Амнiсцiраванне i рэабiлiтацыя рэпрэсiраваных у Беларускай ССР

 

          Сяргей ХОМIЧ (Мiнск)

 

Першыя гады пасля смерцi I.Сталiна (сакавiк 1953 - люты 1956 г.) - час цiкавы i важны ў многiх адносiнах. Тое, што са смерцю гэтага кiраўнiка кампартыi i СССР канчалася адна эпоха ў гiсторыi савецкай дзяржавы i пачыналася новая, разумелi нават сучаснiкi. А вось аналiз трываласцi рэжыму, iснаваўшых на той час альтэрнатыў далейшага грамадска­палiтычнага развiцця i верагоднасцi ажыццяўлення кожнай з iх - задача, складаная нават для сучасных навукоўцаў. Перш за ўсё таму, што даводзiцца аперыраваць такiмi цяжка вымяральнымi паняццямi як атмасфера ў грамадстве, настрой насельнiцтва, погляды абноўленага партыйна­дзяржаўнага кiраўнiцтва СССР на будучае краiны.

Адным з дзейсных спосабаў аналiзу наступстваў сталiнскага рэжыму, а таксама важнай падставай для таго, каб рабiць вывады аб ступенi верагоднасцi розных шляхоў развiцця краiны пасля 1953 г., могуць служыць адносiны грамадства i пэўных яго груп да людзей, якiя сталi ахвярамi сталiнскай рэпрэсiўнай машыны.

Успрыманне грамадствам рэпрэсiўнай палiтыкi дзяржавы - тэма занадта шырокая для аднаго артыкула. Асаблiва ўлiчваючы яе слабую распрацаванасць у айчыннай гiстарыяграфii. На сённяшнi дзень па гэтым пытаннi мы маем толькi адзiнкавыя працы. Не шмат могуць дапамагчы i архiвы. Дакументы, на якiя нiжэй спасылаецца аўтар, сабраны лiтаральна па адзiнках з самых розных фондаў,  вопiсаў i спраў Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь, дапоўнены матэрыяламi iнтэрвью. На жаль, архiўныя матэрыялы па праблеме рэабiлiтацыi, якiя знаходзяцца ў свабодным карыстаннi, адрознiваюцца фрагментарнасцю, далёка няпоўна адлюстроўваюць працэсы таго часу i не даюць магчымасць весцi размову аб адносiнах грамадства ў цэлым да рэабiлiтацыйнага працэсу. Таму дадзены артыкул - гэта хутчэй пастаноўка праблемы, якая, безумоўна, патрабуе далейшага даследавання.

Асноўная ўвага засяроджана непасрэдна на пазiцыi правячай савецкай палiтычнай элiты адносна рэпрэсiй i распачатай пасля смерцi Сталiна рэабiлiтацыi рэпрэсiраваных. Зрабiць гэта мэтазгодна па некалькiх прычынах. Па-першае, змены ў грамадскай свядомасцi адносна рэпрэсiй i рэпрэсiраваных у многiм залежалi ад пазiцыi, якую займалi прадстаўнiкi партыйнай i савецкай улады. Значная частка насельнiцтва краiны давярала афiцыйнай прапагандзе i толькi змены ў поглядах на праблему рэпрэсiй на "самым версе" маглi змянiць агульныя адносiны да рэпрэсiраваных у грамадстве. I то не адразу. Створаныя за некалькi дзесяткаў гадоў стэрэатыпы пераадольвалiся вельмi марудна. Для прыкладу прывядзем, хоць i даволi ўмоўныя, але, на наш погляд, цiкавыя i рэпрэзентатыўныя дадзеныя сацыялагiчнага апытання. Нават пасля таго як у канцы 1953 г. у цэнтральных газетах было заяўлена аб сфабрыкаванасцi справы крамлёўскiх урачоў, больш за 20% апытаных працягвалi  лiчыць iх вiнаватымi.
Толькi менш паловы рэспандэнтаў паверылi афiцыйнай iнфармацыi. I тая акалiчнасць, што апытанне праводзiлася ў канцы 1990-х гг., на наш погляд, нiколькi не змяншае каштоўнасцi яго вынiкаў - за прайшоўшыя гады, пад уплывам новай iнфармацыi ўдзельнiкi апытання маглi хутчэй пераканацца ў беспадстаўнасцi судовай справы супраць урачоў i забыцца на свае ўласныя ўражаннi. Мiж тым, з тых 20%, што i праз 55 год працягвалi лiчыць урачоў у нечым вiнаватымi, многiя захавалi свае суменнi на ўсё жыццё [1].

