Служыў Богу i нацыянальнай iдэi

 

          Леанiд Лыч (Мiнск)
 

Рэлiгiйная i нацыянальна-культурная дзейнасць ксяндза Вiнцэнта Гадлеўскага

 

На пачатку XX ст. у Беларусi ўжо было нямала ксяндзоў, якiя душой i сэрцам не прымалi дзейнасць каталiцкага касцёла  па апалячваннi сваiх вернiкаў.  Выказвалiся додосыць  абгрунтаваныя думкi, што каталiцкае набажэнства, як гэта практыкавалася вава ўсiх еўрапейскiх краiнах, павiнна весцiся на нацыянальнай, г. зн. беларускай мове.

Рабiлiся, прычым даволi рашучыя, захады па арганiзацыi  выдання на гэтай мове рэлiгiйных кнiг, газет для каталiцкага  насельнiцтва. Рыхтавалi ж такiх прагрэсiўных, адданых  беларускай нацыянальнай iдэi ксяндзоў у Вiленскай каталiцкай  духоўнай семiнарыi i Пецярбургскай каталiцкай духоўной  акадэмii. Пашчасцiла вучыцца i закончыць iх (адпаведна ў 1912  i 1916 гг. ) вельмi здольнаму да вучобы юнаку з мястэчка  Поразава Ваўкавыскага давета Вiнцэсю (Вiнцэнту, Вiкенцiю)  Гадлеўскаму (16 лiстапада 1888 – 24 снежня 1942).


1.

Калi ў Вiльнi ўвесь яго час iшоў непасрэдна на  засваенне навучальных прадметаў, дык у горадзе на Няве захапiўся яшчэ i працай у беларускiм культурна-асветнiцкiм  гуртку, што станоўча паўплывала на фармаванне нацыянальнай самасвядомасцi будачага ксяндза.

Шчаслiва складваўся лёс В. Гадлеўскага i ў першы перыяд яго святарскай дзейнасцi. На працу паслалi ў Менск на пасаду вiкарыя (намеснiк бiскупа цi прыходскага свяшчэннiка) пры кафедральным касцёле. Пад той час Менск ужо быў зусiм не такiм, як у канцы XIX цi першыя гады XX ст. Iдэяй нацыянальна-культурнага Адраджэння жылi тут многiя iнтэлiгенты. Сярод iх былi  i служыцелi культу,  якiх зусiм не задавальняла, што царкоўна-рэлiгiйнае жыццё на Беларусi  так слаба дастасавана да яе нацыянальных iнтарэсаў.  Хвалявала,  непакоiла гэта i маладога ксяндза В. Гадлеўскага. Ён вельмi хутка далучыўся да актыўнай,  нацыянальна-самасвядомай часткi iнтэлiгенцыi Менска, знайшоў поўны давер у яе.

У лiку самых адданых Бацькаўшчыне змагароў В. Гадлеўскi ўдзельнiчае ў сакавiку 1917 г. у Менску ў працы З’езда беларускiх нацыянальных арганiзацый. Гэта была надзвычайная падзея ў беларускiм нацыянальна-вызваленчым руху. Яна дапамагла многiм больш цвярозымi вачыма глянуць на гаротны стан беларускай нацыянальнай адукацыi, культуры i мовы, лепш зразумець, хто ёсць сябра, а хто вораг нашага Адраджэння. Працiўнiкi яго ж былi нават сярод самiх ста пяцiдзесяцi ўдзельнiкаў з’езда. Але перамога дасталася не iм. Большасцю галасоў было прынята рашэнне аб неабходнасцi ўвядзення беларускай мовы ў педагагiчны працэс настаўнiцкiх i духоўных (праваслаўных i каталiцкiх) семiнарый, адкрыцця ў адным з беларускiх гарадоў вьшэйшай навучальнай нацыянальнай установы. Гэтыя справядлiвыя i вельмi актуальныя для беларускага Адраджэння патрабаваннi рашуча падтрымлiваў i В. Гадлеўскi. Сваёй актыўнай пазiцыяй ён заслужыў таго, што быў абраны ў склад створанага на з’ездзе Беларускага нацыянальнага камiтэта (БНК) . Усяго ў яго ўваходзiла 18 чалавек, у тым лiку, такiя добра вядомыя дзеячы Адраджэння, як Змiтра Жылуновiч (лiтаратурны псеўданiм Цiшка Гартны), Казiмiр Кастравiцкi (лiтаратурны псеўданiм Карусь Каганец), Алесь Бурбiс, Вацлаў Iваноўскi, Аркадзь Смолiч, Фабiян Шантыр.

3 прычыны таго, што беларускi нацыянальна-вызваленчы рух мог сустрэць вялiкi супрацiў у пэўных колах рускiх i польскiх палiтыкаў, грамадскiх i культурных дзеячаў, рабiлiся крокi па ўсталяваннi больш цесных сувязяў з летувiсамi. Гэтую iдэю ўсяляк падтрымлiваў i В. Гадлеўскi. Любiмай тэмай гаворкi пры такiх сустрэчах было аднаўленне супольнай Беларуска-Летувiскай дзяржавы — Вялiкага Княства Лiтоўскага. Узняць гэтае пытанне меркавалася i ў час паездкi ў красавiку 1917 г. беларускай дэлегацыi ў Лiтоўскi камiтэт, што знаходзiўся ў Петраградзе. На чале дэлегацыi  стаяў В. Гадлеўскi. Шчырай гаворкi, як ужо не першы раз здаралася, не адбылося. Прычыны адмоўнага стаўлення летувiсаў да больш  цесных супольных дзеянняў тлумачылася тым, што

а) лiтоўская справа ёсць ужо справай мiжнароднай, а беларуская – толькi  нутраной расейскай, i дзеля гэтага лiтоўцы не могуць сваёй лiтоўскай справы вязаць зь беларускай;

б) справа ўтварэньня В. Княства Лiтоўскага для лiтоўскай палiтыкi ня ёсьць актуальнай» [1].

Наяўнасць сярод сяброў Беларускага нацыянальнага камiтэта i iншых арганiзацый прагрэсiўных асобаў каталiцкага веравызнання iнiцыявала пошукi шляхоў павышэння ролi гэтай канфесii ў адраджэнскiм працэсе. Менавiта дзякуючы старанням такiх людзей, як В. Гадлеўскi, быў складзены i перададзены ў красавiку 1917 г.  ад iмя БНК мемарыял Магiлёўскаму каталiцкаму архiбiскупу ў Петраградзе, дзе яно ў той час знаходзiлася. У мемарыяле выкладалiся палажэннi, якiя з’яўляюцца архiактуальнымi i ў дзейнасцi сучаснага касцёла на Беларусi:   увядзенне  ў  Магiлёўскай  духоўнай  каталiцкай семiнарыi ў Петраградзе лекцый па беларускам мове i лiтаратуры, гiсторыi Беларусi; прамаўляць па-беларуску да людзей у навучаннi iх веры ў касцёле i школе; выданне беларускiх рэлiгiйных кнiжак для касцёлаў i школаў, а таксама часопiса; прызначаць у наш край ксяндзоў беларускай нацыянальнасцi цi тых, што ведаюць беларускую мову; прызначыць на Беларусь бiскупа-беларуса альбо таго, хто умее размаўляць па-беларуску.

Такая практыка беларусiзацыi касцёла ўжо не з’яўлялася пад той час рэдкасцю. 3 беларускiм словам звязаў сваю душпастырскую дзейнасць i В. Гадлеўскi. Яго казаннi заўсёды збiралi шмат  вернiкаў, выклiкалi у iх вялiкую зацiкаўленасць да ўсяго, чым  жыў касцёл. Ад такiх кантактаў прыхаджан з ксяндзом з выразна  выяўленай беларускай самасвядомасцю i яны глыбей пачыналi  адчуваць i разумець сваю знiтаванасць з гiсторыяй, духоўнай  спадчынай роднага краю.

