Правiнцыйная навука

 

          Вiктар АСТРОГА


Так ужо павялося ў нашай старонцы, што ўсё навуковае жыццё «б’е ключом» збольшага ў сталiцы i ў некаторых праявах iснуе ў абласных цэнтрах. Але ж Беларусь – гэта нe толькi менчукi, магiлёўцы, гарадзенцы, гомельцы, берасцейцы i вiцябляне, тысячы жыхароў iншых беларускiх гарадоў не спаталiлi дасюль сваю смагу ў духоўнай, навукова – творчай сферы. А тое нешматлiкае, што iснуе на правiнцыi, у Мазыры, Бабруйску, Баранавiчах i шэрагу iншых месцаў, па свайму аб’ёму i якасцi па самых розных прычынах яшчэ далёкае да вяршынь навукi. Аднак, несумненна, у перспектыве, блiзкай цi не, на Беларусi, безумоўна, адчыняцца новыя каледжы i ўнiверсiтэты, гэта справа часу, тым больш, што не адзiн з iх ужо мае ў гэтай галiне свой досвед. Як, напрыклад, Маладзечна, дзе ў 1947 – 55 гг.дзейнiчаў дзяржаўны настаўнiцкi iнстытут. Вось пра адну з сямi кафедраў гэтага, на жаль, забытага на сённяшнi дзень iнстытута – кафедру гiсторыi i хочацца распавесцi.

Як вядома, Маладзечанскi дзяржаўны настаўнiцкi iнстытут (МлДНI) быў утвораны на базе Менскага настаўнiцкага iнстытуту, згодна пастанове СМ БССР № 301 ад 12.07.1947 г. i стаў адзiнай ВНУ ў новай Маладзечанскай вобласцi. Iнстытут мусiў рыхтаваць настаўнiкаў сямiгадовых школ i меў пяць аддзяленняў: рускай мовы i лiтаратуры, беларускай мовы i лiтаратуры, натуральна-геаграфiчнае, фiзiка-матэматычнае i гiстарычнае. Кафедра гiсторыi, адзiная кафедра гiстаддзялення, займалася падрыхтоўкай настаўнiкаў гiсторыi. Арганiзавана яна была недзе ў жнiўнi 1947 году, i з 1 верасня яе першай загадчыцай стала былая выпускнiца аспiрантуры БДУ (1938 г.), выкладчыца гiсторыi СССР Менскага настаўнiцкага iнстытуту 33-х гадовая Любоў Сямёнаўна Мiнзурэнка.[1]

Увогуле за ўвесь час iснавання кафедры ёю паспела загадвала пяць чалавек: Л.С. Мiнзурэнка (жнiвень 1947 – верасень 1948 гг.), Зiнаiда Ефiмаўна Гурарый (верасень 1948 – люты 1949 гг., спецыялiзавалася па ўсеагульнай гiсторыi), Евель Мойшавiч Рынбург (люты 1949 – верасень 1951 гг., гiсторыя СССР), Лiдзiя Цiмафеяўна Куляшова (верасень 1951 – студзень 1952 гг., гiсторыя СССР – БССР), Маiсей Якаўлевiч Багалюбаў (студзень – верасень 1952 гг., гiсторыя СССР). Штат кафедры ўвесь час быў мiнiмальны, з 1947 па 1948 гг. – 2 чалавекi, а з 1949 па 1953 гг. – 3 чалавекi(2) У розны час штатнымi выкладчыкамi былi: А.М. Iллiч (методыка выкладання, Канстытуцыя СССР), Н.М. Мiхайлава (гiсторыя СССР), З.Х. Савельзон (усеагульная гiсторыя, спачатку прыезджала з Менску), а таксама лабаранты: Е.С. Печкурова, В.М. Канцэльсон, Е.I.Мамчыц, М.В. Крыўка i А.I. Каралевiч. Iм дапамагалi выкладчыкi – сумяшчальнiкi з Менску i мясцовых партыйных i асветных устаноў: М.П. Анiкiна (гiсторыя СССР – БССР, настаўнiца СШ), Н.А. Гудзеяў (гiсторыя СССР, загадчык аддзела прапаганды i агiтацыi гаркама партыi), Е.С. Шандора (гiсторыя СССР i ўсеагульная гiсторыя), П.В. Волах (асновы савецкай дзяржавы i права, работнiк абласной пракуратуры), адзначаная вышэй Савельзон, Л.Н. Прэабражэнская (гiсторыя БССР) i нават сам Лаўрэнцi Сямёнавiч Абэцэдарскi неаднаразова прыязджаў чытаць лекцыi па гiсторыi Беларусi. Вiдавочна, гэткiмi сiламi праводзiць паўнавартасную навукова-даследчую дзейнасць (НДП) ды й на дастаткова высокiм узроўнi было цяжка. Тым больш, што дзейнасць маладзечанскай кафедры гiсторыi, натуральна як i ў iншых настаўнiцкiх iнстытутах, прыпала на змрочныя i напружаныя паваенныя гады, перыяд новага цiску на грамадскае жыццё i навуку, час змагання з «касмапалiтызмам i нiзкапаклонствам перад Захадам», што ўжо само па сабе накладала абмежаваннi на развiццё гiстарычнай наукi, прынамсi, асаблiва ўсеагульнай гiсторыi, тым больш ў небагатай кадрамi i навуковымi традыцыямi Беларусi.

