжо працаваў iнжынерам-геолагам па геалагiчных вышуканнях пад Беламорска-Балтыйскi i Кольскi каналы, Нiжне-Туломскую, Верхне-Туломскую, Рыбiнскую ГЭС.

Пасля вызвалення ў 1934 г. яму яшчэ два разы прыйшлося адведаць удары рэпрэсiўнай машыны бальшавiзму: ён быў арыштаваны ў канцы 1937 г., затым выпушчаны i зноў адсядзеў у сталiнскiх казематах у 1938 — 39 гг. троху больш года, прычым зноў першапачатковы прысуд — расстрэл. Шчасцлiвыя выпадкi i нейкая Божая ахова пакiнулi яго жывым.

У час вайны Гарэцкi ўдзельнiчаў у будаўнiцтве абаронных збудаванняў, затым у iнжынерна-геалагiчных даследаваннях пад буйнейшыя гiдратэхнiчныя збудаваннi розных райнаў Рускай раўнiны, Перадуралля, Перадкаўказзя, Украiны: Мсцiнская, Шырокаўская, Горкаўская, Саратаўская, Нiжне-Камская, Цымлянская, Кiеўская, Кахоўская ГЭС, Волга-Данскi, Сальскi, Азоўскi каналы, Дона-Сальскi тунэль i многiя iншыя. Ён абаранiў кандыдатскую i доктарскую дысертацыi па геалогii, стаў стваральнiкам новай навукi — палеапатамалогii (вучэнне пра рэкi геалагiчнага мiнулага), узначальваў Камiсiю па вывучэнню чацвярцёвага перыяду АН СССР i савецкай секцыi Мiжнароднай асацыяцыi па вывучэнню чацвярцёвага перыяду.

Пасля поўнай рэабiлiтацыi амаль праз 40 гадоў выгнання, Гарэцкаму дазволiлi вярнуцца на Беларусь, да якой ён iмкнуўся ўсiм сэрцам i душою i якой марыў прысвяцiць усе свае веды, сiлы i апошнiя гады жыцця. I 20 гадоў на Бацькаўшчыне былi для яго сапраўдным падарункам лёсу. У Iнстытутце геахiмii i геафiзiкi АН БССР ужо як акадэмiк у галiне геалогii ён арганiзаваў i ўзначалiў лабараторыю геалогii антрапагена, стварыў сусветна вядомую школу; напiсаў шэраг манаграфiй, за якiя атрымаў Дзяржаўную прэмiю СССР, а затым разам са сваiмi вучнямi i Дзяржаўную прэмiю БССР. Нягледзячы га досыць сталы ўзрост (ад 68 да 80 гадоў), ён працаваў так заўзята, так апантана, што нават маладыя супрацоўнiкi ў палявых геалагiчных экспедыцыях (а яны нярэдка працягвалiся па некалькi месяцаў) не паспявалi за iм. У гонар Г.I.Гарэцкага палеанталогi назвалi 12 новых вiдаў выкапнёвых раслiн i жывёл.

Г.I.Гарэцкi пакiнуў вялiкую спадчыну, яго след прыкметны ў многiх галiнах навукi, у грамадзкiм жыццi i справе беларускага нацыянальнага адраджэння.Найбольш значны— гэта чацвярцёвая геалогiя i палеапатамалогiя, важкi ўклад зрабiў у эканамiчную i фiзiчную геаграфiю, дэмаграфiю, беларусазнаўства, археалогiю (адкрыў шэраг стаянак першабытных людзей у Карэлii, на Дану, Беларусi i iнш.), фальклор, лiтаратуразнаўства.

Яго вучнi ёсць у многiх краiнах,працы шырока вядомы ў свеце, таму 100-годдзе Г.I.Гарэцкага адзначалi ня толькi ў Беларусi з удзелам вучоных з Расii, Украiны, Польшчы, краiн Балтыi, але ўрачыстыя пасяджэннi i навуковыя чытаннi прайшлi ў Маскве, Кiеве i Варшаве.

Мы павiнны вывучаць багатую спадчыну нашых слаўных землякоў i ўшаноўваць iх памяць, каб так, як i яны, навучыцца любiць сваю Бацькаўшчыну, сваю прафесiю, каб прывесцi нашу Беларусь у стан багатай шчасцлiвай еўрапейскай краiны.


          Литература:

Гесь А. «Усякi iншы шлях лiчу памылковым i шкодным». Беларусiзацыя Сельгасакадэмii, год 1925-ы. Айчына. 1995. №5. 25 лютага .

 
 
Яндекс.Метрика