Пазiцыя кiраўнiцтва СССР i Беларускай ССР адносна рэпрэсiй патрабуе дакладнага вызначэння яшчэ i па той прычыне, што ў першыя гады пасля смерцi Сталiна (ды i на многiя гады пазней) рэабiлiтацыйны працэс стаў важнай складовай часткай грамадска-палiтычнага жыцця ў краiне. Праблема рэпрэсiй i наступная рэабiлiтацыя часта станавiлiся важным фактарам у палiтычнай барацьбе памiж рознымi групоўкамi ўнутры партыйнай элiты краiны, вызначалi характар адносiн памiж рэспублiканскiмi i цэнтральнымi органамi ўлады. Можна пагадзiцца з тымi расiйскiмi гiсторыкамi, што параўноiваюць палiтычную рэабiлiтацыю з лакмусавай паперай, што "выяўляла палiтычныя настроi правячай элiты, сапраўдную скiраванасць i магчымасцi ўлад па рэфармаванню грамадскага жыцця, захаванню канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян" [2]. У гэтым сэнсе даследванне працэсу амнiстыi i рэабiлiтацыi ў першыя гады пасля смерцi Сталiна набывае выключную важнасць.

У беларускай гiстарыяграфii пачатак адыходу ад масавых рэпрэсiй звязваецца з лiпеньскiм 1953 г. Пленумам ЦК КПСС, на якiм былi выкрыты антыпартыйныя i антыдзяржа·ныя дзеяннi Л.Берыi [3]. Аднак, як гэта нi парадаксальна, менавiта Л.Берыя стаў iнiцыятарам першых рэабiлiтацыйных актаў вясной 1953 г. Заняўшы пост мiнiстра ўнутраных спраў, Л.Берыя пачаў з перагляду палiтычных працэсаў, якiя праводзiлiся ў пасляваенны час. Многiя яго прапановы i запiскi ў адрас Прэзiдыума ЦК КПСС датычылiся родных i блiзкiх вышэйшых партыйных кiраўнiкоў. Напрыклад, адной з першых рэабiлiтацыйных пастаноў Прэзiдыума ЦК стала рашэнне аб аднаўленнi ў партыi П.Жамчужынай - жонкi У.Молатава [4].

Разам з тым, першыя праяўленнi лiбералiзацыi ў грамадска-палiтычным жыццi адчулi на сабе i iншыя жыхары савецкай краiны. I адбылося гэта ўжо праз некалькi тыдняў пасля смерцi Сталiна. 27 сакавiка 1953 г. Прэзiдыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ "Аб амнiстыi", якi прадугледжваў палягчэнне лёсу для шырокага кола насельнiкаў ГУЛАГа, у тым лiку i для людзей, асуджаных за так званыя контррэвалюцыйныя злачынствы. Праўда, прапанову Л.Берыi распаўсюдзiць дзеянне амнiстыi i на асуджаных пазасудовымi Асобымi нарадамi i тройкамi,  на так званых палiтычных злачынцаў Прэзiдыум ЦК КПСС не падтрымаў.  Вызвалялiся толькi тыя, чый тэрмiн зняволення не перавышаў 5 гадоў.  Для асуджаных па контррэвалюцыйных абвiнавачваннях тэрмiн зняволення, як вядома, звычайна быў большым. Тым не менш, дзякуючы амнiстыi, на волю выйшла каля паловы двухмiльённага насельнiцтва ГУЛАГа - 972.829 чалавек. З тых, хто заставаўся у месцах зняволення, "палiтычныя" складалi амаль паўмiльёна [5].

На працягу вясны 1953 г. Л.Берыя яшчэ не раз звяртаўся ў вышэйшыя партыйныя органы з прапановамi адмянiць бестэрмiновую высылку для асаблiва небяспечных дзяржаўных злачынцаў, абмежаваць правы Асобай нарады пры МУС СССР, перагледзець выданыя за пасляваенныя гады Указы i Пастановы ЦК ВКП(б), Прэзiдыума Вярхоўнага Савета i Савета Мiнiстраў СССР, якiя супярэчылi крымiнальнаму савецкаму заканадаўству. 4 красавiка 1953г. Л.Берыя падпiсаў загад, у якiм забаранялася выкарыстанне ў адносiнах да арыштаваных "iзуверскiх"метадаў допыту" [6].

Расiйскiя даследчыкi, якiя займаюцца праблемай рэабiлiтацыi, лiчаць, што такiм чынам Л.Берыя iмкну·ся ўзмацнiць уласнае становiшча ва ўладных структурах, падняць аўтарытэт, "выключыўшы сябе з лiку асоб, адказных за злачынствы сталiнскага рэжыму" [7].

Адначасова мiнiстр унутраных спраў iмкнуўся ўзмацнiць свой уплыў на iншыя бакi грамадска-палiтычнага жыцця. Л.Берыя ўмешваўся i спрабаваў у той цi iншай ступенi кантраляваць эканамiчную, гаспадарчую, ваенную i нават нацыянальную палiтыку КПСС. Ён быў адным з iнiцыятараў пастаноўкi пытання аб больш шырокiм прадстаўнiцтве мясцовых дзеячоў у кiраўнiцтве нацыянальных рэспублiк. Л.Берыя ўласна адазваў рускага па паходжанню мiнiстра ўнутраных спраў БССР i прызначыў кiраўнiком МУС БССР i яго намеснiкамi беларусаў. Адначасова ён настойлiва дамагаўся замены першага сакратара КПБ М.Патолiчава беларусам М.Зiмянiным [8].