Шмат у чым дапамагло касцёлу цясней iнтэгравацца ў беларускае нацыянальна-культурнае жыццё правядзенне ў маi 1917 г. у Менску з’езда ксяндзоў-беларусаў.У арганiзацыi яго самы непасрэдны ўдзел браў i В. Гадлеўскi. Усяго на з’езд з’ехалася 30 чалавек. В. Гадлеўскi выступiў перад iмi з дакладам аб палiтычна-народнай дзейнасцi каталiцкага духавенства на Беларусi. Яго прапанова аб актывiзацыi працы беларускай каталiцкай партыi была ўспрынята як вельмi своечасовая  i  актуальная  ва  ўмовах  сталага  пашырэння беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. З’езд выказаўся за аўтаномiю Беларусi ў складзе Расiйскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублiкi, што нельга не прызнаць на той час важным крокам на шляху да беларускай дзяржаўнасцi. Большага патрабаваць тады нiяк не выпадала, улiчваючы, што i Часовы ўрад Расii не прызнаваў беларусаў за самабытную нацыю, атаясамлiваў iх з рускiмi.

На фiнiшы самага багатага на падзеi 1917 г. В. Гадлеўскага чакаў яшчэ адзiн сур’ёзны iспыт на адданасць беларускай нацыянальнай iдэi. Здаваць яго даводзiлася ў снежнi 1917 г., калi ў Менску на Усебеларускiм кангрэсе (з‘ездзе) вырашаўся лёс нашай Бацькаўшчыны. На iм ксёндз-патрыёт займаў самыя прагрэсiўныя пазiцыi ў пытаннях дзяржаўнасцi, нацыянальнай культуры, адукацыi i мовы беларускага народа. Гэтыя добра вытрыманыя ў адраджэнскiм духу пазiцыi дапамаглi яму стаць сябрам створанай 18 сакавiка 1918 г. Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi, якая разам з дэлегатамi Вiленскай беларускай рады абвясцiла 25 сакавiка таго ж года маладую беларускую дзяржаву самастойнай, незалежнай.

Непараўнальная нi з чым важная, эпахальная палiтычная падзея ў гiсторыi беларускага народа на ўсё жыццё запала ў душу В. Гадлеўскага, стала наводзiла на глыбокi роздум. I на пытанне, чаму такi магутны нацыянальны выбух мог адбыцца з намi, практычна заўжды даваўся iм правiльны адказ. На перыяд вялiкiх перамен у Расii, пiсаў ён, «не было яшчэ веры ў свае ўласныя сiлы, не было таксама выпрацаванай i ясна аформленай беларускай нацыянальна-палiтычнай лiнii — дзеля гэтага беларускiя дзеячы шукалi фэдэрацыяў цi канфэдэрацыяў з суседнiмi цэнтрамi. Каб узыйсьцi на незалежнiцкi шлях, трэба было прыгледзецца да iншых народаў, якiя будавалi свае незалежныя дзяржавы (Полынча, Украiна, Лiтва, Латвiя, Эстонiя i iнш.), трэба было перажыць многа жыцьцёвых спробаў i расчараваньняў. Адкiнутыя Лiтвою, падзеленыя Масквою ў Берасьцi, загрожаныя з боку iншых палiтычных цэнтраў, якiя ўжо былi сарганiзаваўшыся i сягалi па беларускiя землi, беларускiя палiтычныя дзеячы ў Менску прыйшлi да перакананьня, што стварэньне сiльнага беларускага цэнтру ёсьць жыцьцёвай канечасьцяй  беларускага  народу  —  i  на  грунце  гэтага перакананьня  паўстае акт 25 сакавiка 1918 г. , або акт Абвешчаньня Незалежнасьцi Беларусi.  Такiм парадкам беларусы ўзыйшлi на шлях полацкiх традыцыяў» [2].

Як выдатны iдэолаг беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння В.Гадлеўскi не мог не ведаць, якую вялiкую ролю ў гэтым можа адыграць аб’яднанне патрыятычна настроеных ксяндзоў у адмысловую арганiзацыю. Таму не павiнна здзiўляць, што сярод заснавальнiкаў створанай у маi 1917 г. у Петраградзе партыi Хрысцiянская дэмакратычная злучнасць (ХДЗ) быў i В. Гадлеўскi. Для фармавання яго як нястомнага змагара за нацыянальную iдэю вельмi важнае значэнне мела сумесная праца ў гэтай партыi з такiмi выдатнымi ксяндзамi-патрыётамi, як Фабiян Абрантовiч, Аляксандр Астрамовiч (лiт. псеўданiм Андрэй Зязюля), Эдзюк (Эдуард) Будзька, Адам Станкевiч, Канстанцiн  Стаповiч (лiт. псеўданiм Казiмiр Сваяк), Л. Хвецка.

 Ад першых дзён iснавання ХДЗ у цэнтр сваёй дзейнасцi яна паставiла павышэнне ролi ксяндзоў у нацыянальна-асветнiцкай працы з людзьмi. I тут партыя дамаглася немалога поспеху. Лiк ксяндзоў, якiя вялi казаннi, дадатковае  набажэнства  на  беларускай мове, меў сталую тэндэнцыю да павелiчэння. Касцёл, хаця i вельмi павольна, але ўсё ж мяняў свой польскi арыенцiр на беларускi й ўжо не з тым размахам, як раней, праводзiў палiтыку паланiзацыi карэннага насельнiцтва нашага краю. Такое ўдавалася толькi там, дзе былi моцнымi ўплывы польскiх i апалячаных памешчыкаў.

Дзейнасць i Рады БНР, i Хрысцiянскай дэмакратычнай злучнасцi праходзiла ў вельмi складаных i цяжкiх варунках як у перыяд нямецкай, так i польскай iнтэрвенцый. Але ўвесь гэты час В. Гадлеўскi не адышоў ад беларускай нацыянальнай iдэi. Наадварот, кожнае чарговае выпрабаванне на вернасць гэтай iдэi рабiла яго яшчэ болыш стойкiм i паслядоўным змагаром за суверэннае нацыянальна-дзяржаўнае развiццё Бацькаўшчыны. У межах усёй яе этнiчнай тэрыторыi такога развiцця так i не атрымалася. Балльшавiкi  дазволiлi беларусам стварыць толькi чыста сiмвалiчную, моцна залежную ад Расiйскай федэрацыi дзяржаву ў асобе Беларускай Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi (першапачатковая  назва)  i  толькi  на  землях  былой  Мiнскай губернi.  Пасля разбазарвання гiстарычнай тэрыторыi Беларусi  суседнiмi краiнамi В. Гадлеўскi застаўся на той яе частцы, якую без усялякай аплаты прыдбала сабе пiлсудская Польшча. А застаўся ў гэтай частцы, вiдаць, таму, што тут знаходзiлася яго малая радзiма.


2.

Дзяржаўнай рэлiгiяй у Польшчы з даўняе пары з’яўляўся каталiцызм. Такiм ён заставаўся i пасля таго, як, дзякуючы кастрычнiцкай рэвалюцыi 1917 г. у Расii, Польшча адрадзiла сваю дзяржаўнасць. Афiцыйнай каталiцкай царкве з яе яскрава выяўленай прапольскай пазiцыяй зусiм не даспадобы была дзейнасць нацыянальна-самасвядомых беларускiх ксяндзоў, бо яны не жадалi працаваць на польскую iдэю. Iх святарскай службе чынiлася шмат самых сур’ёзных перашкод як з боку каталiцкага духавенства, так i дзяржавы, што ў поўнай ступенi адчуў на сабе i В Гадлеўскi. Бывалi перыяды ў яго жыццi, што не меў нiякай магчымасцi служыць ксяндзом. Таму пэўны час працаваў прэфектам (лат. — начальнiк) польскай гiмназii ў Нясвiжы, куды быў прымусова пераведзены за актыўную нацыянальна-палiтычную дзейнасць.

