Рух супраціву ў Мінскім гета (1941 – 1944 гг.)

 

          Гарматны В. (Баранавiчы)

 

21-23 кастрычніка 1943 года – самыя трагічныя дні ў гісторыі беларускіх яўрэяў. У гэтыя восеньскія дні гітлераўцы ліквідавалі Мінскае гета і знішчылі тысячы бязвінных людзей толькі за тое, што яны былі яўрэямі. Доўгі час лічылася, што яўрэі не змагаліся за сваё жыццё і шэрагамі пакорліва ішлі на смерць, таму тэма яўрэйскага супраціву ў гады Другой Сусветнай вайны (асабліва ў гета) заставалася забароненай і маладаследаванай. Прыйшоў час нарэшце расказаць пра гераічнае змаганне няскораных духам змагароў-падпольшчыкаў Мінскага гета…

У першай палавіне 1941 г. у Мінску налічвалася каля 270 400 жыхароў (з іх прыкладна 100 000 яўрэяў, амаль 37 %). На пачатку вайны эвакуявацца з горада змаглі 98 000 чалавек (з іх 45 000 яўрэяў), а ўжо 28 чэрвеня 1941 г. у Мінск увайшлі гітлераўскія войскі. Лёс мінскіх яўрэяў знаходзіўся ў руках вайскоўцаў, жандармерыі і асабліва СС, але знішчыць за адзін дзень усіх знаходзячыхся ў горадзе яўрэяў было немагчыма, таму немцы пайшлі на стварэнне ў сістэме гарадскога кіравання спецыяльных органаў па ўліку і кантролю загаддзя прысуджаных да смерці яўрэяў.

У пачатку ліпеня 1941 г. па загаду вайскова-палявога каменданта створана Мінская гарадская ўправа. Адным з першых у яе структуры немцамі створаны аддзел (часам называемы пададдзелам) яўрэйскіх спраў. Працаваць у гэтым аддзеле, які займаўся вырашэннем бягучых спраў, звязаных з яўрэйскім насельніцтвам Мінска, яўрэям было забаронена. Усіх супрацоўнікаў, каго прымалі ў гэты аддзел, прымушалі даваць “клятву” наступнага зместу: “Я, працаўнік… Мінскага гарадскога камісарыяту, аддзела… прысягаю, што я не жыд і не жыдоўскі мешанец” [4, с. 171].

19 ліпеня 1941 г. у Мінску адбылася нарада камандуючага тылам групы армій “Цэнтр” Шэнкендорфа і вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі генеральнага вокруга “Беларусь” Цэннера, на якой абмяркоўваліся пытанні іх узаемаадносін у знішчэнні яўрэяў, у выніку ў той жа дзень камендант палявой паліцыі выдаў распараджэнне № 4 аб стварэнні ў Мінску гета (яўрэйскага раёна) [2, с. 10; 7, с. 316]. На працягу пяці сутак з дня апублікавання гэтага распараджэння (з 20 ліпеня) ўсе яўрэі павінны былі перасяліцца ў адведзены ім для жыхарства агароджаны раён горада. Тыя яўрэі, якія былі пасля заўважаны па-за межамі адведзенага ім для жыхарства раёна, падвяргаліся арышту і самаму строгаму пакаранню [5, № 2, с. 48; 9, с. 6-7]. Пяці дзён для змены жыхарства дзесяткаў тысяч яўрэяў зразумела не хапіла, таму гэты тэрмін нямецкія ўлады працягнулі да 1 жніўня 1941 г., але і на працягу ўсяго жніўня яшчэ знаходзіліся перасяленцы [4, с. 173]. Усе яўрэі Мінска насілі на вопратцы адметныя знакі – жоўтую эмблему і шасціканцовую зорку (“Знак Давіда”). Акрамя карэнных жыхароў, немцы накіравалі ў Мінскае гета чыгуначныя эшалоны з яўрэямі Гамбурга, Дрэздэна, Брэмена і іншых гарадоў Германіі.

Мінскае гета (39 вуліц і завулкаў ад Нямігі да Заслаўскай вуліцы, цэнтр – плошча Юбілейная, ці “Шклафнплац” – “плошча рабоў”, і Юбілейны рынак) не сталі атачаць мураванаю сцяною, як было загадана палявым камендантам, але каля гета размясцілі айнзацкаманду, прадстаўнікі якой гатовы былі ў любы момант біць і страляць па яўрэях [8, с. 28]. Гета было ачэплена калючым дротам у пяць радоў, уваходзіць сюды і выходзіць яўрэям дазвалялася толькі праз прапускныя пункты на вуліцах Апанскага, Астроўскага і Рэспубліканскай.

