Рэпрэсii сярод iнтэлектуальных слаеў грамадства г.Мiнска ў 1920–1930 гг.

 

          Нона Васiлеўская (Мiнск)

 

Адной с самых трагiчных старонак гiсторыi Мiнска з’явiлiся палiтычныя рэпрэсii. Тысячы жыхароў горада розных нацыянальностей i сацыяльнага паходжання беспадстаўна абвiнавачвалiся ў антысавецкай дзейнасцi, прыгаворвалiся да вышэйшай меры пакарання, альбо асуджвалiся на доўгiя гады знаволення ў лагерах, высылалiся за межы сваёй Радзiмы.

Рэпрэсiўную палiтыку савецкай улады адной з першых адчула на сабе невялiкая па колькаснаму складу беларуская iнтэлiгенцыя, значная частка якой канцэнтравалася ў Мiнску. Статус сталiчнага горада прыцягваў адукаваныя кадры ва ўсе сферы жыцця ад органаў улады да культурных устаноў. Многiя прадстаўнiкi iнтэлiгенцыi Мiнска працавалi ў Iнстытуце беларускай культуры, Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце i iншых навучальных установах, у розных наркаматах, ведамствах, выдавецтвах.

У сваiх адносiнах да iнтэлiгенцыi савецкая улада з аднаго боку падкрэслiвала неабходнасць прыцягнення ўсiх яе прафесiйных атрадаў да ўдзелу ў пабудове новага жыцця, з другога – ужывала рэпрэсiўныя меры да тых, хто не пагаджаўся з яе палiтыкай, меў свае погляды на развiццё падзей. Суд над такiмi праходзiў без асобнага разбiрацельства i аналiзу фактаў абвiнавачвання i выносiў нават смяротныя прыгаворы тым, чые паводзiны не ўяўлялi небяспекi для бальшавiцкай улады. У вераснi 1921 г. былi беспадстаўна прагавораны да расстрэлу з заменай на 5 гадоў турэмнага зняволення таленавiты кампазiтар, галоўны хармайстар Беларускага дзяржаўнага тэатра У.В.Тэраўскi i тэатральны дзеяч У.С.Фальскi. Пасля датэрмiновага вызвалення ў 1923 г. са Смаленскай катаржнай турмы У.В.Тэраўскi шмат зрабiў як фалькларыст, кампазiтар, кiраўнiк розных харавых калектываў Мiнска. Аднак, пасля абвiнавачвання ў прыхiльнасцi да “нацыянал-дэмакратызму” у пачатку 30-х гг. быў звольнены з працы i служыў у хоры адной з цэркваў Мiнска. Па беспадстаўным абвiнавачаннi як “агент польскай разведкi” ён быў расстраляны ў 1938 г. (рэабiлiтаваны ў 1957 г.). У.С.Фальскi пасля адбыцця пакарання так i не змог вярнуцца ў БССР [1].

Працягам рэпрэсiўных мер супраць iнтэлiгенцыi з’яўлялася прынятае ў жнiўнi 1922 года УЦВК рашэнне “Аб адмiнiстрацыйнай высылцы асоб, прзнаных сацыяльна небяспечнымi”. На яго падставе ўлада атрымала права без суда выслаць за мяжу абвiнавачаных у гэтым асоб, альбо заключаць iх у лагеры. Падобныя рашэннi дзейнiчалi i ў БССР. У вераснi 1922 г. на прэзiдыуме ЦБ КПБ разглядалася пытанне “Аб высяленнi прафесараў i грамадскiх работнiкаў Беларусi” [2]. Размова вялася пра тых асоб, якiя ў тагачасны момант, альбо ў ранейшым лiчылiся членамi партый, апазiцыйных бальшавiцкай. Нягледзячы на тое, што квалiфiкаваных кадраў вельмi не хапала не толькi ў Мiнску, але i па ўсёй рэспублiцы, вынiкам абмеркавання стала рашэнне аб высылцы з БССР выкладчыцы БДУ Я.А.Гурвiч i прызначэнне да высылкi яшчэ 10 чалавек.
Сярод iх значылiся выкладчыкi БДУ А.А.Савiч i прафесар В.В.Якунiн, загадчык навукова-даследчага аддзела Наркамзема БССР, прафесар С.В.Скандракоў, рэктар Сельскагаспадарчага iнстытута Н.К.Ярашэвiч i iншыя. Да некаторых з iх лёс быў лiтасцiвы, i па розных абставiнах яны засталiся на працы. Страцiў званне прафесара, але прадоўжыў выкладанне В.В.Якунiн, па хаданiцтве наркома земляробства БССР А.С.Славiнскага застаўся на сваёй пасадзе С.В.Скандракоў (“пад асабiстую адказнасць” наркома) [3].

Кантроль за iнтэлiгенцыяй, асаблiва яе дарэвалюцыйнай часткай, не змяньшаўся – у  наступныя гады ён набываў ўсё больш шырокi размах. Была створана цэлая сiстэма вышуку, даносаў, назiранняў, на основе якiх амаль на кожнага прадстаўнiка iнтэлiгенцыi складалiся асобныя характарыстыкi. У iх адзначаўся не толькi жыццёвы шлях, але i палiтычныя погляды, адносiны да савецкай улады, размовы аб яе палiтыцы з сябрамi i супрацоўнiкамi. Звесткi з такiх характарыстык выкарыстоўвалiся пры звальненнi i прыёме на працу, як падстава для рознага роду “чыстак”, разборы тых, хто, з пункту гледжання улады, меў якiя-небудзь памылкi.