 Затым у 1922 г. падаўся ў самы цэнтр беларускага  нацыянальна-культурнага жыцця — Вiльню. Тут ён браў актыўны ўдзел у працы Беларускага нацыянальнага камiтэта, у стварэннi Вiленскай беларускай друкарнi  iмя Францiшка Скарыны, рэгулярна выступаў на старонках друкаванага органа Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi (БХД) штотыднёвай газеце “Крынiца” (з 1925 по 1939 гг. – “Беларуская крынiца”) i ў iншых перыядычных выданнях.

Першыя ж артыкулы В. Гадлеўскага з’явiлiся ў «Крынiцы» яшчэ да пераезду ў Вiльню. У iх узнiмалiся самыя актуальныя пытаннi з царкоўна-рэлiгiйнага i свецкага жыцця. Найбольш увагi надавалася адраджэнскай тэматыцы, беларусiзацыi касцёла. Ён пераканаўча даводзiў чытачу, што каталiцкая царква ў нашым краi не ёсць толькi нейкая выключна польская з’ява. Прыводзiў шматлiкiя факты самаахвярнага змагання беларускiх ксяндзоў за нацыянальную iдэю: прамаўленне шэрагам ксяндзоў Магiлёўшчыны яшчэ ў 60-я гады XIX ст. казанняў па-беларуску, выступленне ксяндзоў-беларусаў у 1918-1921 гг. супраць падзелу нашага краю  суседнiмi дзяржавамi. Свой артыкул «Незалежнасьць Беларусi i  Каталiцкi   Касцёл» [3], падпiсаны  псеўданiмам В.Скальманоўскi, ён заканчвае наступнымi словамi:

«Святкуючы   трэйцюю   гадавiну   абвешчаньня   незалежнасьцi Беларусi,  трэба  добра  адрозьнiць  прынцыповае  й  практычнае становiшча Каталiцкага Касьцёла i яго прадстаўнiкоў да справы беларускай ад галасоў людзей, ачадзеўшых панскiм духам,  або польскiх цi палякуючых ксяндзоў. Хай увесь Беларускi народ й усё беларускае грамадзянства цвёрда верыць, што памiж iмi i каталiцкiм касьцёлам у справе адраджэньня беларускай народнасьцi i дзяржаўнасьцi прынцыповых нязгодаў няма й быць ня можа» [4].

Як  i  ўсе  нацыянальныя  патрыёты,  В. Гадлеўскi  моцна перажываў за ўчынены суседнiмi краiнамi падзел памiж сабою беларускай этнiчнай тэрыторыi. I тут, вядома, было з-за чаго хвалявацца, бо акурат многiя народы i гiнулi толькi таму, што на iх зямлi станавiлiся гаспадарамi чужынцы. Каб вырвацца з-пад улады Масквы i Варшавы,  ён  заклiкаў сялян  як  самы шматколькасны пласт беларускага народа не пагаджацца з тым, што робяць  суседнiя дзяржавы з  яго найдарожшым скарбам – замлёй, усяляк супрацiўляцца iх апецы. «Нашы ворагi,- пiсаў ён у  1921 г.,- якiя  хочуць  пажывiцца  беларускай  зямлёй, беларускiм дабром, намаўляюць нашых сялян, каб яны дамагалiся далучэньня нашай Бацькаўшчыны цi то да Варшавы,  цi то да Масквы,   цi  яшчэ  некуды».   Такое  далучэнне,   запэўнiвае В. Гадлеўскi  чытачоў  газеты «Крынiца»,  не  прынясе  анiякай карысцi Бацькаўшчыне.  У сойме Варшавы цi Масквы «беларусы загiнуць у вялiкай грамадзе iншых дэпутатаў.  Iх галасы не спрычыняцца да палепшаньня долi роднага краю». Таму «усё наша сялянства павiнна цвёрда стаяць за НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСI, за тое, каб мы мелi свой собскi сойм, дзе мы былi б гаспадарамi. Барацьба за незалежнасьць Беларусi павiнна быць баявым клiчам  усяго свядомага сялянства нашай Бацькаўшчыны» [5]. 

Магчымасць iзноў вярнуцца на службу ў касцёл з’явiлася ў В. Гадлеўскага толькi ў жнiўнi 1924 г.,i  ён з задавальненнем пагадзiўся, бо ведаў, што зможа прынесцi шмат карысцi беларускай нацыянальнай iдэi. Акурат пад гзты час вiленскi бiскуп Юры Матулевiч дамогся дазволу ўжываць беларускую мову ў казаннях i дадатковых набажэнствах.. З першых дзён па прыбыццi ў Жодзiшскую парафiю (Смаргоншчына) гэтую мову i пачулi з яго вуснаў вернiкi, якiх увесь час да гэтага пераконвалi, што католiк — гэта ёсць паляк.  Новага ксяндза адразу палюбiлi  парафiяне, якiя  актыўна ўключылiся ў беларускую справу.

Неўзабаве касцёл ў Жодзiшках пераўтварыўся ў сапраўдны асяродак беларускага жыцця. Памяць пра яго дзейнасць не згасла нават у суровыя гадзiны фашысцкай акупацыi. Вось што пiсаў  пра  гэта  3. Байдацкi  ў артыкуле «Будзе воля, свабода, доля. Вялiкая ўрачыстасьць у   Жодзiшках»:

 «Тут супроць волi магутных ў тыя часы польскiх паноў i духоўнiкаў, 7-га верасня 1924 г., у касьцёле, згодна з апостальскай навукай «iдзеце i навучайце ўсе народы», плыло ў пагарджанай панамi беларускай мове першае казаньне ксяндза В. Гадлеўскага. Народ быў захоплены. Ён ня толькi не  пратэставаў, але неўзабаве ўжо хвалiў Бога роднай беларускай песняй.

У Жодзiшскую святыню зьбiралiся людзi ня толькi з блiзкiх, але й з далёкiх беларускiх вёскаў i мястэчкаў. Жодзiшкi сталi слаўнымi на цэлую Заходнюю Беларусь. Тады палякi пачалi дамагацца галасаваньня, але баларусы не збаялiся яго i галасаваньне хутка адбылося каля Жодзiшанскага касьцёла. Хто стаяў за беларускую мову, павiнен быў iсьцi налева, а хто за польскую — направа. Каб-жа застрашыць людзей, польская палiцыя ўцягнула на вежу касьцельнае званiцы кулямёт i скiравала яго супраць беларусаў. Але i гэта не памагло, бо большасьць ўсёроўна была на старане беларусаў.   

 (...) Неўзабаве прапаведнiк з Жодзiшак (ксёндз В. Гадлеўскi. - Л. Л.) прымушаны быў двойчы пабываць за кратамi Лукiскае турмы  ў  Вiльнi,  а  пасьля  за  беларускае  слова  мўсiў адпакутаваць аж два гады ў вядомым польскiм вастрозе Макатоў у Варшаве. Ягонае месца ў Жодзiшках заняў ксёндз-паляк, якi адразу пачаў выводзiць беларускую мову з сьвятынi. Народ усё-ж трымаўся свайго. Тады ксёндз-паляк бесцырымонна пачаў гаварыць казаньне  па-польску.  На  касьцёле  ж  адказалi  беларускай песьняй, што змусiла ксяндза ўцячы з казальнiцы й прыпынiць набажэнства. У вадказ на гэта, на непакорных паном вернiкаў пасыпалiся  грашовыя  кары  i  нават  арышты.  I  такiм  толькi  парадкам палякi  здолелi  скасаваць  у Жодзiшках у касьцёле беларускую мову. Ксяндзу ж, якi яе ўвёў, нават пасьля выхаду з вастрогу ня можна было прыязджаць у Жодзiшкi» [6].

Даследчык жыцця i дзейнасцi В. Гадлеўскага Вацлаў Пануцэвiч яго святарскую працу ў Жодзiшках назваў «перавыхаваўчай школай для парахвiянаў. Больш ста гадоў высiлкаў палянiзатараў лопнулi, як мыльны пузыр. Кс. Гадлеўскi ня толькi гаварыў па-беларуску, ён вучыў народ, пераконваў, будзiў нацыянальны патрыятызм i незалежнiцкую сьвядомасць» [7].