На тэрыторыі гета размяшчаліся ў асноўным драўляныя аднапавярховыя дамы, каменныя былі вельмі рэдкімі. Мужчын і жанчын трымалі разам. На кожнага жыхара гета прыходзілася прыкладна 1,4-1,5 м2, прычым кухня таксама лічылася жылою прастораю. Электрычнасці не было, ваду трэба было насіць з калодзежу. Выграбныя ямы жыхары вымушаны былі капаць самі, ложкі яны рабілі з дзвярэй разбураных дамоў, адтуль браліся і “дровы”, якія заканчваліся вельмі хутка, таму насельнікі гета жахліва мёрзлі, асабліва зімою 1941-1942 гг. Жахлівыя маразы прымушалі людзей прыціскацца адзін да аднаго, каб сугрэцца. Калі выпадаў снег, насельнікі гета дапамагалі адзін аднаму ачышчаць ад яго сваё жыллё [1, с. 200; 7, с. 317].

Уваходзіць на тэрыторыю гета маглі толькі яўрэі, а таксама нямецкія салдаты і афіцэры, работнікі Мінскай гарадской управы, якія наведвалі гета па службовых справах. Уваходы ў гета пільна ахоўваліся немцамі і паліцыяй. На кожным рагу вуліцы віселі шыльды з пагрозлівым надпісам на двух мовах – беларускай і нямецкай: “Уступ не жыдам забаронены” і “Айнтрыт ніхт юдэн ферботэн” [6, с. 25]. Усіх тых, хто спрабаваў трапіць у гета іншым шляхам, арыштоўвалі і нават расстрэльвалі на месцы [5, № 2, с. 48].

Катэгарычна забаранялася яўрэям, уключаным у працоўныя калоны, знаходзіцца па-за межамі адведзенага ім жылога раёна. Яўрэі, якія пражывалі ў гета, маглі пакідаць свой раён толькі ў складзе працоўнай калоны і знаходзіцца па-за гета толькі для выканання даручаных ім гарадскою ўправаю работ. За непарадкаванне – расстрэл на месцы.

На тэрыторыі гета апынуўся шэраг прадпрыемстваў і ўстаноў горада. У адных выпадках гарадская ўправа патрабавала вывесці гэтыя аб`екты з тэрыторыі гета, у другіх – выпісвала служачым дазволы [4, с. 175].

Вядомы даслечык Халакосту на Беларусі Э.Р. Іоффе выдзяляе тры гета, якія ў гады вайны існавалі ў Мінску.

Першае (“вялікае гета”) існавала з жніўня 1941 г. па 21-23 кастрычніка 1943 г. каля Юбілейнай плошчы.

Другое (“малое гета”) знаходзілася ў раёне завода імя Молатава (зараз завод імя Леніна) з 1941 г. да канца чэрвеня 1944 г.

Трэцяе – гэта “зондэргета” (частка гета па вуліцы Сухой і Абутковай). Тут размяшчаліся тысячы яўрэяў, дэпартаваных нацыстамі з сямі краін Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. “Зондэргета” праіснавала з лістапада 1941 г. па верасень 1943 г.

Акрамя таго, у Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца паведамленне ад 13 жніўня 1943 г. савецкага разведчыка, які дзейнічаў у Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, аб існаванні гета каля Малой Сляпянкі. Па яго словам, тут знайшлі сваю смерць каля 50 000 яўрэяў з Германіі, Францыі і БССР, але гэтае паведамленне не падцвярджана ніякіямі іншымі крыніцамі [2, с. 10].

