Трагедыя Пiнскага гета

 

          Вiталь ГАРМАТНЫ (Баранавiчы)

 

Першымi ахвярамi немцаў у Пiнску ўжо ў лiпенi 1941 г. сталi маладыя яўрэйскiя хлопцы. Хтосьцi з мясцовых жыхароў данёс, што яны прымалi ўдзел у пошуку двух нямецкiх парашутыстаў, якiя былi закiнуты ў горад адразу пасля пачатку вайны. Немцы арыштавалi 16 падазроных i даставiлi iх у будынак Каралiнскага суда, дзе размяшчаўся штаб нямецкай армii. На наступны дзень арыштаваных, сярод якiх былi браты Аўрам i Зiва Найдзiчы, адвялi ў Ляшчынскi лес i там расстралялi. Выжыць пашанцавала толькi аднаму хлопцу, якi схаваўся пад трупамi i потым збег.

5 лiпеня 1941 г., на наступны дзень пасля ўступлення немцаў у горад, былi абнародаваны загады новых улад – аб`яўлялася аб зборы мыла, абутку, сукна, воўны i iншых жыццёванеабходных рэчаў. Булачнiкам загадвалася забяспечваць армiю хлебам, а за кожны кавалак хлеба, якога не хапала па ўстаноўленай норме, гiтлераўцы абавязвалiся расстрэльваць па 10 яўрэяў. Яўрэям забаранялася пакiдаць горад i з`яўляцца на вулiцах пасля 18 гадзiн, яны павiнны былi насiць белую стужку з жоўтай зоркай на левай руцэ.

З першых жа дзён акупацыi пачаўся грабеж яўрэйскай маёмасцi – спачатку гэта рабiлi нямецкiя салдаты, а потым гестапаўцы i мясцовая палiцыя. Шукалi ў асноўным футра, металiчныя вырабы i асаблiва золата, якога па чутках у яўрэяў было вельмi многа.

У другой палове лiпеня камендант горада выдаў загад аб стварэннi юдэнрата, якi павiнен стаць пасрэднiкам памiж камендантам i пiнскiмi яўрэямi, сачыць за выкананнем загадаў нямецкага камандавання. Першым старшынёю абралi дырэктара Тарбуцкай сярэдняй школы Давiда Альпера, але праз два днi ён, разумеючы, што адстаўка можа каштаваць яму жыцця, адмовiўся ад пасады i быў расстраляны разам з 20 членамi юдэнрата.

Наступны склад юдэнрата ўзначалiў Бенямiн Бакштанскi, якi адначасова адказваў за эканамiчныя справы, але фактычна старшынёю з`яўляўся былы жыхар Данцыгы (Гданьска) Мiнскi, якi добра ведаў нямецкую мову.

Юдэнрат стараўся змякчыць на колькi гэта было магчыма патрабаваннi немцаў i адцягнуць ад супляменнiкаў немiнуемую расправу, але ўсё ж быў прымушаны выконваць загады немцаў i нават удзельнiчаць пад час карных аперацый у аблавах на людзей, таму прадстаўнiкi юдэнрата не карысталiся асаблiвай павагай з боку пiнскiх яўрэяў.

Але трэба адзначыць, што юдэнрат, у складзе якога працавала некалькi соцень яўрэяў, стварыў палiклiнiку, бальнiцу, пахавальнае бюро, сваю палiцыю для патрулявання рынку, набярэжнай i iншых забароненых тэрыторый, здолеў працаўладкаваць мясцовых яўрэяў – аддзел працы размяркоўваў да 5 тысяч рабочых i рыхтаваў iх спiсы. Сiроцкi прыют, якi раней дзейнiчаў на рагу вулiц Завальнай i Дамiнiканскай, перамясцiўся ў маленькi дом у гета.

Галоўнай крынiцай iснавання юдэнрата стаў хлебны падатак. Афiцыйна хлеб прадаваўся па картках i каштаваў 2 рублi за кiлаграм – 75 % складаў падатак. Частка грошай паступала ад продажу золата пасля перадачы немцам.

30 красавiка 1942 г. быў выдадзены загад аб стварэннi ў Пiнску гета – “Усе яўрэi, якiя жывуць на вулiцах, што ўключаны ў гета, павiнны перабрацца туды заўтра, 1 мая, да паўдня”.

Гета мела форму прамавугольнiка i з усiх бакоў абгароджвалася калючым дротам i мела тры брамы: на вулiцах Лiстоўскага, Паўночнай i Альбрэхтаўскай.

Юдэнрат загадзя размеркаваў пакоi ў разлiку 1,2 квадратнага метра на чалавека. Як правiла, у пакоi жыло 3 – 4 сям`i (10 – 11 чалавек). Усе спалi на падлозе, бо мэблю браць з сабою забаранялася. Паводле загаду можна было ўзяць з сабою толькi кухонныя прылады, пасцельную бялiзну i крыху адзення. Гатавалi ежу па чарзе, часам чакаць прыходзiлася да самага вечара.