Iнфармацыя аб iнтэлiгенцыi збiралася Дзяржаўным палiтычным упраўленнем (ДПУ) БССР, партыйнымi органамi на месцах i ў форме рознага роду iнфармацый паступала ў ЦК КП(б)Б. Адзiн з такiх дакументаў, падрыхтаваных для ЦК КП(б)Б на матэрыялах сакрэтнага аддзела ДПУ у кастрычнiку 1925 г. даваў скажоныя характарыстыкi палiтычных поглядаў прадстаўнiкоў мiнскай iнтэлiгенцыi з ярлыкамi “шавiнiсты”, “нацыяналiсты”, а Я.Ю.Лёсiк, на той час выкладчык БДУ, правадзейны член Iнстытута беларускай культуры, наогул названы “ярым контррэвалюцыянерам” [4]. Сярод тых, хто трапiў ў дакумент, актыўныя будаўнiкi беларускай культуры навукоўцы М.В.Азбукiн i А.А.Смолiч, пiсьменнiк i паэт Якуб Колас, намеснiк наркома асветы БССР А.В.Балiцкi, грамадскi дзеяч П.В.Iльючонак i iншыя. Многiя з пералiчаных у дакуменце на рубяжы 30-х гадоў былi асуджаны па справе “Саюза вызвалення Беларусi” (“СВБ”).

Адносная свабода першай паловы 20-х гадоў у выказваннi думак, творчай i грамадскай дзейнасцi была вельмi абмежаванай. Тое, што не ўкладалася ў рамкi партыйных пастулатаў, рэзка крытыкавалася з прымяненнем адмiнiстратыўна-рэпрэсiўных мер. У кастрычнiку 1925 г. быў рэзка асуджаны за несуадносiны з партыйнай лiнiяй па пытаннях iнтэлiгенцыi артыкул асiстэнта медыцынскага факультэта БДУ П.В.Трамповiча “Шляхi беларускай iнтэлiгенцыi”, якi быў надрукаваны у газеце “Савецкая Беларусь” 21 кастрычнiка 1925 г. Тое, што аўтар пры асвятленнi пытання не падкрэслiў класавы падыход, кiруючую ролю партыi ў рабоце з iнтэлiгенцыяй, мела неадкладныя вынiкi.
На другi дзень пасля публiкацыi рашэннем бюро ЦК КП(б)Б рэдактар газеты I.I.Шыпiла быў зняты з пасады, а аўтару ў спецыяльным артыкуле той жа газеты пералiчылi яго памылкi, падкрэслiўшы, што прызнанне беларускай iнтэлiгенцыяй сацыяльнай рэвалюцыi, дыктатуры пралетарыяту” адзначае не проста “сумесную працу з партыйнымi i савецкiмi установамi” (Трамповiч), а сумесную працу пад кiраўнiцтвам партыi” [5].

Моцнай крытыкi ў пачатку 1926 г. падверглася падрыхтаваная да друку кнiга М.В.Доўнар-Запольскага “Гiсторыя Беларусi”. Бюро ЦК КП(б)Б забаранiла яе выданне, як “выражаючую пазiцыi беларускага нацыянал-дэмакратызма”. Яе аўтар, вядомы вучоны, доктар гiстарычных навук, прафесар БДУ быў вымушаны пакiнуць Беларусь у вынiку пастановы гэтага ж партыйнага органа ад 2 красавiка 1926 г. “Аб выездзе М.В.Доўнар-Запольскага з БССР” [6].

З другой паловы 20-х гадоў шмат хто з прадстаўнiкоў беларускай iнтэлiгенцыi сталi абвiнавачвацца ў нацыянал-дэмакратызме – плынi напачатку ХХ стагоддзя, накiраванай на сацыяльнае, нацыянальнае i культурнае адраджэнне беларускага народа.

У першыя гады савецкай улады нацыянал-дэмакратызм на расцэньваўся варожым да яе, аднак, у другой палове 20-х гадоў быў абвешчаны партыяй бальшавiкоў контррэвалюцыйным, накiраваным супроць дыктатуры пралетарыяту. Яго носьбiтамi  лiчылася беларуская iнтэлiгенцыя, асаблiва яе дарэвалюцыйная частка. У канцы 20-х гадоў канчаткова вызначылiся пазiцыi кiруючай партыi адносна гэтай плынi, як указвалася на ХI з’езде КП(б)Б, неабходнасць рашучага змагання з варожымi нацыянальна-дэмакратычнымi элементамi”[7].

Абвастрыць абстаноўку вакол iнтэлiгенцыi, прыпiсаць асобным яе прадстаўнiкам антысавецкiя погляды паспрыялi вывады камiсii ЦКК УКП(б), якая вясной 1929 г. на працягу 52 дзён абследавала практыку нацыянальнай работы ў БССР. Выступаючы ў чэрвенi 1929 г. на бюро ЦК КП(б)Б з дакладам па матэрыялах камiсii, яе кiраўнiк У.Н.Затонскi зрабiў безпадстаўны вывад аб тым, што  “вялiзная большасць iнтэлiгенцкай вярхушкi… у рашучы момант створыць адзiны антысавецкi фронт” [8]. З пэўнымi характарыстыкамi У.П.Затонскi называў прозвiшчы супрацоўнiкаў розных устаноў Мiнска, у хуткiм часе знятых з працы, а праз некалькi месяцаў арыштаваных ДПУ па справе “СВБ”.

У жнiўнi 1929 г. з пасады наркома асветы БССР быў зняты А.В.Балiцкi (з забаронай на 2 гады займаць кiруючыя адказныя пасады i ўказаннем уладкавацца на “нiзавую работу”), а таксама многiя iншыя прадстаўнiкi мiнскай iнтэлiгенцыi. На розных партыйных сходах, у друку разгарнулася шырокая дыскрэдытацыя iх дзейнасцi з крытыкай надуманых памылак, быццам бы спланаваных шкоднiцкiх дзеянняў.