Акты·ныя дзеяннi Л.Берыi выклiкалi незадаволенасць i насцярожанасць з боку iншых членаў вышэйшага партыйнага i савецкага кiраўнiцтва СССР. 26 чэрвеня 1953 г. мiнiстр унутраных спраў СССР быў арыштаваны непасрэдна на пасяджэннi Прэзiдыума ЦК КПСС. Матывы арышту i пакарання кiраўнiк ураду СССР Г.Малянкоў выклаў у дакладзе "Аб злачынных антыпартыйных i антыдзяржаўных дзеяннях Л.П.Берыi" на Пленуме ЦК КПСС (2-7 лiпеня 1953 г.) Усю адказнасць за рэпрэсii савецкая палiтычныя элiта паспрабавала ўскласцi на аднаго чалавека - Л.Берыю.

Пасля зняцця Л.Берыi iнтарэс кiраўнiцтва СССР да праблемы рэпрэсiй i рэабiлiтацыi на некаторы час зменшыўся. За наступныя некалькi месяцаў не было прынята практычна нiводнага прынцыповага дакумента, якi б датычыўся рэпрэсiй. Сваеасаблiвым выяўленнем удзячнасцi ваенным, якiя прынялi актыўны ўдзел у арышце Берыi, стала толькi рэабiлiтацыя 54 асуджаных генералаў i адмiралаў Савецкай Армii. Ды адначасова iмклiвымi тэмпамi адбываўся перагляд так званай "ленiнградскай справы". Аднаўленне справядлiвасцi ў адносiнах да ленiнградцаў кампраметавала Г. Малянкова, якi меў непасрэднае дачыненне да рэпрэсiй супраць ленiнградскiх партыйцаў. М.Хрушчоў разлiчваў выкарыстаць гэты факт у барацьбе за ўладу, i ў будучым такi разлiк сябе цалкам апраўдаў [9].

Абвiнавачванне супернiкаў у дачыненнi да рэпрэсiй з цягам часу станавiлася ўсё больш важкiм аргументам у барацьбе за палiтычную ўладу. Аднак адзiн раз выкарыстаўшы праблему рэабiлiтацый у якасцi сродка палiтычнай барацьбы, партыйнае кiраўнiцтва павiнна было зноў i зноў вяртацца да  гэтага пытання. У пачатку 1954 г., калi становiшча М.Хрушчова ва ўладнай сiстэме ўзмацнiлася, рэабiлiтацыя пачала праводзiцца ў больш шырокiх маштабах. 19 красавiка 1954 г. Прэзiдыум ЦК КПСС прымае пастанову "Аб вызваленнi з ссылкi раней асуджаных за "антысавецкую дзейнасць" на тэрмiн да 5 год". 24 красавiка  выдаецца сумесны загад мiнiстра МУС СССР i Генеральнага пракурора СССР "Аб вызваленнi з ссылкi на пасяленне асоб, асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы да зняволення тэрмiнам да 5 год". 15 чэрвеня - пастанова "Аб зняццi некаторых абмежаванняў у прававым становiшчы спецперасяленцаў" [10].

Насельнiцтва турмаў, лагераў, ссылак, пасяленняў адразу ж адчула змену палiтычнага клiмату ў краiне. Сям'я Соф'i Касцецкай-Ляхоўскай была выслана на Поўнач у 1944 г. як сям'я ворага народа - муж сястры пасля прыходу Чырвонай армii знаходзiўся ў лесе i змагаўся супраць савецкай улады. Яна ўспамiнае, што пасля смерцi Сталiна жыць на высылцы стала значна лягчэй. Пачалi плацiць грошы за працу на лесанарыхтоўках, перасялiлi з баракаў у добрую, вялiкую хату [11].

Новыя магчымасцi адаптацыi да жыцця ў грамадстве з'явiлiся i ў тых, каму пашчасцiла яшчэ да 1953 г. пакiнуць месца зняволення. Напрыканцы вайны Таццяна Тарасевiч разам з дачкой Зiнаiдай сталi цi не першымi людзьмi, якiя змаглi пакiнуць Охтаму i прыехаць у Мiнск да мужа, якi двума гадамi штрафбату i стратай рукi здабыў сабе права не вяртацца на высылку i вызвалiць з яе сям'ю. Зiнаiда Тарасевiч успамiнае, што толькi пасля смерцi Сталiна яе мацi змагла змянiць пашпарт i, пазбавiўшыся такiм чынам адзнакi аб высылцы, уладкавацца на працу [12].

I ўсё ж, асноўная праца па перагляду спраў па контррэвалюцыйных злачынствах была звязана i адбывалася паводле пастановы Прэзiдыума ЦК КПСС ад 4 мая 1954 г. "Аб стварэннi Цэнтральнай камiсii i мясцовых камiсiй па перагляду спраў асуджаных за "контррэвалюцыйныя злачынствы", якiя ўтрымлiваюцца ў лагерах, калонiях i турмах i знаходзяцца ў ссылцы i на пасяленнi". У адпаведнасцi з гэтым дакументам Цэнтральная камiсiя атрымала права пераглядваць справы на асобаў, асуджаных Асобай нарадай пры НКУС - МДБ цi Калегiяй АДПУ. Да кампетэнцыi мясцовых (абласнога ўзроўню) камiсiй адносiўся перагляд спраў на тых, хто быў асуджаны двойкамi i тройкамi [13].