Трэба сказаць, што на НДП ў МлДНI з’вярталi ўвагу з самага моманту заснавання. З маюча-гася персаналу ЦК i дырэкцыя iмкнулiся выцiснуць максiмум, не аднаразова крытыкуючы за незадавальняючую навуковую дзейнасць. Яе ўзровень сапраўды быў невысокiм. З гэтым пагаджалiся нават самi выкладчыкi. Так, ў красавiку 1948 г. на педагагiчнай радзе iнстытута загадчыца кафедры Мiнзурэнка казала: «… кафедра … працуе слаба, таму што працуюць малаквалiфiкаваныя кадры, iдэйна-палiтычны ўзровень выкладчыкаў стаiць на нiзкiм узроўнi, праца па павышэнню квалiфiкацыi вядзецца саматужна, трэба яе палепшыць, прыцыягнуць квалiфiкаваныя сiлы, палiтзаняткi студэнтаў таксама стаяць на нiзкiм узроўнi, трэба iх паляпшаць …»[3] У бiблiятэцы iнстытута нават «абсалютна адсутнiчала лiтаратура па гiсторыi».[4] У хуткiм часе, зыходзячы з наяўных магчымасцяў, было прынята рашэнне, што ў навуковай працы адпаведных кафедраў найбольшую ўвагу ўдзяляць назапашванню краязнаўчага матэрыялу. У вынiку, на кафедры гiсторыi гэтым вымушаны былi заняцца i спецыялiсты па ўсеагульнай гiсторыi. Дарэчы, падобную карцiну мажлiва было назiраць ва ўсiх настаўнiцкiх iнстытутах рэспублiкi. У гэтай сiтуацыi кафедра ажыццяўляла наступную дзейнасць: праводзiла кансультацыi для настаўнiкаў школ горада, напачатку 1948 г. арганiзавала вечарыну, прысвечаную 800-годдзю Масквы, у студзенi 1949 г. была ўсталявана сувязь з МДУ iмя Ламаносава, якi ўзяў шэфства над iнстытутам i аказаў дапамогу ў камплектаваннi бiблiятэкi .[5] А вось план НДП на 1948 г. нягледзячы на тое, што быў зацверджаны АН БССР, не выконваўся i, увогуле, праца над iм была прызнана незадавальняючай i найгоршай ў iнстытуце, хаця па меркаванню дырэктара ўстановы – навуковая праца ў ёй «найбольш закiнутая пляцоўка».[6] Пэўна таму 26 жнiўня 1948 г. з фармулёўкаю «за недабрасумленнае стаўленне да працы i адсутнасць усялякага кiраўнiцтва кафедрай» Л.С.Мiнзурэнка была вызвалена з пасады загадчцы i звольнена з працы.[7] Але цiкава, на той час у рэспублiцы спецыялiстаў пэўна на столькi не хапала, што Мiнасветы БССР адразу накiраваў яе зноў … загадчыцай кафедры гiсторыi ў Берасцейскi настаўнiцкi iнстытут.[8] Аднак i пры новай кiраўнiцы, 37-мi гадовай З.Е.Гурарый, былой выпускнiцы МДУ, навука «не пайшла». Праз пяць месяцаў загадчыка зноў змянiлi, iм стаў 45-цi гадовы Е.М. Рынбург, адзiны за ўсю гiсторыю кафедры кандыдат гiстарычных навук, былы выпускнiк Камунiверсiтэта Беларусi i аспiрантуры пры Менскiм педiнстытуце. Пры iм навуковая дзейнасць быццам бы наладзiлася. Рынбург узяў для даследаванняў тэму «Выяўленне i апiсанне гiстарычных помнiкаў на тэрыторыi Маладзечанскай вобласцi», вёў студэнцкi навуковы гурток. Астатнiя, Куляшова i Савельзон пачалi рыхтавацца да здачы кандыдацкага мiнiмума.[9]