У пачатку 1930 г. пачалiся арышты мiнскай iнтэлiгенцыi па сфабрыкаванай ДПУ БССР справе “СВБ”. Адным з першых у лютым 1930 г. арыштаваны былы намеснiк старшынi Белдзяржвыдавецтва П.В.Iльючонак, вясной–летам гэтага ж года – асноўная  частка тых, хто праходзiў па гэтай справе. У iх складзе – нарком  земляробства БССР Д.Ф.Прышчэпаў, былы намеснiк наркома земляробства БССР А.Ф.Адамовiч, акадэмiкi Беларускай акадэмii навук В.Ю.Ластоўскi, Я.Ю.Лёсiк, С.М.Некрашэвiч, навукоўцы М.В.Азбукiн, М.I.Каспяровiч, М.В.Мялешка, С.В.Скандракоў, А.А.Смолiч, М.М.Шчакацiхiн, выкладчык БДУ П.В.Трамповiч, пiсьменнiкi А.А.Бабарэка, У.М.Дубоўка, М.А.Грамыка, А.К.Гурло, Я.П.Плашчынкi (Пушча). У вераснi 1930 г. арыштаваны былы нарком асветы БССР А.В.Балiцкi.

Толькi ў ноч з 18 на 19 лiпеня 1930 г. у Мiнску арыштам падверглiся больш за 25 прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi: пiсьменнiкi М.I.Гарэцкi, Я.Л.Дыла, рэжысёр, тэатральны дзеяч, акцер Ф.П.Ждановiч, супрацоўнiкi Беларускай академii навук У.М.Пракулевiч, I.I.Радзевiч, аспiрант гэтай установы А.Я.Адзiнец, рэдактар газеты “Звязда” П.Я.Жаўрыд i многiя iншыя.

 Былога наркома асветы БССР А.В.Балiцкага арыштавалi 3 верасня 1930 г.. Сястра яго жонкi А.П.Высоцкая, якая жыла разам з яго сямьей, расказвала: “Ен быў у весцы з сямьей, i у кватэры знаходзiлася я адна… Пад’ехалi на машыне ноччу, каля апоўначы, спыталi Балiцкага. Я сказала дзе ён i яны паехалi. Праз пару гадзiн прыехалi разам з iм. Ён сказаў мне: “Ты не палохайся, зараз у нас будуць рабiць вобыск. I пачалося… Перакапалi усё, асабiста кнiгi. У сястры была вялiкая медыцынская бiблiятэка, дык разгортвалi кожную кнiгу i кiдалi на падлогу. I так да ранiцы. Нiчога не знайшлi, i ранiцаю яго павезлi… Больш мы яго не бачылi” [9].

Паўлiна Мядзелка, успамiнаючы 1930 год, калi яна сядзела ў перапоўненых падвалах мiнскага ДПУ, пiсала: “Цiкава, цi застаўся хто ў Менску на волi? Усе беларускiя культурныя дзеячы – навукоўцы, пiсьменнiкi, акторы – усе  за кратамi. Што ж гэта робiцца на белым свеце?” [10]

Масавыя арышты iнтэлiгенцыi праходзiлi, як правiла, ноччу з вобыскамi, пад час якiх канфiскоўвалiся сямейныя каштоўныя рэчы, дакументы, рукапiсы i iншае з хатняга архiва. Аб тых, каго забiралi, даведвалiся ад iх сяброў, калег па працы, суседзяў.

Усяго па справе “СБВ” праходзiлi 108 чалавек, усе яны з’яўлялiся прадстаўнiкамаi беларускай iнтэлiгенцыi з розным узростам i стажам працы. Самы старэйшы з iх, вядомы навуковец Б.Эпiмах-Шыпiла меў узрост 71 год. Сярод арыштаваных – каля 70 чалавек працаўнiкi розных устаноў Мiнска.

Пасля некалькiх месяцаў следства, справы на 18 вязняў былi спынены, i яны былi вызвалены з турмы. Часовую свабоду атрымалi навукоўцы П.А.Бузук, М.Я.Байкоў, Б.Эпiмах-Шыпiла (вымушаны восенню 1930 г. пакiнуць Мiнск), паэт А.Л.Дайлiдовiч (Алесь Дудар), супрацоўнiк Iнстытута аховы працы Л.У.Дашкевiч i iншыя. Амаль усе яны былi зноў арыштаваны i асуджаны ў другой палове 30-х гадоў.

Амаль да ўсiх, хто апынуўся ў турме, следчымi прымянялiся фiзiчныя i маральна-псiхалагiчныя меры ўздзеяння, каб атрымаць ад iх патрэбныя паказаннi. Арыштаваныя абвiнавачвалiся ў тым, што з’яўлялiся членамi контррэвалюцыйнай нацыяналiстычнай арганiзацыi “СВБ” i “ажыццяўлялi арганiзаванае шкоднiцтва на культурным, iдэалагiчным i iншых участках сацыялiстачнага будаўнiцтва, праводзiлi антысавецкую нацыяналiстычную агiтацыю, накiраваную на запавольванне тэмпаў развiцця Беларусi” [11] i г.д.

Нягледзячы на тое, што ў працэсе следства органы АДПУ не атрымалi канкрэтных доказаў iснавання “СВБ”, 90 чалавек суд прыгаварыў да розных тэрмiнаў знаволення ў лагерах i высылкi ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза.

У другой палове 30-х гадоў, асуджаным па справе “СВБ”, тым, хто адбыў пакаранне i хто знаходзiўся яшчэ за кратамi, прадоўжвалi тэрмiн высылкi, паўторна прыцягвалi да суда па ранейшых абвiнавачваннях. Асноўная частка iх  расстраляна, альбо загiнула ў лагерах. Адзiнкi, перанёсшыя ўсе пакуты, у трэцi раз i ўжо пасля вайны,  зноў асуджаны карнымi органамi па былых справах. Безпадстаўнасць абвiнавачванняў усiх прайшоўшых па справе “СВБ”, падцвердзiлi працэсы iх поўнай рэабiлiтацыi, распачатыя з другой паловы 1950-х гадоў.