На тэрыторыi гета iснавалi турма i суд. Суддзёю стаў адвакат Эльштэйн, а яго памочнiкам – Брыкоўскi. Справы ў судзе складалiся галоўным чынам са сварак памiж суседзямi. Суд вёў таксама i справы тых, хто не выконваў загады юдэнрата. Праугледжвалася i пакаранне – зняволенне ў мясцовай турме на некалькi дзён [3, с. 250-252].

Большасць сiнагог не дзейнiчала (у некаторых з iх было выбiта шкло, а iншыя прыстасаваны пад час акупацыi ў склады i майстэрнi), але нават ва ўмовах гета адзначалiся святы i захоўвалiся традыцыi i звычаi: некалькi iснаваўшых сiнагог наведвалi ў асноўным людзi сталага ўзросту. Зiмою 1941-1942 гг. памерлi 2 вядомых равiна: Борух Эпштейн i Арон Валкiн. Заставаўшыяся ў жывых равiны, самым вядомым з якiх быў А. Перлаў, прысвяцiлi сябе духоўнай падтрымцы i супакаеннi супляменнiкаў [4, с. 148].

У гета выкарыстоўвалiся спецыяльныя грошы, уведзеныя юдэнратам. Дзякуючы намаганням юдэнрата ў гета была адчынена крама, дзе людзi маглi атрымаць па картках дзённую норму хлеба – 300 грамаў для дарослых, i 150 – дзецям. Раз у тыдзень пекарам дазвалялася выходзiць з гета, каб атрымаць азначаную для iх норму мукi. Яны выкарыстоўвалi выхад з гета для таго, каб купiць у мясцовых сялян дадатковай мукi. Так, у вераснi 1942 г. у жандармерыю Пiнска быў накiраваны рапарт аб затрыманнi каля гарадской верфi Іаселе Грабавiцкага, якi правозiў 64 кг (4 пуды) мукi i 16 кг (1 пуд) збожжа, схаванага ў возе з сенам [5, с. 47]. Мука размяркоўвалася раённым камiсарам, ён жа вызначаў тэрыторыi для вырошчвання агароднiны.

Лепшыя пiнскiя ўрачы-яўрэi, сярод якiх знаходзiўся прафесар Глаўберзон, добрасумленна працавалi сярод сваiх супляменнiкаў за сiмвалiчную працу. Бальнiца i клiнiка гета былi заўсёды перапоўнены хворымi з цяжкiмi хваробамi, у тым лiку i з брушным тыфам, якога вельмi баялiся немцы.

На ўсё гета было толькi дзве калонкi – на Балотнай i Паўночнай вулiцах. Антысанiтарыя i голад выклiкалi iнфекцыi i смерць. Штодзень у гета памiрала па 30 – 40 чалавек, таму больш за ўсё працы мела пахавальнае бюро. Хавалi людзей на Каралiнскiх могiлках, агароджа якiх была знесена.

Доктар Якабсан казаў на пахаваннi жонкi доктара Юза: “Свет перавярнуўся: яны разбурылi агароджу вакол мёртвых i ўзвялi яе вакол жывых. Калi ж усё вернецца на свае месцы?” [3, с. 252].

Мясцовае насельнiцтва ў сваёй пераважнай большасцi са шкадаваннем адносiлася да пакут яўрэяў i па меры магчымасцi старалася iм дапамагчы. Так, напрыклад, Марыю Сяргееўну Пякарскую i iншых жыхарак Пiнска некалькi разоў забiралi ў палiцыю, дапрашвалi i пагражалi расстрэлам за тое яна кiдала праз дрот у гета ежу [5, с. 47].

Яўрэйскiя рабочыя выкарыстоўвалi выхад на працу, каб дастаць хоць трохi ежы, якую яны з вялiкiмi намаганнямi праносiлi ў гета: крупу змяшчалi ў шкарпэткi, бульбу варылi, разбаўлялi вадою i праносiлi як суп, якi выдаваўвя на месцы працы. Хлеб жанчыны праносiлi пад вопраткай. Пры ўваходзе ў гета людзей правяралi палiцэйскiя, любая знойдзенная ежа канфiскоўвалася i выкiдвалася ў кучу каля брамы, а вiнаватых жорстка збiвалi.

Кожную ранiцу дзецi прапаўзалi пад агароджай гета i рассыпалiся па навакольных вёсках у пошуках ежы, але не ўсе з iх вярталiся дадому – сярод палiцэйскiх былi такiя, што спецыялiзавалiся на паляваннi на дзяцей.