Адміністрацыйнае кіраванне гета ажыццяўляў яўрэйскі камітэт – юдэнрат (яўрэйскі савет). Існуе некалькі версій узнікнення ў гета гэтага органа: паводле першай, гестапаўцы на вуліцах горада злавілі дзесяць мужчын, завялі іх у Дом урада і аб`явілі, што яны становяцца яўрэйскім камітэтам і павінны выконваць усе загады нямецкіх улад. За самую нязначную правіннасць –расстрэл [3, с. 12]. Першым старшынёю юдэнрата немцы прызначылі Іллю Мушкіна, які да вайны працаваў намеснікам дырэктара ў Мінпрамгандлю. Паводле іншай версіі, гітлераўцы пастроілі яўрэяў у шэраг і спыталі, хто з іх разумее па-нямецкі. Такім чалавекам аказаўся Ілля Мушкін, яго вызвалі ў камендатуру. Калі Мушкін вярнуўся, здавалася, што ён пасівеў і згорбіўся ад цяжкай ношы, ускладзенай на яго плечы [10, с. 221].

Юдэнрат курыраваў усе бакі жыцця вязняў гета праз створаныя ў яго структуры аддзелы: жыллёвы, санітарны, працы, папячэння, аховы парадку і гэтак далей. Гэты орган знаходзіўся ў будынку былога 5-га аддзялення міліцыі па вуліцы Ратамскай [5, № 2, с. 49]. Менавіта праз юдэнрат праходзіла перасяленне і рассяленне яўрэяў у Мінскім гета. У склад юдэнрата ўваходзілі: нямецкі яўрэй Блюменшток, начальнік унутранай аховы Зяма Серабранскі, загадчык аддзелам забеспячэння гета і арганізацыі майстэрань, былы артыст Тэатра імя Янкі Купалы Гірш Рудыцэр, загадчык жыллёвым аддзелам, былы артыст і рэжысёр Тэатра імя Я. Купалы Барыс Дольскі, загадчык аддзела працы М. Эпштэйн. Аддзел дапамогі пры юдэнраце ўзначаліў рэжысёр, заслужаны артыст БССР Міхаіл Зораў (Штоклянд). Аддзелам унутранай працы (майстэрні ў самім гета) загадваў Гольдзін [3, с. 12]. Усе кіраўнікі першага складу юдэнрата загінулі ў барацьбе з нацыстамі.

У першыя дні існавання Мінскага гета рэгістрацыя ў юдэнраце засведчыла, што ў гета знаходзіцца больш за 50 000 яўрэяў, праз тыдзень 80 000, але і гэта лічба на самой справе заменшана [8, с. 28]. Усяго ў Мінскае гета, па ацэнках гісторыкаў, было сагнана больш за 100 000 яўрэяў, у тым ліку каля 25 000 “гамбургскіх яўрэяў”, інтэрніраваных гітлераўцамі з Германіі і акупаваных краін Еўропы. Паводле дадзеных вядомага падпольшчыка Мінскага гета Рыгора (Гірша) Смоляра, колькасць асуджаных на пагібель яўрэяў складала 105 000 чалавек [5, № 2, с. 49].

Хутка ў Мінскім гета была створана паліцыя ў складзе 200 чалавек, якую з жыхароў гета сфарміраваў яўрэйскі савет. На чале паліцыі стаяў Зяма Серабранскі. Аператыўную групу паліцыі і засцерагальную ахову таксама ўзначальвалі яўрэі. У якасці асаблівага знака паліцэйскія насілі на рукаве белую павязку з шасціканцовай зоркай. Паліцэйскія хадзілі па гета разам з жандарамі, ўзброеныя гумавымі дубінамі ці кіямі і былі зусім бяспраўнымі. Разам з тым яўрэі-паліцэйскія часта аказвалі сваім калегам-вязням вялікія паслугі. Часам на ідыш яны ціхенька папярэджвалі: “Гейт ніт… Анклейфт… Цып оф фун данен! (Не хадзіце… Бяжыце… Хавайцеся!)” [3, с. 12].

Нягледзячы на ўсе складанасці з моманту стварэння гета на яго тэрыторыі пачало дзейнічаць антынацысцкае яўрэйскае падполле. Першая сходка камуністаў адбылася ў жніўні 1941 г. на кватэры ў сувязной Соні Пяўцовай-Рыўкінай. Дом знаходзіўся на вуліцы Астроўскага, паблізу ад Юбілейнай плошчы, меў тры выхады, што было вельмі важна ў выпадку аблавы. Вакол дома выставілі вартавых.