Першая масавая хваля рэпрэсiй супроць iнтэлiгенцыi нанесла непапраўны ўдар беларускай гаспадарцы, навуцы, культуры. Лепшыя прадстаўнiкi нацыянальнай iнтэлiгенцыi гвалтоўна пазбаўлялiся магчымасцi не толькi займацца творчай дзейнасцю, але i спакойна жыць. Неаднаразова выклiкаўся на допыты па справе “СВБ” народны паэт Янка Купала. Адначасова разгарнулася яго рэзкая крытыка за прынадлежнасць да “нацдэмаў”. Паэта нават iмкнулiся зрабiць кiраўнiком “СВБ”, патрабуя публiчна пакаяцца ў грахах. Даведзены да адчаю, Я.Купала 22 лiстапада 1930 г. пытаўся скончыць жыццё самагубствам, а калi падлячыўся, вымушаны быў пад моцным цiскам iдэалагiчных службаў усё ж напiсаць пакаяльны лiст,  надрукаваны ў “Звяздзе”. Раней такi ж лiст вымусiлi напiсаць Я.Коласа. На старонках друку выступалi з крытыкай сваiх памылак С.Я.Вальфсон, З.Х.Жылуновiч, У.М.Iгнатоўскi i iншыя.

Не ўсе маглi вытрымаць палiтычнае цкаванне, зневажанне сваёй чалавечай годнасцi: 4 лютага 1931 г. пасля чарговага допыту скончыў жыццё самагубствам першы прэзiдэнт Беларускай академii навук У.М.Iгнатоўскi; 16 лiпеня 1937 г. застралiўся старшыня ЦБК БССР А.Р.Чарвякоў.

Справа “СВБ” адкрыла вялiкi пералiк розных “контррэвалюцыйных, шпiёнскiх, шкоднiцкiх” арганiзацый, што дало падставу працягваць знiшчэнне нацыянальнай iнтэлiгенцыi не толькi ў Мiнску, але i па ўсёй рэспублiцы. У 1931–1932 гг. узнiклi справы “Беларускага фiлiяла працоўнай сялянскай партый”, “Белтрактарацэнтра”, “Ветэрынарных урачоў”. Шмат хто з працаўнiкоў Народнага камiсарыята земляробства БССР, навукова-даследчага iнстытута сельскай гаспадаркi, Дзяржплана БССР i iншых устаноў Мiнска трапiлi ў турму. Асуджаны i высланы ў лагеры загадчык сельска-гаспадарчай секцыi Дзяржплана БССР Р.А.Бонч-Асмалоўскi, дырэктар Беларускага навукова-даследчага iнстытута сельскай i лясной гаспадаркi акадэмiк Г.I.Гарэцкi, арыштаваны i пазбаўлены звання акадэмiка навуковец А.Д.Дубах, апынулiся ў зняволеннi  iншыя супрацоўнiкi мiнскiх дзяржаўных устаноў.

У 1933 г. АДПУ БССР сфабрыкавала справу па дзейнасцi яшчэ адной контррэвалюцыйнай арганiзацыi “Беларускi нацыянальны цэнтр”. Па версii следчых, яна быццам бы мела намер звергнуць савецкую ўладу шляхам узброенага паўстання пры ваеннай падтрымцы Польшчы.

Выкарыстоўваючы незаконныя метады вядзення следства, катаваннi, маральны здзек над падсуднымi, следчыя прымушалi iх да лжывых паказанняў. Па новых звестках выяўлялi шкоднiкаў у Беларускай акадэмii навук, народных камiсарыятах асветы, аховы здароўя, сувязi, рэдакцыях, грамадскiх арганiзацiях. З 97 чалавек, асуджаных па гэтай справе ў 1934 г., суд вынес смяротны прыгавор 26 зняволеным [12]. Кiраўнiцтва арганiзацыяй прыпiсалi вядомым дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусi С.А.Рак-Мiхайлоўскаму, П.В.Мятле, М.Т.Бурсевiчу, I.С.Дварчанiну, Ф.I.Валынцу, П.П.Валошыну, Я.Е.Гаўрылiку.
Асуджаныя польскiм урадам у 1930 г., яны на падставе абмену палiтзняволенымi пераехалi ў Мiнск i на момант арышту органамi АДПУ БССР працавалi на адказных пасадах розных дзяржаўных устаноў Мiнска. У 1934 г. рашэннем судовай калегii АДПУ iх прыгаварылi да вышэйшай меры пакарання з заменай на 10 гадоў канцлагераў i адправiлi на Салаўкi. Праз тры гады пасля паўторнага асуджэння iх прыгаварылi да вышэйшай меры пакарання i  расстралялi [13].

У 30-я гады набыла iншы накiрунак характарыстыка спраў, якiя АДПУ групавала ўжо не па нацдэмаўскiх альбо трацкiсцкiх арганiзацiях, а шпiёнска-дыверсiйных, фашысцкiх i iншых. Значна больш жорсткай стала расправа над тымi, хто праходзiў па гэтых справах, узмацнiлiся катаваннi арыштаваных, вельмi ўзрасла колькасць асуджаных да расстрэлу.

У другой палове 30-х гг. пачаўся новы вiток рэпрэсiй – самы  масавы i жорсткi, 1937–1938 гг., ўвайшоў у гiсторыю беларускага народа адзнакам самага масавага знiшчэння iнтэлiгенцыi, сялянства, рабочых. Узмацнiлiся новыя “чысткi” ўстаноў ад “ворагаў”, пачалiся новыя працэсы, а таксама паўторныя над тымi, хто адбыў пакаранне.