Вывучэнне працы мясцовых камiсiй, што былi ўтвораны i дзейнiчалi ў БССР, уяўляе пэўныя цяжкасц?. На жаль, мы пакуль не змаглi знайсцi ў Нацыянальным архiве дадзеныя аб дзейнасцi ўсiх абласных камiсiй у Беларускай ССР. Тым не менш, агульныя вывады аб характары i вынiках функцыянавання мясцовых камiсiй можна зрабiць i на аснове выяўленых матэрыялаў. Так, даволi поўнае ўяўленне аб дзейнасцi мясцовых камiсiй можна атрымаць са справаздачы Гродзенскай абласной камiсii, якая распачала сваю працу 28 чэрвеня 1954 г. За год працы - да 1 чэрвеня 1955 г. было праведзена 48 пасяджэнняў, на якiх разгледжана 2412 спраў на 4771 чалавек, у дачыненнi да якiх былi прыняты наступныя рашэннi:

-- адменена рашэнне суда з поўнай рэабiлiтацыяй асуджаных - 37 спраў на 51 чалавека (1,06% адносна агульнай колькасцi спраў);

-- пераквалiфiцыраваны склад злачынства са знiжэннем тэрмiну пакарання - 154 спраў - 268 чалавек (5,6%);

-- скарочаны тэрмiн пакарання - 712 спраў - 11005 чалавек (23,14%);

-- прыменены указ "Аб амнiстыi" ад 27.03 1953 - 512 спраў – 665 чалавек  (13,9%);

-- адмоўлена ў пераглядзе рашэнняў  - 987 спраў - 2670 чалавек (55,71%);

-- адменена ссылка на пасяленне - 5 спраў - 5 чалавек  (0,3%);

-- вернута на даследванне - 5 спраў - 7 чалавек  (0,3%)  [14].


Як бачым, больш чым у палове выпадкаў Гродзенская абласная камiсiя пакiнула папярэдняе рашэнне суда без зменаў. Можна меркаваць, што i ў iншых камiсiях, што працавалi ў Беларусi, сiтуацыя была даволi падобнай. Ва ўсялякмм выпадку, у зводнай справаздачы аб дзейнасцi мясцовых камiсiй па БССР суадносiны амаль супадаюць. Так, па стану на 1 красавiка 1955 г. у Беларускай ССР было разгледжана 19136 спраў. Адмоўлена ў пераглядзе - 10410. Адменены рашэннi i справы спынены толькi ў дачыненнi 265 спраў [15].

Такiм чынам, у адзначаны перыяд (1953-люты 1956 гг.) у большасцi выпадкаў мела месца амнiстыя ў адносiнах да рэпрэсiраваных, а не iх рэабiлiтацыя. Пад час перагляду судовых спраў  па контррэвалюцыйных злачынствах прызнанне людзей беспадстаўна асуджанымi адбывалася толькi ў адзiнкавых выпадках. Па асно·най масе спраў пераглядалася ступень вiнаватасцi асуджанага i пакаранне змяншалася. Часцей за ўсё асуджанаму залiчваўся тэрмiн, якi ён ужо фактычна адбыў у лагеры цi турме. Аб гэтым сведчыць i аналiз судовай практыкi Прэзiдыума Вярхоўнага Суда БССР па разгляду крымiнальных спраў аб контррэвалюцыйных злачынствах у 1954 г. З 806 асуджаных у розныя гады толькi 30 былi цалкам рэабiлiтаваны. У дачыненнi ж да 538 чалавек Вярхоўны Суд абмежаваўся знiжэннем пакарання да пяцi год i па Указу "Аб амнiстыi" вызваленнем [16].

Трэба адзначыць, што ў цэлым перагляд спраў адносна рэпрэсiраваных адбываўся даволi марудна. Сам механiзм прыняцця рашэнняў быў вельмi складаным. Шмат часу займала перапiска супрацоўнiкаў пракуратуры, следчых работнiкаў, ваенных юрыстаў з КДБ, заказ неабходных дакументаў, апытанне сведкаў i г.д. На пачатак 1956 г. колькасць неразгледжаных спраў заставалася велiзарнай. Каб хоць неяк паскорыць працэс вызвалення з лагераў кiраўнiцтва краiны пайшло на стварэнне спецыяльных выяздных камiсiй, якiя маглi на месцы, не чакаючы перагляду судовых спраў, прымаць рашэнне аб вызваленнi асуджаных [17].

На рашэнне камисий па перагляду спращ асуджаных па контррэвалюцыйных злачынствах аказваў уплыў цэлы шэраг суб'ектыўных i аб'ектыўных фактараў - уласныя адносiны членаў камiсii да працэсу рэабiлiтацыi, характар абвiнавачвання, мiнулае членства асуджанага ў кампартыi альбо яго ўдзел у трацкiстскiм руху, дзейнасць ў складзе iншых партыйных i грамадскiх арганiзацыях. Кожны з гэтых фактараў мог быць вызначальным у пэўных абставiнах. На практыцы гэта прыводзiла да таго, што камiсii ў амаль падобных выпадках прымалi рашэннi, якiя адрознiвалiся да супрацьлегласцi. Наступныя прыклады з'яўляюцца характэрнымi i даволi дакладна iлюструюць адзначаную тэндэнцыю.