На нараду сабраліся камуністы, якія ведалі адзін аднаго па папярэдняй партыйнай працы, удзельнікі падполля ў Польшчы ў міжваенны перыяд. Якаў Кіркаешта (падпольнае прозвішча Шустэрман) – былы загадчык аддзела Беластоцкага гаркама КП(б)Б, Меер Фельдман – начальнік аддзела кадраў Беластоцкага тэкстыльнага камбіната, член КПЗБ, Яўсей Шнітман – работнік Вярхоўнага Савета БССР, потым дырэктар тэкстыльнай фабрыкі ў Беластоку, Рыгор (Гірш) Смоляр (падпольныя мянушкі “Сталярэвіч”, “Скромны”, “Яфім”) – член УКП(б) з 1928 г., член КПЗБ, напярэдадні вайны працаваў у Беластоку ў Саюзе Савецкіх пісьменнікаў.

На гэтай нарадзе камуністы стварылі арганізацыйны цэнтр (аргцэнтр), у склад якога ўвайшлі Р. Смоляр, Я. Кіркаешта, Н. Вайнгауз (былы рэдактар піянерскай газеты на яўрэйскай мове “Юны ленінец”). Для разгортвання работы падпольнай камсамольскай арганізацыі ў Мінскім гета ў аргцэнтр вылучаны камсамольцы: Эма Родава (да вайны член бюро Варашылаўскага РК ЛКСМБ Мінска), сямнаццацігадовы Давід Герцык (падпольная мянушка “Жэнька”), Дора Берсан – сакратар камсамольскай арганізацыі швейнай фабрыкі “Кастычнік”, камсамолка Жэня Фрыдланд – эканаміст трэста “Белкандытар”.

У якасці першачарговай задачы ўдзельнікі нарады паставілі задачу стварэнне добра заканспіраванай падпольнай партыйнай арганізацыі, разгортванне сумеснай узброенай барацьбы супраць акупантаў, устанаўленне сувязяў з юдэнратам і камуністычным падполлем горада [5, № 2, с. 49].

У цэлым юдэнрат Мінскага гета і яго першы старшыня карысталіся павагаю і папулярнасцю сярод вязняў гета. Канешне і сярод членаў юдэнрата знаходзіліся здраднікі і памочнікі гітлераўцаў, такія як загадчык аддзела працы, кіраўнік біржы працы, а затым трэці старшыня юдэнрата М. Эпштэйн, Разенблат, але трэба адзначыць што такіх была меншасць [3, с. 12]. Члены юдэнрата дапамагалі маламаёмасным вопраткай, абуткам і бялізнай. У першыя дні існавання гета юдэнрат быў месцам сустрэч і абмену меркаваннямі.

У адрозненне ад многіх юдэнратаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі і ўсяго Савецкага Саюза мінскі з першага дня існавання быў цесна звязаны з антынацыскім палполлем у гета і перш за ўсё з яго кіраўнікамі Рыгорам (Гіршам) Смолярам і Міхаілам Гебелевым. Так, напрыклад, М. Зораў адкрыў у гета сталоўку для маламаёмасных вязняў гета. Хутка тут пачалі адбывацца сустрэчы падпольшчыкаў. У сталоўцы захоўваўся рэзервовы запас хлеба, якім забяспечвалі людзей, што перапраўляліся ў лес да партызан.

Адпраўкі ў атрады адбываліся літаральна на вачах у паліцыі. Звычайна пункт збору прызначаўся на якім-небудзь кірмашы (часцей за ўсё на Старажоўцы). Усе, каго падрыхтавалі да адпраўкі ў лес, маюць некую агульную прыкмету (напрыклад, трымаюць у правай руцэ пачак цыгарэт). На кірмаш прыходзіць 20 чалавек з гета – з`ява для немцаў незвычайная. Тут жа прысутнічае член камітэта Мінскага партыйнага падполля, які і кантраляваў затым дастаўку людзей у лес [10, с. 222-223].

Трэба таксама падкрэсліць, што юдэнрат падтрымліваў сувязь не толькі з падполлем гета, але і таксама з кіраўніцтвам Мінскага гарадскога падполля І. Казінцом і І. Кавалёвым. Пры наведванні гета прадстаўнік кіраўніцтва партыйнага падполля сустракаўся як з падпольшчыкамі гета, так і з прадстаўнікамі юдэнрата. Такім чынам у гета Мінскае падполле мела ў гета дзве “філіі”: юдэнрат – легальная, падполле гета – сакрэтная. Узнікла унікальная сітуацыя, у якой юдэнрат стаў часткай падполля гета [3, с. 12].