Польскiя ўлады нiяк не хацелi змiрыцца з актывiзацыяй беларускага жыцця ў дзейнасцi Жодзiшскага касцёла, бо гэта абуджала ў мясцовых парафiян нацыянальную самасьвядомасьць. В. Гадлеўскага арыштоўвалi ў 1925 i 1926 гг., але суд яго апраўдваў, лiчачы неабгрунтаванымi абвiнавачваннi, выстаўленыя супраць яго. Затое ў наступным годзе, калi справа разглядалася ў Варшаўскiм судзе, ухiлiцца ад кары не ўдалося: атрымаў два гады турэмнага зняволення за надумана прыпiсаную спробу вызвалiць беларускiя  землi  з-пад улады Польшчы. Адбываў пакаранне ў Макатоўскiм астрозе ў Варшаве. Нягледзячы на цяжкiя турэмныя ўмовы, змог напiсаць за гэты час «Гiсторью Новага Закона», прызначаную для беларускай школы (выдадзена ў 1930 г. ў Вiльнi), пераклаў «Новы Тэстамент» на беларускую мову.

 Пасля адбыцця тэрмiну пакарання падаўся ў Вiльню, дзе было вельмi актыўным беларускае нацыянальна-культурнае жыццё. Нейкi  час працаваў капеланам (памочнiк каталiцкага парафiяльнага святара), прэфектам у школе пры кляштары бернардзiнак, удзельнiчаў у працы Беларускай хрысцiянскай Мiкалая. Шмат карыснага для нацыянальнай справы зрабiў В.Гадлеўскi, дзякуючы свайму актыўнаму ўдзелу ў мерапрыемствах Беларускага iнстытута гаспадаркi i культуры (створаны ў чэрвенi 1936 г.). Працаваць жа ў гэтай культурна-асветнай арганiзацыi Заходняй Беларусi даводзiлася акурат у час найбольшага разгулу польскай рэакцыi. Калектыў гэтага  iнстытута праявiў сябе сапраўдным  змагаром за беларускую нацыянальную школу, садзейнiчаў папулярызацыi ў народзе яго культуры i мовы.


3.

Людзi з такой шчырай адданасцю беларускай  справе, як ксёндз В.Гадлеўскi,  як толькi маглi дапамагалi Бацькаўшчыне з найменшымi стратамi пераносiць   чарговую хвалю паланiзацыi. Яскравы прыклад  служэння  гэтага  слыннага  святара   свайму народу пераканаўча сведчыць, што i на беларускай зямлi, як i ва ўсiх iншых краiнах, каталiцкi касцёл можа цалкам адпавядаць нацыянальным  iнтарэсам  яе  карэннага  насельнiцтва.   Усё залежыць ад таго, хто якiм шляхам вядзе сваю паству да Бога.

У  вялiкую  заслугу  В. Гадлеўскаму  маем  права  паставiць арганiзацыю  выдання  з  мая  1936 г.  незалежнай  народна-радыкальнай беларускай газеты «Беларускi фронт». Як  адказны рэдактар ён  праявiў  вялiкi клопат, каб яе матэрыялы адпавядалi духу незалежнасцi, вучылi людзей шанаваць  свае  духоўныя  каштоўнасцi,  не  паддавацца паланiзацыi.

Сказанае было найбольш уласцiва публiкацыям самога В. Гадлеўскага, якi вельмi пiльна сачыў за тым, што адбывалася ў Еўропе пасля прыходу да ўлады ў Германii Адольфа Гiтлера i iмкнуўся пра ўсе найважнейшыя тагачасныя падзеi аб’ектыўна паведамiць сваiм чытачам. Увагу беларускага народа i найбольш iнтэлiгенцыi вельмi прыцягвалi да сябе чуткi, што плылi з Германii, у адпаведнасцi з якiмi ў выпадку вайны з СССР яна будзе iмкнуцца да яго падзелу на часткi, надаўшы кожнай з iх тую цi iншую форму дзяржаўнай арганiзацыi. Большасцю людзей не выключалася, што такое права дадуць i Беларусi, бо яна ж населена самабытным, адрозным ад суседнiх, народам. Разлiчваць на такi крок з боку Нямеччыны былi падставы, бо яшчэ не паспелi забыцца, як у час Першай сусветнай вайны, калi кайзераўскiя войскi занялi значную частку тэрыторыi Беларусi, яе прагрэсiўныя, нацыянальна-самасвядомыя колы проста вымушалi iнтэрвентаў даць згоду на стварэнне на захопленай тэрыторыi самастойнай беларускай дзяржавы. I яна нарадзiлася ў 1918 г.  на зямлi, дзе гаспадарылi нямецкiя ўлады.

Якую  б  вялiкую  зацiкаўленасць  чытач  нi  выказваў  да мiжнароднам праблематыкi, яго нiяк нельга было адарываць ад усяго таго, што адбывалася i на роднай зямлi. Таму усё ж галоўнае месца ў газеце займалi пытаннi ўнутранага жыцця Заходняй Беларусi, якое з кожным годам несла немалыя страты з-за палiтыкi паланiзацыi.

Гэтай бядзе беларускi народ змог бы супрацьстаяць толькi дзякуючы сваёй згуртаванасцi,  непахiснай веры i  адданасцi нацыянальнай  iдэi.  В. Гадлеўскага  зусiм  не  радуе,  што палiтычныя i грамадскiя дзеячы, перыядычны друк не заўсёды аддаюць належную ўвагу  прапагандзе, распаўсюджванню ў масах  гэтай iдэi, падпадаюуь пад рознага роду  iнтэрнацыяналiсцкiя плынi. Моцна занепакоены такiм становiшчам, рэдактар газеты «Беларускi фронт» прапануе свайму чытачу невялiчкi, але вельмi змястоўны артыкул «Патрэба нацыянальнай iдэi». Думаецца, што азнаёмiўшыся, з iм, многiя, напэўна ж, пачалi глыбей разумець патрэбу, жыццёвую сiлу такоё iдэi.  Пра ўсё гэта пiсалася вельмi пераканаўча: «...той народ, якi хоча жыць i развiвацца, мусiць абаперцi сваё жыццё i разьвiцьцё на сваiх нацыянальных вартасьцях, на сваёй мове, на сваёй традыцыi (звычаях i абрадах) i на сваёй гiсторыi» [8].

Нiбы ў абарону сваiх братоў з Савецкай Беларусi, якiя жорстка катавалiся спецслужбамi за адданасць нацыянальнай iдэi, В. Гадлеўскi iмкнецца з усёй глыбiнёй даказаць, што такiя людзi не ёсць ворагi нi ўласнага, нi iншых народаў. Атаясамлiваючы саму гэту iдэю з нацыяналiзмам, ён пiша, што апошнi «з’яўляецца сёньня вялiкай дынамiчнай сiлай, якая нясе сьвету глыбокiя палiтычныя перамены», «галоўным маторам» тых падзей, што адбываюцца ў Еўропе, Азii, Афрыцы [9].

У  залежнасцi  ад  канкрэтных  мэтаў,  нацыяналiзм,  паводле меркавання  гэтага  аўтара,  можа  быць  абаронны,  творчы  i iмперыялiстычны. Абаронным ён з’яўляецца тады, калi на першым плане стаiць абарона нацыi, у большасцi выпадкаў падняволенай, ад асiмiляцыi з боку мацнейшых народаў.

Творчы нацыяналiзм звязваўся з мэтай здабыць народам сваю дзяржаўнасць, забяспечыць яму належныя ўмовы для эканамiчнага жыцця, “разьвiцця лiтаратуры, навукi, мастацтва i ўсяго, што зьвязана з асьветай i цывiлiзацiяй”. Гэтыя два вiды нацыянвлiзму вельмi цесна звязаныя памiж сабой, бо “нацыя, баронячыся, павiнна адначасна тварыць, разьвiваць свае нацыянальныя вартасьцi, сваю мову, сваю лiтаратуру й мастацтва, iдучы разам з гэтым да здабыцьця для  сябе палiтычных правоў, роўных зь iншымi народамi,  стварэньня сваёй дзяржавы ... Без сваёй дзяржавы нацыя ня мае свабоды, якая патрэбная да разьвiцьця творчых сiлаў народу, яго лiтаратуры, навукi, мастацтва, гаспадарчага жыцыця i г. д. Усебакова разьвiваць свае нацыянальныя вартасьцi нацыя зможа толькi ў сваёй дзяржаве» [10].