Летам 1955 г. у мiнiстэрства юстыцыi БССР звярнулася Х. Кавалёва са скаргай аб беспадстаўным яе асуджэннi. Прысудам Вярхоўнага суда БССР ад 27 верасня 1947 г. яна атрымала 8 гадоў лагераў за тое, што "працуючы ў бiблiятэцы, яна распаўсюджвала антысавецкiя анекдоты, узводзiла паклёп на савецкую рэчаiснасць, кiраўнiкоў i ўрад." Пад час следства i суда жанчына цалкам прызнала сваю вiну. Цалкам надуманае абвiнавачванне, следства, заснаванае на ўласнаручным прызнаннi вiны i, нарэшце, прысуд былi тыповымi для таго часу. Зiмой 1954 г., ва ўжо новых палiтычных умовах, справа была разгледжана паўторна. Прэзiдыум Вярхоўнага суда БССР перагледзеў прыгавор, знiзiўшы тэрмiн пакарання да шасцi гадоў турмы - як раз столькi Х.Кавалёва i правяла ў турме на момант перагляду яе справы. Такiм чынам, рашэнне Прэзiдыума Вярхоўнага суда БССР фактычна падцвердзiла вiнаватасць жанчыны.

Спроба Х.Кавалёвай паставiць пытанне аб больш дэталёвым пераглядзе справы, даказаць сваю нявiнаватасць i, такiм чынам, адмянiць прыгавор, была сустрэта халодна i падыход быў чыста бюракратычны. Фармальным повадам для адмоўнага адказу з боку мiнiстэрства юстыцыi стаў той факт, што справа была разгледжана Прэзiдыумам Вярхоўнага Суда БССР, якi з'яўляўся вышэйшым судовым органам рэспублiкi [18].

А вось яшчэ адзiн вельмi падобны прыклад, але зусiм з iншым вынiкам. Справа датычыцца У.Адамушка, арыштаванага ў 1938 г. органамi НКУС. У.Адамушка быў абвiнавачаны ў тым, што ў час навучання ў Мiнскiм педагагiчным iнстытуце, ён займаўся трацкiсцкай дзейнасцю. Асобай нарадай У.Адамушка ў 1940 г. быў асуджаны да 5 гадоў заключэння ў папраўча-працоўных лагерах. Потым быў новы арышт т высылка на пасяленне ў Краснаярскi край.  Перагляд справы У.Адамушка ў Ваеннай калегii Вярхоўнага суда СССР меў вынiкам прызнанне яго нявiнаватым. Што дала магчымасць аднавiць членства ў партыi i заняць кiруючую пасаду. Больш таго, бюро ЦК КПБ, якое разглядала пытанне аб аднаўленнi членства У.Адамушка ў партыi прыняла дадатковае пастанаўленне, у якiм загадвала прыцягнуць да адказнасцi былога супрацоўнiка НКУС БССР за парушэнне савецкай законнасцi пры правядзеннi следства па справе Адамушкi  [19].
Вiдавочна, што ў дадзеным выпадку сваю ролю адыграла членства У.Адамушкi ў кампартыi, хаця ў iншых абставiнах абвiнавачванне ў трацкiстскiм руху магло стаць вызначальным. Партыйнае кiраўнiцтва СССР адмаўлялася рэабiлiтаваць трацкiстаў i пераглядаць вынiкi ўнутрыпартыйнай барацьбы. У любым выпадку, адзначым, што праблема перагляду судовых рашэнняў у дачыненнi да асобных катэгорый грамадзян СССР патрабуе асобнага даследвання i разгляду.

Важна таксама засяродзiцца яшчэ на адным фактары, якi iстотна ўскладняў i замаруджваў працэс рэабiлiтацыi i перагляду рашэнняў судоў па контррэвалюцыйных абвiнавачваннях. Маецца на ўвазе пазiцыя па гэтым пытаннi мясцовых органаў улады. Увогуле, трэба адзначыць, што смерць Сталiна i наступная лiбералiзацыя падзялiлi краiну, i ў тым лiку яе палiтычную элiту, на два лагеры. Першы лагер складалi працiўнiкi кардынальных перамен, выступаўшыя супраць крытыкi былога палiтычнага курсу. У другiм знаходзiлiся прыхiльнiкi абнаўлення i перагляду iснаваўшай палiтыкi. Нават пры абмежаванасцi архiўных крынiц можна прасачыць пастаянную барацьбу памiж першымi i другiмi. Як мы адзначалi раней, вышэйшае партыйнае кiраўнiцтва было вымушана распачаць рэабiлiтацыйны працэс - для павышэння ўласнага аўтарытэту i як сродак палiтычнай барацьбы.