У лiпенi 1942 г. гета наведаў намеснiк акруговага камiсара Эбнер i запатрабаваў спiс невылечна i псiхiчна хворых. Юдэнрат спрабаваў пярэчыць, але з Эбнерам немагчыма было спрачацца – ён пагражаў тады забраць хворых разам з сем`мi. У спiсе аказалася 40 чалавек – iх пагрузiлi ў 2 машыны i сказалi, што вязуць у Брэсцкую бальнiцу, але ўсiх iх потым расстралялi каля Казляковiч. Выратавацца ўдалося толькi Нахуму Шталiцу, ад якога ў гета даведалiся аб гэтай бядзе. Доктар Юз, былая бежанка з Варшавы, што ўвесь час наглядала за хворымi, скончыла жыццё самагубствам [3, с. 253].

Да гета сталi даходзiць чуткi, што ўжо знiшчаны гета ў Драгiчыне, Янаве, Пагосце, аб паўстаннi ў Лахве. Людзi зразумелi, што смерць блiзка. Удзень i ўначы ў гета пачалi капаць сховiшчы. Аб гэтым даведалiся немцы i загадалi здаць усе рыдлёўкi, сякеры i матыкi.

У вынiку дзвюх карных аперацый 5 i 7 жнiўня 1942 г. было забiта большасць мужчын ад 16 да 60 гадоў (па розных крынiцах колькасць забiтых вагаецца ад 600 да 7000 ) [1, с. 388].

22 кастрычнiка стала вядома, што ў Добрай Волi рыюць глыбокiя траншэi, падведзена вапна, пракладваюцца водапровадныя трубы. Гэта выклiкала панiку i трывогу ў гета. Тады Эбнер выклiкаў намеснiка старшынi юдэнрата i сказаў, што траншэi патрэбны для захоўвання гаручага, а трубы – для пералiвання палiва з машын у цыстэрны. Эбнер даў слова, што “з яўрэямi Пiнска нiчога не здарыцца. Яны працуюць для нямецкай вайны”. Ён нават паабяцаў спынiць вобыскi каля брамы, павялiчыць дзённую норму хлеба, а таксама выдзелiць дадатковую зямлю пад агарод.

Немцам удалося дасягнуць сваёй мэты – падмануць пiльнасць асуджаных на смерць вязняў: савет падполля ў гета абмеркаваў сiтуацыю i вырашыў адкласцi пакуль актыўныя формы супрацiву [3, с. 253].

27 кастрычнiка 1942 г. Генрых Гiмлер асабiста падпiсаў загад аб лiквiдацыi Пiнскага гета, апошняга буйнога гета ў рэйхскамiсарыяце “Украiна”. У загадзе Гiмлера Пiнскае гета названа цэнтрам “бандыцкага” (партызанскага) руху ў раёне Прыпяцкiх балот. Такая фармулiроўка прыводзiцца ў шматлiкiх нямецкiх дакументах як прычына знiшчэння яўрэйскага насельнiцтва [2, с. 307].

28 кастрычнiка адбылася нарада па пытанню лiквiдацыi гета ў камандзiра 15-га палiцэйскага палка палкоўнiка Курске. Было вырашана, што 2 батальёны (адзiн з iх кавалерыйскi) возьме на сябе вонкавае ачапленне гета, а 2 роты займуцца яго прачэсванне. Акрамя таго, абмяркоўвалiся забеспячэнне аховы зборнага пункту, транспарта i месца пакарання.

29 кастрычнiка гета было прачэсана першы раз – з асноўнай масы яўрэйскага насельнiцтва адабралi квалiфiкаваных рабочых, рамесленiкаў i ўрачоў. Іх змясцiлi ў будынак бальнiцы, з вокан якой яны бачылi ўсё, што адбывалася ў гета. Нягледзячы на асаблiвую адзнаку “карысны яўрэй”, многiя з iх былi забiты эсэсаўцамi пры спробе выйсцi ў двор.

30 кастрычнiка 1942 г. гета было прачэсана ў другi раз, 31 кастрычнiка – ў трэцi i 1 лiстапада – ў чацвёрты раз. Усяго на месца збору было сагнана каля 15000 яўрэяў. Хворыя i застаўшыяся ў дамах дзецi забiвалiся на месцы, у двары гета. Усяго ў гета было расстраляна каля 1200 яўрэяў [4, с. 154-155].

У ямах каля вёскi Добра Воля яўрэяў засаўлялi аддаць усе цэннасцi i распрануца, а потым расстрэльвалi. Пад час акцыi выратавацца ўдалося толькi некаторым шчаслiўчыкам. Так, 28 кастрычнiка Фанi Саламян-Лоц схавалася ў падвале, а потым выбралася з гета i схавалася ў Яна Шпiнака, якi пераправiў яе да партызан [3, с. 255].