Новыя беспадстаўныя рэпрэсii абрушылiся на навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых i сярэднiх спецыяльных устаноў. Яшчэ ў 1930 г. быў арыштаваны i сасланы ў г.Вятка першы рэктар БДУ У.I.Пiчэта. Масавыя арышты па справе “СВБ” значна абяскровiлi выкладчыцкiя кадры навучальных устаноў Мiнска. У лютым 1931 г. – першы сакратар ЦК КП(б)Б К.В.Гай i загадчык культурна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б А.А.Чарнушэвiч накiравалi ў г. Маскву лiст с просьбай “неадкладна прыслаць у БССР навуковых работнiкаў па эканамiчным дысцыплiнам для выкладчыцкай i навуковай працы”. Яны адзначалi, што ў вынiку арыштаў “шэраг вузаў i ў першую чаргу БДУ апынулiся ў катастрафiчным стане, стаялi перад зрывам заняткаў i нават закрыццём шэрагу аддзяленняў”.

БДУ больш за iншыя навучальныя ўстановы пакутаваў ад рэпрэсiй. У 1937–1938 гг. iмi падверглiся выкладчыкi гiстарычныга факультэта А.М.Ляўданскi, У.I.Кернажыцкi, М.А.Поташ, фiзiк Я.К.Успенскi, хiмiкi Э.В.Змачынскi, Н.В.Ярмоленка i iншыя. З сямi рэктараў, якiя ўзначальвалi унiверсiтэт у даваенныя гады, падверглiся рэпрэсiям шэсць: У.I.Пiчэта, Я.П.Каранеўскi, I.Ф.Ярмакоў, А.I.Дзякаў, Н.М.Бладыка, У.С.Бабраўнiцкi. Пад падазрэннем знаходзiлiся многiя выкладчыкi не толькi БДУ, але  Мiнскага педагагiчнага i Беларускага палiтэхнiчнага iнстытутаў, Iнстытута народнай гаспадаркi i iншых. У лiпенi 1938 г. на 49 супрацоўнiкаў Мiнскага педагагiчнага iнстытута i  266 настаўнiкаў Мiнска мелiся кампраметуючыя звесткi.

Асаблiва вялiкiя страты ад рэпрэсiй 30-х гадоў панесла Беларуская акадэмiя навук. У дакладной запiсцы наркома ўнутраных спраў БССР А.А.Наседкiна “Аб шкоднiцтве ў Беларускай Акадэiмii навук” адзначалася, што ў 1937–1938 гг. органамi НКУС БССР арыштавана 57 агентаў з iншаземных разведак, трацкiстаў i iншых,  пакуль што працуюць “распрацаваныя намi 22 удзельнiкi антысавецкага падполля, 80 блiзкiх сваякоў рэпрэсаваных i 40 навуковых супрацоўнiкаў – ураджэнцаў  замежных краiн” [14]. Многiя з iх неўзабаве былi зняты з працы, або арыштаваны.

У 1937–1938 гг. асуджаны i расстраляны прэзiдэнты Беларускай акадэмii навук П.В.Горын i П.В.Сурта, акадэмiкi Я.Н.Афанасьеў, Т.Ф.Домбаль, П.Я.Панкевiч, I.А.Пятровiч, Б.А.Тарашкевiч, В.К.Шчарбакоў; паўторна асуджаны i расстраляны,  раней высланы па справе “СВБ” С.М.Некрашэвiч; памерлi ў лагерах Ц.Л.Бурсцiн i I.I.Замоцiн; загiнуў у бальнiцы З.Х.Жылуновiч. З арыштаваных у гэтыя гады членаў-карэспандэнтаў БАН расстраляны Я.А.Бранштэйн, С.П.Мельнiк, I.Д.Харык, Б.М.Шпэнцер [15]. Па падлiках гiсторыка М.У.Токарава, за 1930–40-я гады было рэпрэсавана каля 150 супрацоўнiкаў Акадэмii навук рэспублiкi. З iх звыш 50 чалавек  расстраляны ў Мiнску i 10 у iншых раёнах Савецкага Саюза [16]. Фактычна навуковыя кадры рэспублiкi аказалiся разгромленымi, спынiлiся даследаваннi па многiх навуковых праблемах.

За 30-я гады панесла вялiкiя страты культурнае асяроддзе Мiнска. Больш паловы сваiх членаў страцiў Саюз пiсьменнiкаў БССР. Прайшлi праз турэмныя катаваннi i прысуджаны да вышэйшай меры пакарання А.У.Ажгiрэй (А.Вольны), А.А.Бабарэка, П.Р.Галавач, М.I.Гарэцкi, А.А.Дайлiдовiч (А.Дудар), В.П.Кавалёў, К.П.Вышына (Л.Калюга),  Т.Т.Кляшторны, М.С.Кудзелька (М.Чарот), В.Д.Маракоў i iншыя. Рэпрэсii не абмiнулi рэжысёраў, тэатральных дзеячоў У.I.Галубка,  М.Ф.Рафальскага, Ф.П.Ждановiча i многiх iншых творчых дзеячоў беларускай культуры. Па сутнасцi, iшло знiшчэнне тых здабыткаў, якiя набыла беларуская культура, навука, кадравая палiтыка ў 20-я гады. Адначасова са знiшчэннем людзей забаранялiся, вычышчалiся з бiблiятэк, музеяў, сховiшчаў Мiнска i iншых гарадоў рэспублiкi творы рэпрэсiраваных. Значная частка iх была лiквiдавана i назаўжды страчана для патомкаў.