Нiчога агульнага з абаронным i творчым нацыяналiзмам няма ў нацыяналiзме iмперыялiстычным. В. Гадлеўскi справядлiва лiчыў, што апошнi мог з’явiцца ў народа, якi «хоча падпарадкаваць сабе iншы народ». Гэта можа адбывацца пры дапамозе культурных уплываў цi гвалтам. «Культурнае аддзеяньне аднаго народу на iншыя адбываецца тады, калi культура гэнага народу, ягоная лiтаратура, навука й мастацтва настолькi вялiкiя, што не прыняць iх немагчыма, а панаваньне пры дапамозе сiлы адбываецца тады, калi сiльнейшы народ забiрае пад сваю ўладу слабейшы й стараецца яму накiнуць сваю мову, культуру, а разам з гэтым сваю нацыянальнасць» [11].

Даць такую разгорнутую, аб’ектыўную характарыстыку нацыяналiзму мог толькi чалавек, што дасканала ведаў мiнулае i сучаснае свайго народа, якi прайшоў складаны шлях развiцця, не раз знаходзiўся на мяжы этнiчнага вымiрання, панёс вялiкiя ахвяры дзеля захавання сябе як самабытнай этнiчнай супольнасцi. Добра разумеючы, якая пiльная патрэба iснуе ў далейшай працы на карысць беларускага народа, рэальная пагроза асiмiляцыi якога ў аднолькавай ступенi iснавала як у Савецкай, так i Заходняй Беларусi, В. Гадлеўскi заклiкаў усе яго здаровыя пласты да актыўнай стваральнай дзейнасцi, заставацца вернымi здароваму духу нацыяналiзму, пiшучы, «што нацыя без нацыяналiзму iснаваць  не можа;  што  кожная нацыя мае  свой арыгiнальны нацыяналiзм; што кожны, хто працуе для дабра нацыi або баронiць яе, ёсьць у такiм цi iншым сэнсе нацыяналiстам. Ды мы, як запраўдныя нацыяналiсты, павiнны кiравацца дабром сваёй нацыi» [12].

У адной з публiкацый у газеце «Беларускi Фронт» за 1939 г. В. Гадлеўскi закрануў пытанне, якое нас i сёння хвалюе, а iменна, што трэба разумець пад дэфiнiцыяй народ, нацыя. Не сумняваюся, што ён быў знаёмы, як гэтыя дэфiнiцыi падавалiся ў марксiсцкай лiтаратуры, як на iх глядзелi тагачасныя вучоныя. У фармулёўцы В. Гадлеўскiм паняцця нацыя вельмi справядлiва асаблiвы крэн робiцца на такiя кампаненты, як свядомасць i воля чалавека, бо «нацыя — гэта ня толькi сужыцьцё людзей на адной тэрыторыi, злучаных аднэй мовай i сваёй культурай, але i супрацоўнацтва на карысьць цэласьцi, да чаго патрэбная сведамасьць i воля ўтрымоўваць i баранiць собскую супольнасьць — народ». Надаючы такое велiзарнае значэнне гэтым кампанентам, В. Гадлеўскi прапанаваў беларусам iмкнуцца да таго, «каб сведамасьць i воля ахапiлi як найбольшыя кругi народу» [13].

Як вядома, з выстаўленнем Адольфам Гiтлерам сваiх незаконных тэрытарыяльных прэтэнзiй да шэрагу славянскiх краiн, з захопам Германiяй у адпаведнасцi з Мюнхенскiм пагадненнем (падпiсана 29 верасня 1938 г.) значнай часткi тэрыторыi Чэхаславакii, асаблiвую актуальнасць набыла славянская iдэя. Загаварыў пра яе i польскi перыядычны друк. Не маўчаў i В. Гадлеўскi. У яго поглядах на гэтую iдэю выказана шмат чаго вельмi адрознага ад таго, што сёння пiшацца ў нашай лiтаратуры, таму ёсць сэнс больш падрабязна спынiцца на дадзеным пытаннi. В. Гадлеўскi не ўтойваў ад чытача свайго негатыўнага датычэння да ўсталяванага под той жа час погляду на славянскую iдэю  i  тлумачыў гэта тым, што саму iдэю славянскай салiдарнасцi па-сапраўднаму не прызнаюць вялiкiя славянскiя народы i ў першую чаргу рускi, польскi i чэшскi,  якiя маюць свае дзяржавы. Яны выкарыстоўваюць «славянскую iдэю дзеля правядзеньня сваiх мэтаў ... у iмя славянскай салiдарнасьцi хочуць пашырыць свае ўплывы на другiя славянскiя народы».  В. Гадлеўскi звярнуў увагу, што вялiкiя дзяржаўныя славянскiя народы пачынаюць “гутаркi аб славянкай iдэi...     толькi ў часе  небясьпекi, а ў часе спакою яны зацiхаюць зусiм».

Што ж датычыць недзяржаўных славянскiх народаў, дык такой iдэi, на яго думку, прытрымлiваюцца толькi паасобныя людзi, што не разумеюць самой сутнасцi пытання, «або зьяўляюцца рамантыкамi, якiя вераць у стройныя клiчы»; што «славянафiльства ў недзяржаўных народаў сьведчыць аб недаразьвiцьцi ў iх нацыянальнай i дзяржаўнай сьпеласьцi й сьведамасьцi». Прычыну адсутнасыцi вялiкага славянафiльства ў беларускага народа тлумачыць тым, што ён «найболей пацярпеў ад славянскiх народаў». У моц розных абставiн «славянская салiдарнасьць беларусаў выяўлялася толькi ў форме служэньня iншым народам-славянам» [14].

За вялiкае лiха В. Гадлеўскi лiчыў, што ў самой славянскай супольнасцi мае месца «душэньне братнiх славянскiх народаў». «Расея душыць беларуса й ўкраiнца, чэх — славака, сэрб — баўгарына й харвата, душаць i iншыя, словам, аж зямля славянская стогне ад «братняй салiдарнасьцi». 3 усяго сказанага робiцца выснова: « ... славянскай салiдарнасьцi ў практычным жыцьцi няма ў няводнага славянскага народу... Гэта iдэя дабрая толькi для забаўкi, добрая для наiўных палiтыкаў, добрая, урэшце, для палiтычных камбiнатараў, якiя пад прыкрыўкай славянскай iдэi хочуць правесьцi свае палiтычныя камбiнацыi. Але для рэальных палiтыкаў яна ня мае нiякай вартасьцi» [15].

Знаёмячы чытача з самымi актуальнымi падзеямi трывожнага, надзвычай складанага пад той час мiжнароднага жыцця, поглядамi ў свеце на нацыянальную iдэю, з узаемадачыненнямi памiж народамi славянскай супольнасцi, В. Гадлеўскi лiчыў сваiм журналiсцкiм абавязкам пiсаць i пра тое, што адбывалася па суседстве, непасрэдна судакраналася з беларусамi, бо не ведаючы яго, вельмi цяжка выбраць правiльны напрамак нацыянальнай працы. Свой адрозны ад многiх погляд меў ён i на лiтоўцаў  (сучасных жыхароў Лiтвы).  Паводле яго меркавання, “лiтоўскiя дзеячы ў часы супольнай няволi  (маецца на ўвазе супольнае жыццё ў складзе Рэчы Паспалiтiй i Расiйскай iмперыi. - Л. Л.) адносiлiся вельмi спагадлiва да беларускага адраджэньня, аднак аб’ектыўны падыход да справы прымушае сьцьвердзiць, што сярод беларусаў было больш лiтвафiльства, чым пасярод лiтоўцаў беларусафiльства. Лiтоўскiя дзеячы, з аднаго боку, ня лiчылiся  зь беларускiм рухам, не бачылi ў iм дынамiчнай сiлы, а з другога — баялiся яго, як новага палiтычнага фактару на Ўсходзе». Прычыну гэтай боязi В. Гадлеўскi тлумачыў тым, што яны лiчаць:  як толькi беларускi рух набярэ моц, ён «можа заявiць аб сваiх прэтэнсiях да Вiльнi й Вiленшчыны, на якую лiтоўскiя дзеячы глядзелi (так, як i цяпер глядзяць) як на зьбеларушчаную частку Лiтвы» [16].