Але назiралiся i адваротныя выпадкi – калi немцы схапiлi хлопчыка Пурыма i паабяцалi захаваць яму жыццё, калi ён выдаць месца схованкi бацькоў, то Пурым прывёў немцаў да свайго дома, дзе на гарышчы хавалiся яго бацькi i яшчэ некалькi чалавек. Немцы расстралялi iх усiх разам з хлопчыкам [4, с. 159].

У вынiку гэтай акцыi загiнула па розных дадзеных ад 18 000 да 19 000 яўрэяў, цудам выратавацца ўдалося толькi некалькiм дзесяткам [1, с. 388].

Пасля лiквiдацыi гета капiтан Заўр – камандзiр роты 15-га нямецкага палiцэйскага палка – распрацаваў iнструкцыi для сваiх “паслядоўнiкаў” пры выкананнi такiх жа заданняў (для пошуку схаваўшыхся):

“ 1. Праводзячыя прачэсванне атрады павiнны абавязкова мець з сабою сякеры i iншы iнструмент, бо аказалася, што ўсе дзверы былi заперты цi на засове i iх можна было адчынiць толькi сiлаю.

...3. Нават калi няма падвалаў, значная колькасць асоб знаходзiцца ў малой прасторы падполля. Такiя месцы трэба ўзламваць звонку цi накiроўваць туды службовых сабак, цi кiдаць туды ручныя гранаты, пасля чаго яўрэi самi выходзяць адтуль.

...5. Пажадана заахвочваць непаўналетнiх для ўстанаўлення месца схованак, абяцаючы iм за гэта жыццё” [4, с. 159].

2 лiстапада 1942 г. карнiкi пакiнулi Пiнск – яны паспяхова выканалi сваi планы: пiнскага гета больш не iснавала.

Астаўшыхся ў жывых яўрэяў даставiлi ў турму, дзе размясцiлi па 30 – 40 чалавек у камеры. Праз дзень iм аб`явiлi, што праз некаторы час яны вярнуцца ў гета, аднак хутка немцы расстралялi ўрачоў, бо вырашылi, што яны будуць ненадзейнымi працаўнiкамi. У жывых было астаўлена толькi 150 рамеснiкаў: краўцоў, шаўцоў i гэтак далей. Іх утрымлiвалi ў так званым “малым гета”, абнесеным калючым дротам. Гэтае новае гета павялiчвалася за кошт ацалелых яўрэяў: адны прыходзiлi самi, не вытрымаўшы выпрабаванняў голадам i галечай, iншых прыводзiлi палiцэйскiя, якiя на працягу ўсяго лiстапада працягвалi абшукваць раён гета. Частка яўрэяў змагла выйсцi з малага гета, але нямногiя з iх здолелi выжыць. Малае гета лiквiдавана немцамi 23 снежня 1942 г., пры гэтым загiнула каля 150 чалавек [1, с. 388].

З пачатку 1943 г. рэчы, што засталiся пасля лiквiдацыi гета, немцы пачалi размяркоўваць сярод мясцовага насельнiцтва – спачатку ў якасцi ўзнагароджвання, а потым матэрыяльнай дапамогi асобам, звярнуўшымся з адпаведнай просьбай да акупацыйных улад. Перш за ўсё падтрымку атрымоўвалi маламаёмасныя гараджане, непрацаздольныя, шматдзетныя сем`i, бежанцы з усходнiх абласцей, пацярпелыя ад партызан i пагарэльцы [4, с. 164].

Знiшчэнне яўрэйскага насельнiцтва Пiнска паставiла перад акупацыйнымi ўладамi праблему дэфiцыта кадраў горада у многiх жыццёваважных сферах, асаблiва аховы здароўя i рамеснай вытворчасцi.

Немагчыма адказаць дакладна колькi пiнскiх яўрэяў было знiшчана немцамi ў гета. Даследчыкi, сведкi i “аўтары” злачынства прыводзяць лiчбы ад 17 да 30 тысяч чалавек, таму гэтае пытанне застаецца адкрытым.

 

          Литература:

1. Иоффе, Э.Г. Белорусские евреи: трагедия и героизм, 1941-1945 гг. Э.Г. Иоффе.  – Минск, 2003. – 427 с.;
2. Иоффе, Э.Г. По достоверным источникам: евреи в истории городов Беларуси. Э.Г. Иоффе. – Минск, 2001. – 350 с.;
3. Памяць: гiсторыка-дакументальная хронiка Пiнска. Уклад В.М. Курсава, С.Ф. Шапiра. – Мiнск, 1998. – 557 с.;
4. Розенблат, Е.С., Еленская, И.Э., Пинские евреи. 1939-1945 гг. Е.С. Розенблат. – Брест, 1997. – 312 с.;
5. Смиловицкий, Л.П. Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941-1944 гг. Л.П. Смиловицкий. – Тель-Авив, 2000. – 432 с.

 
 
Яндекс.Метрика