Тэрыторыя Мінскага гета не была пастаяннай – пасля пагромаў, якія ішлі адзін за аднім, яна несупынна скарачалася. У верасні 1941 г. немцы стралялі маладых і здаровых мужчын, а затым прыняліся за безабаронных жанчын, старых і дзяцей. Найбольш жорсткія пагромы ў гета адбыліся 7 і 20 лістапада 1941 г., 2 і 31 сакавіка, 3, 15 і 23 красавіка, у маі, з 28 па 31 ліпеня 1942 г. і гэтак далей [5, № 2, с. 49]. Напрыклад, раніцай 7 лістапада 1941 г. на вуліцы Апанскай, дзе калісьці знаходзілася 6-ая калонія НКУС, немцы выгружалі вывезеных з гета вязняў і заганялі ў вялізныя цёмныя склады, у якіх раней утрымоўваўся багаж. Цесната была неверагоднай, не хапала паветра і вады, людзі гублялі прытомнасць, дзеці задыхаліся на вачах у сваіх матуль. За дзень з гета вывезлі 12 000 яўрэяў, на наступны дзень іх прывязлі ў Тучынку, дзе ўжо загаддзя былі падрыхтаваны ямы. Там адбыўся першы расстрэл вязняў Мінскага гета [9, с. 24]. Страшэнным быў і пагром 20 лістапада 1941 г., у якім удзельнічалі немцы і ўкраінскія паліцаі, якія праяўлялі незвычайную жорсткасць. Паліцаі забіралі ў жанчын немаўлят, бралі іх за ножкі і на вачах у матуль білі іх галавою аб камяні маставой [6, с. 25].

Трэба адзначыць, што змагацца з немцамі і іх памагатымі ў гета было вельмі цяжка. Немцы ўвялі кругавую паруку. Так, гауптшарфюрэр CC Рубэ (на працягу доўгага часу фактычна начальнік гета) загадаў расстраляць кожнага сёмага яўрэя-працоўнага Мінскага дэпо, бо ён знайшоў зброю нібыта схаваную імі [1, с. 201]. У красавіку-маі 1942 г. акрамя звычайных апазнавальных знакаў (жоўтай латкі з шасціканцовай зоркай), кожнаму жыхару дома, кватэры прысвоілі індывідуальныя нумары, якія трэба было насіць ніжэй латкі. Калі хто-небудзь знікаў, то знішчаліся ўсе жыхары дома ці кватэры. Гэта накладвала асаблівую адказнасць на дзейнасць мясцовых падпольшчыкаў, але нягледзячы на ўсе цяжкасці, падполле на тэрыторыі гета працягвала дзейнічаць [2, с. 10].

Ужо ў першыя месяцы 1942 г. у складзе падпольнай арганізацыі гета налічвалася 12 “дзесятак” – заканспіраваных атрадаў з дзесяці чалавек на чале з камандзірам. Акрамя таго дзейнічалі 10 падпольных груп, існавала падпольная друкарня, выдаваўся падпольны лісток “Веснік Радзімы”. Усяго з моладзевымі групамі ў Мінскім гета налічвалася каля 300 чалавек-падпольшчыкаў. Барыс Пупка і Броня Гофман прынялі актыўны ўдзел у выданні падпольнай газеты “Звязда”. Па-за межамі гета ў шэрагах мінскіх падпольшчыкаў змагалася школьніца Маша Брускіна, павешаная немцамі ў кастрычніку 1941 г.

Трагічна склаўся лёс другога старшыні юдэнрата Мінскага гета Мошэ Іоффэ. Выконваючы распараджэнні нямецкіх улад, ён адначасова імкнуўся абараніць не толькі вязняў гета, але і кіраўнікоў антынацысцкага падполля, што было смяртэльнай рызыкай. Калі гестапа запатрабавала выдачы кіраўнікоў падполля гета (Гебелева, Смоляра, Фельдмана, Окуня), пагражаючы ў іншым выпадку расстрэлам усіх працаўнікоў юдэнрата, у Іоффэ хапіла мужнасці каб адвергнуць гэты ультыматум. Пасля начнога пагрому 31 сакавіка 1942 г. гестапа настойліва патрабавала ад Іоффэ выдачы Гірша Смоляра, які па дакументах гета лічыўся Яўхімам Сталярэвічам. Тады Іоффэ выпісаў гетаўскі пропуск на імя Яўхіма Сталярэвіча, пайшоў на яўрэйскія могілкі, дзе ляжала шмат яшчэ непахаваных ахвяр мінулай бойні, і вымараў гэты дакумент крывёю аднаго з нябожчыкаў, потым паказаў пропуск гестапаўцам, нібыта “знайшоў” яго ў кішэні аднаго з расстраляных. Гестпаўцы супакоіліся, бо паверылі, што Сталярэвіч (Смоляр) сапраўды загінуў пад час расстрэлаў у гета. Сам М. Іофэ забіты пад час пагрому 28-31 ліпеня 1942 г. [3, с. 12].