Асаблiва катэгарычнымi падаюцца сцвярджэннi В. Гадлеўскага, калi ён пiша, што «Лiтва (у яе тагачасных дзяржаўных межах. — Л. Л.) нiколi не iмкнулася да стварэньня незалежнай Беларусi, як сваёй саюзнiцы, каб адгарадзiцца ад Расii. Яна стаяла й стаiць на вузейшай платформе, а iменна, на грунце адбудовы Лiтвы па Нарач i Нёман, а там — а там няхай сабе будзе Расея... Паводле некаторых лiтоўскiх палiтыкаў, Расея была-б нават карысьнейшай для Лiтвы, бо магла б уступiць ёй Вiльню i Вiленшчыну, як для яе чужую, чаго Беларусь зрабiць не магла б» [17].

Заўважу, што пiсалася гэта трохi больш за год да таго, як i сапраўды Лiтва атрымала такi падарунак ад СССР. У гэтым сэнсе В. Гадлеўскага можна аднесцi да лiку палiтычных прадказальнiкаў. Не памыляўся ён i тады, калi пасля глыбокага аналiзу стану дачыненняў з Лiтвой i цвярозага ўлiку ўсяго таго, што робiць у Еўропе гiтлераўская Германiя, пiсаў, што якiя б у блiжэйшай цi далейшай будучынi не адбывалiся “ваенныя цi рэвалюцыйныя падзеi, беларускую справу павiнны паставiць на парадак дня самi беларусы. Гэта будзе найлепшы выхад. Тады яе паставяць i iншыя“ [18].

Закранаў В.Гадлеўскi ў сваiх публiкацыях i многiя iншыя надзвычай актуальныя для таго часу праблемы. Як i ўсякi сапраўдны беларускi патрыёт ён не мог спакойна ставiцца да фактаў,  калi  хто-небудзь  з  нашых  здольных  творцаў  дзеля ўласнай выгоды аддаваў свой прыродны талент служэнню польскай культуры i мастацтву, якiя толькi i мелi дзяржаўную падтрымку ў Другой Рэчы Паспалiтай. Каб хоць неяк пауплываць на правiльны выбар творчага шляху маладымi людзьмi, ён пiсаў: «Чалавечая адзiнка толькi празь цесную сувязь з жыцьцём сваёго народу, зь ягонай мовай, зь яго культурай i традыцыяй можа разьвiваць свае творчыя магчымасьцi. Жывучы й працуючы ў сваiх собскiх варунках, чалавечая адзiнка найлепш й найкарысьней спаўняе свае заданьнi. У iншых, чужых варунках чалавек ня можа гэтак выявiць сваiх здольнасьцяў. Гэта адносiцца, перш за ўсё, да паэтаў, якiя найлепш i найбольш твораць у роднай мове i ў роднай стыхii, якая выплывае зь iх натуры» [19].


4.

Выданне газеты «Беларускi Фронт», публiцыстычныя артыкулы Гадлеўскага з якой вышэй аналiзавалiся, спынiлася 15 жнiўня 193 9 г. на 50-м нумары. Праз паўмесяца нямецкiя  войскi ўварвалiся на тэрыторыю Польшчы, i распачалася Другая сусветная вайна. У баку ад тагачасных вераснёўскiх падзеяў не застаўся i СССР. У адрозненне ад шэрагу сваiх сяброў па барацьбе за нацыянальную iдэю, В. Гадлеўскi не выйшаў у вераснi 193 9 г. з радаснай усмешкай на твары i кветкамi, каб сустрэць воiнаў Чырвонай Армii ў час iх трыумфальнага шэсця па вёсках i гарадах Заходняй Беларусi, а ўхiлiўся ад супрацоўнiцтва з iмi, дзякуючы чаму i захаваў сабе жыццё. За колькi дзён да прыходу савецкiх салдатаў у Вiльню памяняў свой любiмы горад на сталiцу Лiтвы Коўну (зараз Каўнас). Але як толькi са згоды Сталiна гэтай дзяржаве незаконна перадалi спрадвечны беларускi горад Вiльню, В. Гадлеўскi зноў вяртаецца сюды. Тут у канцы 1939 г. ён разам з адвакатам Мiкалаем Шкялёнкам, доктарам Станiславам Грынкевiчам (псiхiятр), iнжынерам Чаславам Ханяўкам i доктарам Янкам Станкевiчам утварылi Беларускую незалежнiцкую партыю (БНП). Праграму ж для яе В. Гадлеўскi склаў у 1940 г., ужо будучы ў Варшаве.

Пераехаць сюды вымусiла акупацыя Лiтвы савецкiмi войскамi. Ужо ў канцы гэтага года распачаў далёкую ад святарскiх абавязкаў дзейнасць па згуртаваннi  пад  сцягам  БНР  беларускiх  сiл,   iх  баявой падрыхтоўцы. Фармавалiся яны з палонных беларусаў, што да гэтага служылi ў польскай армii. Яны сталi ядром створанага Першага штурмавога звязу (каля 50 чалавек). 19 чэрвеня 1941 г. група В. Гадлеўскага брала актыўны ўдзел у Берлiне ў стварэннi Беларускага нацыянальнага цэнтра (увайшло 7 чалавек), якi павiнен быў разгарнуць сваю дзейнасць адразу ж пасля ўварвання нямецкiх войскаў на тэрыторыю Беларусi.

У першы дзень вайны Германii з СССР яе ўлады даверылi В.Гадлеўскаму звярнуцца па Берлiнскiм радыё да беларускага народа з заклiкам «паўстаць супраць бальшавiцкiх прыгнятальнiкаў ды дапамагаць нямецкай армii» [20]. Даследчыкi лiчаць, што сам тэкст выступлення не належаў таму, хто яго агучыў.

Прыкладна ў другой дэкадзе лiпеня 1941 г. В.Гадлеўскi ўжо прiбыў у Беларусь, i  не адзiн, а разам з баронам Аўгенам Энгельгартам (нямецкi землеўладальнiк з Беларусi, аўтар напiсанай у 1941 г. спецыяльна для нямецкiх палiтыкаў кнiгi «Вайсрутэнiен»), якому было даручана навуковае  даследаванне  занятых птлераўцамi  беларускiх земляў.

У акупаванай немцамi Беларусi В. Гадлеўскаму давялося пражыць менш як паўтара года. Але гэты кароткi прамежак часу быў насычаны вельмi многiмi падзеямi, сэнс значнай часткi якiх яшчэ да канца не высветлены. Зразумела толькi адно, што яго нi ў якiм разе нельга лiчыць за ворага беларускага народа. Шчыра служачы Бацькаўшчыне яшчэ ад часу вучобы ў Пецярбургскай каталiцкай духоўнай акадэмii (1912-1916), калi толькi iшло фармаванне нацыянальнай самасвядомасцi будучага святара, нiяк нельга было яму стаць ворагам беларускай iдэi ўжо ў сталым узросце i ў такi складаны,  адказны перыяд айчынай гiсторыi, калi нашая зямля апынулася пад акупацыяй фашысцкай Германii. Пра яе асiмiлятарскiя намеры, палiтыку генацыду ў дачыненнi да захопленых народаў ён добра ведаў i не ў апошнюю чаргу ад згаданага вышэй Энгельгарта.