Пэўнае ажыўленне ў навуковае жыццё iнстытута мусiла прынесцi адзначэне 10-цi гадовага юбiлею ўз’яднання Заходняй i Савецкай Беларусi, з нагоды якога дырэктар (але чамусцi толькi 30 верасня) загадаў «прызначыць камiсiю для падрыхтоўкi i правядзення мерапрыемстваў, звязаных з гэтай гiстарычнай датай, у складзе старшынi Рынбурга Е.М. i сябраў Смолiну З.Д. (з кафедры пдагогiкi В.А.) i Ермаловiча М.I (з кафедры лiтаратуры В.А.)»(10) А на маючуюся адбыцца навуковую сесiю «10 лет воссединения белорусского народа в едином белорусском советском государстве» супрацоўнiкi кафедры планавалi выступiць з дакладамi: Рынбург – «Коллективизация сельского хозяйства (на местном материале)», Савельзон «Воссоединение западных областей в едином белорусском советском государстве». [11]

Але i пры Рынбургу, праз тыя ж кадравыя праблемы навуковая праца не наладзiлася. Больш таго, з цяжкасцямi iшоў i навучальны працэс. Калi недахоп выкладчыкаў па ўсеагульнай гiсторыi можна зразумець, i патрэбы ў пэўнай ступенi закрывалiся сумяшчальнiкамi з Менску, у першую чаргу Савельзон, то па гiсторыi Беларусi кафедра не мела да 1951 г. нiводнага выкладчыка[12] Больш таго, як адзначана ў адной са справаздач, новы загадчык «без патрэбнай адказнасцi ставiўся да чытання курса гiсторыi СССР. Мела мейсца, што т. Рынбург прыходзiў не лекцыю недастаткова падрыхтаваны i калi даведаўся, што на яго лекцыю прыдзе прадстаўнiк Мiнiстэрства вышэйшай адукацыi, другую гадзiну лекцыi сарваў, зяавiўшы, што курс чытаннем скончаны, хаця гэта не адпавядала рэчаiстасцi …».[13] У вынiку, загадам дырэктара ад 3.09.1951 г. Е.М.Рынбург быў звольнены з працы.[14] Наступная загадчыца, 29-цi гадовая Л.Ц.Куляшова, былая выпускнiца Менскага педiнстытута, прысланая ў жнiўнi 1949 г. з Пастаўскай педвучэльнi, толькi часова выконвала свае абавязкi i, натуральна, не ў стане была за некалькi месяцаў працы на нешта паўплываць. Са студзеня наступнага году в.а. загадчыка становiцца 42-х гадовы М.Я. Багалюбаў, якi працаваў у гэты час над кандыдацкай дысертацыяй «Индустриализация Белоруссии в годы первой пятилетки».[15] На той момант кафедра налiчвала 5 чалавек: М.Я.Багалюбаў, З.Х.Савельзон, Л.Ц.Куляшова, А.С.Шандора i лабарант М.В.Крыўка. Але i Багалюбаў не даў рады арганiзаваць выкладчыкаў, а мо i не надта хацеў, бо ўвесь iнстытут ведаў, што 1952/53 навучальны год апошнi год iснавання гiстаддзялення. Тым не менш, праз пару месяцаў, 18 красавiка, на Вучонай Радзе iнстытута кафедра гiсторыi падверглася лiтаральна разгрому з боку дырэкцыi – «… па колькаснаму складу выкладчыкаў гэта кафедра можа поўнасцю выконваць праграму … (але – В.А.) … па сутнасцi яны нiчога не робяць ў гэтай галiне … калi гэта лайдацтва ў галiне ўласнага росту i найдалей будзе працягвацца, то дырэкцыя вымушана будзе ставiць пытанне перад Мiнасветаю аб вакантных мейсцах па ўсеагульнай гiсторыi i гiсторыi СССР …».[16] Аднак як адзначалася вышэй, гэтая «навальнiца» ўжо не палохала гiсторыкаў, бо з 1 верасня 1952 г. набор на 1 курс не праводзiўся, вучэбная нагрузка зменшылася, i адна частка выкладчыкаў была вызвалена ад працы, а другая ўвайшла ў склад кафедры асноў марксiзма-ленiнiзма пад кiраўнiцтвам Алыцкага, пазней Зеляноўскага, дзе выкладала гiсторыю ў мiнiмальным аб’ёме: Шандора – гiсторыю сярэднявечча, Савельзон – старажытную i новую гiсторыю, Багалюбаў – гiсторыю СССР, у лiпенi 1953 г., калi быў выпраўлены апошнi выпуск гiсторыкаў, двое апошнiх гiсторыкаў былi звольнены.[17] На гэтым гiстарычнае навучанне i навука ў МлДНI спынiлiся, а праз 2 гады, 25 жнiўня 1953 г. увогуле спынiў сваю працу i сам настаўнiцкi iнстытут[18]