Рэпрэсii закранулi ўсе прафесiйныя катэгорыi iнтэлiгенцыi Мiнска. На матэрыялах “Вынiкаў разгрома антысавецкага падполля ў БССР” за 1937–1938 гг. сярод арыштаваных i асуджаных лiчылася 23 працаўнiка цэнтральных, партыйных i савецкiх устаноў, 16 супрацоўнiкаў ЦВК i Саўнаркома, 40 наркамаў i iх намеснiкаў, 41 выкладчык вышэйшых навучальных устаноў, 20 пiсьменнiкаў i лiтаратурных работнiкаў [17].

Не пазбеглi рэпрэсiй самыя высокiя па пасадах партыйныя дзеячы. Да вышэйшай меры пакарання прысуджаны першыя сакратары ЦК КП(б)Б М.Ф.Гiкала, К.В.Гей, А.I.Крынiцкi, В.Ф.Шаранговiч, сакратар ЦК КП(б)Б В.Г.Кнорын, рэпрэсаваны многiя наркамы, кiраўнiкi народнай гаспадаркi. Толькi па Народнаму камiсарыяту асветы БССР расстраляны ўсе наркамы, якiя працавалi ў 1920–1930-я гады: А.В.Балiцкi, А.М.Платун, А.А.Чарнушэвiч, А.I.Дзякаў, М.Л.Арабей, А.А.Варончанка, У.I.Пiвавараў. Загiнулi наркамы лёгкай прамысловасцi БССР – Г.П.Грысевiч, фiнансаў – А.Г.Хацкевiч, А.Ф.Кудзелька, земляробства – Д.Ф.Прышчапаў, К.Ф.Бенек, М.Ф.Нiзоўцаў i многiя iншыя.

Прайшлi праз суд i тыя, хто ўзначальваў рэпрэсiўны апарат – кiраўнiкi органаў дзяржаўнай бяспекi БССР. З 15 старшынь ЧК, ДНУ i НКУС БССР, працаваўшых на гэтых пасадах з 1918 па 1941 гг., расстраляны 13 чалавек – В.I.Яркiн, Я.К.Ольскi (Кулiкоўскi), С.Ф.Пiнталь, Ф.Д.Мядзведзь, Р.А.Пiляр, Р.Я.Папапорт, С.Ф.Рэдэнс, Г.П.Матсон, Л.М.Закоўскi, I.М.Ляплеўскi, Г.А.Малчанаў, Б.Д.Берман, А.А.Наседкiн. Нарком унутраных спраў у 1938–1941 гг. Л.Ф.Цанава (Джанджава), арыштаваны ў 1953 г. [18].

Трагiчныя наступствы рэпрэсiўнай палiтыкi ў поўнай меры зведала на сабе мiнскае духавенства, сярод якога знаходзiлася  нямала высокаадукаваных асоб, якiя адыгрывалi значную ролю ў духоўным жыццi насельнiцтва горада.

Антырэлiгiйная палiтыка савецкай улады, разбурэнне i рабаванне культавых храмаў саправаджалiся арыштамi, зняволеннямi i расстрэламi духавенства розных канфесiйных узроўняў. Рэпрэсii супраць iх ужывалiся з пачатку 20-х, але самыя масавыя выпалi на долю 30-х гадоў.

Ад беспадстаўных абвiнавачванняў не абараняў нават высокi сан свяшчэннаслужыцеляў. У 1922 г. за выступленне супраць канфiскацыi маёмасцi касцёлаў быў арыштаваны i прысуджаны да рассрэлу з заменай на 5 гадоў турэмнага зняволення генеральны вiкарый Мiнскай дыяцэзii А.Я.Лiсоўскi. Па такой жа прычыне ў наступным годзе органы АДПУ БССР асудзiлi на тры гады зняволення ксяндза Мiнскага кафедральнага касцёла Яна Васiлеўскага [19].

Арышты служыцеляў каталiцкага веравызнання, iх расстрэлы сталi масавымi ў 30-х гадах. Вялiкая група ксяндзоў праходзiла ў якасцi абвiнавачваемых па справе “Польскай арганiзацыi вайсковай” (“ПАВ”), сфабрыкаванай ДПУ у 1933 г. Паводле версii ДПУ, кiраўнiком арганiзацыi лiчыўся пробашч Мiнскага кафедральнага касцела А.I.Пучкар-Хмялеўскi, арыштаваны ў 1933 г. i расстраляны па паўторнай справе гэтай арганiзацыi летам 1937 г [20]. Арыштам у сувязi з новымi абвiнавачваннямi па справе “ПАВ” падверглiся пробашч Мiнскага кафедральнага касцёла Ян Баравiк i ксёндз Канстанцiн Адрэкус. Калегiя НКУС БССР у жнiўнi 1937 г. прыгаварыла iх да вышэйшай меры пакарання [21].

Не меншыя страты ад рэпрэсiй панесла праваслаўная царква. З пачатку 20-х гадоў арышты святароў, iх адлучэнне ад царквы iшлi па нарастаючай. Цяжкiя выпрабаваннi перанесла праваслаўнае духавенства Мiнска ў 1925 г. Па лжывым абвiнавачваннi ў “раскраданнi царкоўнай маёмасцi”, “контррэвалюцыйнай прапагандзе” ДПУ БССР  арыштавала i асудзiла на 3 гады ўмоўнага зняволення мiтрапалiта Мiнскага i беларускага Мелхiседэка (М.Л.Паеўскага), якi карыстаўся вялiкiм аўтарытэтам сярод вернiкаў. На наступны год выклiканы ў Маскву, ён усё ж апынуўся за кратамi i быў сасланы на пасяленне ў Краснаярскi край [22].