Каб хоць як-небудзь супрацьстаць такiм намерам, робяцца неадкладныя захады па пашырэннi канспiратыўнай сеткi сяброў Беларускай незалежнiцкай партыi, якiя вельмi рана паспелi заняць высокiя адмiнiстрацыйныя i палiцэйскiя пасады, па наладжваннi кантактаў з сваiмi аднадумцамi з краiн – саюзнiкаў СССР у вайне з Германiяй, у чым нямала дапамаглi нашыя эмiгранты ў ЗША, якiя 7 верасня 1941 г. утварылi Беларуска-амерыканскую нацыянальную раду. Пад час прыезду ў вераснi 1941 г. В.Гадлеўскага ў Менск тут ужо з лiку сяброў БНП працавалi бургамiстр горада доктар Вiтаўт Тумаш, галава Менскай акругi Радаслаў Астроўскi, а таксама доктар Янка Станкевiч, Аркадзь Арэхва i iнш.

Адстойванню   агульнанацыянальных   iнтарэсаў   беларусаў  паспрыяла i то, што В.Гадлнўскаму ўдалося заняць вельмi важную i адказную ва ўмовах акупацыi пасаду галоўнага школьнага iнспектара школьнага аддзела пры Генеральным камiсарыяце Беларусь. Узначальваў жа школьны аддзел немец польскага паходжання Сiвiца.

 На пасадзе галоўнага школьнага iнспектара гэты шчыры прыхiльнiк беларускай iдэi вельмi хутка падвёў нацыянальны падмурак пад народную адукацью. Ён не даў тут волi нi рускаму, нi польскаму элементам,  якiя ўвесь час прычынiлi такую вялiкую шкоду маладым пакаленням беларускага народа. Але не трэба забывацца, што, як пiша В.Пануцэвiч, «клопаты пры арганiзацыi школьнiцтва давалi яму (В. Гадлеўскаму. — Л. Л.) значную свабоду руху па ўсёй беларускай акрузе, мець зносiны зь людзьмi ды зь сябрамi незалежнiцкага руху. Такiм чынам Гадлеўскi часта наведваў Вiльню ў пошуках школьных дапаможнiкаў ды дзеля кантакту з сваiмi людзьмi-кансьпiратарамi. Вiльня сталася цяпер галоўным цэнтрам кансьпiрацыi... . Тут быў уведзены ў кансьпiрацыю i палк. Кастусь Езавiтаў, якi жыў у Рызе,  але трымаў цесную сувязь з Вiльнай» [21].

Знаходзячыся на пасадзе галоўнага школьнага инспектара, В. Гадлеўскi не мог не завiтаць у гэтак дарагiя яму Жодзiшкi. Адбылося гэта 12 лiпеня 1942 г. Разам з iм сюды прыехалi кiраўнiк школьнага аддзела Генеральнага камiсарыята Беларусь Сiвiца i iнспектар ЦТО Янеке. У перапоўненым прыхаджанамi мясцовым касцёле В. Гадлеўскi адправiў набажэнства на беларускай мове, якую тут ужо не чулi 15 гадоў. А 17-й гадзiне таго ж дня ў Жодзiшках адбылося адкрыццё дома  беларускай  культуры, з нагоды чаго В. Гадлеўскi прамаўляў:

«Беларускi народ меў багата ворагаў, яны сядзелi ў воласцi, у палiцыi, у школе, у ўрадах i касьцёлах. Яны гвалтам выгналi беларускую мову з касьцёла ў Жодзiшках i гвалтам адарвалi ксяндза-беларуса ад гэтай парахвii, у якой пакiнуў ён частку свайго сэрца й душы. Але, не зважаючы на прасьлед i перашкоды, беларускi народ трымаўся свайго. Беларуская стыхiя трывала, i яна ператрывала тых, што зьдзекавалiся зь яе. Праўда, адвечныя ворагi Беларусi, палякi (тут В. Гадлеўскi такi катэгарычны i рэзкi, не iнакш як з прычыны, што сам зведаў ад польскай улады вельмi шмат пакутаў i несправядлiвасцяў. — Л. Я.), усьцяж i цяпер выяўляюць сваю дзейнасьць. Яны стараюцца прасьледаваць беларусаў нават пры нямецкай уладзе, але й гэтаму прыходзяць канцы. Беларускi народ узяўся за будаўнiцтва сваёй Бацькаўшчыны. I мы тут, сабраныя, прысягаемся, што збудуем Беларусь вольнай, шчасьлiвай i багатай . . . » [22].

Цяжка сказаць, адкуль такая ўпэўненасць у В. Гадлеўскага адносна вольнай i шчаслiвай Беларусi, калi над яе народам па-дыктатарску гаспадарылi заваёўнiкi. Мо проста не жадаў наводзiць смутак на дарагiх яму прыхаджан? Цi як i многiя iншыя, меў надзею, што Беларусi прынясе шчасце “новы парадак” у Еўропе?

Накшталт В. Гадлеўскага такое ж актыўнае змаганне за масы вялi i многiя iншыя сябры БНП, групы якой iснавалi практычна ва ўсiх акруговых i павятовых цэнтрах. Яны ўсяляк iмкнулiся пашырыць свой уплыў у злучэннях Беларускай народнай самапомачы (БНС) ,  беларускiм  чыгуначным  батальёне  (камандзiр  Сажыч), Беларускiм наваградскiм эскадроне  (камандзiр Барыс Рагуля), агульнаадукацыйных сярэднiх i прафесiйных школах, палiцэйскiх злучэннях пры павятовых цэнтрах i нават у спецыяльных аддзелах пры  СД  i  нямецкай  палiцыi,  калi  там  служылi  беларусы. В. Гадлеўскi заняў прынцыпова станоўчую пазiцыю па пытаннi аб стварэннi  Беларускага  корпуса  самааховы,   бо  нельга  ж, выступаючы за дзяржаўную незалежнасць, не паклапацiцца i пра яго ўзброеную абарону. Пад зваротам да народа аб арганiзацыi такога корпуса  (надрукаваны 4 лiпеня 1942 г. у “Беларускай газэце») яго подпiс стаiць побач з подпiсамi такiх вядомых на акупцаванам тэрыторыi Беларусi дзеячаў, як Iван Ермачэнка, Вацлаў Iваноўскi, Уладзiслаў Казлоўскi,  Юльян Саковiч, архiепiскап Фiлафей [23]. Якой-небудзь канкрэтнай дзейнасцi корпус не змог разгарнуць, i ўвесну 1943 г. акупацыйныя ўлады распарадзiлiся лiквiдаваць яго, не жадаючы мець на Беларусi штосьцi падобнае на яе нацыянальную армiю.

Сябрам БНП даводзiлася ўсю сваю дзейнасць  праводзiць  у глыбокай тайне, бо на тзрыторыi Беларусi знаходзiлася нямала розных падраздзяленняў нямецкiх сцецслужбаў, з якiмi супрацоўнiчалi i яе грамадзяне. Асаблiвую небяспеку для беларускiх незалежнiкаў уяўляла група Фабiяна Акiнчыца, якая займалася выкрыццём тых, хто не прымаў палiтыкi нямецкiх акупантаў. У лiку першых трапiлi ў чэрвенi-лiпенi 1942 г. “чорны спiс” Акiнчыца  вельмi блiзкiя да В.Гадлеўскага людзi:  ксяндзы Станiслаў Глякоўскi, Малец, Аляксандр Коўш, экзарх Беларускай царквы ўсходняга абраду Антон Неманцэвiч.

Нанёсшы даволi адчувальны ўдар па планах незалежнiкаў, акупанты усё ж вырашылi дзе-нiдзе пайсцi на ўступкi беларускiм нацыянальным сiлам, зразумела, не губляючы над iмi свамго кантролю i дыктату. Так, Беларуская народная самапомач атрымала права ствараць нешта падобнае на сваё нацыянальнае войска ў асобе беларускай самааховы, хоць вядома, што на пачатку вайны з СССР было прама заяўлена аб забароне фармаваць на тэрыторыi захопленых краiн з лiку iх насельнiцтва вайсковыя часткi з прычыны таго, што яны могуць павярнуць сваю зброю супраць самiх немцаў.      