Трэба адзначыць, што многія кіраўнікі Мінскага падполля хаваліся ад праследванняў немцаў менавіта ў гета. Так, Міхаіл Гебелеў прывёз аднойчы дзесяць камуністаў з “рускага” раёна Мінска і хаваў у “малінах” гета па падробленых яўрэйскіх пашпартах.

Кіруючае ядро арганізацыі падзяліла паміж сабою абавязкі. Міхаіл Гебелеў займаўся перш за ўсё наладжваннем сувязяў па-за межамі гета, Моця Пруслін – арганізацыяй прпагандысцкай работы, Я. Сталяровіч (Гірш Смоляр) кіраваў “дзесяткамі”, Навум Фельдман – арганізацыяй матэрыяльнай дапамогі адыходзячым у партызанскія атрады і маламаёмасным вязням гета, Зяма Вокунь – арганізацыяй падпольнай тыпаграфіі. Падпольшчыкамі Мінска пад кіраўніцтвам В.І. Сайчыка быў арганізаваны выраб фальшывых пашпартоў, якімі забяспечвалі вязняў гета [10, с. 223].

Добра наладжаная сувязь на працягу доўгага перыяду часу давала магчымасць ва ўмовах несупыннага тэрору, неверагоднай цеснаты глыбока заканспіравацца і весці сістэматчную работу па выратаванні вязняў гета. Усе “дзесяткі” энэргічна займаліся адборам людзей для адпраўкі іх у партызанскія атрады. Кожны сакратар вызначаў чаргу для сваіх таварышаў, калі хто з іх павінен быў выйсці з гета. Штотыдзень праходзіла праверка зброі, якую дзесяткі здолелі сабраць. Поспех садзейнічаў падпольшчыкам Мінскага гета, яны здолелі распрагандаваць нават некаторых нямецкіх афіцэраў, – так, напрыклад, Шульц вывез на сваёй машыне 37 яўрэяў (сярод іх і некалькі нямецкіх) у лес да партызан [9, с. 39-41, 75].

На базе выведзеных з Мінскага гета вязняў створаны і ў значнай ступені папоўнены дзевяць партызанскіх атрадаў і адзін партызанскі батальён – гэта 5-ты атрад імя Кутузава, атрады імя Будзённага, Фрунзэ, Лазо, Шчорса, Пархоменка, 25-годдзя БССР, атрадах № 406, 106, 1-м батальёне 208-га асобнага партызанскага палка.

Падчас падрыхтоўкі групы ваенапалоных да адпраўкі ў атрад імя С. Будзённага гестапа схапіла М. Гебелева. Падпольшчыкі падтрымлівалі з ім сувязь праз правераных людзей у турме, перадавалі перадачы, збіралі грошы, каб выкупіць яго. Гебелеву рыхтавалі ўцёкі, але гэты план не быў здзейснены: 15 жніўня 1942 г. Міхаіла Гебелева не стала… [5, № 3-4, с. 67; 9, с. 238]. Затым наступіў чарговы – чацвёрты і перадапошні пагром гета, які працягваўся чатыры дні. У жывых засталіся толькі тыя, хто працаваў на немцаў і хворыя той часткі бальніцы, куды немцы баяліся заходзіць.