На 1925 год прыходзяцца арышты i iншых служыцеляў праваслаўнай царквы Мiнскай епархii. Сярод iх – настаяцель  Мiнскай царквы ў гонар iконы Божай Мацi Ўсiх Тужлiвых Радасць У.Р.Хiраска. Месцам высылкi яго на тры гады стаў г.Арол, а пасля паўторнага арышту праз 4 гады – Сiбiр [23].

Асаблiва пацярпела праваслаўная царква ў 30-я гады. Па адной толькi справе шпiёнска-паўстанцкай арганiзацыi “Беларуская аўтакефальная царква”, сфабрыкаванай НКУС БССР, летам–восенню 1937 г. было арыштавана больш 200 чалавек. Сярод 12 кiраўнiкоў арганiзацыi лiчылiся святары Мiнскай аўтакефальнай царквы Марыi Магдалiны А.П.Кiркевiч, С.I.Кульчыцкi, М.С.Рубановiч, рэгент П.П.Вяршынскi i iншыя,  11 з кiраўнiкоў рашэннем Асобай тройкi НКУС БССР расстраляны ў лiстападзе 1937 г. [24]

Рэпрэсii не абышлi прадстаўнiкоў iншых канфесiй. У сакавiку 1930 г. у Мiнску разам з 14 прадстаўнiкамi духавенства ДПУ БССР арыштавала галоўнага рабiна Беларускi М.Глускiна. Толькi дзякуючы моцнаму замежнаму пратэсту, Глускiну i яго адзiнаверцам удалося пазбегнуць судовай расправы [25].

Дзяржаўная палiтыка, накiраваная на лiквiдацыю рэлiгii, прывяла да амаль поўнага знiшчэння служыцеляў розных канфесiй, закрыцця, альбо разбурэння касцёлаў, цэркваў, сiнагог, мячэцей.

Прыведзены вышэй далёка ня поўны пералiк сфабрыкаваных спраў, прозвiшчаў вязняў, асуджаных да расстрэлу, зняволенню ў канцлагерах, сведчыць, што рэпрэсii былi накiраваны ня толькi супраць беларусаў, пацярпеўшых больш за ўсiх, але i прадстаўнiкоў розных этнiчных супольнасцяў, якiя пражывалi ў Мiнску. З iх найбольшыя страты ад рэпрэсiй панеслi яўрэi, самая вялiкая пасля беларусаў частка жыхароў горада. Паводле перапiсу 1926 г., яўрэi складалi 40,8% ад агульнай колькасцi гараджан i займалi многiя кiруючыя пасады ў дзяржаўных органах улады, наркаматах, Дзяржплане БССР, розных рэдакцыях i г.д. Трагiчна склалiся лёсы многiх вядомых на той час навукоўцаў яўрэйскага паходжання, спецыялiстаў гаспадарчых устаноў, выкладчыкаў, пiсьменнiкаў i iншых творчых работнiкаў.

Рэпрэсiям падверглiся акадэмiкi БелАН матэматык Ц.Л.Бурсцiн i гiсторык Е.I.Рыўлiн, члены-карэспандэнты – гiсторык С.Х.Агурскi, лiтаратуразнавец Я.А.Бранштэйн, хiмiк Б.М.Шпэнцэр, навуковыя супрацоўнiкi акадэмii – гiсторыкi I.П.Ашэровiч i Ш.М.Гольдберг, фiлосаф Р.М.Выдра, глебазнаўца Э.Е.Магорам, эканамiст I.I.Равун, супрацоўнiца акадэмii Д.Р.Трубовiч i iншыя. Па розных беспадстаўных абвiнавачваннях былi арыштаваны i асуджаны яўрэi, якiя працавалi ў вышэйшых навучальных установах Мiнска. У iх лiку гiсторык, выкладчык Мiнскага педагагiчнага iнстытута У.Ю.Гесен, эканамiст, дацэнт БДУ А.I.Шэйнiн. Былi рэпрэсiраваны пiсьменнiкi i паэты З.М.Аксельрод, М.С.Кульбак, З.Р.Пiвавараў, I.Д.Харык i iншыя. Загiнуў ад рэпрэсiй дырэктар Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР М.Ф.Рафальскi [26].

Значная частка квалiфiкаваных спецыялiстаў праходзiла па сфабрыкаванай летам 1931 г. справе “Беларускага фiлiяла Прампартыi” - “контррэвалюцыйнай, шкоднiцкай, дыверсiйна-шпiёнскай арганiзацыi”. У вынiку палiтычнага працэса над iнтэлiгенцыяй, якая працавала ў кiраўнiцтве прамысловасцю БССР, праз суд прайшлi 30 чалавек. Сярод iх - загадчык прамысловай секцыi Дзяржплана БССР А.М.Каплан, кансультант гэтай секцыi М.М.Масткоў, намеснiк старшынi камiтэта па хiмiзацыi народнай гаспадаркi БССР пры СНК В.С.Натансон, загадчык планавага аддзела Белторфа I.Э.Рагацкi, iнжынер апарата ВСНХ БССР М.Я.Эпштэйн [27].

Сярод ахвяр палiтычных рэпрэсiй апынулася нямала рускай iнтэлiгенцыi, якая актыўна працавала на карысць навукi, культуры, гаспадаркi Беларусi. Загiнуў у вынiку рэпрэсiй вядомы вучоны-мастацтвазнавец, педагог М.М.Шчакацiхiн, якi выдаў рад твораў па гiсторыi мастацтва Беларусi; расстраляны акадэмiкi БелАН фiлолаг-славiст М.М.Дурнаво i даследчык глебы БССР Я.М.Афанасьеў; памёр у турме акадэмiк БелАН, лiтаратуразнаўца I.I.Замоцiн; 8 гадоў правёў у лагерах i ссылцы акадэмiк, даследчык хiмiчных працэсаў М.С.Казлоў.