Працэс рэабiлiтацыi ў Беларусi, як адзначаюць беларускiя даследчыкi гэтага пытання, быў цалкам звязаны i вызначаўся дырэктывамi з Масквы [20]. Аднак гэта зусiм не значыць, што на месцах iнiцыятыва партыйнага кiраўнiцтва была сустрэта станоўча i падтрымана. Наадварот, рэакцыя была, мякка кажучы,  стрыманай. Пры гэтым, чым нiжэй на ўладнай лесвiцы знаходзiўся чыноўнiк, тым больш негатыўнымi былi яго адносiны да рэабiлiтацыi. Патлумачыць гэты фенамен не складана. Мясцовы чыноўнiк быў на вiду, яго рукамi ўсё гэта рабiлася, i, перш за ўсё, з iм сустракалiся нявiнна асуджаныя ахвяры рэпрэсiй, калi яны вярталiся дамоў. Што датычыць прадстаўнiкоў уладных органаў раённага цi абласнога ўзроўню, то для iх былыя рэпрэсiраваныя, якiя вярталiся з месцаў зняволення былi дадатковым фактарам дэстабiлiзацыi грамадска-палiтычнага жыцця. Непрыхiльныя, а часта i адкрыта адмоўныя адносiны да ахвяр рэпрэсiй з боку прадстаўнiкоў мясцовых органаў улады можна таксама патлумачыць асаблiвасцю фармiравання тагачаснай палiтычнай элiты.
Зрабiўшы кар'еру ў абставiнах сiстэмы, свае высокiя пасады i ўласны дабрабыт яна звязвалi са Сталiным i яго палiтыкай. Перагляд мiнулага, выкрыццё ў iм памылак i злачынстваў кiдалi цень на ўсiх, хто так цi iнакш меў дачыненне да ўлады. Таму няма нiчога незвычайнага, што многiя прадстаўнiкi ўлады - кожны на сваiм ўзроўнi - iмкнулiся абмежаваць нават тую адносную лiбералiзацыю, што адбывалася ў краiне. Сродкi i метады ўжывалiся самыя розныя. Даволi распаўсюджаным метадам былi звароты да вышэйшага кiраўнiцтва.

Так, напрыклад, сакратар Гродзенскага абласнога камiтэта партыi ў дакладной запiсцы ў ЦК КПБ вясной 1955 г. звяртаў увагу рэспублiканскага кiраўнiцтва на сур'ёзную небяспеку, якую, на яго погляд, уяўляла амнiстыя асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы. У прыватнасцi, у запiсцы адзначалася: "За апошнi час на тэрыторыю Гродзенскай вобласцi вярнулiся з месцаў зняволення 1356 чалавек, раней асуджаных за розныя контррэвалюцыйныя злачынствы. Некаторыя з тых, хто вярнуўся з лагераў i турмаў спрабуюць аднавiць антысавецкую дзейнасць, вядуць антыкамунiстычную агiтацыю, распаўсюджваюць правакацыi..., пагражаюць расправай сведкам, якiя выкрывалi iх злачынствы на судзе. Усе гэта адмоўным чынам сказваецца на правядзеннi гаспадарча-палiтычных мерапрыемстваў у вобласцi...". Вось некалькi прыкладаў з запiскi.

Асуджаная ў 1949 г. на 25 год лагераў за сувязь з Армiяй Краёвай А.Апановiч пасля вяртання ў 1954 г. на радзiму "адкрыта заяўляла пра сваю адданасць буржуазнай Польшчы i нацыянальнаму падполлю, выгнала сваю дачку з хаты за тое, што тая ўступiла ў калгас."

А С.Мартынюк, якi атрымаў тры гады турэмнага зняволення за сабатаж лесанарыхтовак у 1951 г., у лiстападзе 1954 г., праз паўгода пасля вызвалення ў лiсце да свайго сябра па лагеры выказваў намер "зарубiць двух савецкiх работнiкаў (у лiсце - двух чырвоных фашыстаў), пасля чаго цi трапiць зноў у лагер, цi пайсцi ў Польшчу" [21]. Паколькi вяртанне рэпрэсiраваных у горад, вёску, раён, вобласць было дадатковым галаўным болем для кiраўнiцтва, то яно iмкнулася зрабiць усё магчымае, каб адцягнуць працэс перагляду спраў i вызвалення амнiсцiраваных цi рэабiлiтаваных людзей. Нярэдка з боку мясцовых уладаў выказвалiся нараканнi ў адрас органаў пракуратуры i судоў за тое, што яны няправiльна прымяняюць указ "Аб амнiстыi".
Так, ва ўжо цытаванай запiсцы кiраўнiк абласной партыйнай арганiзацыi называе канкрэтныя прозвiшчы работнiкаў пракуратуры Беларускай ваеннай акругi, якiя, на яго думку, займаюць няправiльную пазiцыю i вышукваюць фармальныя довады для змякчэння вiны "дзяржа·ных злачынцаў", асуджаных за антысавецкую дзейнасць. Сакратар Гродзенскага абкома партыi скардзiцца партыйнаму кiраўнiцтву рэспублiкi на тое, што пракуратура Беларускай ваеннай акругi насуперак абласным уладам пераглядае прыгаворы судоў i вызваляе дзяржаўных злачынцаў [22]. Звернем увагу, што адзначаныя разыходжаннi ў пазiцыi пракуратуры i уладных органаў былi хутчэй выключэннем, чым правiлам. Часцей i мясцовае кiраўнiцтва, i супрацоўнiкi праваахоўных органаў iмкнулiся замарудзiць амнiсцiраванне людзей, знаходзячы для гэтага шматлiкiя фармальныя падставы.
Нярэдка справа зрушвалася з мёртвай кропкi толькi пасля ўмяшання цэнтральных уладаў [23].