25 верасня 1943 г., пасля забойства падпольшчыкамі гауляйтэра Беларусі Вільгельма фон Кубэ, у Мінску пачаліся масавыя аблавы і арышты, у выніку чаго падпольны гаркам партыі прыпыніў сваю работу. 3 кастрычніка арыштаваны член падпольнай тройкі гета Самуіл Каждан. Нягледзячы на ўсе цяжкасці ўжо 28 лістапада 1943 г. у лес была перапраўлена група вязняў гета, сярод іх Д.-Х. Кісель. Асуджаныя на смерць людзі шукалі сувязей, каб вырвацца з гета. Нягледзячы на жорсткі тэрор, людзі спрабавалі змагацца, наладзіць кантакт з партызанамі. Перыядычна для вываду людзей у лес у гета прыходзіла сувязная “Броня” – Б. Завало-Крайновіч. Р. Ліпская і Н. Шуссер стварылі групы ў асноўным з жанчын, якія дапамагалі адбіраць людзей для адпраўкі ў лес, збіралі для партызан зброю, медыкаменты, бялізну, вопратку, ёд, вату, бінты і гэтак далей.

З мэтаю наладжвання кантактаў з партызанамі ў лютым 1944 г. у Рудзенскі раён адпраўляецца Дора Берсан, але з задання яна не вярнулася. Для вываду людзей у лес выкарыстоўвалі дзяцей, праваднікоў-піянераў: Б. Гаммера, Д. Кліонскага, С. Фітэрсон і іншых. Праз чыгуначніка А. Мураха гетаўцы наладзілі сувязь з 3-й Мінскай брыгадай і перапраўлялі партызанам соль, медыкаменты, затворы і г.д. Мурах загінуў у баі 25 мая 1944 г. Адыход яўрэяў з гета ўзмацніўся ў красавіку-маі 1944 г., калі былі арганізаваны атрады імя Пархоменкі і сямейны атрад № 106 пад камандаваннем С. Зорына. Змаглі пайсці ў лес і Р. Ліпская, Н. Шуссер. З чэрвеня 1944 г. пачалося сістэматычнае знішчэнне рабочых калон. Пад маркай вывазу ў Германію 14 верасня 1943 г. у машыны-“душагубкі” былі пагружаны “гамбургскія яўрэі”, што знаходзіліся ў гета. 21-23 кастрычніка 1943 г. – апошнія дні Мінскага гета. У гэтыя чорныя дні яно было акружана гестапаўцамі, вязняў пагрузілі ў машыны і адправілі ў апошні шлях… такім чынам адбыўся пяты пагром гета, пяты і апошні.

У акце, складзеным 13 жніўня 1944 г. Мінскаю абласною камісіяй садзейнічання Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі аб масавым знішчэнні людзей акупантамі на тэрыторыі Мінска і яго наваколля ў 1941-1944 гг., сцвярджаецца, што з восені 1943 г., намагаючыся схаваць сляды сваіх злачынстваў, немцы пачалі маскіраваць могілкі, сталі выкопваць нябожчыкаў і спальваць іх. У вёсцы Малы Трасцянец гэта рабілі ў хляве паміж штабялямі брывён, ва ўрочышчы Шашкаўка (0,5 км ад вёскі Малы Трасцянец) восенню гітлераўцы пабудавалі спецыяльную крэмацыйную печ-яму [4, с. 186-187].

Да вызвалення Мінска часткамі Чырвонай Арміі 3 ліпеня 1944 г. дажылі 13 з 26 вязняў “вялікага” гета, якія хаваліся пасля яго гібелі ў склепе каля яўрэйскіх могілак, і 25 вязняў “малога” гета, што збеглі пад час яго эвакуацыі з Мінска ў канцы чэрвеня 1944 г. Мінскае гета праіснавала каля 800 дзён, амаль столькі ж у лагеры смерці за калючым дротам патрыёты вялі барацьбу з акупантамі. Паводле дадзеных Мінскай абласной камісіі садзейнічання Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па раследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у выніку масавага знішчэння грамадзян, загінула не менш 300 000 чалавек, не лічачы спаленых у крэмацыйных печах. Агульная колькасць забітых склала 400 000 чалавек, сярод іх і вязні Мінскага гета.