Пацярпелi ад рэпрэсiй у БССР прадстаўнiкi польскай дыяспары i сярод iх – адукаваныя кадры розных устаноў Мiнска. Па беспадстаўнаму абвiнавачванню ў шпiянажы расстраляны нарком земляробства, член ЦВК БССР, паляк па паходжанню К.Ф.Бенек, акадэмiк БелАН эканамiст Т.Ф.Домбаль, партыйны i дзяржаўны дзеяч БССР А.С.Славiнскi, пiсьменнiк Генрык Жарскi i iншыя.

Рэпрэсаваны ў 30-я гады i загiнулi прадстаўнiкi мiнскай iнтэлiгенцыi iншых нацыянальнасцяў: украiнцы – доктар фiлалагiчных навук П.А.Бузук, член-карэспандэнт БелАН, дырэктар Батанiчнага сада АН БССР С.П.Мельнiк i iншыя; лiтоўцы – акадэмiк БелАН, гiсторык С.Ю.Матулайцiс, празаiк i публiцыст Б.К.Паўлюкявiчюс, паэтэса, празаiк i публiцыст А.А.Меркiтэ; больш за 10 гадоў канцлагераў адбыў акадэмiк БелАН, гiсторык i фiлосаф В.А.Сербента; расстраляны латыш па нацыянальнасцi, партыйны дзеяч БССР, доктар гiстарычных навук В.Г.Кнорын (Кнорыньш) i многiя iншыя.

Трагiчным вынiкам масавых рэпрэсiй у БССР з’явiлася амаль поўнае знiшчэнне дарэвалюцыйнай iнтэлiгенцыi i значнай часткi новай, савецкай, падрыхтаванай за 20–30-я гады вышэйшымi навучальнымi установамi. Усе яны былi рэпрэсаваны бязвiнна. Падцверджанне таму – iх рэабiлiтацыя па матэрыялах адказных дзяржаўных камiсiй у складзе юрыстаў, прававедаў i iншых спецыялiстаў, працаваўшых пад кантролем дзяржаўных i судовых органаў.

Масавы тэрор супраць iнтэлiгенцыi адгуктуўся вялiкiмi стратамi ва ўсiх галiнах жыцця не толькi г.Мiнска, але i усей рэспублiкi, згортваннем нацыянальна-культурнага будаўнiцтва, навуковых даследаванняў,  вытворчых распрацовак. Была перарвана сувязь пакаленняў, страчаны многiя духоўныя каштоўнасцi i прыгнечана нацыянальная самасвядомасць народа, неабходныя для яго далейшага ўсебаковага развiцця.

 

          Лiтаратура:

1. Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Т.6. Кн.1. Мн., 2001. С.558.
2. А.Гесь. Выслаць за межы Беларусi. Палiтычныя рэпрэсii на Беларусi ў ХХ стагоддзi. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыi. Мн., 1998. С.38.
3. Там жа. С.40.
4. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925–1928 гг.). Мн., 2001, с.42, 45, 46.
5. Савецкая Беларусь. 1925. 29 кастрычнiка.
6. Перед крутым поворотом… С.167.
7. Стэнаграфiчная справаздача ХII з’езда КП(б)Б. (5–14 лютага 1929). Мн., 1929. С.179.
8. НА РБ. Ф.4. Воп.21. С.350. Л.132.
9. Н.У.Васiлеўская. Абвiнавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме. (Нарком асветы БССР А.В.Балiцкi). Мiнск, 1995. С.47.
10. Паўлiна Мядзелка. Сцежкамi жыцця // Полымя. 1993, №3. С.219.
11. У.Мiхнюк. Захоўваць вечна // Маладосць. 1992, №6. С.111.
12. У.Адамушка. Палiтычныя рэпрэсii 20–50-х гадоў на Беларусi. Мiнск, 1994. С.62.
13. У.Адамушка. Справа №233771. Беларускi нацыянальны цэнтр. Беларуская мiнуўшчына. 1993, №3–4. С.46; Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Т.1. Мiнск, 1993. С.450.
14. НА РБ. Ф.4. Воп.21. Спр.1400. Л.17.
15. Возвращенные имена. Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Минск, 1992,. С. 35, 79,102.
16. Н.Токарев. Ученые Академии наук – жертвы политических репрессий 30–40-х годов. Палiтычныя рэпрэсii на Беларусi ў ХХ стагоддзi… С.151, 152.
17.У.Адамушка. Палiтычныя рэпрэсii… С.54.
18. Т.С.Протько. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917–1941 гг.). Минск, 2002. С.198.
19. У.Навiцкi, У.Завальнюк. Рэпрэсii духавенства рымска-каталiцкай царквы ў БССР (20–30-я гг.) Палiтычныя рэпрэсii на Беларусi ў ХХ стагоддзi… С.123.
20. Т.С.Протько. Указ. тв. С.674.
21. У.Навiцкi, У.Завальнюк. Указ. тв. С.129.
22. Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Т.5. Мiнск, 1999. С.110.
23. Федор Кривонос. Жития священномучеников Минской епархии. I-ая половина ХХ века. Минск, 2002. С.21.
24. В.В.Грыгор’ева, У.М.Завальнюк i iнш. Канфесii на Беларусi (к.ХУIII–ХХ ст.). Мiнск, 1998. С.178.
25. Там жа. С.198.
26.  Возвращенные имена… С.15, 24, 25, 30, 70 и инш.; Леанiд Лыч. Нацменаўскiя “нацдэмы”. Мiнская праўда. 1998. 6, 11, 13, 15, 18 жнiўня.
27. Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Т. 1. Мiнск, 1993.. С.455–456; Т.С.Протько. Указ. тв. С.642.

 
 
Яндекс.Метрика