Архiўныя дакументы сведчаць, што саюзныя органы дзейнiчалi больш смела ў пытаннях перагляду крымiнальных спраў адносна асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы i падштурхоўвалi да адпаведных дзеянняў рэспублiканскiя i мясцовыя органы. Так, у красавiку 1955 г. Мiнiстэрства юстыцыi i Мiнiстэрства  унутраных спраў СССР выказвалi незадаволенасць тым, што ў вынiку дрэннага кантроля за выкананнем рашэнняў судоў, у шэрагу выпадкаў вызваленне людзей, адносна якiх прыгаворы былi перагледжаны, адбываецца несвоечасова [24].

Прызнанне таго, што праблема замаруджвання рэабiлiтацыйнага працэсу iснавала на самой справе i ў маштабе рэспублiкi, а не з'яўлялася з'явай аднаго нейкага раёна цi вобласцi, можна знайсцi ў выступленнях некаторых прадстаўнiкоў кiраўнiцтва рэспублiкi. Так, на нарадзе кiраўнiкоў упраўленняў Мiнiстэрства юстыцыi БССР пры абласных саветах, намеснiк Мiнiстра юстыцыi БССР Кудраўцаў звяртаў увагу прысутных на той факт, што за апошнiя два гады ЦК КПСС i Савет Мiнiстраў СССР прынялi больш за 30 пастаноў, скiраваных на аднаўленне законнасцi i рэабiлiтацыю нявiнна асуджаных. Аднак, адзначаў ён, суды "вельмi нерашуча" прымянялi новыя законы i ў прыватнасцi, Указ "Аб амнiстыi". Адмена на працягу 1954 г. 3500 рашэнняў i 1057 прысудаў уяўлялася яму даволi сцiплым вынiкам. [25].

З другога боку, само партыйнае кiраўнiтцтва рэспублiкi не было зацiкаўлена ў тым, каб амнiсцiраванне i вяртанне рэпрэсiраванных адбывалiся больш хуткiмi тэмпамi. Аб гэтым, напрыклад, сведчыць iнфармацыяная запiска ЦК КПБ у ЦК КПСС, накiраваная ў Маскву ў снежнi 1956 г. i падпiсаная сакратаром ЦК КПБ К.Мазуравым. У запiсцы беларускiя ўлады асаблiва падкрэслiвалi тую акалiчнасць, што "многiя з грамадзян Беларусi, якiя вярнулiся з месцаў зняволення, зноў вяртаюцца да злачыннай дзейнасцi, спрабуюць аднавiць варожую дзейнасць супраць нашай дзяржавы, адкрыта выказваюць антысавецкiя настроi, пагражаюць людзям, якiя прымалi актыўны ўдзел у iх выкрыццi, i нават здзяйсняюць забойствы на глебе помсты" [26].

Пазiцыя партыйнага кiраўнiцтва рэспублiкi не вельмi адрознiвалася ад пазiцыi абласных партыйных арганiзацый. Грунтуючыся на дакладах з месцаў, ЦК КПБ прасiў ЦК КПСС разгледзець пытанне аб мэтазгоднасцi датэрмiновага вызвалення асоб, асуджаных за антысавецкую дзейнасць, i па­другое, аб забароне асобам, асуджаным за антысавецкую дзейнасць i адбыўшым пакаранне, пражываць у пагранiчных абласцях рэспублiкi [27].

Усе разам вышэй пералiчаныя фактары прыводзiлi да таго, што пры той вялiкай колькасцi жыхароў Беларусi, якiя сталi ахвярамi палiтычных рэпрэсiй, за першыя тры гады пасля смерцi Сталiна з месцаў зняволення ў БССР вярнулiся толькi 17 тысяч чалавек, асуджаных за антысавецкую дзейнасць. З iх 127 чалавек былi асуджаны як агенты iншаземных разведак, 60 - як удзельнiкi антысавецкiх арганiзацый, 704 - як нацыяналiсты, 11 - як тэрарысты, 6304 - як здраднiкi i пасобнiкi, служыўыя ў нямецкiх карных атрадах, 1147 - як бандыты i iх пасобнiкi i 60 ксяндзоў [28]. Людзi, якiя вярталiся з месцаў зняволення, заставалiся пад пiльным наглядам. Органы дзяржаўнай бяспекi адсочвалi iх сувязi, кантралявалi перапiску, iмкнулiся вызначыць погляды.