Гэткiм чынам, на прыкладзе дзейнасцi кафедры гiсторыi Маладзечанскага настаўнiцкага iнстытуту бачна, што стварэнне навуковых асяродкаў на непадрыхтаванай глебе, на «голым мейсцы», у неспрыяльных матэрыяльных i палiтычных умовах, проста адмiнiстрацыйнымi сродкамi, няхай i з добрых меркаванняў, але паспешлiва i непралiчана, часцяком адбываецца безвынiкова, аб чым сведчыць малая эфектыўнасць працы кафедры гiсторыi i нез’яўленне адмысловай «маладзечанскай» гiстарычнай школы ў канцы 40 – пачатку 50-х гг. ХХ стагоддзя.


          Литература:

1. Занальны дзяржаўны архiў г. Маладзечна / ЗДА г. Маладзечна / ф.551, воп. 2, спр.1, арк.8.
2. ЗДА г. Маладзечна ф.551, воп.1, спр.3, арк.7.
3. ЗДА г. Маладзечна ф551, воп1, спр.1,арк.14.
4. ЗДА г.Маладзечна ф.551, воп.1, спр.2, арк.7.
5. Тамсама, арк-арк. 7,19,28.
6. ЗДА г.Маладзечна ф.551,воп.1,спр.4,арк.22.
7. ЗДА г.Маладзечна ф.551, воп.2,спр.4,арк.34
8. ЗДА г.Баранавiчы ф.637,воп.2,спр.182,арк-арк.2,22.
9. ЗДА г.Маладзечна ф.551,воп.1,спр.5,арк-арк.17,21
10. ЗДА г.Маладзечна ф.551, воп.2,спр.4,арк.106.
11. ЗДА г. Маладзечна ф.551,воп.1,спр.6,арк.35.
12. ЗДА г.Маладзечна ф.551, воп.2, спр.4, арк.69.
13. ЗДА г. Маладзечна ф.551, воп.1,спр.7,арк.24.
14. ЗДА г. Маладзечна ф.551, воп.2,спр.20,арк.141.
15. Тамсама, спр.28,арк.14
16. ЗДА г.Маладзечна ф.551,воп.1,Спр.16,арк.39-40.
17. ЗДА г.Маладзечна ф.551, воп.2,спр.28,арк.158.
18. Тамсама,спр.57,арк.56.

 
 
Яндекс.Метрика