Перамены ў лепшы бок намецiлiся ў дачыненнi да акупацыйнай палiтыкi ў галiне культуры i адукацыi, у чым найбольшая заслуга В. Гадлеўскага. 25 чэрвеня 1942 г. у нямецкай газеце «Мiнскер Цайтунг» генеральны камiсар Беларусi Вiльгельм Кубэ «апублiкаваў сваю адозву да беларускага народу, у якой прызнаваў Беларусь жыцьцёвым прасторам беларускага народу, дзе мае свабодна разьвiвацца беларуская мова й культура. Адначасова быў дадзены зь Менску загад да ўсiх гебiткамiсараў Беларусi падтрымаць беларусiзацыю адмiнiстрацыi, школьнiцтва, царквы  ды  масавую  акцью  ў  адкрываньнi  Беларускiх  Дамоў  Культуры па гарадах, мястэчках, сёлах» [24].

Па невядомых прычынах В. Гадлеўскi ў канцы лiпеня 1942 г. адмаўляецца далей быць на пасадзе галоўнага iнспектара пры школьным аддзеле Генеральнага камiсарыята Беларусь i пачынае шукаць шляхi для выезду ў Берлiн, дзе ў яго было нямала шчырых i надзейных сяброў. Але паколькi немцы не далi дазволу на выезд, вiдаць, падазравалi ў цеснай далучанасцi да беларускага незалежнiцкага руху, давялося заняцца душпастырствам у Менскай Катэдры. У сiтуацыi, што склалася, куды лепш было б для  В.Гадлеўскага  з’ехаць з Менска, дзе яго вельмi добра ведалi мясцовыя ваенныя i цывiльныя ўлады, спецслужбы.

Выбрацца з горада ён не мог не толькi таму, што гэтага не жадалi акупанты. У такой сiтуацыi iх можна было б як-небудзь абысцi, як рабiлi многiя, i падацца да савецкiх партызан цi да розных польскiх падпольных фармаванняў. Падобнага не мог сабе дазволiць гэты самаахвярны нацыянальны беларускi дзеяч, бо знаходзiўся ў канфрантацыi як з аднымi, так i з другiмi, лiчыў усiх  iх  за  ворагаў  беларускага  вызваленчага  руху.  Таму ў апошнiя месяцы 1942 г. В. Гадлеўскаму,  давадзiлася  жыць безвыезна ў Менску,  знаходзiцца пад пастаянным страхам стаць чарговай ахвярай у няроўнай барацьбе з акупантамi.

Той, хто тым часам сустракаўся з ксяндзом, адзначаюць яго самотнасць, няўпэўненасць. Аднак ён не раз пераадольваў такi прыгнечаны стан i праяўляў вартую высокай пахвалы актыўнасць у незалежнiцкай справе. Апафеозам змагання за яе можна лiчыць апошнi публiчны выступ В.Гадлеўскага 15 снежня 1942 г. у Менску ў памяшканнi Генеральнага школьнага iнспектарата з нагоды чарговай гадавiны адкрыцця Першага ўсебеларускага кангрэса 1917 г. А. Пякарскi, што прысутнiчаў на той акцыi ў акупаваным немцамi Менску, праз дзесяць гадоў пiсаў:

«Вокны памяшканьня былi завешаныя цёмнымi шторамi. Рэферат чытаў Кс. Гадлеўскi — асабiсты ўдзельнiк кангрэсу... Раптам гасьне сьвятло — нехта злосна выключыў электрычныя коркi. Тады кс. Гадлеўскi запальвае дзьве сьвечкi й гаворыць: «Як першыя хрысьцiяне  зьбiралiся  пры  агнi  сьвечак  i  паходняў у катакомбах, так i нам сёньня давялося запалiць сьвечкi. Верма, аднак, так, як i яны, верылi, што справа нашай незалежнасьцi, за якую змагаўся Першы Усебеларускi Кангрэс, сьвятая i перамога будзе за намi!..» [25].

Неўзабаве пасля гэтага В. Гадлеўскi яшчэ раз папрасiў у немцаў дазволу на выезд у Берлiн, але атрымаў адмову.

24 снежня 1942 г. стаў апошнiм днём жыцця гэтага аднаго з самых шчырых змагароў за беларускую дзяржаўную незалежнасць. Немцы арыштавалi В. Гадлеўскага, «спадзяючыся ад яго, як ад лiдэра незалежнiцкай беларускай групы, даведацца аб удзельнiках i дэталях арганiзацыi. Ужо сам факт, — справядлiва заўважае В.Пануцэвiч, — што нiхто ў хуткiм часе ня быў арыштаваны зь сяброў БНПартыi цi наагул з незалежнiцкай групы, довад, што кс. Гадлеўскi нiкога й нiчога не выдаў, пераносячы ўсе ведамыя нямецкiя катаваньнi» [26]. Такiя мужныя i сумленныя паводзiны яго не дазволiлi падарваць, аслабiць беларускi незалежнiцкi рух. Наадварот, ён мацнеў, набiраў сiлу i адыграў выключна важную ролю ў фармаваннi ў беларусаў нацыянальна-дзяржаўнай свядомасцi нават у нечалавечых умовах нямецкай акупацыi.

Загадкавая смерць В. Гадлеўскага ад рук фашысцкiх катаў — гэта  вялiкая  страта  ў  шматвяковай  гiсторыi  самаахвярнай барацьбы беларускага народа за сваю дзяржаўную незалежнасць. За дасягненне гэтай высокароднай мэты склалi галовы тысячы яго выдатных сыноў i дачок, сярод якiх ганаровае месца належыць Гадлеўскаму. У дзень забойства яму споўнiлася ўсяго толькi 44 гады. Колькi карысцi яшчэ мог бы прынесцi свайму народу гэты Чалавек?! Але i тое, што Вiнцэсь Гадлеўскi паспеў здзейснiць, заслугоўвае самай вялiкай пашаны ад нашчадкаў. Упэўнены, калi Беларусь стане  ў  поўным  сэнсе  слова  суверэннай  дзяржавай,  яму будзе ўзведзены нi адзiн помнiк,  яго iмя будуць насiць вулiцы, навучальныя ўстановы нашай краiны,  бо такiя людзi не падлягаюць забыццю, заслугоўваюць вечна жыць у памяцi народа.


          Литература:

1.        Гадлеўскi В.  Беларускае лiтвафiльства. Спадчына. 1993,  №2, с. 47.
2.        Гадлеўскi В.  Тварэньне беларускага цэнтру. Спадчына. 1993, №2, с. 47.
3.        “Крынiца”. 1921, № 10.
4.         Цытавана па час. “Спадчына”. 1993, №3, с. 55-56.
5.        Тамсама, с. 57.
6.        Беларуская газэта. 1942, 29 лiпеня.
7.        Пануцэвiч Вацлаў. Кс. Вiнцэсь Гадлеўскi. Дзяржаўны Муж i Правадыр Народу. Спадчына. 1993, №3, с. 59.
8.         Беларускi фронт. 1939, 15 жнiўня.
9.        Тамсама, 1939, 1 лютага
10.      Тамсама.
11.      Тамсама.
12.      Тамсама.
13.      Тамсама, 1 сакавiка.
14.      Тамсама, 1 чэрвеня.
15.      Тамсама.
16.      Тамсама, 1939, №7.
17.      Тамсама.
18.      Тамсама.
19.      Тамсама, 1939, 15 жнiўня.
20.      Пануцэвiч В. Зазн. артыкул. Спадчына. 1993, №6, с. 69.
21.      Тамсама, с. 72.
22.      Цытавана па часопiсе “Спадчына”, 1993, №3, с. 63.
23.      Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Т. 1. 1993, с. 435.
24.      Пануцэвiч В. Зазн. артыкул. Спадчына. 1993, №6, с. 76.
25.      Бацькаўшчына. 1952, 25 сьнежня.
26.      Пануцэвiч В.  Зазн. артыкул. Спадчына. 1993. № 6. С. 80.

 
 
Яндекс.Метрика