Палiтычная рэабiлiтацыя 1950-х гадоў, а менавiта 1953-лютага 1956 г., не насiла паслядоўнага i планамернага характару. Наадварот, мела месца вялiкая супярэчлiвасць ва ўсiм - пазiцыi партыйных i ўрадавых органаў, паводзiнах людзей, ацэнках рэпрэсiй i адносiнах да распачатай рэабiлiтацыi. Так, з аднаго боку, адбываўся перагляд спраў па надуманых абвiнавачваннях у контррэвалюцы?. З другога боку, такiя справы зноў узнiкалi i даволi часта. Практыка беспадстаўнага прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi i асуджэння працягвалася i ў першыя гады пасля смерцi I.Сталiна. Як адзначаў у адным з дакладаў мiнiстр юстыцыi БССР I.Ветраў, у 1953 г. толькi па справах з папярэднiм следствам па прыгаворах, якiя ўступiлi ў законную сiлу, было беспадстаўна прыцягнута да крымiнальнай адказнасцi 584 чалавекi. У 1954 г. - 471 чалавек.
А па ўсiх крымiнальных справах, якiя разглядалiся народнымi i абласнымi судамi ў 1954 г., было незаконна асуджана амаль 1200 чалавек.
На жаль, у дакуменце асобна не адзначаны працэнт спраў з беспадстаўным абвiнавачваннем у контррэвалюцыйнай дзейнасцi, аднак паколькi сам мiнiстр юстыцыi ў дакладзе прыводзмць менавмта такмя прыклады, можна меркаваць, што такiх выпадкаў было нямала. Напрыклад, брыгадзiр калгаса Л.Васько быў асуджаны да выпраўленча-працоўных работ толькi за тое, што на нарадзе калгаснiкаў выступiў з крытычнымi заўвагамi ў адрас iнструктара раённага камiтэта партыi i заявiў, што iнструктар толькi займаецца размовамi, а калгасу не дапамагае. Прыгавор быў адменены пасля разгляду судом Мiнскай вобласцi [29].

Значныя змены адбывалiся ў дзейнасцi органаў КДБ рэспублiкi. Напрыклад, скарачалася кола асоб, адносна якiх вялася агентурная распрацоўка. Па стану на 1 сакавiка 1954 г. з аператыўна-справачнага ўлiку было знята больш за 36.000 чалавек, адначасова знiшчаны як непатрэбныя больш за 50 % спраў агентурнай распрацоўкi [30]. Разам з тым, прынцыпы функцыянавання савецкай дзяржавы, поўны кантроль кампартыi за ўсiмi бакамi жыцця грамадства, заставалiся нязменнымi. Наяўнасць адзначаных супярэчнасцей сведчыць аб тым, што распачаўшы работу па аднаўленнi гiстарычнай справядлiвасцi, кампартыя, яе мясцовыя органы аказалiся не гатовымi да правядзення i лагiчнага завяршэння рэабiлiтацыйнага працэсу.


          Лiтаратура:

1. Аксютин Ю. Хрущевская  “оттепель” и общественные настроения в СССР в 1953-1964 гг. М., 2004, с.35-36.
2. Артизов А., Сигачев Ю. Родина. 2003. №2, с.68.
3. Рэабiлiтацыя. Зб.дакументаў i нарматыўных актаў па рэабiлiтацыi ахвяраў палiтычных рэпрэсiяў 1920-1980-х гадоў у Беларусi. Мн., 2001. Т.III., с.25
4. Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы. Март 1953 - февраль 1956. М., 2000, с.15.
5. Аксютин Ю. Указ. Соч., с. 35.
6. Охотин Н.Г., Петров Н.В., Рогинский А.Б., Мироненко С.В. Экспертное заключение к заседанию Конституционного суда РФ 26 мая 1992 г. М., 1992, с.15.
7. Реабилитация: как это было. С.15.
8. Кокурин А.И., Пожаров А.И. “Новый курс” Л.П.Берии // Исторический архив. 1996. №4, с.158.
9. Реабилитация: как это было. С. 58, 74.
10. Там же, сс. 112, 114, 158.
11. Успамiны С.Касцецкай-Ляхоўскай. З архiву аўтара.
12. Успамiны З.Тарасевiч. З архiву аўтара.
13. Реабилитация: как это было. С. 116.
14. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (НАРБ) Ф.4-п, воп.62, спр.427, а.269-270.
15. Реабилитация: как это было. С. 213.
16. НАРБ. Ф. 99, воп. 6, спр. 232, а. 2-25.
17. Реабилитация: как это было. С. 10.
18. НАРБ. Ф.99, воп.6, спр.240, а. 80-81.
19. Там жа. Ф.4, воп.81, спр.1037, а. 12.
20. Рэабiлiтацыя. Зб. Дакументаў...  С. 25.
21. НАРБ. Ф.4-п, воп. 62, спр. 427, а. 255-260.
22. Там жа. С .265.
23. Там жа. Ф.99, воп.6, спр.239, а. 23.
24. Там жа. Ф. 99, воп.6, спр.226, а.14.
25. Там жа. Ф.99, воп.6, спр.228, а. 112.
26. Там жа. Ф.4-п, воп.62, спр.444, а.512.
27. Там жа, а. 514.
28. Там жа, а. 512.
29. Там жа. Ф.99, воп.6, спр. 228, а. 127.
30. Там жа. Ф. 4, воп.62, спр.428, а.149.

 
 
Яндекс.Метрика