 

ЗВЕСТКІ ПРА КОЛЬКАСЦЬ ЯЎРЭЯЎ МІНСКАГА ГЕТА (1941-1944 гг.) [1, с. 198]

Разам Мясцовыя яўрэі Нямецкія яўрэі Ахвяры масавых забойстваў

Минск,1941 май 100 000

Ліпень 70 000-80 000 (альбо 40 000) 70 000-80 000 (альбо 40 000)

пачатак лістапада  6000

сярэдзіна-канец лістапада  6963

1942 студзень 25 000 18 000 7 000

сакавік-травень  17 600

Травень  300 3 000

Ліпень  900 9 000

Жнівень 8 600 6 000 2 600 13 500

1943 красавік-май  516

красавік-кастрычнік  2 000

Восень 6 500 4 000 2 500 4 000

Зіма 500

1944 чэрвень  500

Разам  56 116

 

ДЭПАРТАЦЫІ ЯЎРЭЯЎ ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ Ў МІНСКАЕ ГЕТА (1941 г.) [7, с. 335]

Месца адпраўкі Дата адпраўкі Колькасць яўрэяў

Гамбург 8.11.1941 990

Дзюсельдорф 10.11.1941 993

Франкфурт (?) 11.11.1941 1042

Берлін 14.11.1941 1030

Брно 16.11.1941 999

Гамбург і Брэмен 18.11.1941 908

Вена 28.11.1941 1001

Той “незразумелы” факт, што гета праіснавала ў Мінску больш двух гадоў, тлумачыцца тым, што немцы вельмі хутка зразумелі, наколькі моцна яны залежаць ад яўрэйскай працоўнай сілы. Яўрэяў, што выдзелілі на працу, часова размяшчалі побач з савецкімі ваеннапалоннымі у Мінскім рабочым лагеры СС. Умовы жыцця тут былі трохі лепшымі і ахоўнікі не былі такімі жорсткімі. Галоўнай паравагай стала лепшае харчаванне, а зэканомленыя пайкі часам удавалася нават пранесці ў гета [1, с. 201].

У жніўні 1946 г. у Мінску адкрыты першы ў СССР помнік загінуўшым яўрэям (“Яма”) з надпісам на ідыш “Яўрэям – ахвярам нацызма”, а ў ліпені 2000 г. ва ўрачыстых абставінах адбылася адкрыццё помніка ахвярам Халакоста – “Мінскае гета” (аўтары скульптурнай кампазіцыі А. Фінскі, Э. Поллак, архітэктар – заслужаны архітэктар Беларусі, лаурэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэміі Беларусі Л. Левін) [2, с. 10]. Такім чынам адзначаны подзвіг падпольшчыкаў Мінскага гета, якія нават у такіх цяжкіх і невыносных умовах несупынна вялі барацьбу са сваім смяртэльным ворагам – нямецкім нацызмам.


          Литература:

1. Гартэншлегер, У. Горад Менск пад нямецкай акупацыяй / У. Гартэншлегер. – ARCHE Пачатак. – 2008. – № 5. – С. 94-259;
2. Иоффе, Э.Г. 800 дней воли и борьбы: малоизвестные страницы истории Минского гетто / Э.Г. Иоффе. – Советская Белоруссия. – 2003. – 21 октября. – С. 10;
3. Иоффе, Э.Г. Тайны Минского гетто / Э.Г. Иоффе. – Белорусская деловая газета. – 2003. – 22 октября. – С. 12;
4. Кнатько, Г.Д. Минское гетто (июль 1941 – октябрь 1943) / Г.Д. Кнатько. – Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Выпуск ІІ. – Мінск, БДПУ імя М. Танка, 1998. – 256 с. – С. 171-189;
5. Купрэева, Г. Мінскае гета: схаваная праўда / Г. Купрэева. – Беларуская мінуўшчына. – 1993. – № 2. – С. 48-51; № 3-4. – 62-67;
6. Леках, М. Белорусские праведники / М. Леках. – 7 дней. – 2005. – 14 июля. – С. 25;
7. Мозэль, В. Дэпартацыя гамбургскіх яўрэяў у Менск / В. Мозэль. – ARCHE Пачатак. – 2008. – № 5. – С. 295-342;
8. Смоляр, Г. Менскае гета / Г. Смоляр. – Мінск, Тэхналогія, 2002. – 182 с.;
9. Смоляр, Г. Мстители гетто / Г. Смоляр. – Москва, Дер змес, 1947. – 128 с.;
10. Смоляр, Р. Антыфашысцкае падполле ў Мінскім гета (ліпень 1941 – жнівень 1942 гадоў) / Р. Смоляр. – Полымя. – 1995. – № 6. – С. 208-244.

 
 
Яндекс.Метрика